РЫ́ГЕЛЬ (ням. Riegel папярочка, засаўка),

1) у будаўніцтве — гарызантальная ці нахільная бэлька, што звязвае паміж сабой калоны будынкаў, стойкі рам і інш. Служыць апорай для кладзей, пліт перакрыццяў і пакрыццяў. Бывае метал., жалезабетонны, драўляны; паводле канструкцыі — суцэльны ці рашэцісты.

2) Засаўка ў дзвярных замках.

т. 13, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́НАЎ (Усевалад Вячаслававіч) (24.2.1895, пас. Лябяжае Паўладарскай вобл., Казахстан — 15.8.1963),

рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1915, належаў да літ. групы «Серапіёнавы браты». Аповесці «Партызаны» (1921), «Браняпоезд 14-69» (аднайм. п’еса паст. МХАТ, 1927) і «Каляровыя вятры» (абедзве 1922) пра падзеі грамадз. вайны. Аўтар аўтабіягр. рамана «Прыгоды факіра» (1934—35; 2-я рэд. «Мы ідзём у Індыю», 1960), рамана «Пархоменка»(1939, фільм «Аляксандр Пархоменка», 1942), зб. апавяданняў «Хмель: Сібірскія апавяданні 1917—1962 гг.» (1963; бел. пер. А.​Кудраўца, 1975), сац.-філас., гратэскавых раманаў «Ужгінскі крэмль» (выд. 1981), «У» (выд. 1988). На бел. мову перакладзены аповесць «Браняпоезд 14-69» (пер. М.​Стагановіча, 1933), раман «Пархоменка» (пер. В.​Макоўскай, 1941), п’еса «Блакада» (пер. А.​Макаёнка, 1989). П’еса «Браняпоезд 14-69» паст. БДТ-1 (Нац. акад. т-р імя Я.​Купалы) у 1928 і Дзярж. рус. драм. т-рам у 1936, п’еса «Блакада» — т-рам імя Я.​Купалы ў 1967.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—8. М., 1973—78.

С.​Ф.​Кузьміна.

У.В.Іванаў.

т. 7, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДРУСЕ́ВІЧ (Уладзімір Пятровіч) (н. 29.9.1949, г. Гродна),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю па класах фп. (1973) і кампазіцыі (1979, клас Я.Глебава). Найб. дасягненні ў тэатральнай і кінамузыцы. У творчасці спалучае кантрастныя муз. стылі. Сярод твораў: балет «Крылы памяці» (паст. ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі, 1986), мюзіклы «Джулія» (1990) і «Шклянка вады» (1994; абодва паст. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі), «Залёты» (паст. Бел. т-рам імя Я.​Коласа, 1992), радыёопера «Таямніца старога замка» (1988), араторыя «Паданне» на словы Я.​Купалы (1978), кантата «Аблачынка з Чарнобыля» на словы Г.​Бураўкіна і А.​Разанава (1989), сімфонія «Плач перапёлкі» (1992); камерна-інстр. і вак. музыка, кінамузыка; музыка да драм. і лялечных спектакляў, у т. л. «Бура» У.​Шэкспіра (1989), «Сымон-музыка» паводле Я.​Коласа (1990), «Цар Ірад» (1993; усе паст. Дзярж. т-рам лялек Беларусі).

Літ.:

Мдивани Т.Г. Наблюдения над творческим стилем Владимира Кондрусевича // Вопросы культуры и искусства Белоруссии. Мн., 1991. Вып. 10.

Р.​М.​Аладава.

т. 7, с. 580

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖА́НАТА ПА́РТЫ (Нар. партыя),

палітычная партыя ў Індыі ў 1977—80. Створана ў выніку аб’яднання партый Інд. нац. кангрэс (ІНК), Бхаратыя джан сангх, Бхаратыя лок дал, Сацыяліст. партыі і Кангрэса за дэмакратыю з мэтай забеспячэння перамогі ІНК на выбарах 1977. Імкнулася згуртаваць самыя розныя паліт. плыні. У 1977—79 правячая партыя. Лідэры: М.​Дэсаі, Ш.​Сінгх, Дж.​Рам.

т. 6, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ АМА́ТАРСКІ ТЭА́ТР.

