ВІ́ЛЕНСКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ,

саюз шляхты ў ВКЛ супраць палітыкі абсалютызму, што намагаўся ўвесці ў Рэчы Паспалітай кароль Аўгуст II Моцны. Створана 23.3.1716 на шляхецкім з’ездзе ў Вільні. Яе маршалкам выбраны ашмянскі харунжы К.​Сулістроўскі. Віленская канфедэрацыя далучылася да Тарнагродскай канфедэрацыі, якая патрабавала вываду саксонскіх войск з Рэчы Паспалітай. Падтрымалі Віленскую канфедэрацыю войска ВКЛ, магнаты, якія і да гэтага выступалі за абмежаванне ўлады караля. Атрады канфедэратаў змагаліся з каралеўскімі войскамі на тэр. ўсёй Рэчы Паспалітай. 3.11.1716 пры пасрэдніцтве рас. дыпламатаў паміж каралём і абедзвюма канфедэрацыямі падпісана пагадненне, паводле якога саксонскія войскі выводзіліся з Рэчы Паспалітай, улада караля абмежавана (не меў права пачынаць вайну без згоды сейма, арыштоўваць шляхціца без суда, раздаваць пасады чужаземцам і некатолікам), а правы шляхты пашыраліся (пацверджана права ліберум вета, абмежавана вайсковая ўлада гетманаў). Пагадненне зацверджана Нямым сеймам 1717.

А.П.Грыцкевіч.

т. 4, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВА ГРО́ШЫ (польск. dwugrosz),

сярэбраная манета Рэчы Паспалітай і некат. краін Зах. Еўропы. 1) У 1565 выраблена ў ВКЛ Віленскім манетным дваром як пераходны намінал паміж манетамі, бітымі па кароннай і літоўскай стапе; роўны 5 паўгрошам каронным ці 4 літоўскім.

2) У 17 ст. агульнадзярж. (1650—51, 1672) і гарадская (1651—53) манета Рэчы Паспалітай, выпушчаная для зручнасці пераходу ад орта да драбнейшых наміналаў.

3) У 18 ст. манета (1766—82, 1785—86), адпаведная палове асн. адзінкі грашова-лікавай сістэмы ў Рэчы Паспалітай — паўзлотага ў 4 сярэбраныя грошы, эквівалентныя 15 медным грошам.

І.​І.​Сінчук.

т. 6, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

універсал,

від прававога акта ў Рэчы Паспалітай.

т. 16, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРЫ́ГІ (Дарэўскія, Вярыгі-Дарэўскія, Вярыгі-Дароўскія),

шляхецкі род ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Рас. імперыі. Меў 3 лініі: бел.-літ. з гербам «Шранява», украінскую і галіцкую. Упамінаюцца з 14—15 ст. Найб. вядомыя:

Ігнацій (1397—1470), пачынальнік бел.-літ. лініі роду, полацкі намеснік. Францішак (каля 1700, Міншчына — каля 1761), генерал войск Рэчы Паспалітай і Расіі, ад’ютант А.Д.Меншыкава. Ежы (1734—1805), палкоўнік войск Рэчы Паспалітай, удзельнік Барскай канфедэрацыі, ваен. дзеянняў супраць рас. войск у 1792, паўстання 1794. Пасля ў эміграцыі, змагаўся ў легіёнах Я.​Г.​Дамброўскага, удзельнічаў у напалеонаўскіх войнах. Антон (1774, мяст. Свіслач — 1838), генерал войск Рэчы Паспалітай, удзельнічаў у ваен. дзеяннях супраць рас. войск у 1792, паўстанні 1794, змагаўся ў легіёнах Дамброўскага, удзельнік напалеонаўскіх войнаў. У 1812 ваен. міністр Варшаўскага герцагства. Арцём Ігнатавіч, гл. Вярыга-Дарэўскі А.І. Кацярына Канстанцінаўна, гл. Брэшка-Брашкоўская К.К. Эдмунд Іванавіч, гл. Вярыга Э.І.

