від спорту, які ўключае комплексы прыёмаў, што выкарыстоўваюцца ў практыцы тушэння пажараў. Спаборніцтвы праводзяцца па 6 асн. відах: пераадоленне паласы перашкод (даўж. 100 м); падыманне па штурмавых драбінах у акно 4-га паверха вучэбнай вежы; устаноўка высоўных драбін і падыманне па іх у акно 3-га паверха вучэбнай вежы; двухбор’е (пераадоленне паласы перашкод і падыманне па штурмавых драбінах); пажарная эстафета з перашкодамі (4 × 100 м); баявое разгортванне. Спаборніцтвы праводзяцца ў асабістым, камандным, асабіста-камандным і кваліфікацыйным заліках у 4 узроставых групах.
П.-п.с. узнік у СССР, першыя спаборніцтвы (пажарнай аховы НКУС) адбыліся ў 1937. З 1960-х г. развіваецца і ў інш. краінах. Першыя міжнар. спаборніцтвы праведзены ў 1968 (С.-Пецярбург).
На Беларусі П.-п.с. развіваецца з 1947. Першыя рэсп. спаборніцтвы праведзены ў 1948 (у закрытых памяшканнях — у 1983, г. Віцебск), першы чэмпіянат рэспублікі — у 1961. Федэрацыя П.-п.с. Беларусі заснавана ў 1998. Вял. ўклад у развіццё П.-п.с. зрабілі засл. трэнеры Беларусі А.С.Новікаў і І.В.Шульга (чэмпіён СССР 1973, 1976). Сярод бел. спартсменаў: чэмпіёны СССР В.Нямілаў (1975—78), А.Грабцоў і В.Забойка (1976).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РМІЯ (франц. armée ад лац. armare узбройваць),
1) ваенны орган дзяржавы, прызначаны праводзіць яе палітыку сродкамі ўзбр. насілля.
Узнікла разам з дзяржавай. Кожная сац.-эканам. фармацыя мела адпаведныя формы арганізацыі. Вядомы арміі: масавая, наёмная, міліцыйная, пастаянная, рэгулярная. Пастаянныя ўзбр. атрады разам з апалчэннем складалі аснову будаўніцтва першых рабаўладальніцкіх дзяржаў. Тады з’явіліся амаль усе формы арганізацыі арміі, якая складалася з лёгкай, сярэдняй і цяжкай пяхоты, конніцы, калясніц баявых і інш. У феад. эпоху фарміраваліся і выкарыстоўваліся таксама вярбовачныя і наёмныя войскі, у ВКЛ у 14—18 ст. аснову арміі складала апалчэнне — т.зв. паспалітае рушэнне, ядром якога была княжацкая дружына, вярбовачныя і наёмныя атрады і інш. Пазней узнікла кадравая армія сучаснага тыпу.
2) Сукупнасць узброеных сіл дзяржавы.
3) Аператыўнае аб’яднанне пэўнага віду ўзбр. сіл. Складаецца з некалькіх злучэнняў і часцей розных родаў войскаў, у т. л.спец. войскаў. Выконвае аператыўныя задачы ў ходзе баявых дзеянняў. Бываюць арміі агульнавайсковыя, танкавыя і інш. Кожная армія мае свой нумар або найменне. Звычайна армія ў час вайны ўваходзіць у склад фронту (групы арміі, армейскай групы), але можа дзейнічаць і самастойна.
4) Від узбр. сіл (побач з ракетнымі войскамі, войскамі ППА, ВПС, ВМФ). Гл.Сухапутныя войскі.
5) Частка ўзбр. сіл дзяржавы, спец. падрыхтаваная для раптоўнага нападу на тэрыторыю якой-н. краіны ў пачатку або ў ходзе вайны (армія нападу) або першаснай абароны граніцы дзяржавы ад раптоўнага нападу агрэсара, каб забяспечыць ваенную мабілізацыю і разгортваннегал. сіл (армія прыкрыцця).
6) У пераносным сэнсе — вял. колькасць людзей, аб’яднаных якой-н. агульнай справай, прыкметай (напр., працоўная армія і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУДРАВЕ́Ц (Анатоль Паўлавіч) (н. 1.1.1936, в. Аколіца Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1963). Настаўнічаў, працаваў у перыёдыцы, на Бел. радыё. З 1972 гал. рэдактар выд-ва «Мастацкая літаратура», з 1974 у апараце ЦККПБ, у 1978—97 гал. рэдактар час. «Неман».
Друкуецца з 1960. Першы зб. апавяданняў «На зялёнай дарозе» (1968) вызначаецца праўдзівасцю, уменнем убачыць у чалавеку агульназначнае. У аповесці «Раданіца» (1971) ставіць праблему духоўных каштоўнасцей сучасніка, яго жыццёвай пазіцыі, адносін да мінулага і будучага. У кнігах «Дзень перад святам» (1975), «Зімы і вёсны» (1976), «На балоце скрыпелі драчы» (1979), рамане «Сачыненне на вольную тэму» (1984, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1986) адлюстраваў складаныя працэсы ў сучаснай вёсцы. Творчасць К. вылучаецца глыбокім псіхалагізмам, уменнем праз разгортванне падзей перадаць драматызм чалавечых характараў, творы адметныя дакладнасцю апісання жывых рэалій, побыту, прыроды, дзейных асоб. Аўтар кн. падарожных нарысаў «За чужымі далямі» (1981), сцэнарыяў маст. фільмаў «Асеннія яблыкі» (1975), «Раданіца» (1984, з Ф.Коневым). На бел. мову пераклаў «Падарожжы Гулівера» Дж.Свіфта, «Сібірскія апавяданні» У.Іванава, раманы А.Нурпеісава «Змрок» і «Нягоды», аповесць К.Сіманава «Дні і ночы», «Аповесці» А.Тамсаарэ, кн. «Апошні прамень» У.Караленкі, «На Іртышы» С.Залыгіна і інш.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1987;
Сачыненне на вольную тэму. Мн., 1985;
Смерць нацыяналіста: Аповесці, апавяданні. Мн., 1992;
Познія яблыкі: Аповесці і апавяданні. Мн., 1998.
Літ.:
Брыль Я. Пра здзіўленне і зайздрасць // Зб.тв.Мн., 1981. Т. 4;
Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;
Фральцова Н. Каля родных вытокаў // Мастацтва Беларусі. 1985. № 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗВІЦЦЁ,
незваротнае, накіраванае, заканамернае змяненне матэрыяльных і ідэальных аб’ектаў. Адбываецца т.ч., што кожны наступны стан аб’екта — гэта «разгортванне» папярэдняга стану, ён абумоўлены, дэтэрмінаваны, выкліканы папярэднім («вынікае» з папярэдняга).
Ідэя Р. — адна з вядучых у гісторыі філасофіі, прырода- і грамадазнаўства. У еўрап. культуры паняцце Р. набыло катэгарыяльны і светапоглядны статус пры пераходзе ад антычнасці да сярэдневякоўя ў сувязі са станаўленнем паняцця гісторыі і яго хрысц. інтэрпрэтацый. З узнікненнем навукі Новага часу фарміруюцца ўяўленні аб накіраваных і незваротных змяненнях у прыродзе і грамадстве. Пераломную ролю адыграла стварэнне навук.касмалогіі, тэорыі эвалюцыі ў біялогіі і геалогіі. Замацаванне ідэі Р. ў навуцы пацягнула за сабой яе філас. асэнсаванне, здзейсненае ў рамках розных тэарэт. мадэляў: эвалюцыянізму (Г.Спенсер), «творчай эвалюцыі» і «эмерджэнтызму» (Л.Морган, А.Бергсон), раўнаважна-інтэграцыйнай (А.Багданаў), антрапалагічнай (экзістэнцыялізм, персаналізм) і інш. Вяршыняй у асэнсаванні працэсу Р. і стварэння яго агульнай тэорыі з’яўляецца дыялектычная мадэль (Г.Гегель).
