СЕНСІТАМЕ́ТРЫЯ (ад позналац. sensitivus адчувальны + ...метрыя),
сукупнасць метадаў вымярэнняў фатагр. уласцівасцей святлоадчувальных матэрыялаў; раздзел метралогіі. Узнікла ў 1840-я г. (з адкрыццём фатаграфіі).
Падзяляецца на дэнсітаметрыю (вымярэнне аптычных шчыльнасцей праяўленых фотаслаёў), інтэгральную С. (вымярэнне ўласцівасцей святлоадчувальных матэрыялаў пры ўздзеянні на іх выпрамяненняў складанага спектральнага саставу) і спектральную С. (вымярэнне ўласцівасцей пры ўздзеянні монахраматычнага святла). Да сродкаў С. адносяць дэнсітометры, мікрафатометры, сенсітометры і інш. Метадамі С. карыстаюцца ў тых галінах навукі і тэхнікі, дзе праводзіцца фатагр.рэгістрацыя выпрамянення (спектраскапіі, астраноміі, ядз. фізіцы, аэрафатаграфіі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУПАДЗЕ́ННЯУ МЕ́ТАДу ядзернай фізіцы,
метад эксперым. даследаванняў, які на аснове выкарыстання супадзенняў схем дазваляе ўстанаўліваць часавыя залежнасці розных падзей. Напр., пры вывучэнні элементарных актаў ядз. узаемадзеянняў адным з асн. метадаў вызначэння ўстанаўлення паслядоўнасці з’яўлення другасных часціц і гама-квантаў з’яўляецца рэгістрацыя адначасовасці эл. сігналаў, што паступаюць ад дэтэктараў ядзерных выпрамяненняў. С.м. дазваляе істотна зменшыць уплыў фонавых сігналаў на рэгістрацыю ядз. узаемадзеянняў. С.м. у метралогіі — адзін з метадаў параўнання з мерай, дзе рознасць паміж вымеранай велічынёй і велічынёй, што ўзноўлена мерай, вымяраюць па супадзеннях адзнак на шкалах ці перыяд. сігналаў. Напр., вызначэнне частаты перыяд. працэсу з дапамогай страбаскапічных прылад; вымярэнне даўжыні адрэзка штангенцыркулем з ноніусам, якое грунтуецца на супадзенні адзнак на шкалах штангенцыркуля і ноніуса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕНАЛАГІ́ЧНЫЯ НАЗІРА́ННІ,
назіранні над сезоннымі з’явамі прыроды, рэгістрацыя часу іх надыходу і заканчэння. Уключае рэгістрацыю сезонных з’яў жывой (расл. і жывёльны свет) і нежывой (ледастаў, ускрыццё рэк, сход снегавога покрыва і інш.) прыроды. Служаць для вывучэння біял. і геагр. аб’ектаў і для ўстанаўлення феналагічных заканамернасцей у прыродзе (гл.Феналогія). Асн. метад — візуальныя назіранні на працягу многіх гадоў на спец. вылучаных тыповых для мясц. умоў участках (у лесе, на лузе, у парку, полі і інш.). Па выніках Ф.н. складаюць календары прыроды і феналагічныя карты. На Беларусі асобныя Ф.н. праводзяцца з канца 19 ст., масавыя з 1920-х г. на аграметэаралагічных і метэаралагічных станцыях. З 1950-х г. матэрыялы Ф.н. публікуюцца ў аграметэаралагічных штогодніках і даведніках Рэсп. гідраметаацэнтра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАС-СПЕКТРО́МЕТР,
прылада для раздзялення з дапамогай эл. і магн. палёў пучкоў іанізаваных атамаў, малекул ці інш. часціц з рознымі адносінамі масы m часціцы да яе эл. зараду e. Распрацаваны амер. фізікам А.Дэмпстэрам (1918) і ўдасканалены Ф.У.Астанам (1925).
Бывае статычны, дзе форма траекторыі часціцы ў пастаянных (у часе) палях залежыць ад m/e, і дынамічны, дзе велічыня m/e вызначаецца па перыядзе ваганняў часціцы ў пераменным эл. або магн. полі, па рэзанансных частотах ці інш. спосабам. Рэгістрацыя часціц ажыццяўляецца эл. метадамі, напр., лічыльнікам іонных токаў, а таксама з дапамогай прыстаўкі з фотапласцінкамі (мас-спектрограф; распрацаваны Ф.У.Астанам у 1919). Па атрыманым мас-спектры вызначаюцца маса і канцэнтрацыя кампанентаў у даследуемым рэчыве. Выкарыстоўваецца ў эксперым. фізіцы, касм. даследаваннях, хіміі, біялогіі, геалогіі, ядз. тэхніцы і інш.
