ПСІХРО́МЕТР (ад грэч. psychros халодны + ...метр),
прылада для вымярэння т-ры і вільготнасці паветра. Складаецца з 2 злучаных тэрмометраў, рэзервуар аднаго з іх абгорнуты змочаным батыстам. У выніку выпарэння вільгаці т-ра змочанага тэрмометра заўсёды ніжэйшая за т-ру сухога. Т-ру паветра вымяраюць па сухім тэрмометры, вільготнасць — па паказаннях сухога і змочанага тэрмометраў (псіхраметрычная рознасць) з выкарыстаннем спец. псіхраметрычных табліц. Пры т-рах, ніжэйшых за -5 °C, для вымярэння вільготнасці паветра карыстаюцца гігрометрам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУМУЛЯ́ТАР,
прыстасаванне для назапашвання (акумуляцыі) энергіі з мэтай далейшага яе выкарыстання. У залежнасці ад віду энергіі адрозніваюць акумулятары: гідраўлічныя, механічныя (інерцыйныя), паравыя, пнеўматычныя, цеплавыя, электрычныя.
Гідраўлічны акумулятар назапашвае энергію рабочай вадкасці, што знаходзіцца пад ціскам. Выкарыстоўваецца для выраўноўвання ціску і расходу вадкасці ці газу з рэзкапераменнай нагрузкай. Бываюць гру́завыя, спружынныя, з пругкім корпусам, а таксама пнеўмагідраакумулятары поршневыя, мембранныя, балонныя. Інерцыйны акумулятар звычайна складаецца з масіўнага махавіка, вала, падшыпнікаў і кажуха. Мае мінім. страты энергіі на трэнне і супраціўленне паветра. Выкарыстоўваецца ў ветраэл. станцыях для выраўноўвання абаротаў генератара, прывода аўтаматрыс і аўтобусаў (гіробусаў), у прэсавым абсталяванні і інш.Паравы акумулятар — стальны бак, у якім назапашваецца адпрацаваная ў розных паравых машынах (напр., у паравым молаце) пара без змены агрэгатнага стану, якая затым расходуецца на тэхнал. мэты (напр., у сушыльных і прапарачных камерах) ці ў сан.-тэхн. прыстасаваннях (падагравальніках, цеплаабменніках і інш.). Пнеўматычны акумулятар — рэзервуар са сціснутым паветрам (ці інш. газам), падключаны да паветравода і абсталяваны засцерагальным клапанам, які рэгулюецца на зададзены гранічны ціск. Выкарыстоўваецца ў пнеўматычных сетках для выраўноўвання рабочага ціску і інш.Цеплавыя акумулятары (пастаяннага і пераменнага ціску) — пераважна паравадзяныя, назапашваюць цеплату ў цепласілавых устаноўках. Служаць для выраўноўвання цеплавых і сілавых нагрузак і недапушчэння перабояў у забеспячэнні парай прамысл. установак. Найб. пашыраны электрычны акумулятар.