У адрозненне ад змяненняў Р. ўяўляе сабой самарух аб’екта, крыніца якога ў самім аб’екце. Яго вынікам выступае змена складу або структуры аб’екта (узнікненне, трансфармацыя або знікненне яго элементаў і сувязей). У гэтым сэнсе Р. — глабальнае цэласнае змяненне аб’екта або сукупнасці аб’ектаў, якія ўзаемадзейнічаюць. Адначасова Р. — накіраваны працэс, які выражае пэўную паслядоўнасць і незваротнасць праходжання аб’ектам (які развіваецца) спецыфічных для яго ступеняў. Гэта інтэгральны працэс, для ажыццяўлення якога неабходны пэўны інтэрвал, пэўная серыя паслядоўных змяненняў, парадак і праходжанне асобных стадый якога не могуць быць адвольна зменены. З прычыны таго, што ўнутрана абумоўленая змена станаў аб’екта — існаванне 2 узаемапроцілеглых працэсаў (узнікненне і знікненне), суадносіны паміж імі могуць мець 3 формы: змяненні ад менш арганізаванага да больш арганізаванага (прагрэс); пераход ад больш арганізаванага да менш арганізаванага (рэгрэс); пераход, які не змяняе ўзроўню арганізацыі (функцыянаванне і кругаварот). Прагрэс найб. адэкватны працэсу Р. з яго спецыфічнымі рысамі; пры дамінаванні змен, якія вядуць да павышэння ўзроўню арганізацыі дадзенага аб’екта, заўсёды прысутнічае пэўнае спалучэнне 2 інш. форм змяненняў, што характарызуе супярэчлівую нелінейную прыроду. Пра гэта сведчаць і даныя сучасных навук (касмалогія, астраномія, біялогія, антрапалогія і інш.), якія раскрываюць працэсы Р. ў даступнай частцы Сусвету. Змены, выкліканыя самім аб’ектам, і змены, выкліканыя ўмовамі яго быцця, не з’яўляюцца 2 самаст. відамі руху, што былі б раздзелены ў прасторавых і часавых адносінах, таму што аб’ект «разгортвае» сябе праз умовы, а ўмовы рэалізуюць сябе праз «самаразгортванне» аб’екта. Адсюль вынікае суадносная прырода Р. і «неразвіцця» (проста рух). Гэта азначае, што тая ці інш. змена, якая ў адной сістэме адносін з’яўляецца проста рухам, у другой такой жа аб’ектыўнай сістэме суадносін выступае як фрагмент Р. Напр., рух планет вакол Сонца не можа быць прадстаўлены як Р., але як момант больш глабальных незваротных працэсаў касм. эвалюцыі кваліфікуецца як Р. Працэс Р. характарызуецца вял. разнастайнасцю канкрэтных відаў і форм. Вылучаюць 2 агульныя паказчыкі Р.: павышэнне ўзроўню арганізацыі і захоўванне эвалюцыйнай перспектыўнасці. У свеце неарган. прыроды крытэрыямі Р. выступаюць мера самаарганізацыі, узнікненне больш складаных структур і функцыянальных магчымасцей (нейтрына—плазма—поле—рэчыва і г.д.). Для арган. прыроды крытэрыямі Р. з’яўляюцца: ступень адаптацыі да ўмоў існавання, ступень эвалюц. пластычнасці арганізацыі, павелічэнне адноснай незалежнасці арганізмаў праз ускладненне ўзаемасувязей са знешнім асяроддзем. У адносінах да сац. свету (гл.Развіццё сацыяльнае) розныя філас. кірункі прапаноўваюць часам процілеглыя крытэрыі (ступень Р. прадукцыйных сіл, ступень Р. свабоды, павышэнне інтэграцыі і дыферэнцыяцыі, узровень Р. духоўнасці грамадства і асобы і г.д.). Наяўнасць розных вызначэнняў паказчыкаў сац. Р., іх неакрэсленасць і несувымернасць пабуджае да пошуку аб’ектыўных комплексных колькасных крытэрыяў. Напр., ААН уведзены агульны крытэрый — індэкс чалавечага Р., які ўключае 3 асн. паказчыкі росту; гадавога нац. валавога прадукту, што прыпадае на 1 чалавека; адукаванасці насельніцтва; сярэдняй працягласці жыцця ў краіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́ЗЫКА (ад грэч. musikē літар. мастацтва муз),
від мастацтва, у якім маст. вобразы ўвасабляюцца лагічна абумоўленай паслядоўнасцю гукаў і іх спалучэнняў. Падпарадкаваныя вышынным і часавым суадносінам, яны ўтвараюць гукавыя сістэмы, што грунтуюцца на законах акустыкі і фізіялогіі слыху. Сродкі муз. выразнасці: інтанацыя, лад, гармонія, рытм, метр, тэмп, тэмбр, інструментоўка, артыкуляцыя, дынаміка, агогіка і інш.Разгортванне М. ў часе — дыялектычны працэс, у якім узнікаюць пачатковыя муз. пабудовы (матыў, фраза, сказ, перыяд і інш.) і больш складаныя структуры (гл.Форма музычная). Будова кожнага муз. твора спалучае тыповае і індывідуальна-своеасаблівае. М. можа разгортвацца ў адна- (манодыя) і шматгалосым (поліфанія, гамафонія) гучанні, выкладзеным у адпаведнай фактуры. Ва ўвасабленні маст. вобразаў магчымы спалучэнні М. з паэзіяй (вак. музыка, меладэкламацыя) і інш. відамі мастацтва (опера, балет, аперэта, кіно, драм.т-р, тэлебачанне і інш.). Паводле характару драматургіі і прызначэння адрозніваюць М. оперную, сімф., камерную, харавую, ваенна-духавую і інш.; больш дробныя іх жанравыя разнавіднасці: у оперы — seria, buffa, муз. драма, у сімф. М. — сімфонія, сюіта, уверцюра, паэма; у камернай — саната, раманс і інш. Як від мастацтва М. ўключае 2 творчыя акты, што знаходзяцца ў непарыўнай сувязі: кампазіцыю (стварэнне) і выкананне. Паводле спосабу выканання М. падзяляюць на інстр. і вакальную; для аднаго выканаўцы (сола), некалькіх (ансамбль), пэўнага складу інструментаў (аркестр) або галасоў (хор). Тэкст муз. твора, указанні выканаўцам і інш. фіксуюцца нотным запісам (гл.Нотнае пісьмо, Ноты). Сукупнасцю заканамернасцей вобразна-эмацыянальнага зместу і маст. сродкаў вызначаецца муз.стыль. Кожны муз. стыль (класіцызм, рамантызм, імпрэсіянізм, экспрэсіянізм і інш.) — з’ява грамадска-гістарычная. Паняцце «стыль» выкарыстоўваюць і ў дачыненні да пэўнай нац. М. (італьянскі, рускі), да творчасці асобнага кампазітара. Вывучае М. музыказнаўства.
У першабытным грамадстве М. мела дапаможнае значэнне, была неад’емнай ад прац. працэсаў і магічных дзействаў, сінкрэтычна звязаная з паэзіяй і танцам. Паступова, у непарыўнай сувязі з эвалюцыяй форм працы і побыту вылучалася як асобны від мастацтва. Краіны стараж. цывілізацый (Егіпет, Грэцыя, Рым, Кітай, Індыя) мелі развітое муз. мастацтва, у т. л. прафесійнае. У сярэдневяковай Еўропе інтэнсіўна развівалася песенная, інстр.быт. і прафесійная М. Напачатку цэнтрамі прафес. М. былі саборы і манастыры. У краінах Усходу актывізавалася прыдворнае і быт. музіцыраванне. Паваротны этап у станаўленні еўрап. М. — эпоха Адраджэння, калі расквітнелі жанры месы, матэта, мадрыгала, рэквіема, напісаныя ў традыцыях поліфаніі «строгага стылю», зарадзіліся многія жанры М., у т. л. опера, араторыя, кантата, пачала складвацца сістэма прафес.музычнай адукацыі, удасканальвалася нотнае пісьмо. У 1-й пал. 18 ст. дасягнула кульмінацыі мастацтва поліфаніі (І.С.Бах). У 18 ст. сфарміраваліся асновы класічнай гармоніі, оперныя і інстр. формы, у т. л. сімфонія, канцэрт, саната, выпрацаваўся класічны склад аркестра, зарадзіліся нац.муз. школы. Уздым муз. творчасці звязаны з антыфеадальным дэмакр. рухам (Бах, Г.Ф.Гендэль, К.В.Глюк, І.Гайдн, В.А.Моцарт), з франц. рэвалюцыяй 1794, ідэі якой яскрава ўвасоблены ў творчасці Л.Бетховена. Класіцызм, рамантызм, інш. стылявыя плыні, а таксама нац. школы, што складваліся на аснове нац.муз. традыцый, узбагачалі сусв.муз. культуру. Найб. значныя дасягненні нац. школ у 19 ст. звязаны з творчасцю Ф.Шуберта (Аўстрыя), К.М.Вебера, Р.Шумана, І.Брамса, Р.Вагнера (Германія), Г.Берліёза, Ж.Бізэ (Францыя), Дж.Расіні, Дж.Вердзі (Італія), Ф.Шапэна, С.Манюшкі (Польшча), Ф.Ліста, Ф.Эркеля (Венгрыя), Э.Грыга (Нарвегія), А.Дворжака, Б.Сметаны (Чэхія). Вял. роля ў развіцці М. належыць рус.нац. школе, станаўленне і росквіт якой прыпадае на 19 ст. (М.Глінка, А.Даргамыжскі, М.Балакіраў, А.Барадзін, М.Мусаргскі, М.Рымскі-Корсакаў, П.Чайкоўскі, С.Танееў, А.Глазуноў і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. ў зах.-еўрап. М. сфарміраваліся новыя тэндэнцыі, у выніку якіх адбылася дыферэнцыяцыя аўтарскіх стыляў, у т. л.імпрэсіянізм (К.Дэбюсі, М.Равель), верызм (П.Масканьі, Р.Леанкавала), неарамантызм (Г.Малер, Р.Штраус) і інш. Значнае месца ў гэтым рэчышчы займае творчасць рус. кампазітараў А.Скрабіна, І.Стравінскага. Глыбокія змены адбыліся ў гукавышынных сістэмах (Б.Бартак, А.Анегер, Ф.Пуленк, К.Орф, К.Шыманоўскі, Л.Яначак, Б.Марціну, Б.Брытэн, А.Шонберг, А.Веберн, Ч.Айвз, А.Месіян і інш.), што абумовіла існаванне разнастайных стылявых плыняў у М. 20 ст. Традыцыі рус. кампазітарскай школы развівалі Глазуноў, С.Рахманінаў, М.Метнер, С.Пракоф’еў, Дз.Шастаковіч, М.Мяскоўскі, Г.Свірыдаў, Р.Гліэр, А.Хачатуран, Ц.Хрэннікаў і інш. Значнае месца ў сусв.муз. мастацтве займае творчасць Р.Шчадрына, Э.Арцем’ева, С.Сланімскага, Э.Дзянісава, А.Шнітке, С.Губайдулінай. Пра гісторыю развіцця нац. М. гл. раздзелы Музыка ў арт. пра дзяржавы, напр., пра бел. М. ў арт.Беларусь.
Літ.:
Ливанова Т.Н. История западноевропейской музыки до 1789 г. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1982—83;
Яе ж. Из истории музыки и музыкознания за рубежом. М., 1981;
Грубер Р.И. История музыкальной культуры. Т. 1—2. М.; Л., 1941—59;
История русской музыки: В 10 т. Т. 1—6. М., 1983—89;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎСТА́ННЕ 1863—64 y Польшчы, Беларусі і Літве, нацыянальна-вызваленчае паўстанне за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772. Падрыхтавана польск. і бел.-літ. канспіратыўнымі арг-цыямі, якія мелі сувязі з арг-цыяй рас. рэвалюцыянераў-дэмакратаў «Зямля і воля», хоць не ўсе «чырвоныя» (так называлі прыхільнікаў ідэі ўзбр. паўстання ў Польшчы, Беларусі і Літве) падзялялі праграму «Зямлі і волі». Пераважную большасць паўстанцаў складалі шляхецкія рэвалюцыянеры, якія ў сваёй праграме на першае месца ставілі аднаўленне польск. дзяржавы ў межах б. Рэчы Паспалітай, г.зн. з уключэннем у яе склад Літвы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны. Гал. роля ў рэалізацыі гэтай ідэі адводзілася шляхце, а дапаможная — сялянству. Памешчыкам абяцалі захаваць іх землеўладанне і аплаціць за кошт дзяржавы землі, адведзеныя пад сял. надзелы; сялянам перадаць ва ўласнасць без выкупу і часоваабавязаных адносін надзелы, якія яны атрымалі паводле рэформы 19.2.1861. Прадугледжвалася ўраўнаванне грамадзянскіх правоў сялян і шляхты, замена падушнага падатку падымным, а 25-гадовай рэкрутчыны 3-гадовай вайск. службай у сваім краі, аднаўленне уніяцкай царквы. Такую праграму распрацаваў створаны летам 1862 у Варшаве Цэнтральны нацыянальны камітэт (ЦНК), які ў пач. 1863 абвясціў сябе Часовым нац. урадам на ўсёй тэр.б. Рэчы Паспалітай. Асн. роля ў падрыхтоўцы П. належала яго кіруючаму органу «чырвоных». Праграма П. выкладзена ў «Маніфесце» і агр. дакументах, апублікаваных 22.1.1863. Новым у ёй было толькі абяцанне выдзеліць па 3 маргі (каля 2 дзесяцін) зямлі беззямельным сялянам, якія са зброяй у руках падтрымаюць паўстанне.