Існаваў у 1900—04 у Магілёве пры Нар. доме. Створаны па ініцыятыве Т.​Сапрыкі. У сезон 1902/03 т-рам кіраваў прафес. рэж. М.​Падбярэзскі. У асобных спектаклях выступала прафес. актрыса М.​Кугушава-Чынар. Пастаўлены п’есы А.​Чэхава, А.​Астроўскага, М.​Гогаля, М.​Салаўёва, А.​Дэнеры, Ф.​Дзюманура і інш.

Дз.​У.​Стэльмах.

т. 9, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕМБЛ ((Kemble) Джон Філіп) (1.2.1757, г. Прэскат, Вялікабрытанія — 26.2.1823),

англійскі акцёр і драматург. Выступаў у Лондане ў т-рах «Друры-Лейн», «Ковент-Гардэн» (некаторы час яго ўзначальваў), кіраваў т-рам у Дубліне. Акцёр класіцысцкага кірунку, майстар маналога. Сярод ролей: Гамлет, Атэла, Брут («Гамлет», «Атэла», «Юлій Цэзар» У.​Шэкспіра), Марла («Яна прыніжаецца, каб перамагчы» О.​Голдсміта) і інш. Аўтар трагедыі «Велізарый», фарса «Жанчына-афіцэр» і інш.

т. 8, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКЛАМА́ЦЫЯ (ад лац. declamatio практыкаванне ў красамоўстве),

мастацтва выразна чытаць вершы ці прозу. Узнікла ў Стараж. Рыме як частка красамоўніцкага мастацтва. Прынятая ў 17—18 ст. класіцысцкім т-рам прыўзнятая, напеўная, умоўная Д. замянілася ў канцы 18 — пач. 19 ст. жыццёва праўдзівай, індывідуалізаванай мовай, якую ўвёў рамант. і асабліва рэаліст. т-р. Тэрмін Д. ўжываўся для вызначэння канцэртнага чытання вершаў з эстрады (пазней заменены тэрмінам мастацкае чытанне). Разнавіднасць эстраднай Д. — меладэкламацыя.

т. 6, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСУ́ЧЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

канструкцыйныя элементы, якія ўспрымаюць асн. нагрузкі будынкаў і збудаванняў і забяспечваюць іх трываласць, жорсткасць, устойлівасць; адна з асн. разнавіднасцей будаўнічых канструкцый.

Падзяляюцца на вертыкальныя, якія ўспрымаюць пераважна сціскальныя намаганні (сцены, слупы, калоны, пілоны) і гарызантальныя, што працуюць пераважна на выгін і расцяжэнне (бэлькі і панэлі перакрыццяў, рыгелі рам, кроквенныя фермы і інш.). У сукупнасці Н.к. будынка (збудавання) утвараюць яго нясучы каркас. Робяцца з бетону, жалезабетону, прыродных і штучных камянёў, цэглы, сталі, дрэва.

т. 11, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРЭПРЭНЁР (ад франц. entrepreneur прадпрымальнік),

уладальнік, арандатар, гаспадар прыватнага відовішчнага прадпрыемства (т-ра, цырка і інш.) — антрэпрызы або арганізатар гастрольных турнэ труп і асобных акцёраў. У Зах. Еўропе вядомыя з сярэдзіны 16 ст., на Беларусі — з 1770-х г. Апрача камерцыйных існавалі антрэпрэнёры, звязаныя з т-рам творчымі адносінамі: антрэпрэнёр-акцёр (Р.​Бёрбедж, Англія), антрэпрэнёр-рэжысёр (М.​Райнгарт, Германія), антрэпрэнёр-драматург (Ж.​Б.​Мальер, Францыя) і інш. Першым бел. антрэпрэнёрам быў І.Буйніцкі. Функцыі антрэпрэнёра выконвалі Ф.Ждановіч і У.Галубок.

т. 1, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРЭ́РА ((Guerrero) Марыя) (1863 ці 1868, Мадрыд — 23.1.1928),

іспанская актрыса. Вучылася ў Мадрыдскай кансерваторыі. Дэбютавала ў т-ры «Эспаньёль» (Мадрыд). Стварыла і ў 1896—1909 кіравала (разам з мужам, акцёрам Ф.​Дыясам дэ Мендоса) трупай «Герэра—Мендоса», у 1908—24 — т-рам «Прынсеса» (у 1931 т-ру прысвоена яе імя). Ставіла творы нац. і сусв. класікі (Лопэ дэ Вэга, Х.​Руіс дэ Аларкон-і-Мендоса, Тырса дэ Маліна, П.​Кальдэрон, Ф.​Шылер і інш.), у якіх іграла галоўныя ролі.

т. 5, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)