Гідраўлічны акумулятар: а — гру́завы; б — балонны; 1 — рэзервуар; 2 — поршань; 3 — груз; 4 — балоны са сціснутым паветрам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕСКАСТРЭ́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,
машына для падачы (выкідвання з вял. скорасцю, нібыта выстрэльвання) сціснутым паветрам стрыжнёвай сумесі ў стрыжнёвыя скрыні з гарыз. або верт. раздымам. Сумесь ушчыльняецца пры ўдары струменя і тармажэнні часцінак сумесі аб сценкі скрыні. Ад пескадуўнай машыны адрозніваецца канструкцыяй выдзіманага механізма, які забяспечвае большую скорасць выдзімання. Выкарыстоўваецца ў ліцейнай вытворчасці пераважна для вырабу ліцейных стрыжняў (часам і ліцейных форм). На аснове П.м. створаны аўтам. стрыжнёвыя лініі (даюць да 600 стрыжняў за гадзіну пры масе стрыжняў да 150 кг).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЯ́ЛЬНАЯ ЛЯ́МПА,
награвальная прылада з адкрытым накіраваным полымем. Полымя ўтвараецца на выхадзе трубы Пл. пры гарэнні сумесі пары вадкага паліва (бензіну, спірту, газы) з паветрам, прадукты гарэння ўтвараюць выцягнуты факел. Найб. пашыраны П.л. фарсуначнага тыпу (гл.Фарсунка) з ёмістасцю рэзервуара да 2 л. Выкарыстоўваюцца для награвання рабочай часткі паяльніка і дэталей, расплаўлення прыпою ў працэсе пайкі, а таксама награвання металу для праўкі, гібкі і інш., выдалення рэшткаў старога масла, фарбы, лаку з драўляных і метал. вырабаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІЯ ВОДАНАПО́РНЫЯ ВЕ́ЖЫ,
помнікі вытворчай архітэктуры; 2 вежы, пабудаваныя ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў Гродне ў эклектычным стылі. Мураваныя 8-гранныя ў плане збудаванні (выш. 22 м) падзелены па вышыні на 6 частак. Кожная з іх мае звязаныя паміж сабой 4 адсекі (размешчаны інж. абсталяванне і службовыя памяшканні). У цэнтры — трубы для падачы вады ў рэзервуар у верхняй частцы вежы.
Фасады паўн. вежы, пабудаванай у 1910-я г., багата дэкарыраваны. Карнізы з арнаментамі, паясы, дэнтыкулы падзяляюць будынак знадворку на 4 ярусы. Спалучэнне чырвонай цэглы і белай тынкоўкі надае пабудове маляўнічасць. Паўд. вежа, пабудаваная ў 19 ст., мае падобную структуру. Дэкор яе фасадаў больш стрыманы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНЖЭ́КТАР (франц. injecteur ад лац. injicio укідваю),
1) струменная помпа для напампоўвання вадкасці або газу ў рэзервуары і пасудзіны, дзе створаны павышаны ціск.
Найб. пашыраны І. для падачы сілкавальнай вады ў паравыя катлы (невял. кацельных установак і інш.), парагенератары. У такіх І. струмень пары, які набывае ў паравым конусе вял скорасць, засмоктвае ваду і нагнятае яе ў рэзервуар. Помпы, якія адсмоктваюць газ, пару або вадкасць, наз. эжэктарамі.
2) Дапаможны (звычайна лінейны) паскаральнік зараджаных часціц для ўводу іх у больш магутны (асноўны) паскаральнік. Энергія, якая надаецца часціцам y І., павінна перавышаць мінімальную, неабходную для пачатку работы.асн. паскаральніка.
гідраўлічная перадача, дзеянне якой заснавана на выкарыстанні гідрастатычнага напору вадкасці. Бывае зваротна-паступальнага, зваротна-паваротнага і вярчальнага руху. Забяспечвае бесступеньчатае рэгуляванне скарасцей вядзёных механізмаў з малой інерцыйнасцю і аўтам. засцераганнем ад перагрузак. Уваходзіць у склад аб’ёмнага гідрапрывода машын.
Гідрастатычная перадача складаецца з аб’ёмнай помпы (вядучае звяно), аб’ёмнага гідраўлічнага рухавіка, рэзервуара для рабочай вадкасці і трубаправодаў (часам замест помпы выкарыстоўваюць гідраакумулятар). Рабочая вадкасць засмоктваецца помпай у яе рабочыя камеры, а затым напампоўваецца ў рабочыя камеры гідрарухавіка (гідраматора, гідрацыліндра). З гідрарухавіка вадкасць зліваецца ў рэзервуар, адкуль зноў засмоктваецца помпай. Рэгуляванне скорасці гідрарухавіка ажыццяўляецца зменай аб’ёмаў рабочых камер. Прамысл. выкарыстанне гідрастатычнай перадачы адносяць да 1795, калі быў вынайдзены гідраўлічны прэс, з 1920—30-х г. пачала выкарыстоўвацца ў металарэзных станках і інш. машынах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАДЗІ́РНЯ (ад ням. gradieren згушчаць саляны раствор; першапачаткова градзірні выкарыстоўваліся для здабычы солі выпарваннем),
збудаванне для ахаладжэння вады атм. паветрам. У градзірні вада, якая сцякае па арашальніку, ахалоджваецца ў выніку частковага выпарэння і цеплааддачы ў паветра.
