МАСЮКО́ЎШЧЫНСКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ (шталаг № 35 2, Лясны лагер) у Вялікую Айчынную вайну. Створаны ням.-фаш. захопнікамі ў ліп. 1941 каля в. Масюкоўшчына Мінскага р-на для масавага знішчэння сав. ваеннапалонных і насельніцтва; пасля вер. 1943 (выхаду Італіі з гітлераўскай кааліцыі) сюды прывозілі італьян. салдат. Меў 22 філіялы і аддзяленні ў Мінску і больш за 90 на чыг. станцыях Беларусі. Лагер быў абгароджаны калючым дротам, вязні размяшчаліся ў летніх бараках і паўразбураных памяшканнях. За суткі вязень атрымліваў 100—200 г эрзацхлеба і ​1/3 л баланды; існавала суровая сістэма катаванняў і масавых забойстваў. Да 3.7.1944 тут загублена больш за 80 тыс. чал. На месцы масавых пахаванняў вязняў помнік-манумент з вечным агнём і ратонда, у якой зберагаецца кніга з выяўленымі прозвішчамі ахвяр (больш за 9 тыс.).

т. 10, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ РА́ТУША,

помнік архітэктуры позняга барока і класіцызму. Пабудавана ў 1775 у Віцебску на месцы драўлянай ратушы 16 ст., якая згарэла. Мураваны прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак, у цэнтры якога ўзвышалася 4-ярусная вежа, завершаная шатром са шпілем. У 1883 на вежы ўстаноўлены гадзіннік, замест шатровага даху ўзведзена вежа-ратонда. У 1911 над ратушай надбудаваны 3-і паверх. Будынак перабудоўваўся і рэстаўрыраваўся ў 1913, 1944, 1970-я і 1980-я г. Цяпер гэта 3-павярховы прамавугольны ў плане будынак, над якім у цэнтры гал. фасада ўзвышаецца 3-ярусная вежа. Тарцовыя фасады завершаны трохвугольнымі шчытамі з 2 вокнамі-люкарнамі. Гал. фасад дэкарыраваны пілястрамі на вышыню двух паверхаў, паміж 2-м і 3-м паверхамі — прафіляваны карніз (18 ст.). Тамбур у цэнтры гал. фасада вылучаны 2 паўкалонкамі і завершаны атыкам. На 2-м паверсе сіметрычна размешчаны 2 балконы з ажурнай метал. агароджай. Ярусы вежы маюць крывалінейныя абрысы, падзелены прафіляванымі карнізамі. У будынку размешчаны Віцебскі абл. краязнаўчы музей.

Віцебская ратуша.

т. 4, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ВЕЛЬ (Wawel),

назва ўзгорка ў Кракаве, на левым беразе Віслы, на Пд ад Старога горада. У пач. 9 ст. тут існаваў умацаваны горад. З 11 ст. па 1564 Вавель — гал. каралеўская рэзідэнцыя. Вядомы комплексам помнікаў архітэктуры 10—17 ст.: ратонда Дзевы Марыі (2-я пал. 10 ст.), каралеўскі замак (13—17 ст.) з рэнесансавым аркадным унутр. дваром (1502—16, арх. Ф.​Ф’ёрэнціна, Б.​Берэчы), заламі ў стылях готыкі, рэнесансу і барока (у т. л. «Пасольская» зала з разной столлю, упрыгожанай т.зв. Вавельскімі галовамі, 1531—35 і з 1925, скульпт. К.​Дунікоўскі), гатычны кафедральны сабор (14 ст., магільны склеп польск. каралёў, епіскапаў і вядомых дзеячаў нац. гісторыі — А.​Міцкевіча, Ю.​Славацкага, Ю.​Пілсудскага, Т.​Касцюшкі і інш.) з раманскай крыптай св. Леанарда (каля 1100), рэнесансавай капліцай Жыгімонта I (1517—33) і шматлікімі надмагіллямі (работы Ф.​Штоса, Яна Міхаловіча і інш.). У замку — Дзярж. маст. зборы (у т. л. вавельскія габелены; звон Жыгімонта). У архіве кашт. рукапісы 12 ст. Вавель занесены ЮНЕСКА у спіс сусветнай спадчыны.

Літ.:

Савицкая В.И. Краков. М., 1975. С. 121—169.

