ДЗЯРЖА́ЎНЫЯ РЭЗЕ́РВЫ,

запасы сыравіны і матэрыялаў, паліва, некат. відаў машын і абсталявання, зерня і інш. прадуктовых тавараў, якія ствараюцца і планамерна папаўняюцца дзяржавай, неабходныя для бесперабойнага функцыянавання эканомікі на выпадак стыхійных бедстваў, патрэб абароны і інш., для пераадолення дыспрапорцый, якія могуць узнікнуць у ходзе развіцця нар. гаспадаркі. Дз. р. Рэспублікі Беларусь складаюць асобы цэнтралізаваны фонд дзяржавы, які пастаянна абнаўляецца. Расходаванне Дз.р. дапускаецца ў выключных выпадках толькі па спец. пастановах і распараджэннях урада.

т. 6, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫЯ ПРАЦО́ЎНЫЯ РЭЗЕ́РВЫ,

гл. ў арт. Працоўныя рэзервы.

т. 6, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСІ́Ў (ад лац. passivus нядзейны),

1) сукупнасць даўгоў і абавязацельстваў прадпрыемства (у процілегласць актыву).

2) Частка бухгалтарскага балансу (звычайна правы бок), дзе абазначаюцца крыніцы ўтварэння сродкаў прадпрыемства, яго фінансавання, згрупаваныя па прыналежнасці і мэтавым прызначэнні (уласныя рэзервы, пазыкі інш. устаноў).

т. 12, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛЬБІН (Якаў Абрамавіч) (н. 1.7.1925, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1970), праф. (1976). Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1949). З 1949 у Дзяржплане БССР. У 1950—94 у Ін-це эканомікі АН Беларусі. Даследуе праблемы эканомікі ліцейнай вытв-сці, прадукцыйнасць працы. Аўтар прац «Пытанні эканомікі ліцейнай вытворчасці» (1960), «Планаванне і рэзервы ліцейных цэхаў» і інш.

т. 5, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Усесаюзныя добраахвотныя спартыўныя таварыствы, гл. «Буравеснік», «Воднік», «Дынама», «Лакаматыў», «Працоўныя рэзервы», «Спартак»

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АСМАЛО́ЎСКІ (Юрый Міхайлавіч) (н. 5.7.1942, в. Шастакова Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. трэнер па веславанні на байдарках і каноэ. Засл. трэнер Беларусі (1968), засл. трэнер СССР (1970). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1963). З 1964 трэнер старт. т-ва «Працоўныя рэзервы», з 1993 трэнер-выкладчык Рэсп. школы вышэйшага спарт. майстэрства Цэнтра фіз. выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Мін-ва абароны Рэспублікі Беларусь. Сярод выхаванцаў чэмпіёны свету, Еўропы Т.​Папова, М.​Хахол, Л.​Кабакова і інш.

т. 2, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОНТРАТА́КА (ад контр... + атака),

атака, якая праводзіцца абараняльнымі войскамі супраць наступальных з мэтай разгрому праціўніка, што ўклініўся ў абарону, і поўнага або частковага аднаўлення становішча. Заключаецца ў паражэнні праціўніка ўдарамі авіяцыі, ракет, агнём артылерыі з наступнай атакай сіламі 2-га эшалона (рэзерву), у пэўных умовах сумесна з сіламі 1-га эшалона. К., як правіла, праводзіцца ў момант, калі праціўнік, спынены і яшчэ не паспеў замацавацца на занятых рубяжах або яго прасоўванне запаволілася, а рэзервы выкарыстаны ці іх тэрміновы ўвод немагчымы.

т. 8, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПАСНЫ́Я ВО́ЙСКІ,

злучэнні, часці і падраздзяленні ўзброеных сіл (родаў войск, спец. войск), якія фарміруюцца перад пачаткам і ў ходзе вайны для папаўнення дзеючай арміі і флоту. Арганізац. структура З.в. вызначаецца неабходнасцю ўзнаўлення страт ваеннаслужачых адпаведных спецыяльнасцей.

У склад З.в. могуць уваходзіць запасныя дывізіі, палкі і інш., а таксама базы і вучэбныя цэнтры. У З.в. праводзіцца ваен. падрыхтоўка (перападрыхтоўка) ваеннаслужачых, укамплектаванне і баявое зладжванне падраздзяленняў і часцей. Ва Узбр. Сілах Беларусі аснову З.в. складае асобны від ваен. фарміраванняў (базы захоўвання ваен. тэхнікі і ўзбраення, базы рэзерву авіяц. тэхнікі і інш.). Гл. таксама Рэзервовыя войскі, Рэзервы (ваен.).

І.​Р.​Дзенісенка.

т. 6, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕМЛЯНО́Е ПАЛАТНО́,

грунтавая аснова аўтамабільных дарог і чыг. пуцей у выглядзе насыпу, выемкі, паўнасыпу-паўвыемкі або спрафіляванай на мясцовасці паласы ў нулявых адзнаках. На аўтамаб. З.п. ўкладваецца дарожнае адзенне, на чыг. — верхняя будова пуці. Да З.п. адносяцца кюветы, канавы, рэзервы, дрэнажныя і інш. непасрэдна звязаныя з палатном водаадводныя збудаванні. Выкарыстоўваецца для ўстаноўкі пуцявых і дарожных знакаў, агароджы, водапрапускных труб, падтрымных або ахоўных прыстасаванняў і канструкцый і інш. З.п. ўмацоўваюць дзёрнам, бетоннымі плітамі, поліэтыленавымі плёнкамі, вяжучымі матэрыяламі, пасевам траў.

І.​І.​Леановіч.

Земляное палатно чыгункі: 1 — кавальер; 2 — кювет; З — паласа адводу; 4 — выемка; 5 — нагорная канава; 6 — забанкетная канава; 7 — банкет; 8 — насып; 9 — рэзерв.

т. 7, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ БАГА́ЦЦЕ,

сукупнасць даброт, створаных у грамадстве за ўвесь папярэдні перыяд развіцця. Найважнейшы паказчык сац.-эканам. стану краіны, які характарызуе эканамічны патэнцыял грамадства. Уключае: вытв. магутнасці грамадства, таварныя запасы, у т. л. дзярж. рэзервы, прыроднае багацце, інтэлектуальны фонд грамадства (назапашаны вытв. вопыт людзей, іх адукац. патэнцыял, дасягненні навук.-тэхн. думкі, інфарм. рэсурсы), сац. інфраструктуру, асабістую маёмасць грамадзян. Найб. значныя зрухі ў складзе Н.б. адбываюцца ў перыяды навукова-тэхнічнай рэвалюцыі — хутка павялічваюцца і аднаўляюцца вытворчыя фонды, у складзе невытв. фондаў усё большую долю складае маёмасць навук., навуч. і інш. падобных устаноў, паскараюцца тэмпы ўцягнення прыродных рэсурсаў у гасп. абарачэнне, павышаецца навук.-тэхн. ўзровень кадраў.

т. 11, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)