ГЕАДЫНА́МІКА (ад геа... + дынаміка),
навука аб глыбінных сілах і працэсах, якія ўзнікаюць пры эвалюцыі планеты Зямля; раздзел геафізікі. Даследуе рух рэчыва і энергіі ўнутры Зямлі, змяненні складу і будовы яе знешніх абалонак, механізм руху літасферных пліт, дынамічныя ўмовы ўздоўж іх граніц (разрывы мацерыковых глыб у зонах расцяжэння, насовы, падсовы і складкавасць у зонах сціскання) і звязаныя з імі тэктанічныя, сейсмічныя, магматычныя і метамарфічныя працэсы. Геадынаміка цесна звязана з геалогіяй, геахіміяй, петралогіяй, тэктонікай і інш. Па даных геадынамікі можна прагназаваць размяшчэнне мацерыкоў на Зямлі праз дзесяткі мільёнаў гадоў.
Геадынаміка пачала адасабляцца ад інш. навук аб Зямлі ў 1950-я г. Асновы яе распрацавалі ням. вучоны А.Вегенер, англ. А.Холмс і Г.Хес, рас. Я.В.Арцюшкоў, У.У.Белавусаў, Л.П.Зоненшайн, В.Я.Хаін і інш. Да 1960-х г. у геадынаміцы панавала ўяўленне аб нерухомасці мацерыкоў (фіксізм), сучаснай тэарэт. асновай з’яўляецца тэктанічная гіпотэза тэктонікі пліт (мабілізм).
На Беларусі праблемы геадынамікі распрацоўваюцца ў Ін-це геал. навук АН Беларусі (Р.Г.Гарэцкі, Р.Я.Айзберг, Г.І.Каратаеў, Э.А.Ляўкоў і інш.).
Літ.:
Артюшков Е.В. Геодинамика. М., 1979;
Хаин В.Е., Ломизе М.Г. Геотектоника с основами геодинамики. М., 1995;
Зоненшайн Л.П., Кузьмин М.И. Палеогеодинамика. М., 1992.
А.А.Карабанаў.
т. 5, с. 115
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)