РЭАКТЫ́ЎНЫ РУХ,
рух цел пад дзеяннем рэактыўнай цягі. У тэхніцы ажыццяўляецца з дапамогай рэактыўных рухавікоў за кошт выцякання газаў, што ўтвараюцца пры згаранні рэактыўнага паліва. Бывае і ў прыродзе сярод жывёл (медуза, каракаціца, кальмар) і раслін (шалёны агурок). Тэорыю Р.р. (рух ракеты з улікам змены яе масы) распрацаваў К.Э.Цыялкоўскі. Скорасць Р.р. v у любы момант часу t вызначаецца формулай Цыялкоўскага: v = u [ln(M1 + M2) − ln(M1 + M)], дзе u — адносная скорасць выцякання газу з рухавіка, M1, M2 і M — адпаведна масы ракеты, згарэлага паліва і паліва, што засталося.
т. 13, с. 533
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́БСКІ КРЫ́ЗІС 1962, Кубінскі крызіс,
канфлікт паміж ЗША і СССР вакол Кубы; адзін з найб. небяспечных для міжнар. міру эпізодаў «халоднай вайны». Выкліканы тайным размяшчэннем з чэрв. 1962 сав. ядз. ракет сярэдняй далёкасці на в-ве Куба. 16.9.1962 амер. разведвальны самалёт У-2 выявіў сав. ракеты на Кубе. Прэзідэнт Дж.Ф.Кенэдзі абвясціў марскую блакаду вострава (ажыццяўлялася 24.10—21.11.1962 сіламі 183 караблёў ВМС ЗША) і запатрабаваў ад СССР вывесці ракеты з Кубы. Абодва бакі прывялі ў стан баявой гатоўнасці свае стратэг. ядз. сілы, што пагражала выбухам ядз. вайны ў свеце. СССР пагадзіўся на вывад ракет у абмен на гарантыі бяспекі для Кубы і абяцанне вывесці амер. ракеты з Турцыі. Дагаворы аб гэтым дасягнуты ў канцы кастр. — пач. ліст. 1962 на сав.-амер. перагаворах з удзелам кубінскіх прадстаўнікоў і ген. сакратара ААН. У выніку К.к. была наладжана пастаянная прамая тэлеф. ўрадавая сувязь («гарачая лінія») паміж Масквой і Вашынгтонам.
т. 8, с. 113
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЯСЕ́ЦК,
касмадром у Архангельскай вобл. Рас. Федэрацыі. Засн. ў 1957. Гал. аб’екты: стартавыя комплексы, тэхн. пазіцыі, вымяральныя пункты, г. Мірны. Першы старт ракеты-носьбіта з ШСЗ «Космас—112» здзейснены 17.3.1966. З П. адбылося больш за 1500 запускаў ракет-носьбітаў; на каляземныя арбіты выведзена каля 2000 ШСЗ навук., нар.-гасп., ваен. і інш. прызначэння (1.1.2001). Выпрабавана 10 ракетна-касм. комплексаў, 11 ракет-носьбітаў, у т. л. «Саюз» і «Саюз-2», «Маланка», «Цыклон», «Космас» і інш., пры дапамозе якіх на каляземныя арбіты выводзіліся ШСЗ «Маланка», «Метэор», «Акіян», «Фатон», «Інтэркосмас» і інш. Ракеты-носьбіты выкарыстоўваюцца таксама для вываду на арбіты апаратуры і ШСЗ інш. краін.
У.С.Ларыёнаў.
т. 12, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕТАНО́СНАЯ АВІЯ́ЦЫЯ,
ва ўзброеных сілах шэрагу краін назва ваен. авіяцыі, аснашчанай самалётамі-ракетаносцамі і верталётамі (з 1980-х г.), якія здольны прымяняць кіроўныя і некіроўныя ракеты розных класаў і прызначэння («паветра—зямля», «паветра—паветра» і «паветра—карабель»), Гл. таксама Ракета-носьбіт.
