ВІДЭАКЛІ́П,

жанр мастацтва, які аб’ядноўвае ігравое кіно, мультыплікацыю, музыку, рэкламу, запісаныя на відэастужку. Выяўленчыя сродкі грунтуюцца вакол сюжэтнай фабулы або каскаду спецэфектаў, падпарадкаваных рытмічнай канструкцыі муз. асновы. Пачаткам жанру лічыцца відэакліп «Багемская рапсодыя», створаны ў 1975 рэжысёрам Б.Говерсам як рэкламны ролік аднаго з новых альбомаў гурта «Куін» (Вялікабрытанія). Сярод найб. вядомых стваральнікаў кліпаў: П.Кэры (ЗША), М.Вейш (Германія), Э.Дыянісіюш (Аўстралія), С.Джонсан (Вялікабрытанія), М.Джоджэган (Швецыя) і інш. На Беларусі відэакліп з’явіўся ў сярэдзіне 1980-х г. у сувязі з узнікненнем нац. плыні ў маскультуры. У гэтым жанры вызначыліся рэжысёры Э.Гатоўскі, Г.Шувагін, С.Шынкарэнка, якія стварылі кліпы з удзелам гуртоў «Рэй», «Бонда», «Крама», «Рокіс». Яны выкарыстоўваюць сюжэтныя і мазаічныя канструкцыі будовы відэакліпа і іх сінтэз.

В.М.Мартыненка.

т. 4, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЛЕШ ((Illés) Бела) (22.3.1895, г. Кошыцы, Славакія — 1.5.1974),

венгерскі пісьменнік. Скончыў Будапешцкі ун-т. Удзельнік рэв. 1919 у Венгрыі, потым у эміграцыі. З 1921 у Аўстрыі, Чэхаславакіі, у 1923—45 у СССР. У 2-ю сусв. вайну служыў у Чырв. Арміі. Аўтар раманаў «Нататкі доктара Пала Утрыуша» (1917), «Ціса гарыць» (на рус. мове 1929—33, венг. — 1957), «Вяртанне радзімы» (кн. 1—3, 1952—54), трылогіі «Карпацкая рапсодыя» (на рус. мове. 1941, венг. — 1945), аповесцей, апавяданняў. Гал. тэмы твораў — рэв. рух венг. рабочых, сац. абуджэнне сялянства, падзеі 2-й сусв. вайны, лёс венг. эміграцыі.

Тв.:

Бел. пер. — Тыса гарыць: Раман. Кн. 1—3. Мн., 1932—34;

Рус. пер. — Избранное. М., 1974.

Е.А.Лявонава.

т. 7, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯПУНО́Ў (Сяргей Міхайлавіч) (30.11. 1859, г. Яраслаўль, Расія — 8.11.1924),

расійскі кампазітар, піяніст, дырыжор.

Брат А.М.Ляпунова і Б.М.Ляпунова. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1883). З 1885 у Пецярбургу: у Прыдворнай пеўчай капэле, дырэктар Бясплатнай муз. школы, у 1910—23 праф. кансерваторыі, з 1919 Ін-та гісторыі мастацтваў. У творчасці прадаўжаў традыцыі «Магутнай кучкі». Сярод твораў: 2 сімфоніі (1887, 1917), Канцэртная уверцюра (1883), Урачыстая уверцюра на рус. тэмы (1896), сімф. паэмы і інш. для арк.; 2 канцэрты, Рапсодыя на ўкр. тэмы для фп. з арк.; камерна-інстр. ансамблі; саната, 12 эцюдаў вышэйшага выканальніцкага майстэрства, прэлюдыі, вальсы, мазуркі для фп.; хары, рамансы, песні; аркестроўкі. Запісваў і вывучаў нар. песні (зб. «Песні рускага народа», 1899). Разам з М.Балакіравым удзельнічаў у выданні найб. поўнага збору твораў М.Глінкі. Завяршыў і інструментаваў шэраг твораў Балакірава.