Вавель. Гатычны кафедральны сабор.
Вавель. Агульны выгляд замка.

т. 3, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛА (ад лац. villa сядзіба, маёнтак),

загарадны дом з садам ці паркам. У Стараж. Рыме вілай называлі загараднае памесце для адпачынку і забаў. Маляўніча размешчаныя пабудовы вілы групаваліся вакол адкрытага двара, жылыя памяшканні ўпрыгожвалі мазаікай і размалёўкай. Комплекс вілы іншы раз уключаў будынкі храма, т-ра, каналы, вадаёмы, дэкар. скульптуру (віла імператара Адрыяна ў Тывалі, 2 ст.). У эпоху Адраджэння склаўся тып вілы, які меў восевую кампазіцыю з гал. будынкам у цэнтры, яго лоджыя адкрывалася на тэрасныя сады (віла Мадама, цяпер у Рыме, пачата ў 1517, арх. Рафаэль, А. да Сангала Малодшы, віла «Ратонда» ў Вічэнцы, 1551 — 67, арх. А.​Паладыо). Строгія і зграбныя ансамблі віл эпохі Адраджэння змяніла складаная і мудрагелістая кампазіцыя пышных барочных віл. У 19—20 ст. вілай называюць камфартабельны аднасямейны дом з садам ці паркам у прыгарадзе ці курортнай мясцовасці (віла Савой каля Парыжа, 1929—31, арх. Ле Карбюзье; «Дом над вадаспадам» у Пенсільваніі, 1936, арх. Ф.​Л.​Райт; загарадны дом у Каліфорніі, 1946, арх. Р.​Нёйтра і інш.).

Віла Адрыяна ў Тывалі 125—135 н.э.
Да арт. Віла. Загарадны дом у Каліфорніі. Арх. Р.​Нёйтра. 1946.

т. 4, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́МБРЫДЖ (Cambridge),

горад на ПдУ Вялікабрытаніі, на р. Кем. Адм. ц. графства Кембрыджшыр. 106 тыс. ж. (1991). Старадаўні універсітэцкі цэнтр. Прам-сць: эл.-тэхн., прыладабуд. (вытв-сць навук. прылад), паліграфічная.

Упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах у 730 як стараж.-рым. лагер. Пазней англасаксонскае пасяленне. У 1207 атрымаў гар. прывілеі. Стварэнне ў пач. 13 ст. універсітэта (першая група студэнтаў з 1209) вызначыла далейшае развіццё К. як універсітэцкага горада. У час англ. рэвалюцыі 1640—53 К. — важная апора парламенцкіх сіл.

Горад захаваў сярэдневяковую рэгулярную планіроўку і арх. ансамблі каледжаў, згрупаваных вакол прамавугольных двароў з акад. і гасп. пабудовамі. Сярод помнікаў царква-ратонда святой Труны (каля 1101—30, раманскі стыль), капэла Кінгс-каледжа (1446—1515, позняя готыка), б-ка Трыніты-каледжа (1676—84, арх. К.​Рэн), сенат ун-та (1722—30, арх. Дж.​Гібс, абодва класіцызм). Многія будынкі 17—19 ст. імітуюць готыку: б-ка (1642) і капэла (1864—69, арх. Г.​Скот) Сент-Джонс-каледжа і інш. Сярод інш. пабудоў б-ка ун-та (адкрыта ў 1934, арх. Г.​Скот Малодшы). У К. помнік Дж.​Байрану (1830—31, скульпт. Б.​Торвальдсен), Музей Фіцуільяма (1836—45, арх. Дж.​Базеві, неакласіка).

Да арт. Кембрыдж. Уваход у Сент-Джонс-каледж.

т. 8, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РАЦ (Piper),

род кветкавых раслін сям. перцавых. Каля 700 (паводле інш. звестак каля 2000) відаў. Пашыраны ў тропіках абодвух паўшар’яў, пераважна ў Амерыцы і мусонных абласцях Усх. Азіі. У культуры 9 відаў. Найб. значэнне мае П. чорны (P. nigrum) — лазячая расліна, расце ў Індыі. Яго няспелыя высушаныя плады — прыправа (чорны перац). Лісце П. бетэль (P. betle) выкарыстоўваюць для жавання. Некат. інш. віды П. ўжываюць як лекі, араматычныя прыправы, гатуюць рытуальныя (наркатычныя) напоі.

