БЕЛАРУ́СКІ СІНА́П,

позназімовы сорт яблыні селекцыі Бел. НДІ пладаводства. Выведзены скрыжаваннем сартоў Антонаўка і Пепін літоўскі. Раянаваны ў Беларусі з 1967.

Дрэва моцнарослае, з незагушчанай шырокапірамідальнай кронай. Плоданашэнне з 4—5-га года пасля пасадкі. Сорт ураджайны, высоказімаўстойлівы, устойлівы да грыбных і ракавых захворванняў. Плады аднатыпныя, сярэдняй велічыні (120 г), круглавата-авальнай формы, з характэрнымі плоскімі рэбрамі па паверхні. Скурка шчыльная, тоўстая, спачатку зялёная, у перыяд захоўвання зеленавата-жоўтая. Мякаць плода шчыльная, дробназярністая, кісла-салодкая. Збор пладоў — у 1-й пал. кастрычніка; захоўваецца да чэрвеня.

З.​А.​Казлоўская.

Беларускі сінап.

т. 2, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫГО́ЖАЯ ЯФІ́МАВА,

сорт груш, выведзены У.​А.​Яфімавым ад скрыжавання сартоў Танкаветкі і Любіміцы Клапа. Раянаваны па Мінскай вобл.

Дрэва сярэднярослае, з шырокапірамідальнай кронай. Пладаносіць на 6—7-ы год пасля пасадкі. Адрозніваецца ўраджайнасцю, зімаўстойлівасцю, сярэдняй устойлівасцю да паршы, адноснай устойлівасцю да бактэрыяльнага раку. Плады сярэдняй велічыні, правільнай грушападобнай формы. Скурка жаўтавата-зялёная з інтэнсіўным ярка-кармінавым румянцам. Падскуркавыя кропкі буйныя, бурага колеру. Мякаць сакавітая, масляністая, крыху аскомістая, кісла-салодкая. Спажывецкая спеласць настае ў пач. верасня. Лёжкасць каля 2 тыдняў.

М.​Р.​Мялік.

Прыгожая Яфімава.

т. 13, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ МАЛІ́НАВЫ,

сорт яблыні селекцыі Бел. НДІ пладаводства. Выведзены скрыжаваннем сартоў Антонаўка звычайная і Лаўфам. Раянаваны з 1991 па Брэсцкай, Віцебскай і Магілёўскай абласцях. Пашыраны ўсюды.

Дрэва моцнарослае, з даволі густой круглаватай кронай. Плоданашэнне на 4—5-ы год пасля пасадкі, дае багатыя ўраджаі. Сорт зімаўстойлівы, успрыімлівы да паршы. Плады пляската-круглаватыя, крыху асіметрычныя, злёгку рабрыстыя, розных памераў (110—170 г). Скурка тонкая, гладкая, бліскучая, з невял. васковым налётам. Асноўная афарбоўка зялёная, покрыўная — размытая малінавая, часам паласатая. Мякаць плода зеленаватая, сакаўная, кісла-салодкая, пахучая. Пры захоўванні не трацяць смакавых якасцяў да сакавіка—красавіка.

З.​А.​Казлоўская.

Беларускі малінавы.

т. 2, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЕ́ННІ ПАЛАСА́ТЫ, штрэйфлінг, штрыфель,

старадаўні асенні сорт яблыні. Належыць да зах.-еўрап. групы сартоў. Паходжанне невядома. Упершыню апісаны ў пач. 17 ст. Вельмі пашырыўся ў сярэдняй паласе Расіі, Прыбалтыцы, на Украіне. На Беларусі раянаваны ва ўсіх садовых зонах.

Дрэва моцнарослае, утварае высокашарападобную крону. Зімаўстойлівасць высокая. Сорт сярэднеўстойлівы да паршы. Плоданашэнне пачынае на 9—13-ы год. Высокаўраджайны. Плады буйныя (100—120 г), злёгку рабрыстыя, тупаканічныя, крыху сціснутыя з трох бакоў, зеленавата-жаўтаватыя з кармінавым румянцам у выглядзе палос і штрыхоў, выспяваюць у 2-й пал. верасня і могуць захоўвацца да лістапада. Мякаць кісла-салодкая, духмяная. Плады спажываюць пераважна свежыя, гатуюць варэнне.

Асенні паласаты.

т. 2, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТО́НАЎКА звычайная,

старадаўні рускі зімовы сорт яблыні нар. селекцыі. Пашыраны ў многіх абласцях Расіі, на Украіне, у Прыбалтыцы, Казахстане, Кыргызстане, а таксама ў Польшчы. На Беларусі раянаваны ва ўсіх зонах.