Падрыхтоўку П. на Беларусі і Літве з восені 1861 узначальваў Камітэт руху, які дзейнічаў у Вільні. Летам 1862 к-т быў падпарадкаваны ЦНК і ператвораны ў Літоўскі правінцыяльны камітэт (ЛПК). У яго склад у якасці камісара ЦНК быў прызначаны Н.Дзюлёран. Аднак у кастр. 1862 старшынёй ЛПК стаў К.Каліноўскі, які ўзяў курс на дасягненне самастойнасці і раўнапраўнасці ва ўзаемадачыненнях віленскага і варшаўскага цэнтраў. Ён не падзяляў ні аграрнай, ні нац. праграмы ЦНК, выступаў за перадачу ўсёй зямлі сялянам і разгортваннесял. рэвалюцыі, за ліквідацыю шляхты як «гнілой і разбэшчанай касты», за прадастаўленне Літве і і Беларусі права на самавызначэнне.
Свае погляды па праграмных пытаннях Каліноўскі выказваў у выдаваемай ім газ.«Мужыцкая праўда». Маніфестам ад 1.2.1863 ЛПК заклікаў насельніцтва Літвы і Беларусі падтрымаць пачатае ў Польшчы паўстанне. Пры гэтым ЛПК, ператвораны ў Часовы правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі, быў вымушаны прыняць і апублікаваць праграму П., вызначаную польск. нац. урадам. У пач.сак. 1863 да П. далучылася частка буйных памешчыкаў і буржуазіі, т.зв.«белыя», якія да гэтага часу ставіліся да яго непрыхільна, бо разлічвалі дамагчыся аднаўлення польскай дзяржаўнасці мірным шляхам, пры дапамозе зах. краін, найперш Англіі і Францыі. Каб усталяваць свой кантроль за ходам падзей, «белыя» 10.3.1863 фактычна захапілі ў свае рукі кіраўніцтва паўстаннем у Польшчы. Часовы ўрад Літвы і Беларусі на чале з Каліноўскім 11 сак. расфарміраваны і заменены Аддзелам кіраўніцтва правінцыямі Літвы, старшынёю якога стаў Я.Гейштар. У сувязі з гэтым Каліноўскі ад імя ЛПК. Напісаў рэзкі пратэст супраць акцыі «белых», якую ацаніў як здраду рэвалюцыі. Аднак ён вымушаны быў падпарадкавацца «галаве паўстання» і прыняць назначэнне на пасаду гродзенскага ваяводскага камісара. «Белыя» істотна ўзмацнілі свае пазіцыі ў кіруючых структурах падп. арг-цыі ў Літве і Беларусі на губернскім (ваяводскім), павятовым і акруговым узроўнях.
Першыя паўстанцкія атрады, у т. л. вялікі атрад Р.Рагінскага, прыйшлі на Беларусь з Польшчы ў канцы студз. 1863. Фарміраванне мясц. атрадаў і выхад іх у месцы збору пачаліся ў сак.—крас. 1863 (гл.Віцебскія паўстанцкія атрады, Гродзенскія паўстанцкія атрады, Магілёўскія паўстанцкія атрады, Мінскія паўстанцкія атрады). Усяго на сучаснай тэр. Беларусі з лют. па жн. 1863 зафіксавана 46 баёў і баявых сутычак паўстанцаў з царскімі войскамі. 3 іх 2/3 адбыліся на Гродзеншчыне і Віленшчыне. Да найб. значных акцый паўстанцаў Беларусі адносяцца захоп 24.4.1863 г. Горкі Магілёўскай губ. атрадам Л.Звяждоўскага з дапамогай студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага інстытута і Мілавідская бітва 1863.
Прыход «белых» да кіраўніцтва паўстаннем адмоўна паўплываў на адносіны да яго бел. сялян. Удзел у паўстанні польск. памешчыкаў яны ў большасці ўспрымалі як выступленне супраць «цара-вызваліцеля» з мэтай аднаўлення прыгону. Каб адцягнуць сялян Беларусі і Літвы ад удзелу ў паўстанні, урад прыняў пэўныя эканам. меры. Указамі ад 1.3 і 2.11.1863 спыняліся часоваабавязаныя адносіны сялян да памешчыкаў, сялян пераводзілі на абавязковы выкуп, пры гэтым выкупныя плацяжы паніжаліся на 20%. У кастр. 1863 выдадзены загад аб выдзяленні сялянам, абеззямеленым у 1846—56, 3-дзесяцінных сямейных надзелаў і аб вяртанні поўных надзелаў тым сялянам, якіх памешчыкі абеззямелілі ў пазнейшыя гады. З другога боку, вёскі, дзе паўстанцы знаходзілі падтрымку, падвяргаліся жорсткім рэпрэсіям. У цэлым сяляне Беларусі склалі толькі 18% сярод удзельнікаў паўстання, а шляхта, праўда, пераважна беззямельная і малазямельная — 70%.
Сярод рас. грамадскасці, нават ліберальна-дэмакратычнай, П. пад заклікам аднаўлення Польшчы з далучэннем да яе Літвы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны выклікала актыўнае процідзеянне. Праз дзярж. ўстановы, царкву, школу, друк яно распаўсюдзілася і сярод нар. мас Расіі, што перакрэсліла надзеі на ўсерасійскае сял. паўстанне. Гэтым, па сутнасці, быў прадвырашаны лёс паўстання. У падтрымку паўстання выступілі толькі А.І.Герцэн і яго «Колокол», Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы. Не спраўдзіліся спадзяванні паўстанцаў і на дапамогу зах. дзяржаў. Задушэннем паўстання на тэр. Беларусі і Літвы з сярэдзіны мая 1863 кіраваў новы віленскі ген.-губернатар М.М.Мураўёў, які атрымаў ад Аляксандра II надзвычайныя паўнамоцтвы. Ён прымусіў «белых» (памешчыкаў і вышэйшае каталіцкае духавенства) адмовіцца ад падтрымкі паўстання. Многія актыўныя дзеячы паўстання былі арыштаваны або загінулі ў ходзе баявых дзеянняў. Частка іх перабралася за мяжу. У такіх умовах Каліноўскі ў пач.чэрв. 1863 зноў быў запрошаны ў Вільню. У канцы ліп. ён узначаліў Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы, пераўтвораны ў Выканаўчы аддзел Літвы, а 22 жн. яму перадалі і паўнамоцтвы камісара Варшаўскага ўрада ў Вільні. К канцу лета 1863 у руках Каліноўскага сканцэнтравалася ўся паўната ўлады ў паўстанцкай арг-цыі Беларусі і Літвы, аднак дамагчыся пералому ў ходзе барацьбы ён не здолеў: да пач.вер. 1863 паўстанне на Беларусі і Літве было практычна задушана. Паводле афіц. звестак, што датычаць Беларусі і Літвы, 128 чал. былі пакараны смерцю, 12 483 чал. адпраўлены на катаргу і пасяленне ў Сібір, арыштанцкія роты і г.д. Маёнткі памешчыкаў, якія мелі дачыненне да паўстання, канфіскоўваліся ў казну і на вельмі льготных умовах прадаваліся царскім генералам і чыноўнікам, выхадцам з цэнтр. губерняў. Усе астатнія мясц. памешчыкі (на першым часе нават рускія) былі абкладзены кантрыбуцыяй. Закрываліся або ператвараліся ў правасл. цэрквы многія касцёлы. Улады закрылі адзіную ў Беларусі вышэйшую навуч. ўстанову — Горы-Горацкі земляробчы ін-т, скарацілі колькасць сярэдніх навуч. устаноў. У Беларусі і Літве ўстаноўлены рэжым выключных законаў, накіраваны на памяншэнне польскага і ўзмацненне рускага ўплыву. Праводзіліся і іншыя рэпрэсіўныя мерапрыемствы.
У польск. і рас., у т. л. савецкай, гістарыяграфіі паўстанне 1863—64 у цэлым ацэньваецца як польскае, без уліку яго асаблівасці ў бел.-літ. рэгіёне, што напярэдадні і ў ходзе П. тут праявілася плынь бел.нац.-вызв. руху на чале з Каліноўскім. У бел. гістарыяграфіі ў дачыненні да Літвы і Беларусі яно як польскае не вызначаецца.
Літ.:
Ратч В.Ф. Сведения о польском мятеже 1863 г. в Северо-Западной России. Т. 1—2. Вильна, 1867—68;
Ігнатоўскі У.М. 1863 год на Беларусі. Мн., 1930;
Революционный подъем в Литве и Белоруссии в 1861—1862 гг.М., 1964;
Восстание в Литве и Белоруссии. М., 1965;
Кісялёў Г. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;
К.Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988;
Біч М. Нацыянальнае і аграрнае пытанні ў час паўстання 1863—1864 гг. // Бел.гіст.часоп. 1993. № 3.
М.В.Біч.
Да арт.Паўстанне 1863—64. Касінеры Каліноўскага. Мастак Л.Дударэнка. 1978.Да арт.Паўстанне 1863—64. К.Каліноўскі і В.Урублеўскі робяць агляд паўстанцаў. Мастак П.Сергіевіч 1959.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ МО́ВА,
мова беларусаў, асноўнага насельніцтва Рэспублікі Беларусь; дзярж. мова Рэспублікі Беларусь. Паводле перапісу 1989 яе лічаць роднай 77,7% жыхароў Беларусі, у т. л. 80,2% беларусаў. Разам з рускай мовай і ўкраінскай мовай адносіцца да ўсх. групы славянскіх моў.
Сучасная бел. мова існуе ў літ. і дыялектнай формах. Дыялектная беларуская мова (гл. ў арт.Дыялект) захоўваецца пераважна сярод сельскага насельніцтва. Яна ўключае асн. масіў гаворак і т.зв. палескую (зах.-палескую) групу гаворак. Асн. масіў падзяляецца на 2 вял. дыялекты: паўн.-ўсходні і паўд.-заходні. Паміж імі знаходзіцца паласа пераходных, або сярэднебел., гаворак (з ПнЗ на ПнУ). Літаратурная мова генетычна грунтуецца на гаворках цэнтр. Беларусі, але ў працэсе свайго станаўлення сінтэзавала характэрныя для большасці бел. гаворак граматычныя і лексічныя рысы і ў сучасны момант не суадносіцца з пэўным тэр. дыялектам.
