расійскі жывапісец і графік. Сын К.А.Савіцкага. Правадз.чл.АМСССР (1949). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1908—15). Чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (з 1922). З 1947 выкладаў у Маскоўскім маст. ін-це. Аўтар гіст., батальных і жанравых карцін («Апошні дзень Троі», 1915; «1919 гад», 1921; «Снежань у Маскве», 1925; «На манеўрах», 1938), партрэтаў, пейзажаў, ілюстрацый да кніг. Удзельнічаў у стварэнні панарамы «Штурм Перакопа» (1934—38), у выпуску «Окон ТАСС» (1941—42). Дзярж. прэмія СССР 1942.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВІ́ЦКІ (Канстанцін Апалонавіч) (6.6.1844, г. Таганрог, Расія — 13.2.1905),
рускі жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1862—73). Правадз.чл.Пецярб.АМ (з 1895). Чл.Т-ва перасоўных маст. выставак (1878, гл.Перасоўнікі). З 1891 выкладаў у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, з 1897 у Пензенскім маст. вучылішчы (дырэктар). Для творчасці характэрны выкрывальная скіраванасць, імкненне перадаць складаную псіхалогію і выразнасць нар. тыпажу, майстэрства кампаноўкі шматфігурных сцэн. Пісаў пераважна жанравыя карціны: «Рамонтныя работы на чыгунцы» (1874), «Сустрэча абраза» (1878). У шэрагу твораў сцэны нар. жыцця набываюць трагедыйнае гучанне («На вайну», 1880—88), перадаюць вастрыню сац. канфлікту («Спрэчка на мяжы», 1897). Аўтар ілюстрацый, афортаў, літаграфій.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВІ́ЦКІ (Міхаіл Андрэевіч) (н. 18.2.1922, в. Звянячы Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мастак. Нар.маст. Беларусі (1972). Нар.маст.СССР (1983). Правадз.чл.АМ Расіі (1982). Акад.Нац.АН Беларусі (1995). Скончыў Маст.ін-т імя Сурыкава ў Маскве (1957). У Вял.Айч. вайну ўдзельнік абароны Севастопаля, быў вязнем канцлагераў Бухенвальд, Дахау, Дора, Мітэльбау. З 1980 кіраўнік Творчых майстэрняў жывапісу АМСССР у Мінску (з 1991 Творчыя акад. майстэрні Мін-ва культуры Беларусі). Працуе ў галіне станковага і манум. жывапісу. Творчасць вызначаецца глыбокім пранікненнем у сутнасць з’яў мінулага і сучаснасці, іх філас. асэнсаваннем, сцвярджэннем вечных духоўных каштоўнасцей чалавецтва. У аснове твораў ваен. тэматыкі асабістыя ўражанні ад гераічнай барацьбы народа супраць ням. акупантаў, злачынстваў фашыстаў супраць чалавецтва. Аўтар прасякнутых антыфаш. пафасам і публіцыстычнасцю жывапісных твораў, прысвечаных партыз. барацьбе; «Партызаны» (1963), «Партызанская мадонна», «Віцебскія вароты» (абодва 1967), «Забойства сям’і партызана» (1972), «Плач па загінуўшых героях» (1974). Упершыню ў сав. мастацтве праз колеравае і кампазіцыйнае вырашэнне, лаканізм маст. мовы, вобразнасць увасобіў трагізм, які зазнала чалавецтва ў гады фаш. акупацыі: карціна «Партызаны. Блакада» (1966—67), серыі «Лічбы на сэрцы» (1974—87) і інш. Глыбокім эпічным гучаннем вызначаецца твор «Поле» (1974). Значнае месца ў творчасці С. займаюць партрэты, адметныя глыбокім пранікненнем у сутнасны стан чалавека, раскрыццём псіхалагізму праз выкарыстанне мінімальных сродкаў выяўлення: «Жаночы партрэт» (1966), «Сейбіты» (1972), «Віленскія сустрэчы» (1976), «Янка Купала» (1979), «Сям’я» (1980), «Пушкін і Ганчарова» (1986), «Дастаеўскі» (1988), «Філосафы» (1994), «Аўтапартрэт» (1995), «А.Пушкін і А.