Адрозніваюць градзірні: паводле спосабу падачы паветра — вежавыя, вентылятарныя і адкрытыя (атмасферныя); паводле тыпу арашальніка — пырскальныя, плёначныя, кропельныя і камбінаваныя. Выкарыстоўваюцца пераважна ў сістэмах зваротнага водазабеспячэння і кандыцыянавання паветра (зніжаюць т-ру вады, якая адводзіць цяпло ад кампрэсараў, цеплаабменных апаратаў, трансфарматараў і да т.п.). На цеплавых электрастанцыях і ў хім. прам-сці выкарыстоўваюць пераважна вежавыя (у іх ствараецца цяга паветра знізу ўверх насустрач сцякаючай вадзе) і шматсекцыйныя вентылятарныя (вада ахалоджваецца паветрам, якое падаецца вентылятарамі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́КТАР (ад лац. collector збіральнік),
1) установа, якая збірае і размяркоўвае што-н. (напр., бібліятэчны К.).
2) Асоба, што збірае і апісвае якія-н. узоры (напр., горныя пароды, глебы).
3) Частка ротара (якара) электрарухавікоў і генератараў пастаяннага (часам пераменнага) току, пераўтваральнікаў частаты эл. току і інш.Гл. таксама Калектарная машына.
4) Электрод паўправадніковага трыёда (транзістара) і некаторых звышвысокачастотных прылад (клістрона, лямпы бягучай хвалі і інш.).
5) Участак каналізацыйнай сеткі (труба, рэзервуар), куды падаюцца сцёкавыя воды з басейнаў каналізавання.
6) Дрэнажная труба ці канал, па якой ваду з асушальнай тэрыторыі (гл.Асушальная сістэма) адводзяць за яе межы.
7) Падземная галерэя, куды ўкладваюць кабелі сувязі (К. сувязі) ці трубы — водаправодныя, газавыя і інш. (К. агульны). 8) Назва некаторых тэхн. прылад для размеркавання (напр., усмоктвальныя К.) ці збірання і адводу газаў (выпускны К. рухавіка ўнутр. згарання).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСО́РБЕР (ад лац. absorbere паглынаць),
апарат для паглынання (абсорбцыі) газаў з іх сумесі вадкімі абсарбентамі. У хім. і нафтаперапр. прам-сці выкарыстоўваюць некалькі канструкцый. Паверхневы абсорбер — рэзервуар з абсарбентам, над паверхняй якога прапускаюць газ, і кампаненты газавай сумесі часткова паглынаюцца абсарбентам. Выкарыстоўваюць, калі газавая сумесь добра раствараецца ў абсарбенце. Насадачны абсорбер — верт.метал. або керамічная калона (труба) з некалькімі гарыз. рашоткамі, на якія насыпаюць слаі насадкі (кокс, каменне, метал. або керамічныя кольцы і інш.). Абсарбент падаецца зверху і праз насадку сцякае ўніз, а сумесь газаў — знізу. У талерчатым абсорберы (гл.рыс.) газавую сумесь з рэчывамі, якія неабходна выдаліць, прадзімаюць знізу ўверх праз абсарбент, што сцякае з талеркі на талерку па пераліўных трубках. Адбываецца барбатаж (перамешванне) вадкасці з газам, што спрыяе паглынанню рэчываў абсарбентам. Абсорбер выкарыстоўваюць і ў сістэмах жыццезабеспячэння касм. апаратаў.