ПАЛЯРО́Н,

састаўная квазічасціца, якая рухаецца ў крышталі; адно з асн. паняццяў электроннай тэорыі праводнасці паўправаднікоў і дыэлектрыкаў з іоннай рашоткай. Складаецца з электрона праводнасці (ці дзіркі), што рухаецца разам з выкліканай ім дэфармацыяй крышт. рашоткі (фанонам). Дае магчымасць апісаць многія эл., фотаэл. і аптычныя з’явы ў рэчывах.

т. 12, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЗАВО́Д АЦЯПЛЯ́ЛЬНАГА АБСТАЛЯВА́ННЯ.

Засн. ў 1953 у Мінску, прадукцыю выпускае з 1954. Асн. прадукцыя (1999): катлы чыгунныя, ацяпляльныя радыятары з літога чыгуну, злучэнні і фітынгі з чыгуну, мацаванні для радыятарных полак, дэкаратыўна-мастацкае (рашоткі, лаўкі, кветачніцы) і пячное ліццё. Праводзіць устаноўку, абслугоўванне і рамонт катлоў.

т. 10, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАСПЕКТРО́ГРАФ,

прылада для рэгістравання спектраў выпрамянення нябесных целаў. Устанаўліваецца ў фокусе тэлескопа. Канструкцыя сістэмы тэлескоп — астраспектрограф робіцца жорсткай, каб пазбегнуць зрушэння відарыса. Спектральнае раскладанне святла атрымліваюць пры дапамозе прызмы аптычнай, дыфракцыйнай рашоткі. Спектр фатаграфуюць або рэгіструюць фотаэлектрычнымі прыёмнікамі святла. Астраспектрограф дае магчымасць вызначаць хім. састаў нябесных целаў, скорасць іх руху ўздоўж праменя зроку, наяўнасць магн. поля і інш.

т. 2, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЛАТАМЕ́ТРЫЯ (ад лац. dilato пашыраю + ...метрыя),

раздзел фізікі і вымяральнай тэхнікі, які вывучае залежнасць змен памераў цела ад уздзеяння знешніх умоў: т-ры, ціску, эл. і магн. палёў і інш. Прылады для мэт Д. наз. дылатометрамі; выкарыстоўваюць таксама метады рэнтгенаўскага структурнага аналізу для выяўлення змен параметраў крышталічнай рашоткі ўзору. Метады Д. выкарыстоўваюць у фізіцы, матэрыялазнаўстве і інш.

т. 6, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФРАКЦЫ́ЙНАЯ РАШО́ТКА,

аптычная прылада, якая мае вял. колькасць элементаў (шчылін, штрыхоў або люстраных палосак) у непразрыстым экране.

Адрозніваюць рэгулярныя Д.р. (элементы размешчаны перыядычна) і нерэгулярныя Д.р. (элемента размешчаны хаатычна, напр., галаграма). Асн. характарыстыкі Д.р. — перыяд (адлегласць паміж суседнімі элементамі), дысперсія і раздзяляльная здольнасць. Д.р. бываюць плоскія і сферычныя, адбівальныя (з ступеньчатым профілем элементаў наз. эшэлетамі) і празрыстыя. Праходзячы праз Д.р. або адбіваючыся ад яе, святло раскладаецца на шэраг спектраў (гл. Дыфракцыйныя спектры). Уласцівасці Д.р. маюць крышталі, што служаць прасторавай Д.р. для рэнтгенаўскіх прамянёў, а таксама паверхні з вял. колькасцю штучных або натуральных штрыхоў (грамафонныя дыскі, птушыныя пёры, рыбная луска і інш.), на якіх адбываецца дыфракцыя святла. Д.р. выкарыстоўваюцца як асн. элемент спектральных прылад, як аптычныя датчыкі лінейных і вуглавых перамяшчэнняў, палярызатары і фільтры інфрачырвонага выпрамянення і інш.

К.​М.​Грушэцкі.

Да арт. Дыфракцыйная рашотка. Перыядычная структура (разрэз пры моцным павелічэнні) і схема дзеяння празрыстай (a) і абвівальнай (б) дыфракцыйнай рашоткі: d — перыяд рашоткі; 1 — падаючыя 12 — Дыфрагаваныя прамяні.