Арфаграфія беларускай мовы грунтуецца на фанет. прынцыпе ў спалучэнні з марфалагічным. У цесным узаемадзеянні з ёю ішло фарміраванне бел.арфаэпіі. У бел. фанетычнай сістэме (гл.Гукі мовы, Фанетыка) 5 галосных гукаў і 32 зычныя гукі. Марфалогія беларускай мовы сінтэтычная з рысамі аналітызму. Усе словы размяркоўваюцца па 10 часцінах мовы, якія падзяляюцца на знамянальныя (апрача прыслоўя маюць формы словазмянення) і службовыя. Спецыфіку сінтаксісу надаюць гал. чынам адметнасці ў дзеяслоўным і прыназоўнікавым кіраванні. У аснове бел. графікі — рус.грамадзянскі шрыфт, утвораны ў выніку рэформы кірыліцы. Беларускі алфавіт налічвае 32 літары.
Параўнальна-гіст. мовазнаўствам устаноўлена, што ў перыяд ад 3—2-га тыс. да нашай эры да 7—8 ст. нашай эры ў слав. плямёнаў існавала агульная праславянская мова, якая напачатку складалася з блізкароднасных дыялектаў. Шырокае рассяленне слав. плямёнаў у 6—7 ст. абумовіла паслабленне ўнутраных сувязяў. У выніку прыкладна ў 8—9 ст. адбыўся працэс ператварэння ранейшых дыялектаў у самастойныя слав. мовы. У гэты час пачала складвацца і стараж.-рус. мова як адзіная для ўсходніх славян. Яе адноснае адзінства захоўвалася да 13 ст., у т. л. ў эпоху Кіеўскай Русі. Ад праслав. мовы яна атрымала ў спадчыну фанетычную сістэму, граматычны лад і асн. слоўнікавы фонд. У перыяд з 6—7 да 9—10 ст. у стараж.-рус. мове развіўся шэраг спецыфічных рысаў у галіне фанетыкі: поўнагалоссе (берегъ, голова), пачатковае «о» на месцы спалучэння «jе» (озеро, олень), шыпячыя «ж» і «ч» на месцы спалучэння гукаў d, t, kt з j (межа, ночь) і інш. На працягу 11—14 ст.найб. значным фанетычным працэсам стала падзенне рэдукаваных галосных «ъ» і «ь», у выніку чаго фанетычная сістэма наблізілася да фанетычнага ладу сучасных усх.-слав. моў. У граматычным ладзе ранейшая сістэма скланення назоўнікаў па асновах выцяснялася новымі тыпамі скланення па родах, што адбілася на характары канчаткаў. У сістэме дзеяслова аформілася катэгорыя трывання, у сувязі з чым змянілася сістэма прошлых часоў: аорыст, імперфект і часткова плюсквамперфект выцеснены перфектам, які стаў асноўнай формай прошлага часу ў жывой стараж.-рус. мове. Развіццё грамадскай, культ. і ваен. дзейнасці ўсх. славян садзейнічала ўзбагачэнню слоўнікавага складу. Большасць новых слоў узнікла праз словаўтварэнне ад агульнаслав. каранёў, змяненне значэння старых слоў і запазычанняў з грэч., скандынаўскіх, фінскіх і цюркскіх моў.
Пісьменства ва ўсх. славян (на аснове кірыліцы) пашыралася з канца 10 ст. ў сувязі з прыняццем хрысціянства і развіццём дзяржаўнасці. Для Кіеўскай Русі было характэрна літ.-пісьмовае двухмоўе. Яно ўключала царкоўнаславянскую мову богаслужэбнай л-ры, перакладзенай або створанай у Балгарыі і інш.слав. краінах і перапісанай на Русі (Евангелле, Псалтыр, Апостал), і славяна-рускую мову арыгінальных твораў, у якіх пераважала царк.-слав. стыхія, але прысутнічаў і ўсх.-слав. субстрат («Жыціе Феадосія Пячэрскага», «Сказанне пра Барыса і Глеба», «Слова аб законе і божай ласцы» мітрапаліта Іларыёна). Стараж.-руская літ. мова на нар. аснове выкарыстоўвалася ў дзярж. справаводстве, дзелавой пісьменнасці («Руская праўда», граматы), у творах апавядальнай л-ры («Аповесць мінулых гадоў», «Павучанне Уладзіміра Манамаха», «Слова аб палку Ігаравым»), шматлікіх дакументах, у прыватнай перапісцы на берасцяных граматах. Гэтыя віды пісьменства выкарыстоўваліся і на бел. землях эпохі Кіеўскай Русі. Вядучае месца тут належала царк.-слав. мове як мове правасл. набажэнства. Гэта пацвярджаюць выяўленыя на Беларусі помнікі пісьменства: Супрасльскі рукапіс і Тураўскае (11—12 ст.), Аршанскае, Друцкае, Мсціжскае, Полацкае (13—14 ст.) евангеллі. Арыгінальныя творы 12 ст. — «словы», казанні, павучанні і малітвы Кірылы Тураўскага, агіяграфічныя «Жыціе Ефрасінні Полацкай» і «Жыціе Аўраамія Смаленскага». Стараж.бел. пісьменства на нар. аснове прадстаўлена гал. чынам мясцовымі летапісамі і дагаворамі 13—14 ст. з Полацка, Віцебска і цесна звязанага з імі Смаленска.
Феадальнае драбленне і распад Кіеўскай Русі садзейнічалі актывізацыі на бел. землях мясц. дыялектаў. На працягу 14—16 ст. у беларускай мове развіліся фанетычныя асаблівасці: цвёрдае «р», дзеканне і цеканне і інш. Адначасова выпрацаваўся шэраг спецыфічных рысаў беларускай мовы ў галіне лексікі. Агульнаўжывальнымі сталі словы, вядомыя з глыбокай старажытнасці як дыялектызмы («багна», «вавёрка», «воўна», «вырай», «гай», «грэбля», «жыта», «збожжа», «крыніца», «смага», «брахаць», «жадаць», «лагодзіць», «лаяць»). Многія агульнаслав. і агульнаўсх.-слав. словы на бел. глебе змяніліся ў выніку прыстасавання да бел. фанетычнай сістэмы («аржаны», «іржа», «возера», «вока», «дрыжыць», «крывавы»). Асноўная ж колькасць новых слоў утваралася афіксальным спосабам шляхам выкарыстання пашыраных у беларускай мове сродкаў словаўтварэння — суфіксаў і прыставак («авечка», «сцежка», «частка», «выбавіць», «выбраць»). У папаўненні слоўніка беларускай мовы значную ролю адыгралі запазычанні з інш. моў — паланізмы, лацінізмы, германізмы, літуанізмы (гл.Балтызм), цюркізмы. Бел. пісьмовыя помнікі 16 ст. сведчаць, што да гэтага часу склаліся ўсе важнейшыя фанетычныя, граматычныя і лексічныя рысы, уласцівыя беларускай мове і цяпер.
З сярэдзіны 15 ст. пісьменства на Беларусі насычаецца спецыфічна бел. рысамі ў такой меры, што дае падставу сцвярджаць пра самастойную бел.літ. мову са сваімі арфаграфічнымі, граматычнымі і лексічнымі адзнакамі. Развіццю беларускай мовы спрыяла і тое, што ў ВКЛ яна выконвала функцыі дзяржаўнай мовы. Асабліва шырока беларуская мова выкарыстоўвалася ў канцылярска-юрыд. дакументацыі — актах, граматах, дагаворах і статутах (найб. важныя — Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588). Буйны помнік канцылярска-юрыд. пісьменства — Метрыка Вялікага княства Літоўскага, дакументы якой да сярэдзіны 17 ст. афармляліся пераважна на беларускай мове. На ёй вялася таксама дакументацыя ў гар. управах, магістратах і магдэбургіях, у гар., земскіх і замкавых судах і інш. Да сярэдзіны 17 ст. беларуская мова выкарыстоўвалася таксама ў канцылярыях і судах на тэр. этнічнай Літвы, на ёй пісаліся дакументы ў каралеўскіх канцылярыях Кракава і Варшавы, што прызначаліся для ВКЛ. У канцы 14 — пач. 15 ст. на Беларусі вял. пашырэнне атрымала летапісанне, але ў летапісах, якія дайшлі да нашага часу ў больш позніх спісах [Нікіфараўскі, Слуцкі, Віленскі адносяцца да канца 15 — пач. 16 ст., астатнія (больш як 10) да 16—17 ст.], бел. мова адлюстравалася неаднолькава (раннія летапісы ў большай ступені захоўваюць архаічныя моўныя рысы, пазнейшыя — жывую нар. стыхію). Жывой нар. мовай напісаны Баркулабаўскі летапіс, мемуарныя творы («Дзённік» Ф.Еўлашоўскага, «Дыярыуш» А.Філіповіча), перакладныя аповесці («Александрыя», «Троя», «Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву»), польск. гіст. хронікі канца 16 — пач. 17 ст. («Хроніка ўсяго свету» М.Бельскага, «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» М.Стрыйкоўскага).
Паступовае збліжэнне з Польшчай у паліт. і культ. адносінах, насаджэнне на Беларусі каталіцызму паслабляла пазіцыі праваслаўя і царк.-слав. мовы. Гэтаму садзейнічала і распаўсюджанне рэфармацыйных плыняў, прыхільнікі якіх імкнуліся ўводзіць мясц. мовы ў набажэнства і богаслужэбную л-ру. Першапачаткова беларуская мова пранікла ў жыційную л-ру (напр., «Мінеі — Чэцці», 1489). У канцы 15 ст. пачалі з’яўляцца пераклады з польск. мовы агіяграфічных і апакрыфічных твораў («Страсці Хрыстовы», «Аповесць пра трох каралёў», «Жыціе Аляксея, чалавека божага»). З пач. 16 ст. беларуская мова пранікае і ў кананічныя рэліг. творы. Пачатак гэтаму працэсу паклаў Ф.Скарына, які ў 1517—19 выдаў у Празе большую частку кніг Старога запавету. Захаваўшы ў гэтых выданнях царк.-слав. аснову, ён наблізіў іх мову да народнай. У часы Скарыны зроблены пераклады на беларускую мову асобных кніг Бібліі непасрэдна са стараяўр. мовы. Каля сярэдзіны 16 ст. з’явіўся пераклад Псалтыра — самай папулярнай кнігі ў паслядоўнікаў хрысц. веравызнання. Першапачаткова такія пераклады распаўсюджваліся ў рукапісных спісах. З 2-й пал. 16 ст. на беларускай мове з’яўляюцца друкаваныя творы рэліг. прызначэння. У 1562 С.Будны выдаў у Нясвіжскай друкарні першыя на Беларусі друкаваныя кнігі на беларускай мове «Катэхізіс» і «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» (не захавалася). Каля 1580 В.Цяпінскі выдаў Евангелле, у якім бел. тэкст змешчаны паралельна з царк.-славянскім — унікальная з’ява ў тагачасным слав. свеце. З канца 16 ст. беларуская мова стала прадметам абавязковага вывучэння ў правасл.брацкіх школах, што садзейнічала яе паспяховаму выкарыстанню ў розных галінах грамадскага і культ. жыцця. Канец 16 — 1-я пал. 17 ст. былі эпохай найб. выкарыстання беларускай мовы ў рэліг. сферы — пераважна ў т.зв. гамілетычнай л-ры, якая грунтавалася на павучальным тлумачэнні тэкстаў Свяшчэннага пісання. Захаваліся да нашага часу шматлікія рукапісныя зборнікі і друкаваныя кнігі: «Казанне Кірылы, патрыярха іерусалімскага, пра антыхрыста» С.Зізанія (Вільня, 1596), «Евангелле вучыцельнае» (Еўе, 1616), «Духоўныя гутаркі» Макарыя Егіпецкага (Вільня, 1627), «Гісторыя пра Варлаама і Іаасафа» (Куцейна, 1637) і інш. На беларускай мове былі надрукаваны і пахавальныя казанні, складзеныя паводле правілаў тагачаснай царк. рыторыкі. Беларуская мова выкарыстоўвалася ў разнастайных настаўленнях аб хрысц. рытуалах і ў царк. заканадаўстве.