Схема мас-спектрометра Дэмпстэра: 1, 4 — дыяфрагмы; 2 — цыліндр Фарадэя; 3 — вакуумная камера; 5 — крыніца іонаў; R — радыус цэнтральнай арбіты іонаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЭЛЕКТРО́Н»,
серыя сав. навукова-даследчых ШСЗ для адначасовага працяглага вывучэння знешняй і ўнутр. зон радыяцыйнага пояса Зямлі і звязаных з імі фіз. з’яў. Маса 350—445 кг. Запускаліся парамі (адзін па траекторыі ніжэй, а другі — вышэй радыяцыйных паясоў) пры дапамозе адной ракеты-носьбіта «Саюз»: «Э.-1» і «Э.-2» — 30.1.1964, «Э.-З» і «Э.-4» — 11.7.1964. Вынікі даследаванняў (рэгістрацыя электронаў і пратонаў, вывучэнне карпускулярнага выпрамянення Сонца, іоннага саставу атмасферы Зямлі і інш.) далі магчымасць атрымаць важныя звесткі аб радыяцыйным поясе і магн. полі Зямлі, неабходныя для стварэння бяспечных умоў для палётаў касм. караблёў, адкрыць шэраг новых фіз. з’яў у каляземнай касм. прасторы.
У.С.Ларыёнаў.
Да арт.«Электрон». ШСЗ «Электрон-1»: 1 — герметычны корпус; 2 — жалюзі сістэмы тэрмарэгулявання; 3 — панэлі сонечных батарэй; 4 — антэна; 5 — мас-спектрометр; 6 — прылада для рэгістрацыі карпускулярнага выпрамянення; 7 — дэтэктары мікраметэораў; 8 — дэтэктары пратонаў; 9 — прылада для даследавання энергетычнага спектра электронаў радыяцыйнага пояса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДЛЁВАЯ ПАЛА́ТА,
незалежная грамадская арг-цыя, якая спрыяе развіццю гандл.-эканам. і навук.-тэхн. сувязей паміж рознымі краінамі. У развітых краінах Гандлёвая палата з’яўляецца адной з формаў аб’яднання гандл.-прамысл. колаў, займаецца высвятленнем кан’юнктуры ў гандлі і прам-сці, пошукам рынкаў збыту і інш. Паводле прававога становішча гандлёвыя палаты могуць быць прыватнымі асацыяцыямі, што ўтвараюцца на аснове добраахвотнага членства (т.зв. прыватна-прававыя), або дзярж. арг-цыямі (т.зв. публічна-прававыя). Першая Міжнар. Гандлёвая палата (Парыж) засн. ў 1920 як міжнар. няўрадавая арг-цыя, што аб’ядноўвае дзелавыя колы і асобныя фірмы многіх краін. Асн. яе задача — садзейнічанне паляпшэнню ўмоў гандлю паміж рознымі краінамі і вырашэнню міжнар.эканам. праблем. Існуюць нац. і змешаныя (2 краіны) гандлёвыя палаты.
На Беларусі Гандлёвая палата створана ў 1972 на базе Аддз. Усесаюзнай Гандл.-прамысл. палаты СССР. У 1991 — Гандлёвая палата БССР, з 1994 — Бел.гандл.-прамысл. палата. Асн. кірункі дзейнасці: расшырэнне гандл.-эканам. сувязей з замежнымі дзяржавамі; арганізацыя і правядзенне выставак; пошук партнёраў для дзелавога супрацоўніцтва; аперацыі па патэнтаванні вынаходстваў; экспертыза тавараў, выдача сертыфікатаў аб іх паходжанні, распрацоўка і рэгістрацыя таварных знакаў; падрыхтоўка кадраў па знешнеэканам. зносінах і менеджменту і інш. Мае 6 абл. аддзяленняў і выставачны комплекс «Мінскэкспа». На пач. 1995 яе членамі былі больш за 800 прадпрыемстваў і арг-цый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙТРЫ́ННАЯ АСТРАНО́МІЯ,
раздзел астраноміі, звязаны з пошукам, рэгістрацыяй і даследаваннем патокаў нейтрына ад пазаземных крыніц. Узнікла ў 1960-я г. разам са з’яўленнем прылад і метадаў дэтэктыравання нейтрына. Метады Н.а., у адрозненне ад інш. метадаў даследавання касм. аб’ектаў, даюць магчымасць вывучаць шчыльныя касм. аб’екты і даўнія касмалагічныя эпохі.