т. 6, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭБА́Я ЗАКО́Н,

палажэнне, паводле якога цеплаёмістасць Cv крышт. рашоткі аднаатамных цвёрдых цел пры нізкіх тэмпературах прапарцыянальная кубу абсалютнай тэмпературы T. Выведзены П.Дэбаем. Д.з. мае выгляд Cv = 77,94 × 3R ( T θ ) 3 , дзе R — універсальная газавая пастаянная, θ — т-ра Дэбая, што вызначае тэмпературную мяжу, ніжэй якой становяцца істотнымі квантавыя эфекты.

Літ.:

Федоров Ф.И. Теория упругих волн в кристаллах. М., 1965. С. 352—366.

т. 6, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДПАЧЫ́Н МЕТА́ЛАЎ,

працэс частковага аднаўлення структуры і фіз.-хім. уласцівасцяў дэфармаваных ці радыяцыйна апрамененых металаў і сплаваў. Адбываецца пры награванні да т-ры рэкрышталізацыі без змены мікраструктуры. Жалезныя вырабы награваюць да t 250—300 °C, легкаплаўкія металы і сплавы (напр., свінец) вытрымліваюць пры пакаёвай т-ры. Адпачын металаў ліквідуе скажэнні крышталічнай рашоткі, суправаджаецца зніжэннем эл. супраціўлення, скорасці растварэння ў кіслотах і межаў цякучасці металаў і сплаваў. Выкарыстоўваецца для павышэння пластычнасці канструкцыйных матэрыялаў без паніжэння іх трываласці.

т. 1, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІЛЬКЕ́ВІЧ (Мечыслаў Іванавіч) (н. 14.10.1935, в. Міхнаўшчына Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1991), праф. (1993). Скончыў БДУ (1958), там і працаваў. З 1996 у Ін-це электронікі Кашалінскага тэхн. ун-та (Польшча). Навук. працы па магн., эл., мех. уласцівасцях цвёрдых цел. Атрымаў і даследаваў шырокадыяпазонныя дыэлектрычныя спектры ферытаў; прапанаваў метад вызначэння трываласці крышталёў праз энергію крышт. рашоткі.

Тв.:

Диэлектрические свойства оксидных феррошпинелей с различным магнитным разбавлением // Неорганические материалы. 1997. Т. 33, № 3.

т. 6, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛА́СТ (галанд. Ballast),

1) груз (вада, пясок і інш.), які забяспечвае ўстойлівасць і асадку карабля. Сучасныя марскія судны, асабліва падводныя лодкі, выкарыстоўваюць як баласт ваду (заліваецца ў баластавыя цыстэрны).

2) Груз для рэгулявання пад’ёмнай сілы паветраплавальнага апарата (напр., аэрастата).

3) Слой сыпкіх матэрыялаў (друз, гравій і інш.) на чыг. палатне, які стварае пругкую аснову для шпалаў чыг. пуці, адводзіць ваду, перашкаджае падоўжным і папярочным перамяшчэнням рэйка-шпальнай рашоткі, забяспечвае плаўны ход рухомага саставу.

2) У пераносным значэнні — усё лішняе, непатрэбнае.

т. 2, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РСА,

пад’ёмная металічная ці акаваная жалезам дубовая рашотка, якая дадаткова зачыняла праём вежы-брамы. У еўрап. замках з’явілася ў сярэдзіне 15 ст., на Беларусі — ў канцы 15 — пач. 16 ст. Была важным элементам абароны замка, дзядзінца і інш. — прыкрывала дашчаныя вароты. Герса падымалася і апускалася на ланцугах пад’ёмным механізмам у спец. праёмы брамы. Ніжнія канцы рашоткі былі завостраныя і заходзілі ў спец. гнёзды. Звонку герса часта засланялася пад’ёмным мостам. Былі ў Мірскім замкава-паркавым комплексе, Полацкім Сафійскім саборы, Супрасльскай царкве-крэпасці, Сынковіцкай царкве-крэпасці і інш.

М.​А.​Ткачоў.

т. 5, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)