т. 9, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў (Леў Іванавіч) (2.3.1834, Масква — 24.12.1901),

рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1852), выкладаў у ім з 1858. З 1852 артыст, з 1869 вядучы танцоўшчык пецярбургскай балетнай трупы. З 1882 рэжысёр, з 1885 другі балетмайстар Марыінскага т-ра, памочнік М.Петыпа. Сярод партый: Феб і Клод Фрола, Валянцін («Эсмеральда», «Фауст» Ц.Пуні), Базіль, Салор («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.Мінкуса), Кален («Марная засцярога» П.Л.Гертэля), Конрад («Карсар» А.Адана). Вял. значэнне надаваў сімфанізацыі балета. Стварыў выдатныя ўзоры сімф. распрацоўкі танца — характарнага («Палавецкія танцы» ў оперы «Князь Ігар» А.Барадзіна, 1890; слав. танцы ў оперы-балеце «Млада» М.Рымскага-Корсакава, 1892; «Другая венгерская рапсодыя» на муз. Ф.Ліста, 1900) і класічнага (танец сняжынак у «Шчаўкунку», 1892, і сцэны на возеры ў «Лебядзіным возеры», 1895, П.Чайкоўскага). Творчасць І. стала вяршыняй акад. стылю рус. балета. Сярод вучаніц М.Кшасінская, В.Праабражэнская, А.Ваганава.

т. 7, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНА́ДАС, Гранадас-і-Кампінья (Granados y Campiña) Энрыке (27.7.1867, г. Лерыда, Іспанія — 24.3.1916), іспанскі кампазітар, піяніст, педагог. Вучыўся ў Ш.Берыо, Ф.Педрэля і Ж.Маснэ. Шмат канцэртаваў, вядомы як выканаўца твораў Ф.Шапэна і Э.Грыга. Выступаў з І.Альбенісам, Э.Ізаі, К.Сен-Сансам, Ж.Цібо і інш. У 1900 заснаваў у Барселоне Т-ва класічных канцэртаў (выступаў як дырыжор), у 1901 — Акадэмію музыкі (кіраўнік да 1916; пазней яго імя). Кампазітарская творчасць Гранадаса звязана з адраджэннем ісп. нар. музыкі, т.зв. Рэнасім’ента; асн. рыса яго твораў — спалучэнне нац. элемента з сучаснай тэхнікай пісьма. Сярод твораў: 7 опер, у т. л. «Марыя дэль Кармэн» (1898), «Гаескі» (1916); сімф. паэма «Боская камедыя» паводле Дантэ (1908) і інш. арк. творы; камерна-інстр. ансамблі; для фп. — 10 ісп. танцаў, «Арагонская рапсодыя», «Іспанскае капрычыо»; для голасу з фп. — танадыллі, песні, і інш.

Літ.:

Розеншильд К. Э.Гранадос. М., 1971.

т. 5, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЙБАРАДА (Георгій Іларыёнавіч) (1.12.1913, с. Пелехаўшчына Глобінскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна — 6.12.1992),

украінскі кампазітар, педагог. Брат П.І.Майбарады. Нар. арт. СССР (1960). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1941, клас Л.Равуцкага), у 1952—58 выкладаў у ёй. У 1962—69 сакратар праўлення Саюза кампазітараў СССР, у 1967—69 — Саюза кампазітараў Украіны. Працаваў у розных муз. жанрах. Многія творы героіка-патрыят. тэматыкі. Сярод твораў: оперы «Мілана» (паст. 1957), «Арсенал» (паст. 1960), «Тарас Шаўчэнка» (паст. 1964), «Яраслаў Мудры» (паст. 1973); вак.-сімф. — кантата «Дружба народаў» (1948), паэма «Запарожцы» (1954); сімфоніі (1940, 1952, 1976, 1984); канцэрты для голасу (1969), для скрыпкі (1977) з арк.; сімф. паэмы «Лілея» (1939), «Каменяломы» (1941), «Гуцульская рапсодыя» (1949), сюіта «Кароль Лір» (1959); 30 хароў a cappella; вак. цыклы і рамансы (больш за 50), апрацоўкі нар. песень; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэміі Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1963, 1983.

Г.І.Майбарада.

т. 9, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ АНСА́МБЛЬ ТА́НЦА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.