Міцкевіч» (2000), партрэты прэзідэнтаў АН Беларусі (М.Барысевіча, А.Вайтовіча, К.Горава, П.Горына, М.Грашчанкава, А.Жэбрака, У.Ігнатоўскага, В.Купрэвіча, У.Платонава, І.Сурты, Л.Сушчэні, 1998—2001). У серыі «Чорная быль» (1986—93, залаты медаль АМСССР 1992) з высокай маст. пераканаўчасцю адлюстравана шматграннасць Чарнобыльскай катастрофы. У 10 карцінах мастак перадаў усе бакі трагедыі («Плач аб зямлі», «Пакінутыя», «Доля», «Чарнобыльская мадонна», «Відушчы», «Эвакуацыя», «Настальгія», «Крыж надзеі», «Забароненая зона», «Вечар»). Гал. месца ў творчасці 1990—2001 займае хрысціянская тэматыка. У работах на гэту тэму мастак увасобіў пошукі і сродкі, здольныя перадаць сучаснае бачанне «вечна сучасных» падзей, па-філасофску пераасэнсаваную штодзённасць, глабальнае ўсведамленне праблем. сусв. і адначасова прыватных: «Зняцце з крыжа», «Уцёкі ў Егіпет», «Сялянская п’ета», «Спакушэнне Іуды», «Нясенне крыжа», «Іоў». Серыя «Запаветы блажэнства» (1991—2001) блізкая па духу да біблейскіх карцін, выяўляе складаныя псіхал. калізіі сучаснага быцця, праз кампазіцыйнае вырашэнне і напружаны каларыт раскрываецца гал. ідэя гэтай серыі — адлюстраванне спакутаваных людзей, якія заслугоўваюць раю. Вобразнасцю, філас. фундаментальнасцю, глыбокім сац. зместам вылучаюцца творы «Без весткі прапаўшыя» (1991), «Вяртанне» (1998), «Сейбіт» (1999), «Прыбранае поле», «XX стагоддзе — забойства праўды» (абедзве 2001) і інш. Маштабнасць і сімвалічнасць маст. мовы характэрны для твораў у манум. мастацтве: размалёўкі «Вялікая Айчынная вайна. 1944» у Бел.дзярж. музеі гісторыі Вял.Айч. вайны ў Мінску (1971; Дзярж. прэмія СССР 1973) і «Эстафета пакаленняў» у санаторыі «Беларусь» у Місхоры (Украіна, 1973), габелены для залы пасяджэнняў ЦККПБ (цяпер рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, 1978—79, дзве апошнія з А.Кішчанкам). Дзярж. прэмія Беларусі 1970, 1980, 1998.
Літ.:
Назімава І.В. М.А.Савіцкі. Мн., 1973;
Пугачева Э.Н. Михаил Савицкий. Мн., 1982;
М.Савицкий: Белоруссия — земля партизанская: [Альбом]. М., 1977;
М.Савицкий: Живопись: [Альбом]. Мн., 1996.
А.М.Савіцкі.
М.А.Савіцкі.М.Савіцкі. Поле. 1974.М.Савіцкі. Зняцце з крыжа. 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВІ́ЦКІ (Эдуард Міхайлавіч) (н. 4.3.1935, г. Буда-Кашалёва Гомельскай вобл.),
бел. гісторык-архівіст. Д-ргіст.н. (1992), праф. (1997). Скончыў Маскоўскі гісторыка-архіўны ін-т (1959). З 1959 у Цэнтр.гіст. архіве Беларусі (з 1964 нам. дырэктара). З 1968 у выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя», з 1973 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору і з 1977 у Ін-це гісторыі АН Беларусі, з 1982 у Бел. ін-це нар. гаспадаркі, з 1987 у Мінскім мед. ін-це. З 1990 нам.нач.Гал. архіўнага ўпраўлення, з 1992 нам. старшыні к-та па архівах і справаводстве Беларусі, у 1996—2001 нам. дырэктара Бел.н.-д. ін-та дакументазнаўства і архіўнай справы. Даследуе праблемы сял., рабочага і рэв. руху, развіцця сельскай гаспадаркі і прам-сці Беларусі 19 — пач. 20 ст. Адзін з аўтараў «Гісторыі рабочага класа Беларускай ССР» (т. 1. 1984). Складальнік зб. дакументаў і матэрыялаў «Бунд у Беларусі, 1897—1921» (1997).
Тв.:
Революционное движение в Белоруссии (август 1914 — февраль 1917 гг.). Мн., 1981;
Рабочее движение в Беларуси (июнь 1907—февраль 1917 гг.). Мн., 1995.