Дрэвы выш. 6—8 м, крона паўшарападобная. Плады масаю 80—140 г, розныя па форме, жаўтавата-зялёныя. Мякаць белая, сакаўная, вінна-салодкая з характэрным моцным пахам. Дрэвы зімаўстойлівыя, жывуць да 60—70 гадоў, непатрабавальныя да глебы. Пладаносяць на 6—7-ы год пасля пасадкі. Плады выспяваюць у канцы верасня. Антонаўка ўстойлівая да хвароб, у дажджлівыя гады пашкоджваецца паршой. У культуры вядомы таксама антонаўка камянічка, антонаўка шасцісотграмовая і інш. (адрозніваюцца асобнымі марфалагічнымі прыкметамі, лёжкасцю пладоў і смакам).

Антонаўка звычайная.

т. 1, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ДЗЬКА (Raphanus),

род кветкавых раслін сям. крыжакветных. 6—8 відаў (або 1 паліморфны від Р. дзікая, ці палявая — R. raphanistrum), пашыраных у Еўропе, Зах. Азіі, Паўн. Афрыцы, пераважна ў Міжземнамор’і. За 2 тыс. гадоў да н.э. Р. выкарыстоўвалася ў медыцыне. На Беларусі культывуюцца Р. пасяўная, або агародная (R. sativus), і яе разнавіднасці, Р. звычайная і радыска.

Адна-, двух-, рэдка шматгаловыя травяністыя караняплодныя расліны. Лісце рассечанае. Кветкі белыя, жоўтыя, ружовыя, фіялетавыя, у суквецці гронка. Плод — стручок. На Беларусі раянаваны сарты Адэская 5, Грайваронская, Зімовая круглая чорная, Зімовая круглая белая, Майская і інш. Караняплоды рознай формы (ад круглай да верацёнападобнай) і афарбоўкі (белыя, жоўтыя, шэрыя, фіялетавыя, карычневыя, чорныя), з белай мякаццю, ужываюцца сырыя. Маюць 1,6% цукру, каля 1,9% бялку, вітаміны C і групы B, карацін, эфірны алей, востры смак ім надаюць гліказіды. Харч., алейныя, меданосныя і кармавыя расліны, некат. — пустазелле.

Сарты рэдзькі: 1 — Зімовая круглая белая; 2 — Зімовая круглая чорная; 3 — Грайваронская; 4 — Маргеланская.

т. 13, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т ГЕНЕ́ТЫКІ І ЦЫТАЛО́ГІІ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Засн. ў 1965 у Мінску на базе Аддзела генетыкі і цыталогіі АН Беларусі (з 1963). Лабараторыі (1998): малекулярнай генетыкі, гетэрозісу і генетыкі колькасных прыкмет, генетыкі збожжавых культур, мутагенезу, цытагенетыкі раслін, антымутагенезу, агульнай цытагенетыкі, радыяцыйнай генетыкі. нехрамасомнай спадчыннасці, генетыкі фітаімунітэту; тэматычныя групы, аддзел навук. інфармацыі і інфарматыкі Дзейнічае селекцыйна-генет. комплекс (да 1989 біял. доследная станцыя). Аспірантура (з 1963), дактарантура (з 1989).

Асн. кірункі даследаванняў: генет. асновы селекцыі (гетэрозіс, поліплаідыя, нехрамасомная спадчыннасць, генетыка імунітэту), індуцыраваны і спантанны мутагенез, антымутагенез, радыяцыйная генетыка, генет. і клетачная інжынерыя, матэм. генетыка. Вынікі даследаванняў: сфармуляваны новая канцэпцыя гетэрозісу, гіпотэза ўзаемадзеяння ядзерных генаў і плазмагенаў пры цытаплазматычнай мужчынскай стэрыльнасці. Даказана важная роля цытаплазматычных спадчынных структур ва ўстойлівасці раслін да захворванняў, атрыманы значныя вынікі па вывучэнні генет. заканамернасцей арганізацыі і экспрэсіі геномаў раслін. Створаны арыгінальныя генет. калекцыі збожжавых, зернебабовых культур і бульбы. Атрыманы практычныя вынікі: каштоўныя гетэрозісныя гібрыды кукурузы, азімага жыта, цукр. буракоў, ільну, яравой пшаніцы, ячменю і трыцікале. Раянаваны новыя высокапрадукцыйныя сарты цукр. буракоў, соі, цяплічных памідораў. Вынікі даследаванняў пра эколага-генет. наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС перададзены ў Дзяржкамчарнобыль. У Ін-це працавалі акад. АН Беларусі А.Р.Жэбрак, П.Ф.Ракіцкі, акад. АН Беларусі і УАСГНІЛ М.В.Турбін, чл.-кар. А.М.Іпацьеў, У.К.Саўчанка, працуюць акад. Нац. АН Беларусі М.А.Картэль (дырэктар з 1994), Л.У.Хатылёва (пачэсны дырэктар), чл.-кар. У.Я.Борматаў, 13 дактароў навук.