Створаны ў 1959 у Мінску. Уключае балетную трупу і аркестр. Першыя маст. кіраўнікі А.Апанасенка (1959—71) і С.Дрэчын (1971—73), з 1986 В.Дудкевіч; кіраўнік аркестра С.Хвашчынскі (з 1991). У рэпертуары больш за 100 пастановак: танцы і харэаграфічныя кампазіцыі, створаныя на аснове бел. танц. фальклору («Лявоніха», «Лянок», «Весялуха», «Мяцеліца», «Перапёлачка», «Каханачка», «Маталіха», «Полька-Янка», «Крыжачок», «На Купалле», «Беларуская рапсодыя», «Неглюбскія вячоркі», «Спеў дубраў», «Арэлі», «Церніца»), фальклору інш. народаў, сюжэтныя пастаноўкі («Беларуская партызанская», «Сінявокая і неўміручая», «Полечка-поле», «Хатынь», «Вечарына»), праграма «Карагод сяброў», гумарыстычныя сцэнкі («Крутуха», «Дырыжор аркестра» і інш.). У сваіх інтэрпрэтацыях бел. нар. танцаў ансамбль імкнецца захаваць іх характэрнасць, лёгкасць, зграбнасць рухаў, вынаходлівасць харэаграфічнага малюнка. Сярод артыстаў (1997) М.Ліпчык (баян). У розны час у ансамблі працавалі маст. кіраўнікі Г.Маёраў, В.Бутрымовіч, балетмайстры Г.Мартынаў, Я.Штоп, артысты балета М.Апанасенка, Г.Белавусава, С.Вуячыч, А.Гарэлік, І.Цюрын, кіраўнік аркестра У.Багадайка.

т. 6, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТО́ЎСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ТЭА́ТР О́ПЕРЫ І БАЛЕ́ТА.

Засн. ў 1920 у г. Каўнас па ініцыятыве К.Пятраўскаса, Ю.Талат-Кялпшы і інш. З 1922 дзяржаўны, з 1944 Т-р оперы і балета Літ. ССР, у 1948 пераведзены ў Вільнюс, з 1954 акадэмічны, з 1990 наз. Літ. опера, з 1998 сучасная назва. Першы оперны спектакль — «Травіята» Дж.Вердзі (1920). У 1933—40 пастаўлены нац. оперы «Гражына» і «Радвіла Пяркунас» Ю.Карнавічуса, «Тры талісманы» А.Рачунаса. Першы балетны спектакль — «Капелія» Л.Дэліба (1925), у 1928 пастаўлены харэаграфічная карціна «Літоўская рапсодыя» на муз. Карпавічуса, першыя балеты літ. кампазітараў «Юратэ і Касціціс» Ю.Груадзіса, «Сватанне» Б.Дварыёнаса, «У віхуры танцаў» В.Бацявічуса. Сучасны рэпертуар т-ра складаюць творы сусв. і рус. класікі, літ. і інш. сучасных кампазітараў. У т-ры працавалі: спевакі В.Адамкявічус, Н.Амбразайцітэ, Г.Апанавічутэ, В.Даўнарас, Э.Канява, А.Кучынгіс, Ю.Мажэйка, Р.Марыёшус, І.Мількявічутэ, В.Нарэйка, Пятраўскас, А.Садзейка, Э.Саўлявічугэ, Р.Сіпарыс, І.Стасюнас, А.Сташкевічутэ, А.Чудакова; артысты балета Л.Ашкелавічутэ, Г.Баніс, Б.Кялбаўскас, В.Куджма, Г.Кунавічус, Г.Сабаляўскайтэ, Т.Свенціцкайтэ, М.Юазапайцітэ; дырыжоры І.Алекса (гал. дырыжор з 1975), М.Букша, Р.Генюшас, Х.Паташынскас, Талат-Кялпша; балетмайстры П.Баравікас, В.Браздзіліс, В.Грывіцкас, В.Дубеняцкене, Кялбаўскас, П.Пятроў, з 1992 кіраўнік балетнай трупы Т.Сядунова; рэжысёры Ю.Грыбаўскас, Ю.Густайціс, Э.Домаркас, В.Мікштайтэ, Сіпарыс; ген. дырэктар т-ра Ю.Андрэевас (з 1999).