А.​М.​Філатава.

т. 4, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ СЕЙМ 1793 надзвычайны,

апошні сейм Рэчы Паспалітай. Праходзіў 17.7—23.11.1793 у Гродне. Скліканы для зацвярджэння руска-прускай канвенцыі ад 23.1.1793 аб другім падзеле Рэчы Паспалітай. На сейм абрана каля 140 дэлегатаў, частка насуперак іх волі. Большасць дэлегатаў складалі прадстаўнікі Таргавіцкай канфедэрацыі, якія падзяляліся на 2 групоўкі. Групоўка, што гуртавалася вакол караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, імкнулася захаваць цэнтралізаваную дзяржаву; групоўка братоў Ю. і Ш.​Касакоўскіх выступала за поўную самастойнасць ВКЛ ад Кароны і нават за аб’яднанне ВКЛ з Расіяй. Рас. пасол Л.​Л.​Сіверс прапанаваў далучыць да Рас. імперыі бел. і ўкр. землі на У ад лініі Друя — Пінск — Камянец-Падольскі. Прусія выставіла прэтэнзіі на Гнезненскае, Калішскае, Пазнанскае ваяв., частку Кракаўскага ваяв., гарады Гданьск і Торунь. Пад прамой пагрозай сілы (у Гродне стаяў рус. гарнізон) 16 кастр. сейм заключыў «саюзны» дагавор Рэчы Паспалітай з Расіяй і зацвердзіў 2-і падзел Рэчы Паспалітай паміж Расіяй і Прусіяй. Канстытуцыя 3 мая 1791 была скасавана.

У.​П.​Емяльянчык.

т. 5, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСПЫ́ННАЯ РА́ДА,

вышэйшы орган дзярж. улады Рэчы Паспалітай, гл. Пастаянная Рада.

т. 11, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛІ́НСКІ (Станіслаў Костка) (? — 1812?),

дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай. З 1761 падкаморы надворны, з 1765 прыдворны караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, з 1778 чашнік каронны. У 1784—86 чл. Пастаяннай рады, маршалак Гродзенскага сейма 1793. Выступаў за арыентацыю дзяржавы на Рас. імперыю. За садзейнічанне другому падзелу Рэчы Паспалітай прызначаны маршалкам надворным каронным і атрымаў тытул графа ад прускага караля Фрыдрыха Вільгельма III.

т. 3, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАСРО́ДКАВАННЕ,

вызначэнне рэчы (паняцця) праз яе адносіны да інш. рэчы (паняцця); адна з асн. катэгорый у філасофіі Гегеля. Уласцівасці рэчаў раскрываюцца ў іх узаемадзеяннях з інш. рэчамі; толькі праз гэтыя рэальныя ўзаемадзеянні рэч можа быць вызначана як дадзеная канкрэтная рэч. Катэгорыя апасродкавання ў адзінстве з катэгорыяй непасрэднага адлюстроўвае факт усеагульнай узаемасувязі з’яў, універсальнасці развіцця розных рэчаў і паняццяў, што іх адлюстроўваюць.

т. 1, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЖЫ́НСКІ (Тадэвуш) (?—1773),

дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай. Сын С.А.Бужынскага. Вучыўся ў Варшаўскім езуіцкім калегіуме. Староста краснасельскі, ротмістр войска ВКЛ, у 1763—69 кашталян смаленскі, у 1764—66 чл. Камісіі скарбовай ВКЛ, у 1766 маршалак Трыбунала ВКЛ, з 1770 ваявода мінскі, у 1769—71 пасол у Галандыі і Англіі. Прыхільнік Чартарыйскіх. У 1765 выдаў падрыхтаваныя бацькам важнейшыя пастановы сеймаў Польшчы і Рэчы Паспалітай.

т. 3, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМПРАМІСА́РСКІ СУД,

пашыраная ў Рэчы Паспалітай у 17—18 ст. назва палюбоўнага суда.

т. 7, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)