НЕЙТРО́ННАЯ ТЭРАПІ́Я,

адзін з відаў прамянёвай тэрапіі, якая ажыццяўляецца з дапамогай нейтроннага выпрамянення. Пры Н.т. ўжываюць дыстанцыйнае (з дапамогай цыклатронаў), унутрыполасцевае і ўнутрытканкавае апрамяненне (крыніца змешанага нейтроннага і гама-выпрамянення каліфорній-252). Найб. выкарыстоўваецца для лячэння пухлінных захворванняў шыйкі маткі, языка і слізістых абалонак поласці рота.

т. 11, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУ́СЫ,

1) у чалавека (мужчын) валасы над верхняй губой (другасная палавая прыкмета).

2) У многіх наземных млекакормячых (напр., катоў) — вібрысы на верхняй губе. У бяззубых кітоў (кітовы вус) — рагавыя пласцінкі ў верхняй сківіцы, якія ўтвараюць цадзільны апарат, на рыле — адзіночныя валаскі для дотыку. У некаторых птушак (напр., у вусатых сініц) — шчацінкападобнае пер’е ў вуглах рота, якое выконвае функцыю дотыку.

т. 4, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РАЧЫ,

лекавыя сродкі, якія маюць горкія рэчывы. Яны стымулююць апетыт і паляпшаюць страваванне. Дзеянне горачаў заключаецца ў рэфлектарным узмацненні выдзялення страўнікавага соку ў выніку раздражнення канцоў смакавых нерваў поласці рота. Да горачаў адносяцца прэпараты, прыгатаваныя з адной (палын горкі, гарычка, дзьмухавец, цвінтарэй, трыліснік) ці некалькіх лек. раслін (настойка горкая, чай апетытны). Горач бывае ў выглядзе адвараў, настояў, экстрактаў, настоек.

т. 5, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВІКАЎ (Ціт Парфенавіч) (31.3.1907, в. Салтанаўка Чачэрскага р-на Гомельскай вобл. — 5.4.1974),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Уладзівастоцкае ваен. пях. вучылішча (1943). У Вял. Айч. вайну з 1941 на Цэнтр., 1-м Укр. франтах. Стралк. рота на чале са старшым лейт. Н. вызначылася ў 1943 пры фарсіраванні Дняпра на Пд ад Кіева. У 1946—58 на гасп. рабоце.

Ц.П.Новікаў.

т. 11, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЦЕ́ХАЎ (Васіль Фёдаравіч) (1.4.1917, штат Агайо, ЗША — 12.7.1943),

Герой Сав. Саюза (1943). Беларус. Ў Чырв. Арміі з 1938. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Бранскім, Паўд.-Зах., Паўд., Сталінградскім, Данскім і Варонежскім франтах. Танк. рота пад камандаваннем старшага лейт. М. вызначылася ў ліст. 1942 у Сталінградскай, у ліп. 1943 у Курскай бітвах. Загінуў у баі.

В.Ф.Марцехаў.

т. 10, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛО́МБА ЗУБНА́Я,

штучны пламбіравальны матэрыял, якім запаўняюць каранёвы канал зуба. Прадухіляе прагрэсіраванне карыесу зубоў, аднаўляе іх функцыі і формы. Адрозніваюць П.з. часовыя і пастаянныя. Часовая служыць для ізалявання лек. рэчыва ў карыёзнай поласці ці ў пульпарнай камеры ад поласці рота. Для пастаяннай П.з. выкарыстоўваюцца цэменты (цынк-фасфат, сіліцын), пластмасы, амальгамы, кампазіцыйныя матэрыялы і інш.

А.​С.​Арцюшкевіч.

т. 12, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ФТЫ (грэч. apthai),

невялікія ўчасткі паверхневага некрозу на слізістых абалонках рота (радзей на слізістых носа, вока, палавых органаў). Узнікненню спрыяюць хваробы органаў стрававання, алергія і інш. Афты маюць круглую або авальную форму, дыяметрам ад 2 да 5—7 мм, пакрытыя жоўта-белым налётам. Пашкоджаныя ўчасткі балючыя. Лячэнне накіравана на асн. захворванне. Мясцова — апрацоўка слізістай абалонкі абязбольваючымі, процівіруснымі сродкамі (алей шыпшыны, абляпіхі, караталін).

т. 2, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДНЯБЕ́ННЕ,

верхняя сценка ротавай поласці ў пазваночных жывёл і чалавека. У чалавека П. — шчыльная пласцінка, якая раздзяляе ротавую і насавую поласці. Складаецца з касцявога (цвёрдага) і мяккага П. (працяг цвёрдага — з слізістай абалонкі з падслізістай і мышачнага слоя з тлушчавай клятчаткай), якія разам утвараюць верхнюю сценку поласці рота. Пры парушэнні фарміравання зародка могуць узнікаць заганы развіцця П., напр., воўчая зяпа.

т. 11, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПІЛО́МА (ад лац. papilla сасок + ...ома),

дабраякасная пухліна, якая развіваецца з покрыўнага эпітэлію. Бывае на скуры, слізістых абалонках поласці рота, глоткі, галасавых звязак, мочавывадных шляхоў. Выклікаецца вірусам П. чалавека (дробны, ДНК-змяшчальны вірус). Паверхня П. часцей з сасочкавых разрастанняў. Складаецца са злучальнатканкавай стромы (рыхлай ці шчыльнай) і эпітэлію. Можа нагнойвацца, кроватачыць і інш. Лячэнне тэрапеўт. і хірургічнае.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 12, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛІКАПРЫЁН (Helicoprion),

род выкапнёвых жывёл кл. акулападобных рыб. Вядома некалькі відаў. Былі пашыраны ў морах ранняй пярмі на тэр. Прыўралля, Японіі, Ірана, Аўстраліі, Шпіцбергена, ЗША. Апісаны рус. вучоным А.​П.​Карпінскім (1899).

Сярэдні (сімфізны) рад зубоў ніжняй сківіцы зліваўся ў спіраль з 2—3 абаротаў (адсюль назва), высоўваўся з рота наперад і загінаўся звонку ў асаблівую храстковую поласць. Паводле вызначэння рэшткаў гелікапрыёну праводзяцца стратыграфічныя і палеаграфічныя даследаванні.

т. 5, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)