М.​А.​Картэль.

т. 7, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМІДО́Р, тамат (Lycopersicon),

род кветкавых раслін сям. паслёнавых. 3 віды (па інш. звестках 7). Радзіма — Паўд. Амерыка. Культывуюць усюды П. звычайны (L. esculentum) і каля 2000 яго сартоў і форм. Вядомы інкам як лек. і дэкар. расліна. З сярэдзіны 16 ст. — у Паўд. Еўропе, дзе яго пачалі ўжываць у ежу. На Беларусі вырошчваюць з 1830-х г.

Адна- і шматгадовыя (у тропіках) травяністыя і паўхмызняковыя расліны. Сцябло прамастойнае або палеглае, голае ці слабаапушанае. Лісце непарнаперыста-рассечанае. Кветкі дробныя, жоўтыя, суквецце — завіток. Плод — сакавітая ягада масай 20—900 г і болей. Адрозніваюць 3 разнавіднасці П. звычайнага: буйналісты, звычайны і штамбавы. Расліны буйналістага П. сярэдняй выш., лісце буйное. Плады круглыя або пласкакруглыя, чырв. або ружовыя. Расліны звычайнага П. карлікавыя, сярэдня- або высакарослыя, слаба- ці моцна-аблісцелыя. Лісце сярэдняй велічыні або буйное. Плады шарападобныя, круглыя, плоскія або рабрыстыя, чырв., малінавыя, ружовыя, аранжавыя, жоўтыя. Расліны штамбавага П. карлікавыя ці сярэднярослыя, моцнааблісцелыя. Лісце сярэдняй велічыні, гафрыраванае. Плады шарападобныя, круглыя, плоскія, гладкія або рабрыстыя, ружовыя, чырв., жоўтыя. На Беларусі раянаваны сарты Перамога 165, Талаліхін 186, Белы наліў 241, Даходны, Ружа, Віліна, Калінка, Раніца, Нёман і інш.

Літ.:

Брежнев Д.Д. Томаты. 2 изд. Л., 1964;

Полянская А.М. Томаты. Мн., 1973;

Тараканов Г.И., Борисов Н.В., Климов В.В. Овощеводство защишенного грунта. М., 1982.

У.​П.​Пярэднеў.

Сарты памідораў: 1 — Талаліхін 186; 2 — Белы наліў 241; 3 — Юрмалас; 4 — Перамога 165.

т. 12, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́БЛЫНЯ (Malus),

род кветкавых раслін сям. ружавых. 25—30 відаў. Пашырана ва ўмеранай і субтрапічнай зонах Паўн. паўшар’я, пераважна ў Сярэдняй і Усх. Азіі. Утварае леса-пладовыя масівы. На Беларусі 2 дзікарослыя віды Я.: лясная (M. sylvestris) і ранняя (M. praecox), а таксама здзічэлыя формы Я. дамашняй (M. domestica) гібрыднага паходжання. Трапляюцца адзіночна, невял. групамі ці гаямі ў шыракалістых або хвойна-шыракалістых лясах, на палянах і ўзлесках. Культывуюць з прамысл. мэтамі, на прысядзібных участках; як прышчэпы вырошчваюць Я. слівалістую, або кітайскую (M. prunifolia), і нізкую (M. sieversii).

Лістападныя кусты і дрэвы выш. да 20 м з моцнагалінастай каранёвай сістэмай. Жывуць да 300 і больш гадоў. Лісце чаргаванае, суцэльнае або лопасцевае, голае ці апушанае. Кветкі пераважна ружовыя, двухполыя ў паўпарасоніках або шчытках. Плод — яблык, у большасці відаў ядомы. Мае ў сабе да 16% цукроў. каля 0,9 арган. к-т, вітаміны C (да 40 мг%), Bl, B2, A, PP. Яблыкі — адна з найб. багатых крыніц пекцінавых рэчываў, здольных звязваць і выводзіць з арганізма чалавека злучэнні цяжкіх і радыеактыўных металаў.

Драўніна з чырванавата-белай абалонай і светла-бурым ядром, шчыльная, трывалая, выкарыстоўваецца на такарныя і сталярныя вырабы. Кара дае фарбу для тканін. Плады спажываюцца ў ежу, выкарыстоўваюцца ў харч. прам-сці. Адна з найважн. пладовых дрэвавых культур — Я. дамашняя, што абумоўлена яе адносна высокай зімаўстойлівасцю і ўрадлівасцю, дэсертнымі якасцямі, транспартабельнасцю і лёжкасцю пладоў. Мае больш за 12 тыс. сартоў. На Беларусі раянаваны Антонаўка звычайная. Беларускі малінавы, Беларускі сінап, Мелба, Мінскі, Папіроўка і інш. Харч., тэхн., дэкар. і меданосныя расліны.