П. струкавы, або агароднінны, ці капсікум (Capsicum), — род кветкавых раслін сям. паслёнавых. 20 (паводле інш. звестак каля 50) відаў. Пашыраны ў Цэнтр., Паўд. Амерыцы і на а-вах Галапагас. Плады П. агародніннага, ці папрыкі (C. annuum), выкарыстоўвалі ў Амерыцы аптэкі; у Еўропу іх прывёз Х.​Калумб; у Расіі з 19 ст. Культывуюць у краінах з трапічным, субтрапічным і ўмераным кліматам (у т. л. на Беларусі).

Шматгадовыя (у культуры — аднагадовыя) травы, кусты і паўкусты. П. агароднінны — аднагаловая самаапыляльная расліна. Лісце авальнае, ланцэтнае. Кветкі белыя, зеленаватыя. Плод — канічная несапраўдная ягада ад жоўтага да цёмна-чырв. колеру. Мае вітамін C і алкалоід капсаіцын (выкарыстоўваецца ў медыцыне), які абумоўлівае горкі смак некат. разнавіднасцей. 15 разнавіднасцей П. агародніннага падзяляюць на салодкія і вострыя (горкія). Найб. вядомыя сарты салодкага П.: Новачаркаскі 35, Ратонда, розныя варыянты сорту Балгарскі, горкага — Украінскі горкі, Астраханскі 147. Культывуюць таксама найб. востры П. каенскі (C. sinense). Харч., лек., тэхн. расліны.

Перац: 1 — чорны, 2 — струкавы.

т. 12, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНЯТО́ЎСКІЯ,

шляхецкі род герба «Цёлак» у Рэчы Паспалітай. Паводле родавай легенды, паходзілі ад італьян. роду Тарэлі. Вядомы з 15 ст., прозвішча паходзіць ад маёнтка і мяст. Панятова недалёка ад Любліна. У 17 ст. П. былі сярэдняй шляхецкай сям’ёй, служылі ў багатай шляхты на гасп. пасадах, часам арандавалі маёнткі. У 18 ст. ўзвысіліся. Некат. прадстаўнікі роду ў 18 — пач. 20 ст. жылі на Беларусі. Найб. вядомыя:

Станіслаў (15.9.1676—29.8.1762). Удзельнічаў у Паўн. вайне 1700—21, стаў на бок шведаў, прыбліжаны да караля Станіслава Ляшчынскага, ген. артылерыі ВКЛ у 1707—09, ген. кавалерыі швед. войска, пасля ген.-лейт. польскага войска. У 1720 ажаніўся з князёўнай Канстанцыяй Чартарыйскай, якая ў 1721 набыла маёнтак Воўчын у Брэсцкім пав., дзе былі збудаваны касцёл і палац — рэзідэнцыя П. Падстолі ВКЛ у 1722, падскарбі вялікі ВКЛ у 1722—31, ваявода мазавецкі ў 1731—52, кашталян кракаўскі з 1752. Яго сыны на сойме 1764 атрымалі княжацкі тытул. З іх Казімір (15.9.1721—13.4.1800) — падкаморы вялікі каронны ў 1742—73, ген. польскага войска; Станіслаў Аўгуст (1732—98), кароль польскі і вял. князь літоўскі [1764—95], гл. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі; Андрэй (28.9.1734—3.3.1773), ген.-лейт. аўстрыйскага войска (1760), фельдмаршал (1771), князь «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Станіслаў (23.2.1754—13.2.1833), ген.-лейт. польскага войска, шэф пешай кароннай гвардыі, падскарбі вялікі ВКЛ у 1784—91. Яго нашчадкі атрымалі ў Фларэнцыі (Таскана) тытул князёў ды Монтэ Ратонда (1847), а ў Аўстрыі тытул князёў П. (1850). Юзаф Антон (1763—1813), ген.-лейт. польскага войска, маршал Францыі, гл. Панятоўскі Ю.А.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 12, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРАЎЛЯ́НСКІ СЯДЗІ́БНА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,

