ДЫСМАРФАМА́НІЯ (ад дыс... + марфа... + манія),
псіхічнае расстройства, якое выяўляецца хваравітай упэўненасцю ў наяўнасці выдуманай фіз. заганы. Уласціва пераважна падлеткаваму ўзросту (як і дысмарфафабія) і тычыцца бачных участкаў цела, фігуры і палавых органаў. Часцей праяўляецца ў выглядзе звышцэнных ідэй або трызнення, звычайна суправаджаецца стараннай маскіроўкай сваіх перажыванняў, імкненнем да выпраўлення выдуманага дэфекту любым шляхам. Пры гэтым магчымы імкненне да самагубства, самапашкоджанне, розныя віды самалячэння.
т. 6, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАНО́ЙЯ, разумовае расстройства,
хранічны псіхоз з пастаянным сістэматызаваным трызненнем пры адсутнасці наяўных прыкмет зніжэння інтэлекту і выяўленых змен асобы. Тэрмін «П.» выкарыстоўваюць таксама для вызначэння сцёртых форм псіхозаў у стане трызнення (абартыўная, мяккая П.), вар’яцкіх станаў, якія адрозніваюцца паводле цячэння (вострая, перыяд., хранічная П.) ці па тэме, напр., рэліг., іпахандрычная П., П. кахання, рэўнасці, вынаходніцтва, праследавання і інш. Параноікі могуць учыняць проціпраўныя дзеянні.
т. 12, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСПНО́Э (ад дыс... + грэч. pnoē дыханне),
расстройства вонкавага дыхання. Выяўляецца рознай ступенню парушэння частаты, амплітуды і рытму дыхальных рухаў ад лёгкіх (на мяжы фізіял. варыяцый) да цяжкіх (задышка, дыханне перыядычнае, апноэ і інш.). Першаснае Д. ўзнікае як праяўленне дэфектаў у сістэме рэгуляцыі дыхання або выканаўчых органаў дыхання; другаснае — як ускладненне інфекц., абменных або траўматычных пашкоджанняў дыхальнага цэнтра, нерв. шляхоў, бронхалёгачнага апарату, грудной клеткі, дыяфрагмы.
т. 6, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХАПАТЫ́Я (ад псіха... + грэч. pathos пакута, хвароба), расстройства асобы,
паталагічны стан псіхічнай дзейнасці чалавека. Анамаліі характару, якія вызначаюць псіхічнае аблічча індывідуума, выяўляюцца з дзяцінства, яскрава выражаны ў падлеткаў і захоўваюцца на працягу жыцця. Адрозніваюць П. ўзбудлівую, істэрычную, шызоідную і інш. формы. Праяўляецца дысгарманічнасцю эмацыянальна-валявых уласцівасцей асобы (празмерная раздражняльнасць, замкнёнасць, эгацэнтрызм і інш.), парушэннем прыстасавальнасці да навакольнага асяроддзя пры адносным захаванні інтэлекту.
У.А.Кульчыцкі.
т. 13, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕССВЯДО́МАСЦЬ,
стан асобы, пры якім з-за хранічнай душэўнай хваробы ці часовага расстройства душэўнай дзейнасці яна не здольная ўсведамляць свае ўчынкі і кіраваць імі; акалічнасць, якая выключае злачыннасць дзеяння і крымін. адказнасць за яго. Для вырашэння пытання пра бессвядомасць назначаецца судова-псіхіятрычная экспертыза, на падставе вывадаў якой следчыя органы або суд канстатуюць псіхічны стан асобы пры ўчыненні пэўнага грамадска небяспечнага дзеяння. Да асобы, якая пры гэтых абставінах знаходзілася ў стане бессвядомасці, суд можа ўжыць прымусовыя меры мед. характару.
т. 3, с. 128
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІЯКА́ЛЬНА-ДЭПРЭСІ́ЎНЫ ПСІХО́З,
цыркулярны псіхоз, псіхічнае захворванне, якое характарызуецца перыядамі прыгнечанасці (дэпрэсіі), узбуджэння (маніякальны стан, гл. Манія) і аднаўлення здароўя (светлы прамежак). М.-д.п. — комплекс спадчынных і набытых вегетатыўна-эндакрынных і абменных парушэнняў, вынік расстройства рэгулятарных механізмаў кары вял. паўшар’яў і інш. аддзелаў галаўнога мозга. У час дэпрэсіі назіраецца эмацыянальны і інтэлектуальны спад, замаруджванне мыслення і рухаў (бываюць спробы самагубства). Пры маніякальным стане ўзнікае паскоранае і паверхневае мысленне, моварухальнае ўзбуджэнне, добры настрой, хаатычная дзейнасць. Лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары.