т. 9, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРАСА́ВА (Акіра) (23.3.1910, Токіо — 6.9.1998),

японскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Скончыў Акадэмію прыгожых мастацтваў у Токіо (1935). У кіно з 1936. Як рэжысёр дэбютаваў фільмам «Сугата Сансіра» (1943). Шырокую вядомасць атрымаў фільм «Расёман» (1950, паводле апавядання Р.Акутагавы; гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі; прэмія «Оскар» 1951). Здымаў фільмы па творах Ф.Дастаеўскага («Ідыёт», 1951), М.Горкага («На дне», 1957), У.Шэкспіра («Замак павуціны» паводле «Макбета», 1957; «Ран» паводле «Караля Ліра», 1985), у якіх дзеянне пераносіў у Японію, захоўваючы дух і глыбіню першакрыніцы. Рэаліст. трактоўкай мінулага вылучаюцца фільмы «Сем самураяў» (1954, прэмія «Оскар» 1955), «Целаахоўнік» (1961), «Цень ваяра» (1980; гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах), у якіх абнавіў традыц. яп. жанр «кэнгекі» (пра эпоху самураяў). У 1976 на кінастудыі «Масфільм» паставіў фільм «Дэрсу Узала» (паводле У.Арсеньева; гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Маскве, прэмія «Оскар»). Праблемы сучаснасці ўзняў у фільмах «Рай і пекла» (паводле Э.Мак-Бейна, 1963), «Дадэскадэн» (паводле С.Ямамота, 1970; першы каляровы фільм К.), «Сны» (1990), «Жніўная рапсодыя» (1991) і інш. Яго работы вылучаюцца вострым драм. канфліктам, стылявой вытанчанасцю, эстэт. дасканаласцю, глыбокім гуманізмам. Пісаў сцэнарыі. Юбілейныя прызы на міжнар. кінафестывалях у Маскве (1979) і Венецыі (1982).

Г.В.Ратнікаў.

т. 9, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ТАЛ, Віталс (Vitols; Віталь Іосіф) Язэпс (26.7.1863, г. Валміера, Латвія — 24.4.1948), латышскі кампазітар, педагог; адзін з заснавальнікаў нац. кампазітарскай школы, буйнейшы майстар лат. харавой песні. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1886, клас М.Рымскага-Корсакава), выкладаў у ёй (з 1901 праф.). З 1918 у Рызе. Заснавальнік, праф., рэктар (у 1919—44, з перапынкам) Латвійскай кансерваторыі (цяпер імя Вітала). Адзін з заснавальнікаў і старшыня (1923—40) Т-ва лат. кампазітараў. Сярод яго вучняў: С.Пракоф’еў, М.Мяскоўскі, Я.Іваноў, Я.Калніньш, А.Скултэ, Л.Вігнерс, Е.Віталіньш і інш. Асн. творы: кантаты «Песня» (1908), «Паўночнае ззянне» (1913); балада для хору «Беверынскі спявак» (1900); сімфонія (1888), «Свята Ліга» (1889), «Драматычная уверцюра» (1895), уверцюра «Спрыдзітыс» (1908), сюіты «Сем латышскіх народных песень» (1904) і «Каштоўныя камяні» (1924), балада «Восеньская песня» (1928), «Латышская сельская серэнада» (1934), «Рапсодыя» (1909) для сімф. арк.; Фантазія на тэмы лат. нар. песень для скрыпкі з арк.; струнны квартэт; інстр. творы, у т. л. для фп. (больш за 80); хары а капэла (103); песні для голасу з фп. (92), апрацоўкі лат. нар. песень (больш за 300).

Аўтар артыкулаў па муз. мастацтве. З 1944 жыў у Германіі.

Літ. тв.: Воспоминания, статьи, письма. Л., 1969.

Літ.:

Гравитис О. Язеп Витол и латышская народная песня: Пер. с лат. М.; Л., 1966.

т. 4, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)