помнік палацава-паркавай архітэктуры класіцызму ў г. Нароўля Гомельскай вобл. Створаны ў 2-й пал. 18 ст. на правым высокім беразе р. Прыпяць. Уключае палац, парк з малымі арх. формамі, вытв. пабудовы. Палац (1865) — 2-павярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак з высокім цокалем. 1-ы паверх апрацаваны буйным рустам, 2-і раскрапаваны лапаткамі. У цэнтры падоўжаных фасадаў плоскія рызаліты з порцікамі (не захаваліся). Перад імі тэрасы з шырокімі лесвіцамі і пандусамі. Абапал гал. фасада плоскія рызаліты, абапал дваровага — 3-гранныя эркеры. На тарцах будынка больш глыбокія рызаліты з уваходамі. У афармленні інтэр’ера выкарыстаны арачныя нішы. Парк пейзажнага тыпу (пл. 8,2 га). Кампазіцыйна падзелены баскетамі з грабу на 2 часткі. У паўд. частцы — палац, вял. паляна, алея, якая пачынаецца ўязной брамай у выглядзе каланады дарычнага ордэра з антаблементам. Перад фасадам, арыентаваным на раку, — шырокая лесвіца, якая вядзе на тэрасу з фантанам у стылі ампір. У паўн. частцы лагчыны невял. ручай. У парку растуць пераважна дрэвы мясц. парод і пладовыя, трапляюцца экзоты. На ўзгорку пры перасячэнні абходных алей знаходзіцца 3-ярусная квадратная ў плане мураваная альтанка з рысамі стылю ампір. Яе ніжні ярус умацаваны вуглавымі контрфорсамі і завершаны дарычным фрызам, 2-і — скразны, з вял. паўцыркульнымі арачнымі праёмамі з 4 бакоў. Вуглы аздоблены трохчвэртнымі калонамі са своеасаблівымі капітэлямі. Верхні ярус-ратонда з 6 калонамі карынфскага ордэра, завершаны паўсферычным купалам з вазай. У ансамбль уваходзіць вытв. комплекс з чырвонай цэглы ў формах несапраўднай готыкі і неараманскага стылю.

А.​М.​Кулагін, В.​Р.​Анціпаў.

Нараўлянскі сядзібна-паркавы ансамбль: альтанка (уверсе); сядзібны дом.

т. 11, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НСКІ СТЫЛЬ,

стыль сярэдневяковага мастацтва. Склаўся ў 10—13 ст. пад уплывам традыцый стараж.-рым. і візант. мастацтва. Вызначальныя рысы архітэктуры Р.с.: урачыстая суровасць і крапасны характар (замкі-крэпасці з данжонамі, кляштарныя комплексы, храмы, гар. дамы); тэктанічная сістэма, якой уласцівы сукупнасць набліжаных адзін да аднаго аб’ёмаў рознай вышыні, канструкцыйна аб’яднаных узаемазвязанасцю апор, перакрыццяў і ўраўнаважаных вежай-ліхтаром ці купалам над сяродкрыжжам. У ранні перыяд у будынках рабілі плоскія драўляныя перакрыцці, пазней цыліндрычныя і асабліва характэрныя Р.с. — крыжовыя. Раманскі храм — базіліка (пераважна 3-нефавая), крыжападобная ў плане ў Зах. Еўропе, круглая ў плане (ратонда) у Цэнтр. Еўропе. Для іх характэрны масіўнасць сцен і вежаў, магутныя апоры, што ўспрымаюць цяжар скляпенняў, паўкруглыя аркі і завяршэнні парталаў, перавага гарызанталей. Адметная ўсх. ч. базілікі — хор, размешчаны паміж апсідай і трансептам, які выдаецца з аб’ёму будынка, што надае яму план лац. крыжа. Пры роўнай вышыні і шырыні цэнтр. нефа і трансепта месца іх перасячэння (сяродкрыжжа) мае форму квадрата і становіцца модулем плана: у цэнтры сяродкрыжжа размяшчаецца алтар, пад ім — крыпта з рэліквіямі. На высокіх арках, што абмяжоўвалі сяродкрыжжа, на ветразях і тромпах узводзілі купал, над якім звонку ўзвышалася вежа. Цэнтр. неф быў шырэйшы і вышэйшы за бакавыя. На Пд і ПдЗ Францыі будавалі купальныя базілікі. У арх. дэкоры пераважаў скульпт.-арнаментальны рэльеф, у фрэсках — лапідарнасць малюнка, статычны арнаментальна-плоскасны характар кампазіцыі, умоўная трактоўка фігур. Манум. жывапіс і скульптура непарыўна звязаны з архітэктурай Р.с., падначалены яе формам і рытмам, ажыўляюць яе магутнасцю пластыкі і гучнай колеравай гамай (размалёўкі, рэльефы, вітражы). Р.с. ярка выявіўся ў мастацтве мініяцюры, у ліцці, чаканцы, эмалі, дыванаткацтве, разьбе па дрэве і косці.

