Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПАВЕ́ДНЫ РЭЖЫ́М,
метад аховы прыродных тэрыторый, комплексаў і аб’ектаў шляхам поўнага ці абмежаванага неўмяшання людзей у прыродныя працэсы. Адрозніваюць абсалютна-запаведны (напр., у зонах абсалютнай запаведнасці ў запаведніках, нац. парках) або адносна-запаведны (напр., у зонах рэкрэацыйнага карыстання, кіроўных прыродных зонах нац. паркаў, заказніках) рэжым. Агульнае патрабаванне З.р. — недапушчальнасць атрымання эканам. выгады (выпас, касьба і інш.). Уводзіцца З.р. для захавання генафонду жывёл, раслін, дасягнення інш. мэт аховы прыроды на аснове падтрымання экалагічнай раўнавагі. На Беларусі З.р. ахоплены тэр. агульнай пл. каля 1,4 млн. га (заказнікі, запаведнікі, нац. паркі, помнікі прыроды).
т. 6, с. 528
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫ РЭЖЫ́М у гідралогіі,
змена ў часе ўзроўняў і аб’ёмаў вады ў рэках, азёрах і балотах. Гадавы цыкл воднага рэжыму падзяляецца на характэрныя фазы: разводдзе, межань (летняя і зімовая), дажджавыя паводкі. На раўнінных рэках Беларусі найб. выразная фаза разводдзя.
т. 4, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ РЭЖЫ́М,
прынцып, што ўжываецца ў міжнар. дагаворах, паводле якога юрыд. і фіз. асобам адной дагаворнай дзяржавы даюцца на тэрыторыі другой дагаворнай дзяржавы такія ж правы, ільготы і перавагі, што і яго ўласным юрыд. і фіз. асобам. Можа быць устаноўлены ў заканадаўстве асобных дзяржаў. Напр., ветэраны Вял. Айч. вайны карыстаюцца сваімі правамі на тэрыторыі краін СНД, незалежна ад таго, грамадзянамі якой з гэтых краін яны з’яўляюцца.
т. 11, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГРАНІ́ЧНЫ РЭЖЫ́М,
распарадак, устаноўлены ў пагранічнай зоне, тэрытарыяльных водах, унутраных водах, што маюць выхад да граніцы дзяржаўнай. У Рэспубліцы Беларусь служыць інтарэсам стварэння неабходных умоў для аховы дзярж. граніцы. Вызначаецца законам «Аб дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь» ад 4.12.1992, інш. актамі заканадаўства і міжнар. дагаворамі. П.р. ўключае парадак перасячэння дзярж. граніцы, плавання і знаходжання замежных суднаў у водах пагран. рэк, азёр і інш. вадаёмаў, што належаць краіне, заходу замежных плаўсродкаў у парты краіны і знаходжання ў іх, вылету і пасадкі паветр. суднаў, утрымання дзярж. граніцы, вядзення работ і інш. дзейнасці на дзярж. граніцы. Выкананне патрабаванняў П.р. ў пунктах пропуску ажыццяўляюць пагран. войскі па ўзгадненні з органамі мытнага кантролю, а ў паветр. прасторы — войскі проціпаветранай абароны.
Г.А.Маслыка.
т. 11, с. 481
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІТЫ́ЧНЫ РЭЖЫ́М,
спосаб функцыянавання палітычнай сістэмы грамадства і паліт. працэсаў; тып дзярж. кіравання са спецыфічнымі прынцыпамі і структурамі, якія рэгулююць грамадскія адносіны. Асн. пытаннем П.р. з’яўляецца праблема ўлады, якая ўздзейнічае на ўсе сферы грамадства, на эканам., сац., культ. і інш. структуры, паліт. паводзіны і дзейнасць людзей. Існуе мноства крытэрыяў, паводле якіх класіфікуюцца П.р. Можа быць ліберальны, аўтарытарны, дэмакр., аўтакратычны, монакратычны (дыктатарскі), дырэкторыя (калект. кіраванне), камбінаваны; гл. Аўтарытарызм, Дыктатура, Дэмакратыя, Лібералізм, Таталітарызм. Класіфікуюцца таксама па сац. складзе кіруючых эліт, ступені адкрытасці і закрытасці, характары абароны і падтрымкі рэжыму, формах і метадах паліт. ўзаемадзеяння паміж кіруючай элітай і грамадствам. Вызначае тып арганізацыі ўлады, паліт. адносіны, сукупнасць элементаў ідэалаг., інстытуцыянальнага і сац. парадку, якія садзейнічаюць фарміраванню паліт. культуры. Тып П.р. вызначаецца ўзроўнем развіцця і інтэнсіўнасцю паліт. працэсаў, структурай кіруючай эліты, механізмам яго фарміравання, станам правоў і свабод чалавека ў грамадстве, пануючым тыпам легітымнасці, развітасцю грамадска-паліт. традыцый, дамінуючай паліт. свядомасцю і паводзінамі. Паводле марксісцкай тэорыі існуюць П.р. сацыяліст. і капіталістычныя.