У Сусвеце нейтрына ўтвараюцца ў выніку ядз. працэсаў у нетрах зорак і пры ўзаемадзеянні касм. выпрамянення з асяроддзем, напр. з рэчывам атмасферы Зямлі (атм. нейтрына), міжгалактычным і міжзорным газамі, морам рэліктавых фатонаў (гл.Рэліктавае выпрамяненне) і інш. Энергетычны спектр касм. нейтрына ад ~10−4эВ (касмалагічныя, ці рэліктавыя нейтрына) да 1020—1028эВ. Энергія нейтрына ад Сонца і нестацыянарных зорак да 108эВ. Нейтрына слаба ўзаемадзейнічаюць з рэчывам, таму зоркі для іх практычна празрыстыя і яны бесперашкодна пакідаюць іх. Рэгістрацыя гэтых нейтрына дае магчымасць вызначаць т-ру, шчыльнасць і хім. састаў цэнтр. часткі зорак, недаступнай вывучэнню інш. метадамі. Слабае ўзаемадзеянне касм. нейтрына з рэчывам абумоўлівае складанасць іх дэтэктыравання (патрэбна вял. колькасць рэгістравальнага рэчыва і дэтэктары неабходна будаваць глыбока пад зямлёй). Створана 5 найб. магутных дэтэктараў сонечных нейтрына (ЗША, Расія — ЗША Італія — Расія, Японія, Канада) і 2 вял. дэтэктары атм. нейтрына (у воз. Байкал, Расія і антарктычным лёдзе, ЗША). З 1980 існуе сусветная служба назірання за ўспышкамі звышновых зорак у нейтрынным святле. Гл. таксама Нейтрынная астрафізіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛЬТРАГУКАВА́Я ДЭФЕКТАСКАПІ́Я,
выяўленне дэфектаў розных метал. і неметал. матэрыялаў з дапамогай ультрагуку, разнавіднасць акустычнай дэфектаскапіі. Засн. на здольнасці ультрагукавых ваганняў пашырацца ў цвёрдых асяроддзях на вял. глыбіню без прыкметнага аслаблення і адбівацца ад мяжы падзелу двух асяроддзяў. Выкарыстоўваецца пры неразбуральным кантролі розных дэталей і механізмаў. Дае магчымасць выяўляць трэшчыны, ракавіны, расслаенні, месцы карозіі і інш. дэфекты, кантраляваць якасць зварных швоў, вымяраць таўшчыню вырабаў, пакрыццяў і інш. Прапанавана ў 1928 (рас. вучоны С.Я.Сакалоў).
Найб. пашыраны ультрагукавы рэхаметад: рэгістрацыя амплітуды і часу паступлення адбітых ад дэфекту рэхасігналаў на экране манітора. Існуюць таксама ценявы метад (заснаваны на аслабленні дэфектамі інтэнсіўнасці пругкіх ваганняў), рэзанансны (на ўзбуджэнні ў вырабе пругкіх ваганняў і вызначэнні частаты, на якой узнікае рэзананс) і інш. Для У.т. выкарыстоўваюць ультрагукавыя дэфектаскопы, якія складаюцца з генератара эл. імпульсаў, п’езаэлектрычнага пераўтваральніка, узмацняльніка эл. ваганняў і індыкатара.
На Беларусі навук. даследаванні па У.д. (ультрагукавы метад з выкарыстаннем магн. вадкасці і інш.) вядуцца ў Ін-це прыкладной фізікі і Фізіка-тэхн. ін-це Нац.АН Беларусі і інш.
Літ.:
Ермолов И.Н. Теория и практика ультразвукового контроля. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ДЗЕРНАЯ ЭЛЕКТРО́НІКА,
галіна радыёэлектронікі, якая распрацоўвае метады і сістэмы рэгістрацыі іанізавальных выпрамяненняў і апрацоўкі атрыманых даных. Узнікла з патрэб ядзернай фізікі; шырока выкарыстоўваецца ў хіміі, біялогіі, медыцыне, касм. даследаваннях, фізіцы элементарных часціц і інш. Грунтуецца на метадах аналагавай, аналага-лічбавай і лічбавай апрацоўцы эл. сігналаў, на выкарыстанні мікрапрацэсарнай тэхнікі, персанальных камп’ютэраў і камп’ютэрных сістэм.