Яркія ўзоры Р.с. створаны ў Германіі (саборы ў Шпаеры, 11 — пач 13 ст., Вормсе, 12—13 ст.), Францыі (касцёл Нотр-Дам у Пуацье, 12 ст.), Італіі (касцёл Сан-Мікеле ў Павіі, 12 ст.) і інш. Раманскія манум. будынкі складалі адзіны ансамбль з прыродай, часта размяшчаліся на ўзвышшах, берагах рэк, панавалі ў наваколлі як падабенства «горада божага», увасабленне магутнасці каталіцкага ордэна ці феадала.

На Беларусі Р.с. праявіўся ў архітэктуры раннехрысц. храмаў, быў абумоўлены некат. падабенствам ідэйна-маст. задач (Віцебская Благавешчанская царква, Спаса-Праабражэнская царква Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра). Рысы Р.с. паявіліся ў замкавым дойлідстве 13—14 ст. (Камянецкая вежа, Крэўскі замак, Лідскі замак, Навагрудскія замкі).

Літ.:

Всеобщая история архитектуры. Т. 4. Л.;

М., 1966;

Swiechowski Z. Sztuka romańska w Polsce. Warszawa, 1990.

А.​М.​Кулагін.

Да арт. Раманскі стыль. Інтэр’ер сабора ў г. Шпаер. Германія. 11 — пач. 13 ст.
Да арт. Раманскі стыль. Сабор у г. Вормс. Германія. 12—13 ст.

т. 13, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЕРУСАЛІ́М (стараж.-яўр. Іерушалаім, араб. Аль-Кудс),

горад у Ізраілі, на паўпустынным пласкагор’і на З ад Мёртвага м. Зах. ч. — Новы горад (адм. ц. акругі Іерусалім), належыць Ізраілю, усх. ч. — Стары горад, з 1967 акупіраваны Ізраілем; паводле пастановы (1950) урада Ізраіля сталіца дзяржавы, месца знаходжання ўрада і парламента. 602 тыс. ж. (разам з Усх. Іерусалімам, 1996). Рэлігійны («свяшчэнны») цэнтр іудзеяў, хрысціян і мусульман. Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прамысл., гандл., фін., навук. і культ. цэнтр краіны. Вядучыя галіны прам-сці: паліграф., лёгкая, харчовая. Развіты гарбарна-абутковая, металаапр., фармацэўтычная, шкляная, радыётэхн. прам-сці, апрацоўка алмазаў. Розныя рамёствы. Ун-т. 2 Акадэміі. Цэнтр міжнар. турызму.