І.В.Катляроў.
т. 12, с. 10
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯДО́ВЫ РЭЖЫ́М,
сукупнасць заканамерных працэсаў утварэння, развіцця і разбурэння ледзянога покрыва на водных аб’ектах. Адрозніваюць 3 асн. фазы — замярзанне, ледастаў і крыгалом. Асаблівасці Л.р. для кожнага ўчастка вадацёку вызначаюцца кліматам, умовамі жыўлення ракі, будовай рэчышча і дынамікай патоку; істотна ўплывае на яго гасп. дзейнасць: скідванне ў вадаёмы прамысл. і адпрацаваных вод ЦЭС, буд-ва плацін, паглыбленне і выпростванне рэчышчаў.
Першыя ледзяныя ўтварэнні на рэках Беларусі (шарош, заберагі, сала) адзначаюцца ў 2-й пал. ліст., у бас. р. Нёман — у 1-й дэкадзе снежня. Заберагі і сала раней утвараюцца на прыбярэжных участках, водмелях і затоках. Адначасова пачынае ўзнікаць унутрыводны лёд, які ўсплывае і ператвараецца ў шарош. Наслаенне кавалкаў доннага лёду і шарошу пад ледзяное покрыва можа прывесці да ўтварэння зажораў. Ледастаў звычайна бывае ў сярэдзіне снеж., спачатку на плёсах, потым на перакатах. Трымаецца ў сярэднім каля 100 сут, найб. працяглы на рэках бас. Зах. Дзвіны — да 160 сут. і болей, самы кароткі на рэках бас. Нёмана і Прыпяці — да 10—20 сут. Крыгалом на рэках адбываецца пераважна ў 2-й пал. сакавіка. Ускрыццю рэк папярэднічае ўтварэнне закраін і зрушэнне лёду. На ПдЗ ускрыццё рэк пачынаецца ў 2—3-й дэкадах сак., на працягу месяца дасягае ПнУ. Працягласць веснавога крыгаходу 2—10 сут. На азёрах і вадасховішчах ледзяныя ўтварэнні паяўляюцца звычайна на 1—2, а на Палессі на 3 тыдні пазней, чым на рэках. Сярэдняя працягласць ледаставу на вадаёмах на Пн да 150 сут, на Пд да 130 сут. Азёры і вадасховішчы ачышчаюцца ад лёду на 10—15 сут пазней, чым рэкі.
т. 9, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫ РЭЖЫ́М ГЛЕ́БЫ,
сукупнасць працэсаў паступлення, расходу і перамяшчэння глебавай вільгаці; адзін з фактараў урадлівасці глебы. Залежыць ад складу і ўласцівасцей самой глебы (гіграскапічнасць, водапранікальнасць глебы, вільгацяёмістасць глебы і інш.), кліматычных і пагодных умоў, рэльефу, характару расліннага покрыва; на ворных землях — ад біял. асаблівасцей культурных раслін і агратэхнікі іх вырошчвання. Да элементаў воднага рэжыму глебы адносяць інфільтрацыю, кандэнсацыю, капілярны пад’ём вільгаці ў глебе, замярзанне і адтайванне глебы, сцёк і выпарэнне, транспірацыю. Водны рэжым глебы цесна звязаны з паветраным і цеплавым рэжымамі, а таксама з пажыўным рэжымам раслін.
Асн. крыніцай намнажэння вады ў глебе служаць атм. ападкі. Стварэнне спрыяльнага для с.-г. культур воднага рэжыму глебы дасягаецца назапашваннем, захоўваннем і рацыянальным выкарыстаннем глебавай вільгаці (снегазатрыманне і затрыманне талых вод, апрацоўка глебы, паліванне і інш.). Ва ўмовах Беларусі водны рэжым глебы рэгулююць асушэннем, арашэннем у засушлівыя перыяды, увільгатненнем кораненаселенага пласта глебы дажджаваннем або капілярным жыўленнем знізу.
т. 4, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)