Асаблівасці рэгістрацыі іанізавальных выпрамяненняў: стахастычны, імпульсны характар эл. сігналаў на выхадзе дэтэктараў часціц; непрадказальнасць моманту іх з’яўлення, інтэнсіўнасці і формы; вымярэнне іх параметраў пры наяўнасці радыяцыйнага фону. Амплітуда імпульснага сігналу залежыць ад энергіі, форма — ад тыпу часціц; момант з’яўлення карэліраваны з працягласцю ядз. працэсаў. Рэгістрацыя часціц ці квантаў зводзіцца да падліку імпульсаў ад дэтэктара; ідэнтыфікацыя тыпу выпрамянення і вымярэнне яго спектра ажыццяўляецца шляхам аналізу формы імпульсу, амплітуды ці адноснай затрымкі паміж імпульсамі; прасторавае размеркаванне выпрамянення вызначаецца паводле каардынаты пункта дэтэктыравання. Найб. складаная задача — адбор карысных імпульсаў з мноства памылковых, вымярэнне іх параметраў шляхам пераўтварэння амплітуды ці часавай затрымкі паміж імпульсамі ў лічбавы код. Адбор карысных імпульсаў ажыццяўляецца аналагавай фільтрацыяй. раздзяленнем у часе і прасторы, лічбавай апрацоўкай даных у ЭВМ. Сучасная Я.э. ўсебакова выкарыстоўвае інтэгральную. імпульсную і выліч. тэхніку. матэм. метады апрацоўкі інфармацыі.
На Беларусі даследаванні па Я.э. праводзяцца з 1961 у БДУ, Ін-це электронікі. Ін-це фізікі, Ін-це праблем энергетыкі Нац.АН, а таксама ў Міжнар. экалагічным ун-це імя А.Дз.Сахарава, ААТ «Атамтэх».
Літ.:
Цитович А.П. Ядерная электроника. М., 1984;
Ковальский Е. Ядерная электроника: Пер. с англ.М., 1972;
Шмидт Х. Измерительная электроника в ядерной физике: Пер. с нем. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ БА́НК РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
цэнтральная крэдытная ўстанова, галоўнае звяно банкаўскай сістэмы краіны. Створаны ў 1991 на базе бел.рэсп. канторы Дзяржбанка СССР. Дзейнічае на аснове законаў «Аб Нацыянальным банку Беларускай ССР» і «Аб банках і банкаўскай дзейнасці» (1990). Ажыццяўляе кіраванне грашова-крэдытнай палітыкай, каардынацыю дзейнасці банкаў Рэспублікі. Мэта — забеспячэнне ўнутр. і знешняй устойлівасці афіц. грашовай адзінкі, падтрыманне стабільнай дынамікі цэн. Асн. функцыі: грашова-крэдытнае і валютнае рэгуляванне; выкананне функцый цэнтр. дэпазітарыя міжбанкаўскіх разлікаў і касавага абслугоўвання камерцыйных банкаў; кансультаванне; крэдытаванне і ажыццяўленне функцый фін. агента ўрада і мясц. органаў улады; рэгістрацыя банкаў і нагляд за іх дзейнасцю; рэгуляванне знешнеэканамічнай банкаўскай дзейнасці; забеспячэнне адзінага парадку бухгалтарскага ўліку і справаздачы ў банкаўскай сістэме; вызначэнне і зацвярджэнне парадку, форм і правілаў арганізацыі безнаяўных разлікаў; арганізацыя крэдытна-разліковага абслугоўвання вайск. часцей, прадпрыемстваў і ўстаноў, арг-цый мін-ваў абароны і ўнутр. спраў, КДБ. Прымае ўдзел у распрацоўцы і выкананні «Асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі». Устанаўлівае афіц. курсы замежных валют да афіц. грашовай адзінкі, валодае выключным правам эмісіі грошай. Супрацоўнічае з Міжнар. валютным фондам, Сусв. банкам рэканструкцыі і развіцця. Мае карэспандэнцкія рахункі ў шэрагу замежных краін і заканад. права ўдзельнічаць у міжнар. банкаўскіх фондах, саюзах, асацыяцыях.
Пабудаваны ў 1947—52 (арх. М.Паруснікаў) на праспекце Ф.Скарыны. 4-павярховы Г-падобны ў плане будынак. У арх. вырашэнні інтэрпрэтаваны матывы класіцызму і рэнесансу, якія надаюць будынку манументальнасць і параднасць. У пластыцы гал. і бакавых фасадаў важную ролю адыгрываюць рытм пілястраў карынфскага ордэра і буйных арачных аконных праёмаў, антаблемент, расчлянёны паміж пілястрамі паўкруглымі аркамі. Будынак завершаны складаным карнізам і атыкам-парапетам.