Аднак у новых паліт. і культ. умовах жыцця бел. народа ў складзе Рэчы Паспалітай выкарыстанне бел.літ.-пісьмовай мовы паступова пайшло на спад. Пасля Люблінскай уніі 1569 бел.-літоўская шляхта з мэтай захавання свайго паліт. і эканам. становішча імкнулася да ўстанаўлення ў ВКЛ важнейшых дзярж. інстытутаў на польскі ўзор. У сярэдзіне 17 ст. беларуская мова практычна выйшла з ужытку ў дзярж. канцылярыях. Юрыдычна гэта было аформлена рашэннем усеагульнай канфедэрацыі саслоўяў 1696. Разам з заняпадам беларускай мовы ў справаводстве пачала звужацца і яе роля ў інш. галінах грамадскага і культ. жыцця. Бел. кнігі не друкаваліся, рэліг.л-ра выдавалася выключна на царк.-слав. мове. У 2-й пал. 17 і на працягу 18 ст. на Беларусі панавала польска-лац. кнігадрукаванне. Адукацыя знаходзілася пераважна ў руках шматлікіх рымска-каталіцкіх ордэнаў: езуітаў, дамініканцаў, кармелітаў, францысканцаў, бернардзінцаў і піяраў, якія мелі свае школы і вучылішчы амаль ва ўсіх бел. гарадах і буйных мястэчках. Навучанне ў іх вялося на польск. і лац. мовах. Беларуская мова вывучалася толькі ва уніяцкіх базыльянскіх школах і выкарыстоўвалася ў неафіц. частках набажэнства. Жывой беларускай мовай працягвалі карыстацца сяляне, дробная шляхта, гар. рамеснае насельніцтва. На нар. мове ствараліся разнастайныя фалькл. творы: песні, казкі, легенды, паданні, прыказкі, прымаўкі і інш. У 18 ст. беларуская мова атрымала пісьмовую фіксацыю толькі ў інтэрмедыях і інтэрлюдыях да драм. твораў, што ставіліся ў вучылішчах, гімназіях і калегіях (гл.Школьны тэатр). Панаванне польск. мовы ў важнейшых галінах грамадскага і культ. жыцця працягвалася да 1830-х г., пасля польск. мову ў гэтых сферах замяніла руская.
Новая бел.літ. мова на нар. аснове, без сувязі са стараж. пісьмовымі традыцыямі пачала складвацца на пач. 19 ст. Станаўленне яе праходзіла ў агульным кантэксце слав.адраджэння нацыянальнага. Але на Беларусі развіццё літ. мовы стрымлівалася адсутнасцю яе дзярж. самастойнасці, панаваннем у тагачасным грамадстве думкі, што бел. нар.-дыялектная мова з’яўляецца толькі дыялектам рус. ці польск. моў. Сведчаннем фарміравання новай бел.літ. мовы было з’яўленне ў 19 ст. ананімных паэм «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», якія доўгі час бытавалі ў вуснай перадачы і ў рукапісах. Першая друкаваная кніга на новай беларускай мове «Кароткі збор хрысціянскай навукі» (Вільня, 1835). Аднак найперш беларуская мова прабівала сабе дарогу ў паэт. жанрах, якія былі вядучыя на працягу ўсяго 19 ст. Значны ўклад у развіццё новай бел.літ. мовы зрабілі Я.Баршчэўскі, А.Рыпінскі, Я.Чачот, В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч і інш. З канца 19 ст. на беларускай мове з’яўляюцца пераклады з рус., укр. і польск. моў.
Бел.літ. мова 19 ст. яшчэ не мела ўстойлівых графічных, арфаграфічных, граматычных і лексічных нормаў. На ёй не ствараліся падручнікі ці дапаможнікі, не вялося школьнае навучанне, яна не дапускалася ў дзярж. сферу. Пісьменнікі арыентаваліся на свае родныя гаворкі. Працэс нармалізацыі мовы стрымлівала выкарыстанне дзвюх графічных сістэм — лацінскага і кірылічнага шрыфтоў, што назіралася аж да 1917, а ў Зах. Беларусі — да 1939. Рэвалюцыя 1905—07 паскорыла разгортваннеліт.-грамадскага руху на Беларусі, зняла абмежаванні з бел. друкаванага слова. З гэтага часу пачалі арганізоўвацца легальныя органы друку і бел. выд-вы. У развіцці бел.літ. мовы значную ролю адыграла «Наша ніва» (Вільня, 1906—15), на старонках якой выступала новая плеяда бел. пісьменнікаў: Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, Цётка, М.Гарэцкі, З.Бядуля, Ц.Гартны, К.Каганец, Ядвігін Ш. і інш. Газета садзейнічала выпрацоўцы навук. стылю, на яе правапісныя, грамат. і лексічныя нормы арыентаваліся інш. перыядычныя выданні. Аднак сфера выкарыстання беларускай мовы ў гэты час была звужаная, бо ў важнейшых галінах грамадскага і культ. жыцця панавала рус. мова. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917, абвяшчэння БНР (сак. 1918), а потым БССР (1.1.1919) беларуская мова атрымала статус дзяржаўнай. У выніку беларусізацыі беларуская мова стала мовай школьнага навучання, вышэйшых навуч. устаноў, дзярж. і грамадскіх арганізацый, перыяд. друку. Арфаграфія і граматычныя нормы яе былі кадыфікаваны «Беларускай граматыкай для школ» Б.Тарашкевіча (Вільня, 1918). Яе прынцыпы папулярызаваліся падручнікамі Я.Лёсіка. Беларуская мова набыла ўсе гал. прыкметы, уласцівыя кожнай нац.літ. мове: развітая стылістычная дыферэнцыяцыя, апрацаванасць, упарадкаванасць літ. мовы ў параўнанні з нар.-дыялектнай, узаконеная грамадствам нарматыўнасць, стабільнасць, неперарыўнасць традыцый, наяўнасць пісьмовай і вуснай разнавіднасцяў. Для нармалізацыі бел.літ. мовы важнае значэнне мела прынятая СНКБССР у жн. 1933 пастанова «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу» (гл. ў арт.Рэформы моўныя). Бел. дыяспара за межамі Беларусі не прызнала рэформу 1933 і працягвае карыстацца дарэформеннымі правапіснымі і граматычнымі нормамі. Так фактычна ўтварыліся два варыянты бел.літ. мовы, якія існуюць і ў наш час.
Самыя раннія спробы вывучэння беларускай мовы зроблены на пач. 19 ст., аднак яно не мела арганізаванага і сістэматычнага характару (гл. ў арт.Беларусазнаўства). Найбагацейшы збор бел. лексічнага матэрыялу дарэв. пары — «Слоўнік беларускай мовы» І.І.Насовіча (1870). Пачатак грунтоўнаму навук. даследаванню беларускай мовы далі працы заснавальніка бел.мовазнаўства Я.Ф.Карскага, асабліва яго манаграфіі «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22). У сав. час апублікаваны фундаментальныя даследаванні беларускай мовы, падрыхтаваныя Інстытутам мовазнаўства імя Я.КоласаАН Беларусі, разнастайныя дапаможнікі для ВНУ па гісторыі мовы, дыялекталогіі сучаснай беларускай мовы, спец. кнігі па асобных праблемах фанет. сістэмы, грамат. ладу мовы беларусаў. Выдадзены вялікія перакладныя, тлумачальныя, гіст. і інш. слоўнікі (гл. ў арт.Лексікаграфія), аналізуюцца кантакты беларускай мовы з мовамі інш.слав. і неслав. народаў на розных этапах іх гіст. развіцця. У 1990 прыняты Закон «Аб мовах у Беларускай ССР», які надаў беларускай мове статус дзяржаўнай мовы.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. Вып. 1—3. М., 1955—56;
Филин Ф.П. Происхождение русского, украинского и белорусского языков: Ист.-диалектол. очерк. Л., 1972;
Булахов М.Г., Жовтобрюх М.А., Кодухов В.И. Восточнославянские языки. М., 1987;
Супрун А.Е. Введение в славянскую филологию. 2 изд. Мн., 1989;
Воўк-Левановіч О.В. Лекцыі па гісторыі беларускай мовы. Мн., 1994;
Нарысы па гісторыі беларускай мовы. Мн., 1957;
Гістарычная лексікалогія беларускай мовы. Мн., 1970;
Булыка А.М., Жураўскі А.І., Крамко І.І. Гістарычная марфалогія беларускай мовы. Мн., 1979;
Жураўскі А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 1. Мн., 1967;
Крамко І.І., Юрэвіч А.К., Яновіч А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 2. Мн., 1968;
Шакун Л.М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. 2 выд.Мн., 1984;
Мова беларускай пісьменнасці XIV—XVIII стст. Мн., 1988;
Граматыка беларускай мовы. Т. 1—2. Мн., 1962—66;
Беларуская граматыка. Ч. 1—2. Мн, 1985—86;
Беларуская мова: Энцыкл.Мн., 1994.
А.І.Жураўскі.
Да арт.Беларуская мова. Тытульны ліст «Беларускай граматыкі для школ» Б.Тарашкевіча. 1918.Да арт.Беларуская мова. Старонка з Баркулабаўскага летапісу. 17 ст.Да арт.Беларуская мова. Надпіс на Рагвалодавым камені. 1171.