Адзін з самых стараж. ханаанскіх гарадоў (3-е тыс. да н.э.). У пач. 10 ст. заваяваны Давідам, які зрабіў яго рэліг. і паліт. цэнтрам сваёй дзяржавы (адсюль вызначэнне І. як горада Давідава). Росквіт І. адбыўся пры цару Саламоне (пабудаваны храм). Пасля падзелу дзяржавы І. — сталіца Іудзейскага царства. У 586 (587?) зруйнаваны Навухаданосарам II. Адбудаваны яўрэямі пасля вяртання з Вавілонскага палону. З 538 да н.э. сталіца перс. правінцыі. Пасля заваявання Персіі Аляксандрам Македонскім і распаду яго дзяржавы пад уладай Пталамеяў, з 198 да н.э.Селеўкідаў. З 141 да н.э. сталіца дзяржавы Макавеяў. У 70 н.э. зруйнаваны рым імператарам Цітам. У 4 ст. пры імператару Канстанціне свяшчэнны цэнтр хрысціян. З 395 пад уладай Візантыі. Пасля араб. заваявання (638) — свяшчэнны цэнтр мусульман. У 1099 захоплены крыжаносцамі, стаў месцам паломніцтва хрысціян. У 1173 І. наведала Ефрасіння Полацкая. У 1187 горад заваяваны егіп. султанам Салах-ад-дзінам. З 1517 у складзе Асманскай імперыі. У 1917 захоплены брыт. войскамі. У 1920—48 адм. ц. брыт. падмандатнай тэр. Палесціны. Паводле рашэння Ген. Асамблеі ААН ад 29.11.1947 І. павінен быў стаць самаст. адм. адзінкай пад кіраваннем ААН. Пасля араба-ізраільскай вайны 1948—49 быў падзелены на 2 часткі: усх. адышла Іарданіі, зах. — да Ізраіля. У 1950 урад Ізраіля насуперак рашэнню ААН аб вылучэнні І. ў самаст. адм. адзінку аб’явіў яго сталіцай Ізраіля. У выніку ізраільска-арабскай вайны 1967 Ізраіль захапіў увесь І. і ў ліп. 1980 абвясціў яго «вечнай і непадзельнай сталіцай» Ізраіля.

У 960—62 да н.э. на ўзгорку Марыя, дзе, як сведчыць легенда, адбылося ахвярапрынашэнне Аўраама, паводле загаду Саламона фінікійскія майстры з Тыра пабудавалі храм, у якім захоўвалася Арка Прымірэння, асн. сімвал монатэізму і богаабранніцтва ізраільцян (зруйнаваны вавіланянамі ў 586 да н.э., адноўлены ў 520—515 да н.э., канчаткова знішчаны ў 70 н.э. рымлянамі). У канцы 1 ст. да н.э. былі ўзведзены гар. ўмацаванні. У 130 на месцы Старога горада пабудаваны г. Алія Капіталіна. Ад комплексу абарончых збудаванняў захаваўся фрагмент зах. муру (Сцяна Плачу). У 335 паводле загаду Канстанціна I Вялікага на месцы Галгофы ўзведзены храм-ратонда Труны Гасподняй (неаднаразова перабудоўваўся). У 5 ст. збудаваны некалькі крыптаў, базілікі на Маслічнай гары. Пасля далучэння І. да ўладанняў Амеядаў на месцы разбуранага храма Саламона пабудавана антаганальная мячэць Кубат ас-Сахра («Купал скалы», другая назва — мячэць Амара), побач — мячэць аль-Акса (перабудавана ў пач. 8 ст. з хрысц. базілікі; перабудоўвалася ў 780, 1035). У час валодання І. крыжаносцамі ўзводзіліся новыя храмы і манастыры, Айюбідамі і мамлюкамі — мячэці і медрэсэ. Да 14 ст. адносіцца цытадэль — Вежа Давіда (з перабудовамі 16 ст.). У 16 ст. І. умацаваны, паводле загаду султана Сулеймана Велічнага адноўлены муры рым. часу (з 34 вежамі і 8 брамамі), якія ўключалі з усх. боку крэпасць Ірада (1536—41). У 1892 пачалася мадэрнізацыя І. У 20 ст. пашырылася забудова зах. ч. Новага горада. Арх. акцэнты І. — Яўрэйскі універсітэт (1925, арх. Д.​Рэзнік, Э.​Рау), сінагога мед. цэнтра «Эйн-Керэм» (1952—61, арх. І.​Нейфельд, 12 вітражоў М.​Шагала), Кнесет (арх. Д.​Кармі, І.​Кларвайн, інтэр’еры аздоблены габеленамі Шагала), мемарыял Дж.​Кенэдзі (абодва 1966) і інш. Нац. музей Ізраіля (1965), Нац. музей «Бецалель» (Стары музей, 1906), музей Рокфелера (1927).

Н.​К.​Мазоўка (гісторыя), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура).

Да арт. Іерусалім. М.​Шагал. Вітраж у сінагозе іерусалімскага медыцынскага цэнтра «Эйн-Керэм».
Мячэць Амара ў Іерусаліме. 687—691.
Цытадэль — Вежа Давіда ў Іерусаліме.
Мемарыял Дж.​Кенэдзі ў Іерусаліме. 1966.

т. 7, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)