т. 13, с. 281
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫ́ЎНЫ ЎЧА́СТАК у касманаўтыцы,
адрэзак траекторыі палёту касм. лятальнага апарата, калі працуюць ракетныя рухавікі. Заканчваецца звычайна ў месцы, дзе касм. аб’ект аддзяляецца ад ракеты-носьбіта і выходзіць на зададзеную траекторыю руху. У залежнасці ад месца старту палёт касм. апарата можа складацца з чаргавання актыўнага ўчастка з пасіўнымі (без работы ракетных рухавікоў).
т. 1, с. 214
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́СТЭР (англ. booster),
дапаможнае прыстасаванне для павелічэння сілы і скорасці дзеяння асноўнага механізма або машыны ў моманты асабліва вял. нагрузак. Напр., гідраўлічнае, эл. або пнеўматычнае прыстасаванне ў сістэме кіравання рулямі скорасных самалётаў; стартавы паскаральнік, першая ступень многаступеньчатай ракеты; прамежкавы паскаральнік зараджаных часціц; дадатковая крыніца эл. току (у т. л. трансфарматар), што ўключаецца для стабілізацыі эл. напружання ў сетках.
т. 3, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКА́ТАР (ад лац. locare змяшчаць),
лакацыйная станцыя, прылада (станцыя) для вызначэння месцазнаходжання і інш. характарыстык аб’екта (лакацыі) з дапамогай адбітых або выпрамененых ім гукавых ці эл.-магн. хваль. Ваен. Л. таксама вызначаюць параметры руху цэлей, распазнаюць, суправаджаюць, наводзяць ракеты і інш. лятальныя апараты. Бываюць радыёлакатары (гл. Радыёлакацыйная станцыя), Л. гукавыя, у т. л. гідралакатары, і аптычныя, у т. л. лазерныя.
т. 9, с. 106
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОЦІТА́НКАВАЕ ЎЗБРАЕ́ННЕ,
розныя віды зброі і сродкаў для паражэння танкаў і інш. браніраваных цэлей. Да П.ў. адносяцца: процітанкавыя сродкі блізкага бою (гранатамёты, гранаты ручныя), процітанкавая артылерыя, процітанкавыя ракетныя комплексы, авіяц. процітанкавыя ракеты, бомбы і інш. Агульныя тэндэнцыі развіцця П.ў.: павышэнне бронепрабівальнасці, скарастрэльнасці і агнявой манеўранасці, павелічэнне далёкасці і дакладнасці стральбы, памяншэнне масы і габарытаў канкрэтных узораў зброі і інш.
С.М.Абрамаў.
т. 13, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАХО́ДНАЯ АРТЫЛЕ́РЫЯ,
від артылерыі, узброенай гарматамі і ўстаноўкамі на самаходнай цязе. Да С.а. адносяцца пушкі, гаўбіцы, мінамёты, пускавыя ўстаноўкі рэактыўнай артылерыі, процітанкавыя кіроўныя ракеты (гл. Процітанкавы ракетны комплекс), безадкатныя і зенітныя гарматы (гл. Зенітны артылерыйскі комплекс). Паводле канструкцыі адрозніваюць: самаходныя гарматы гусенічныя, колавыя, колава-гусенічныя; браніраваныя поўнасцю або часткова; вежавыя або бязвежавыя. С.а. выконвае тыя ж задачы, што наземная і зенітная артылерыя на буксірнай цязе. Іл. гл. да арт. Артылерыя, Самаходная артылерыйская ўстаноўка, Мінамёт.
т. 14, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АВАНГА́РД»
(Vanguard),
серыя амерыканскіх штучных спадарожнікаў Зямлі (ШСЗ) для вывучэння каляземнай прасторы і іх ракет-носьбітаў. Першы амер. ШСЗ належаў да тыпу «Авангард» (снеж. 1957). З 11 запушчаных «Авангардаў» на арбіту выйшлі 3(1959).
Маса ШСЗ 1,5 — 23 кг. 1-я і 2-я ступені ракеты-носьбіта «Авангард» вадкасныя, 3-я — цвердапаліўная; макс. карысны груз каля 11 кг пры вывадзе на арбіту выш. да 500 км; стартавая маса 10,2 т, даўжыня 22,4 м, дыяметр корпуса 1,14 м.
т. 1, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)