Яблыня: 1 — лясная; культывуемыя сарты; 2 — Джанатан; 3 — Ранет Ландсберга; 4 — Размарын.

т. 18, кн. 1, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРАКАВО́ДСТВА,

галіна земляробства па вырошчванні буракоў для цукровай прамысловасці, а таксама на харч. і кармавыя патрэбы. На долю цукр. буракоў прыпадае прыкладна ​1/3 цукру, які вырабляюць у свеце, а ў краінах умеранага пояса яны адзіная крыніца яго атрымання. На кармавыя мэты выкарыстоўваюць прамысл. адходы — жамерыны і патаку, а таксама буракі ў сырым выглядзе. Частка адходаў ідзе на ўгнаенне. Цукр. буракі параўнальна маладая с.-г. культура, выведзеная ў 18 ст. ў Германіі. У выніку селекцыі, развіцця насенняводства і ўдасканалення тэхналогіі вырошчвання яны шырока культывуюцца ў краінах Еўропы і Паўн. Амерыкі, найб. у лесастэпавай зоне. У залежнасці ад умоў вырошчвання колькасць цукру ў караняплодах вагаецца ад 15 да 23%. Сусв. плошчы пад цукр. буракамі каля 8 млн. га. Найб. плошчы пасеваў на Украіне (лесастэпавая зона), у Расіі (Чарназёмны цэнтр, Кубань), ЗША, Францыі, Германіі, Польшчы. Невял. пл. маюць Малдова, Беларусь, Літва, Латвія, а таксама Казахстан і Кыргызстан (на арашальных землях), з краін Зах. Еўропы — Нідэрланды, Вялікабрытанія. Найб. ўраджаі атрымліваюць у краінах Зах. Еўропы — 550—600 ц/га.

Вырабляць цукар з цукр. буракоў на Беларусі пачалі ў 1830-я г., калі ў Віленскай, Мінскай і Магілёўскай губ. былі пабудаваны невял. цукр. з-ды. У 1860-я г. іх было больш за 30, але з-за канкурэнцыі больш таннага цукру з Украіны да канца 19 ст. яны былі ліквідаваны. Вырошчванне цукр. буракоў на Беларусі аднавілася ў 1950-я г. адначасова з буд-вам цукр. заводаў у Скідзелі (працуе з 1951), Гарадзеі Нясвіжскага р-на (1959), Жабінцы (1963), Слуцку (1965). У Беларусі ў 1995 цукр. буракі займалі 55,4 тыс. га, або 0,9% агульнай пасяўной плошчы. Ураджайнасць каля 200—300 ц/га, штогадовы валавы збор каля 1000—1500 тыс. т (гл. табл.). Пасевы цукр. буракоў канцэнтруюцца ў 28 адм. раёнах вакол цукр. з-даў. Доля цукр. буракоў у агульных пасевах гэтых раёнаў вагаецца ад 3 да 7%. Колькасць цукру ў бураках 15—17% — значна ніжэйшая, чым на Украіне (20—22%), выхад цукру з 1 т буракоў на заводах Беларусі 12—13%. Цукр. буракі ў Беларусі сеюць на сугліністых і супясчаных мінеральных, а таксама на асушаных і акультураных тарфяна-балотных глебах. Раянаваны сорт Гала.

Буракі сталовыя пашыраны на ўсіх кантынентах і ва ўсіх земляробчых зонах, але больш ва ўмераным поясе. Ураджайнасць 400—500 ц/га (да 1000 ц), на Беларусі каля 200 ц/га. Раянаваныя сарты — Бардо 237, Холадаўстойлівыя 19, Пушкінскія К-18 і інш. Кармавыя буракі вырошчваюць у краінах умеранага пояса: ЗША, Канадзе, Польшчы, Вялікабрытаніі, Германіі, у краінах СНД і інш. Ураджайнасць у еўрап. краінах, у т. л. ў Беларусі, 300—400 ц/га. Вырошчваюць сарты бел. (Бел. чырвоныя) і замежнай (Экендорфскія жоўтыя і інш.) селекцыі.

Н.​І.​Жураўская.

Пасяўная плошча і валавыя зборы цукровых буракоў у Беларусі (на тэхнічныя мэты)
Паказчыкі 1950 1960 1970 1980 1990 1994
Пасяўная плошча, тыс. га 4,6 29 49 52 46 58
Ураджайнасць, ц/га 149 132 221 229 320 187
Валавыя зборы, тыс. т 69,4 383 1029 1122 1479 1078

т. 3, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)