вызначальны стыль у еўрап. мастацтве канца 16 — сярэдзіны 18 ст. Прыйшло на змену гуманіст.маст. культуры Адраджэння і вытанчанаму суб’ектывізму мастацтва маньерызму.
Першапачатковы этап развіцця барока звязаны з узмацненнем феад.-каталіцкай рэакцыі ў Зах. Еўропе. Стыль барока шырока выкарыстоўваўся для прапаганды ідэй Контррэфармацыі, нёс больш рознабаковае і дыялектычна супярэчлівае ў параўнанні з рэнесансавым светаўспрыманне. Эстэтыка барока заснавана на проціпастаўленні ідэальнага і пачуццёвага ў чалавеку, яго волі і розуму з ірацыянальнасцю быцця. Таму мастацтва барока вызначаецца эмацыянальным і інтэлектуальным напружаннем, складанасцю выяўл. сродкаў, імкненнем да сінтэтычнасці жанраў, яму ўласцівыя драматызм, патэтыка, павышаная экзальтацыя. Станаўленне барока адбывалася ў перыяд інтэнсіўнага складвання нацый і нац. дзяржаў, часткова звязана з барацьбой за нац. адзінства і антыфеад. рухам у шэрагу еўрап. краін. Гэта спрыяла сплаву эстэт. канцэпцыі барока з маст. традыцыямі розных народаў і фарміраванню шматлікіх яго нац. разнавіднасцяў.
Барока — мастацтва ансамблевых рашэнняў, найб. яскрава выявілася ў архітэктуры, дзе асн.маст. прынцыпы — дынамічнасць кампазіцыі, кантрасты маштабаў, рытмаў, матэрыялаў і фактур, святлоценявыя і колеравыя эфекты, крывалінейнасць абрысаў, імкненне стварыць ілюзію бязмежнай прасторы. У Італіі, на радзіме барока, асобныя яго прыёмы праявіліся ў 16 ст. ў жывапісе Карэджа, М.Караваджа, збудаваннях Дж.Віньёлы. Найвышэйшага росквіту дасягнула ў Рыме ў 1-й пал. 17 ст. (т.зв. Высокае італьян. барока; творы арх. і скульптара Л.Берніні, арх. Ф.Бараміні, жывапісца П’етра да Картона), пашырылася ў Нідэрландах (П.П.Рубенс, А. ван Дэйк, Я.Іорданс). У Іспаніі ў 17 ст. асобныя рысы барока выявіліся ў аскетычнай архітэктуры Х.Б. дэ Эрэры, у рэаліст. жывапісе Х. дэ Рыберы і Ф.Сурбарана, скульптуры Х.Мантаньеса. У 18 ст. ў пабудовах Х.Б. дэ Чурыгеры формы барока набылі дэкар. вытанчанасць (яшчэ больш гіпертрафіраваную ў «ультрабарока» краін Лац. Амерыкі). Своеасаблівасць стыль барока набыў у Аўстрыі, дзе ён спалучаўся з тэндэнцыямі ракако (арх. І.Б.Фішэр фон Эрлах і І.Л.Гільдэбрант, мастак Ф.А.Маўльберч), абсалютысцкіх княствах Германіі (арх. і скульптары І.М.Фішэр, І.Б.Нейман, А.Шлютэр, М.Д.Пёпельман, Г.В. фон Кнобельсдорф, сям’я арх. Дзінцэнгофер), у Польшчы, Славакіі, Венгрыі, Славеніі, Харватыі, Зах. Украіне, Літве. У Францыі, дзе пануючым стылем 17 ст. стаў класіцызм, абодва кірункі зліліся ў адзіны пампезны т.зв. вялікі стыль (убранне залаў Версаля, жывапіс Ш.Лебрэна). Паняцце «барока» часам неправамерна пашыраюць на ўсю маст. культуру 17 ст., у т. л. на з’явы, далёкія ад барока па змесце і стылі (напр., «нарышкінскае барока», або «маскоўскае барока» ў рус. дойлідстве канца 17 ст., гл.«Нарышкінскі стыль»). У многіх краінах Еўропы ў 17 ст. склаліся нац.рэаліст. школы, прадстаўнікамі якіх былі вял. майстры (Д.Веласкес у Іспаніі, Ф.Халс, Я.Вермер Дэлфцкі, Рэмбрант у Галандыі і інш.). У Расіі стыль барока быў свабодны ад экзальтацыі і містыцызму (характэрных для мастацтва каталіцкіх краін) і меў нац. асаблівасці. Архітэктура рас. барока дасягнула велічнасці ў гарадах і сядзібных ансамблях Пецярбурга, Петрадварца, Царскага Сяла і інш., вызначаецца ўрачыстасцю і цэльнасцю кампазіцыі (арх. В.Растрэлі, Дз.Ухтамскі, С.Чавакінскі); у выяўл. мастацтве — свецкай і грамадскай тэматыкай (скульптура Б.К.Растрэлі і інш.). У 1-й пал. 18 ст. барока эвалюцыянавала да лёгкасці стылю ракако, суіснавала і перапляталася з ім, а з 1770-х г. паўсюдна выцеснена класіцызмам.
На Беларусі для мастацтва барока характэрна ўзаемадзеянне зах.-еўрап. ўплыву з візант. і мясц. традыцыямі, што надало яму пэўную самабытнасць. Найб. поўна яно праявілася ў архітэктуры; у залежнасці ад яе развівалася выяўл. і дэкар.-прыкладное мастацтва. Пачатак эпохі барока тут звязаны з буд-вам першага ў Рэчы Паспалітай помніка архітэктуры барока — Нясвіжскага касцёла езуітаў (1584—93). Развіццё нац. разнавіднасці бел. барока ў манум. мураванай архітэктуры прайшло 3 перыяды: ранняе (канец 16 — 1-я пал. 17 ст.), сталае (2-я пал. 17 — 1730-я г.) і позняе (1730—80-я г.). Для ранняга перыяду характэрныя пошукі гал. чынам новых аб’ёмна-прасторавых кампазіцый у пабудовах, адпаведных эстэт. канцэпцыі барока. Асобныя збудаванні паступова трацілі абарончыя функцыі, што адбілася на трансфармаванні замкавага буд-ва ў палацава-замкавае (Гальшанскі палац). У культавым дойлідстве паступова сфарміраваўся базілікальны тып храма (гл.Базіліка) з плоскім гал. фасадам, напачатку бязвежавым, потым 2-вежавым (Гродзенскі касцёл і кляштар езуітаў). Перыяд сталага барока вызначаўся пэўнай стабілізацыяй кампазіцыі 2-вежавай базілікі і развіццём маст. характарыстык арх. збудаванняў, павелічэннем колькасці ярусаў вежаў, большай пластычнай насычанасцю фасадаў (Слонімскі Андрэеўскі касцёл). Сталае Барока знайшло ўвасабленне ў грамадз. архітэктуры (Магілёўская ратуша) і ў развіцці прынцыпаў ансамблевасці арх. комплексаў (касцёл і кляштар картэзіянцаў у Бярозе). Найб. важны з іх — паступовае разгортваннеарх. аб’екта (плошчы, вуліцы, сядзібы) перад гледачом. Палацавыя комплексы сталага і позняга барока будаваліся паводле сіметрычна-восевай схемы з паўадкрытымі параднымі дварамі. Фасады і інтэр’еры палацаў аздаблялі ордэрнай пластыкай, дэкар. лепкай, паліхромнымі мармурамі, паліванай керамікай, фрэскавай размалёўкай (Ружанскі палацавы комплекс, палац у в. Ручыца Вілейскага р-на Мінскай вобл., не захавалася). Гал. элемент ратуш — ярусная вежа (Магілёў, Віцебск). Маст. сістэма позняга барока ў манум. культавай архітэктуры Беларусі атрымала ў мастацтвазнаўстве назву віленскага барока. Важную ролю ў стварэнні своеасаблівай школы віленскага барока адыграла творчасць арх. І.К.Глаўбіца. У канцы 18 ст. ў мураванае дойлідства паступова ўкараняліся прынцыпы класіцызму, што прывяло да стварэння шматлікіх помнікаў, якія спалучалі элементы 2 стыляў (Свяцкі палацава-паркавы ансамбль). У адпаведнасці з этапамі развіцця стылю барока адбываліся змены ў эстэт. і канструкцыйных характарыстыках арх. збудаванняў. Дэкар. пластыка, аснову якой у барока складала ордэрная сістэма, на працягу 17—18 ст. перайшла ад адзіночных плоскіх пілястраў і сціплых гарыз. цягаў да шматлікіх раскраповак, хвалістых карнізаў, стукавай лепкі ў аздобе будынкаў. Спецыфіка дрэва як буд. матэрыялу абумовіла непарыўнасць эстэт. і тэхн. бакоў у стварэнні шматлікіх маст.-канструкцыйных прыёмаў драўлянага дойлідства часоў барока: ярусная структура вежаў, іх завяршэнне шасцерыкамі і васьмерыкамі, верт. шалёўка з нашчыльнікамі (Валавельская Юр’еўская царква, Рубельская Міхайлаўская царква).