т. 10, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПРАХО́ДНАСЦЬ КІШЭ́ЧНІКА,
парушэнне нармальнага праходжання змесціва па кішэчніку ў выніку мех. перашкоды ці функцыянальнага парушэння маторыкі кішак. Бывае мех., дынамічная, вострая і хранічная. Мех. падзяляюць на странгуляцыйную (ад завароту кішак, утварэння вузлоў), абтурацыйную (ад глістоў, жоўцевых камянёў, пухлін, спаечных хвароб) і змешаную (пры спаечнай непраходнасці і інвагінацыі). Дынамічная (паралітычная і спастычная) узнікае ад расстройства інервацыі кішэчніка пры перытаніце, нырачных коліках і інш. Прыкметы: раптоўны схваткападобны боль жывата, уздуцце кішэчніка, затрымка стулу і газаў, ірвота. Лячэнне кансерватыўнае і хірургічнае.
т. 11, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРУСТРА́ЦЫЯ (ад лац. frustratio падман, расстройства),
псіхічны стан нарастаючага ўнутранага напружання, псіхалагічная рэакцыя, выкліканая расчараваннем, няўдачай. Звычайна ўзнікае ў выніку міжасобасных канфліктаў і цяжкасцей у разнастайных жыццёвых сітуацыях, у т. л. і штодзённых. Наступствы Ф. могуць быць кароткатэрміновыя і працяглыя. У стане Ф. людзі здольны на неадэкватныя ўчынкі. У цэлым гэта з’ява шкодная для чалавека, бо мае разбуральны характар. Пераадолець Ф. дапамагаюць прыёмы аўтагеннай трэніроўкі для зняцця эмацыянальнага напружання, паслаблення канфліктнасці сітуацыі, сяброўскія адносіны, адцягненасць ад прычыны Ф., пераключэнне ўвагі на штосьці прыемнае.
т. 16, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАРГАЗМІ́Я (ад ан... + аргазм),
адсутнасць аргазму пры палавых зносінах; адна з формаў зніжэння сексуальнасці ў жанчын. Анаргазмія часта спалучаецца са зніжэннем палавой цягі або з поўнай яе адсутнасцю. Частата ўзнікнення залежыць ад узросту жанчыны і рэгулярнага палавога жыцця. Адрозніваюць анаргазмію першасную (з пачатку палавога жыцця) і другасную (страта аргастычных адчуванняў пасля пэўнага перыяду нармальных сексуальных адносін). У аснове анаргазміі ляжаць парушэнні псіхасексуальнага развіцця, некаторыя асаблівасці асобы, псіхагенныя фактары, захворванні. Анаргазмія можа выклікаць адчуванне павышанага крованапаўнення палавых органаў, боль, эмацыянальныя парушэнні, расстройства сну. Лячэнне строга індывідуальнае, праводзіцца сексапатолагам.
т. 1, с. 339
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЖАЧО́К,
аддзел галаўнога мозга пазваночных жывёл і чалавека. Удзельнічае ў каардынаванні рухаў, рэгуляцыі вегетатыўных функцый, захаванні позы і раўнавагі цела. Размешчаны пад патылічнымі долямі вял. паўшар’яў, над прадаўгаватым мозгам, у задняй чарапной ямцы (іл. гл. да арт. Галаўны мозг). Складаецца з парных паўшар’яў (плошча звілін М. ў чалавека 1,5 тыс. см²), аб’яднаных сярэдняй часткай-чарвяком. Паверхня мае 3 слоі кары (малекулярны, гангліёзны, зярністы). Звязаны з мазгавым ствалом трыма парамі ножак. Парушэнні М. ў чалавека вядуць да расстройства раўнавагі, мышачнага тонусу і інш.
А.С.Леанцюк.
т. 9, с. 509
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)