КА́РТЭР ((Carter) Хоўард) (9.5.1873, Суэфем, Вялікабрытанія — 2.3.1939),
англійскі археолаг. З 1891 удзельнічаў у археал. раскопках у Егіпце (раён Эль-Амарны і інш. мясціны Сярэдняга Егіпта). З 1902 праводзіў раскопкі ў Даліне цароў; у ліст. 1922 адкрыў грабніцу егіпецкага фараона XVIII дынастыі Тутанхамона (15 ст. да н.э.) — багацейшую скарбніцу помнікаў мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКВІ́НК (Aguincum),
горад рымскіх часоў (каля 10 да н.э. — 409 н.э.), з 107 н.э. — гал. горад рым. правінцыі Ніжняя Панонія. Руіны Аквінка знаходзяцца каля Будапешта. Раскопкі вядуцца з 1775. Аквінк складаўся з паселішча мясц. племя эравіскаў, рым. ўмацаванага лагера, ваен. ці лагернага горада і цывільнага горада. У час раскопак выяўлены рамесныя кварталы, амфітэатр, абарончыя сцены, водаправод, палац намесніка Ніжняй Паноніі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЧ ((Pič) Ёзаф) (19.1.1847—19.12.1911),
чэшскі археолаг, этнограф, гісторык. З 1893 кіраваў археал. аддзелам Нар. музея ў Празе, праводзіў раскопкі у Сярэдняй Чэхіі. Шэраг прац прысвяціў гісторыі славян у т. л. гісторыі Расіі. Прапагандаваў ідэі адзінства слав. народаў. Гал. праца П. «Старажытнасці Чэхіі» (ч. 1—3, 1899—1909) — агляд археал. матэрыялаў Чэхіі ад часоў палеаліту да 13 ст.; лічыў, што славяне засялілі Чэхію ў бронзавым веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІКІЕ́ВІЧ Кірыла Цімафеевіч, бел. краязнавец, археолаг і этнограф 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю. Працаваў настаўнікам нар. вучылішчаў у Магілёўскай і Віцебскай губ. Вывучаў побыт сялян, збіраў фальклор, вёў археал.раскопкі. Быў карэспандэнтам Е.Р.Раманава. Асн. праца «Сенненскі павет Магілёўскай губерні» (Магілёў, 1907), у якой даў геагр., гіст., эканам. і этнагр. характарыстыкі Сенненшчыны, апісаў жыллё, адзенне, сямейнае і грамадскае жыццё сялян, заняткі насельніцтва і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕГІ́ПЕЦКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1858 у Каіры франц. егіптолагам А.Марыетам. Да 1891 наз. Булакскі музей, у 1891—1900 Гізехскі, з 1900 сучасная назва. Адзін з гал. цэнтраў вывучэння стараж.-егіп. мастацтва. Найбуйнейшы збор помнікаў мастацтва і культуры Егіпта Старажытнага; сярод іх знаходкі з руін г. Ахетатон і грабніцы фараона Тутанхамона, статуі фараонаў Хефрэна, Аменемхета III, царэвіча Каапера і інш. Арганізуе археал.раскопкі. З канца 19 ст. выдае серыю каталогаў розных раздзелаў калекцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРА́Й-БАТУ́, Стары Сарай (паводле летапісу Сараі Вялікія; цяпер с. Сялітранае Харабалінскага р-на Астраханскай вобл. Расіі),
горад, першапачаткова галоўны паліт. цэнтр Залатой Арды. Пабудаваны ханам Батыем у 1254. У С.-Б. было шмат палацаў, мячэцей, рамесніцкія кварталы (Глінянае поле); каля горада — вял. некропаль. У выніку міжусобнай барацьбы ханаў і паходу Цімура (1395) моцна пацярпеў. Канчаткова разбураны ў 1480. У 18 ст. на месцы горада быў салетравы завод. У 1922, 1931 праводзіліся раскопкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬБА́ЧЫНА,
гарадзішча 10—13 ст. каля в. Кульбачына Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. У выніку даследаванняў выяўлены развалы печаў-каменак, жал. прылады працы і зброя, ганчарная кераміка, упрыгожанні і інш.Рас. археолаг В.В.Сядоў, які ў 1968 даследаваў помнік, лічыў яго стараж.г.Астрэя. Аднак раскопкі на беразе воз. Астрые (Пскоўская вобл., Расія), праведзеныя экспедыцыяй Эрмітажа, навукова даказалі месцазнаходжанне там летапіснай Астрэі. На Пн ад вёскі і Пд ад гарадзішча К. захаваліся 2 курганныя могільнікі (5 і 4 насыпаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́КІ ((Leakey) Луіс Сеймур Базет) (7.8.1908, Кебетэ, каля г. Найробі, Кенія — 1.10.1972),
англійскі археолаг і антраполаг. Працаваў дырэктарам Ін-та антрапалогіі, гісторыі і стараж. культуры ў Найробі (Кенія). У 1927—29 вёў раскопкі ў шматслойнай пячоры Гэмбл-2 і вызначыў адносную храналогію шэрагу ўсх.-афр.археал. культур; у 1930 вывучаў неалітычную пячору Ньёра, з 1951 даследаваў наскальныя малюнкі ў Танзаніі. У 1959—60 знайшоў у цясніне Олдувай рэшткі выкапнёвых прыматаў — зінджантрапа і прэзінджантрапа, а таксама чэрапа чалавека, падобнага да яванскага пітэкантрапа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІМРУ́Д (стараж.Кальху, бібл. Калах),
адна са сталіц Асірыі. Знаходзіцца непадалёк ад г. Масул (Ірак). Засн. Салманасарам I (1274—45 да н.э.), перажыў перыяд заняпаду, адноўлены і пашыраны Ашурнасірпалам ІІ (883—859 да н.э.), у 612 да н.э. захоплены мідыйцамі. Археал.раскопкі праводзіліся ў 1845—51 і 1949—63. Выяўлены цытадэль з храмамі, зікуратам і палацамі. Знойдзены вял. крылатыя быкі з каменю, рэльефы і пліткі са слановай косці, якія ўпрыгожвалі царскую мэблю, дробная касцяная скульптура 8 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСУ́М,
горад на Пн Эфіопіі. Мяркуюць, што засн. каля сярэдзіны 1-га тыс. да н.э.паўд.-араб. плямёнамі. У 1 ст.н.э. цэнтр Аксумскага царства. У выніку заняпаду дзяржавы страціў паліт. і культ. значэнне, але застаўся асяродкам копцкай царквы («святы горад» коптаў) і месцам каранацыі негусаў. З 1906 вядуцца раскопкі. Выяўлены рэшткі пабудоў палацавага комплексу, каменныя троны, некропаль з надмагільнымі стэламі-абеліскамі выш. да 33 м з барэльефамі і шматлікімі надпісамі на стараж. эфіопскай і грэч. мовах і інш.