У выяўленчым мастацтве рысы барока праявіліся ў 1-й пал. 17 ст., найбольш у скульпт. аздабленні і размалёўках касцёлаў. У скульптуры барока характарызавалася працягам традыцый бел. мясцовых майстроў, што абумовіла яе самабытнасць і разнастайнасць вобразных характарыстык (інтэр’еры Сафійскага сабора ў Полацку, касцёлаў кармелітаў у Пінску, езуітаў у Гродне, аўгусцінцаў у в. Міхалішкі Астравецкага р-на Гродзенскай вобл.). У манум. жывапісе рысы барока відавочныя ў размалёўках Магілёўскага касцёла кармелітаў, Гродзенскага касцёла і кляштара францысканцаў, у іканастасах і алтарах Пінскага касцёла і кляштара францысканцаў і інш. У 2-й пал. 18 ст. стыль барока стаў пануючы і ў іканапісе, дзе яго рысы спалучаліся з традыцыямі візант. і стараж.-рус. мастацтва. Кампазіцыі абразоў набылі падкрэслены дынамізм, персанажы — характарнасць і канкрэтнасць, у асобных выпадках — натуралізм. Пашыраным і папулярным відам жывапісу ў часы барока быў парадны шляхецкі партрэт, лепшыя ўзоры якога прывабліваюць яркай характарнасцю тыпажу, а часам і псіхалагізмам вобразаў (партрэты Міхаіла Сервацыя Вішнявецкага, Соф’і Даратэі, Казіміра Агінскага і інш.). У канцы 18 — 1-й пал. 19 ст. барока саступае месца класіцызму, хоць іх элементы ў жывапісе суіснавалі амаль да сярэдзіны 19 ст. («Спас», «Адзігітрыя» і царскія вароты з цэркваў Іванаўскага р-на). У графіцы стыль барока найб. выявіўся ў кніжнай гравюры. Майстры кнігі 16—18 ст. выпрацавалі спецыфічны стыль бел. барока, які вызначаўся стрыманасцю формаў, сувяззю з нар. мастацтвам (гербы Р.Хадкевіча з «Евангелля вучыцельнага», «Псалтыра», выд.Заблудаўскай друкарняй). У пазнейшых геральдычных гравюрах рысы барока набывалі ўсё больш развітыя формы, узмацніліся экспрэсія і патэтыка (гербы Л.Сапегі ў Статуце Вялікага княства Літоўскага 1588, Л.Мамоніча ў «Псалтыры», выд. ў Вільні, Агінскіх і Валовічаў у «Евангеллі вучыцельным» Еўінскай друкарні). З пераездам Куцеінскай друкарні ў Рас. дзяржаву (сярэдзіна 17 ст.) стыль бел. барока пашырыўся і ў рус. выданнях, надрукаваных куцеінскімі друкарамі ў Іверскім манастыры (гравюры «Раю мысленнага», «Брашна духоўнага»). Пранік ён у рус. кніжнае мастацтва і праз ілюстраваныя выданні Сімяона Полацкага (медзярыты «Гісторыі пра Варлаама і Іасафа», «Псалтыры рыфмаванай»). Найб. развіцця дасягнулі прынцыпы барока ў выданнях Магілёўскай друкарні, дзе працавалі гравёры М. і В.Вашчанкі, Ф.Ангілейка, Афанасій П. і інш. У 17 ст.бел. графічнае барока паўплывала і на ўкр. графіку, што звязана з пераездам на Украіну гравёраў Тарасевічаў, Шчырскага, Крышчановіча і інш.Маст. прынцыпы барока яскрава выявіліся ва ўсіх відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: ткацтве (слуцкія паясы, шпалеры), вырабах са шкла (гл.Урэцкая мануфактура), паліванай кераміцы, разьбе па дрэве (беларуская рэзь), ювелірным мастацтве.
Для літаратуры эпохі барока характэрныя ўскладненасць, парадаксальнасць, метафарычнасць, спалучэнне рэальнага з нерэальным, імкненне здзівіць, уздзейнічаць на пачуцці. Лірычны герой барочнай паэзіі — істота зменлівая, унутрана супярэчлівая, надзеленая і дабрачыннасцямі і заганамі. У параўнанні з гарманічным і цэльным чалавекам рэнесансавай л-ры ён бліжэй да рэальнага, зямнога. Стылявыя прыкметы барока нераўназначныя на розных этапах развіцця і ў розных жанрах, што дазваляе гаварыць пра яго розныя стылявыя ўзроўні. Побач з «высокім» барока ў панегірычнай паэзіі, трагедыі, гераічнай паэме развівалася «памяркоўнае» барока — рэліг. і свецкая лірыка, элегія, пастараль, прытча. На «сярэднім» узроўні ўзніклі такія празаічныя жанры, як падарожжа, утопія, паліт. трактат.
Л-ра барока ў Іспаніі — гэта паэзія Л. дэ Гонгары-і-Арготэ, трагедыі П.Кальдэрона дэ ла Баркі, драмы Тырса дэ Маліны, сатыры Ф.Кеведа-і-Вільегаса; у Італіі — паэзія Т.Таса і Дж.Марына, «Пентаметр» Дж.Базіле; у Германіі — трагедыі А.Грыфіуса і Д.Лоэнштайна, лірыка П.Флемінга, раман Г.Грымельсгаўзена; у Францыі — паэзія і проза Т.А. д’Абінье, раманы Ш.Сарэля; у Англіі — трагікамедыя Ф.Боманта, Дж.Флетчэра; у Польшчы — паэзія Я.А.Морштына, В.Патоцкага; у Расіі — М.В.Ламаносава, В.К.Традзякоўскага.
У бел. л-ры і ў шматмоўнай л-ры Беларусі барока найб. выразна выявілася ў пераходны перыяд, асабліва ў 2-й пал. 17 — 1-й трэці 18 ст.Бел. барока цесна звязана з ідэямі Контррэфармацыі, што асабліва адчуваецца ў містычнасці ідэалу і рытарычнай зададзенасці, але як маст. светаўспрыманне значна шырэй за іх. Эстэтыка барока была крокам наперад у маст. развіцці Беларусі. Тут сінтэзаваліся сярэдневяковыя і рэнесансавыя традыцыі, упершыню скрыжаваліся шляхі развіцця пісьмовай л-ры і фальклору. Бел. барока не былі чужыя ідэі гуманізму ранняга Асветніцтва (Сімяон Полацкі, Д.Рудніцкі). Асобныя рысы барока відаць ужо ў бел. палемічнай прозе і панегірычнай паэзіі 1-й пал. 17 ст., калі эстэтыку барока пашыраў выкладчык Полацкай калегіі М.Сарбеўскі. Найб. поўна яны выявіліся ў рэліг.-філас. паэзіі і школьнай драме, а таксама ў школьных курсах паэтыкі і рыторыкі. Бел. барока ўласцівыя розныя ідэйныя і фармальна-стылявыя тэндэнцыі. Побач з «высокім», найчасцей элітарным, арыстакратычным барока, асн. творы якога напісаны на польск., лац. і стараслав. мовах, існавала «сярэдняе» і «нізкае» барока. Яно адпавядала запатрабаванням бяднейшай шляхты, гараджан і было прадстаўлена бел. парадыйна-сатыр. і гумарыстычнай паэзіяй і прозай («Птушыны баль», «Ліст да Абуховіча», «Казанне руске», «Прамова русіна» і інш.), інтэрмедыямі да школьных драм, песенна-інтымнай лірыкай.
Музыка барока паглыбіла і рознабакова ўвасобіла свет духоўных перажыванняў чалавека. Вядучае значэнне набылі муз.-тэатр. жанры, найперш опера. Наглядалася тэндэнцыя адасаблення музыкі ад слова, што вяло да развіцця шматлікіх інстр. жанраў. Узніклі і буйнамаштабныя цыклічныя формы (канчэрта гроса, ансамблевая і сольная санаты). У сюітах чаргуюцца уверцюры тэатр. характару, фугі, імправізацыі арганнага тыпу, быт. танцы, пявучыя «арыі», праграмныя п’есы.
Найб. выразна стыль барока выявіўся ў Італіі (2-я пал. 16 ст.) у шматхорных вак.-інстр. поліфанічных творах майстроў венецыянскай школы на чале з Дж.Габрыэлі, у арганнай творчасці Дж.Фрэскабальдзі, глыбока драматычных операх К.Мантэвердзі. Італьян. опернае барока паўплывала на музыку інш.еўрап. краін, асабліва Германіі: ням.нац. оперу (яе вяршыня — оперы Р.Кайзера), арганныя творы Дз.Букстэхудэ, клавірныя санаты І.Кунаў. На пач. 18 ст. творчасць І.С.Баха, Г.Ф.Гендэля яшчэ звязана з музыкай барока, але ёй ужо цесна ў рамках якога-н. аднаго стылю (як і творчасці буйнейшых кампазітараў 17 ст. Г.Шутца ў Германіі і Г.Пёрсела ў Англіі).
На Беларусі для музыкі барока характэрнае ўзаемадзеянне зах.-еўрап. уплываў з мясц., часта нар. традыцыямі, перапляценне рэнесансавых, сярэдневяковых і класіцысцкіх тэндэнцый. Гэта выявілася ў суіснаванні розных стылявых пластоў і кірункаў — аднагалосага харала перыяду Рэфармацыі, стылю а капэла і новага канцэртнага стылю, які з канца 17 ст. стаў дамінуючым. Усёй музыцы барока ўласцівы процілеглыя імкненні, з аднаго боку, да сінтэзу мастацтваў, з другога — да развіцця інстр. жанраў. Гэта рэалізавалася ў пышных пастаноўках школьнага т-ра, у насычэнні музыкай спектакляў батлейкі, у пашырэнні на пач. 17 ст. аркестраў (капэл) пры дварах магнатаў, калегіумах, касцельных і уніяцкіх ансамбляў, што культывавалі тагачасныя еўрап. прыдворныя танцы (павана, марэска куранта, сэра), польск. і мясц.нар. танцы. Гіст. значэнне бел. музыкі барока найперш у тым, што яна вылучыла новы шматгалосы стыль — партэсныя спевы, якія своеасабліва рэалізавалі кампазіцыйны прынцып канцэртнасці з тыповымі для яго жанрамі партэснага канцэрта ў царк. музыцы, канта і псалмы ў свецкай. Яскравыя ўзоры муз. твораў з выразнымі стылявымі рысамі барока змяшчае рукапісны зборнік старадаўняй бел. музыкі 16—17 ст.«Полацкі сшытак».
Тэатр. У еўрап.тэатр. культуры рысы барока выразна праглядаюцца з 1590-х г. да сярэдзіны 18 ст. У гэты перыяд завяршыліся працэсы, пачатыя ў тэатры Адраджэння, — рэлігійныя святочныя відовішчы, што выконвалі аматары на вуліцах і плошчах, ператварыліся ў свецкія забавы, якія ладзілі прафес. акцёры ў прыдворных тэатрах-палацах. Усталяваліся прынцыпы арганізацыі тэатр. прасторы, пабудовы сцэны — амаль паўсюдна замацаваўся тып «сцэны-скрыні», аддзеленай ад гледача рамай і збудаванай у спец. закрытым памяшканні. Вядучымі тэатр. краінамі сталі Англія, Іспанія, Францыя.
У Англіі ў канцы 16 ст. фарміраваўся тэатр, які спалучаў нар. сярэдневяковую традыцыю і ўплыў рэнесансавага італьян. тэатра. Драма ранняга англ. барока, створаная У.Шэкспірам, адкінула правілы рэнесансавага класіцызму і спалучыла трагедыю і фарс, высокае і нізкае. Англ. «жорсткая трагедыя» паўплывала на развіццё еўрап. тэатра барока, асабліва ў Германіі і Аўстрыі. У 17 ст.англ. вандроўныя трупы былі вядомыя і ў Рэчы Паспалітай. Тэатр Іспаніі ў канцы 16 ст. ўступіў у свой «залаты век», які пачаўся творчасцю Лопэ дэ Вэгі. Абапіраючыся на нац.літ. і тэатр. традыцыі і выкарыстаўшы тэхніку італьян.камедыі дэль артэ, ён ствараў свае дынамічныя камедыі, поўныя прыгодаў і кахання. Яго традыцыі прадоўжыў Тырса дэ Маліна. Вяршыняй сталага барока ў Іспаніі з’явіліся п’есы П.Кальдэрона дэ ла Баркі, якія ўвасобілі светапогляд эпохі, дзе за раскошай і пышнасцю адчуваліся разгубленасць і няўпэўненасць. У Францыі ў канцы 16 ст. ўзнік жанр «трагікамедыі-балета». Нягледзячы на вонкавую супрацьлегласць, стваральнікі тэатра класіцызму П.Карнель, Ж.Расін, Мальер працавалі ў агульнай плыні еўрап. барока. У канцы 17—18 ст. менавіта ўзор франц.т-ра дамінаваў на б.ч. кантынентальнай Еўропы. У ням. княствах, Аўстрыі, Рэчы Паспалітай бурнае развіццё нац. тэатра запаволілася і прыпадае ўжо на 2-ю пал. 18 ст.
Бел.тэатр. культура барока існавала і развівалася ў рэчышчы тэатр. культуры Рэчы Паспалітай. З канца 16 ст. актыўным правадніком тэатр. формаў барока быў школьны тэатр. Захапленне італьян. операй мала закранула Беларусь, але, як і ў інш. рэгіёнах Рэчы Паспалітай, тут былі папулярныя розныя формы паратэатра барока — маляўнічыя рэліг. і свецкія шэсці, святочныя ўрачыстасці, рыцарскія спаборніцтвы. У гэты час з касцельных відовішчаў узнік нар. лялечны тэатр батлейка. На схіле эпохі барока (1740—70-я г.) на Беларусі ўзніклі шматлікія прыдворныя т-ры, што належалі мясц. магнатам (у Нясвіжы, Слуцку і Белай — Радзівілам, у Слоніме — Агінскім, у Гродне і Паставах — Тызенгаўзу, у Ружанах — Сапегам, у Беластоку — Браніцкім і інш.). У пастаноўках гэтых тэатраў, якія часта абапіраліся на арыгінальную (звычайна польскамоўную) драматургію і музыку, спалучаліся рысы барочных відовішчаў з элементамі, характэрнымі ўжо для Асветніцтва. Але менавіта сінтэз, уласцівы барока, дазваляў ствараць незвычайныя па сваёй пышнасці і фантазійнасці тэатр. відовішчы. На высокім узроўні была тэхніка сцэны маянтковых тэатраў, а акцёры і музыкі, вывучаныя ў магнацкіх тэатр. школах Беларусі, паўплывалі на тэатр. мастацтва Польшчы і Расіі.
Літ.:
Виппер Б.Р. Введение в историческое изучение искусства. 2 изд. М., 1985;
Angyal E. Świat słowiańskiego baroku. Leipzig, 1961;
Białostocki J. Pięć wieków myśli o sztuce. 2 изд. Warszawa, 1976;
Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;
Раабен Л. Музыка барокко // Вопросы музыкального стиля: Сб. статей. Л., 1978;
Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975.
Да арт.Барока. Пояс. Слуцкая мануфактура. 2-я пал. 18 ст.Да арт.Барока. Інтэр’ер манастырскай царквы ў Атабойрэне (Германія). Арх. І.М.Фішэр. 1748.Да арт.Барока. Абраз «Варвара пакутніца» з Лунінца Брэсцкай вобл. 2-я пал. 18 ст.Да арт.Барока. Партрэт Міхала Сервацыя Вішнявецкага. Невядомы мастак. 1750-я г.Да арт.Барока. Партрэт Соф’і Даратэі. Невядомы мастак. 2-я пал. 18 ст.Да арт.Барока. Амбон у касцёле аўгусцінцаў у в. Міхалішкі Астравецкага раёна Гродзенскай вобл. Сярэдзіна 18 ст.Да арт.Барока. Міхайлаўская царква ў в. Рубель Столінскага раёна Брэсцкай вобл. 1796.Да арт.Барока. Андрэеўскі касцёл у Слоніме. 1775.Да арт.Барока. Палац Сан-Сусі ў Патсдаме. Арх. Г.В. фон Кнобельсдорф. 1745—47.Да арт.Барока. Кубак. Урэцкая мануфактура. Сярэдзіна 18 ст.Да арт.Барока. Манстранц. 1783.Да арт.Барока. Палац сядзібы ў в. Ручыца (б. Ганута) Вілейскага раёна Мінскай вобл. З малюнка Н.Орды. 1877Да арт.Барока. Галоўны алтар касцёла францысканцаў у Пінску. 1730-я г.Да арт.Барока. Інтэр’ер Сафійскага сабора ў Полацку. Каля 1762.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКІ РУХ НА БЕЛАРУ́СІў Вялікую Айчынную вайну,
узброеная барацьба нар. мас супраць ням. фашыстаў на часова акупіраванай імі тэрыторыі.
Падрыхтоўка да партыз. барацьбы на выпадак нападу фаш. Германіі пачалася ў 1930-я г. Яна ўключала стварэнне заканспіраванай сеткі дыверсійных груп, дыверсантаў-адзіночак у гарадах і на чыгунках на З ад лініі ўмацаваных раёнаў, арганізацыю і падрыхтоўку манеўраных партыз. атрадаў і груп, забеспячэнне іх сродкамі сувязі і інш. матэрыяламі, неабходнымі для барацьбы і жыцця ва ўмовах варожага тылу. На Беларусі падрыхтоўкай да партыз. дзеянняў займаліся парт. органы і камандуючы войскамі БВА Е.П.Убарэвіч. Былі створаны Бабруйскі, Барысаўскі, Мазырскі, Мінскі, Полацкі, Слуцкі партыз. атрады (300—500 чал. кожны) з людзей, якія прайшлі спец. навучанне ў закрытых школах. На чале кожнага атрада быў штаб з вопытных кіраўнікоў (камандзіры К.П.Арлоўскі, С.А.Ваўпшасаў, В.З.Корж, С.А.Макарэвіч, А.М.Рабцэвіч, А.К.Спрогіс). Для кожнага атрада ў лясах былі закладзены базы зброі, боепрыпасаў, амуніцыі, харчавання, у т. л. 50 тыс. вінтовак, 150 ручных кулямётаў. У гарадах і на буйных чыг. вузлах былі створаны падп. дыверсійныя групы. Аднак у выніку неабгрунтаваных рэпрэсій у 1937—38 многія падрыхтаваныя партыз. камандзіры і ваен. спецыялісты былі знішчаны (уцалелі тыя, хто на той час знаходзіўся на вайне ў Іспаніі), атрады расфарміраваны, ліквідаваны ўсе базы зброі і боепрыпасаў. Гэтыя страты для абараназдольнасці краіны выявіліся ў пач.Вял.Айч. вайны.
У пач. вайны асн. работа па арганізацыі падп. і партыз. барацьбы вялася ва ўмовах жорсткага акупацыйнага рэжыму пры адсутнасці падрыхтаваных кадраў і вопыту барацьбы, што вылілася напачатку ў вял. страты сярод патрыётаў. Асн. задачы партыз. барацьбы былі выкладзены ў дырэктыве СНКСССР і ЦКВКП(б) ад 29.6.1941 аб стварэнні ў захопленых ворагам раёнах партыз. а радаў і дыверсійных груп, разгортванні партыз. вайны, у т. л. падрыву мастоў, дарог, парушэння тэлефоннай і тэлеграфнай сувязі, падпальвання складоў і інш.ЦККП(б)Б у дырэктыве ад 1.7.1941 «Аб разгортванні партызанскай вайны ў тыле ворага» даў канкрэтныя ўказанні па формах арганізацыі, сродках сувязі і мерах канспірацыі, стварэнні невыносных умоў для захопнікаў, зрыве ўсіх іх мерапрыемстваў. Для арганізацыі падполля і партыз. руху ЦК і абкомы КЛ(б)Б пакінулі на месцах 1250 камуністаў, стваралі абл. і раённыя парт. к-ты, цэнтры, тройкі і інш.; усяго накіравалі ў 1941 на акупіраваную тэр. Беларусі каля 8 тыс. камуністаў. Асн. арганізацыйнай і баявой адзінкай партыз. сіл быў партызанскі атрад. Ужо 6.8.1941 камандзірам партыз. атрадаў Ц.П.Бумажкову і Ф.І.Паўлоўскаму першым з сав. партызан было прысвоена званне Героя Сав. Саюза. У перыяд станаўлення партыз. рух перажыў значныя цяжкасці, асабліва зімой 1941—42: не хапала зброі, боепрыпасаў, медыкаментаў. У 1942 ЦККП(б)Б накіраваў на тэр. акупіраванай Беларусі 14 партыз. атрадаў і 92 арганізатарскія групы (2600 чал.), падрыхтаваныя на спец. курсах (гл.Асобы беларускі збор). Кадры для партыз. руху і падполля рыхтавалі таксама ў спец. школах падрыўнікоў, радыстаў, сувязных, разведчыкаў. У 1942 імі падрыхтавана і накіравана ў тыл ворага 175 дыверсійных груп (2077 чал.). Разгортваннепартыз. руху выклікала ўтварэнне розных партызанскіх фарміраванняў. У студз. 1942 створаны першы партызанскі гарнізон Паўлоўскага ў Акцябрскім р-не, у крас. 1942 — першыя партыз. брыгады, асобна дзейнічалі 258 атрадаў (гл. карту). Амаль усе брыгады падтрымлівалі радыёсувязь з ЦККП(б)Б, Беларускім штабам партызанскага руху (БШПР) і іх аператыўнымі групамі пры ваен. саветах франтоў. У маі 1942 для цэнтралізацыі кіраўніцтва баявымі партыз. сіламі створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху (ЦШПР) пры Стаўцы Вярх. Галоўнакамандавання на чале з П.К.Панамарэнкам. Пад яго кіраўніцтвам дзейнічалі рэсп. і абл. штабы у т. л.БШПР З мэтай паляпшэння аператыўнага кіраўніцтва баявымі дзеяннямі партыз. фарміраванняў, каардынацыі іх дзеянняў з сав. войскамі былі створаны і прыкамандзіраваны да ваен. саветаў 1, 2, 3-га Бел. і 1-га Прыбалт. франтоў аператыўныя групы БШПР. Гэта дазволіла скіраваць барацьбу партызан на максімальную дапамогу Чырв. Арміі, узмацніць удары па тылах ворага, асабліва па чыг. магістралях. У маі 1942 ЦККП(б)Б зацвердзіў адзіны тэкст Прысягі беларускага партызана. З восені 1942 партыз. рух набыў маштабны характар. Далейшыя задачы барацьбы ў варожым тыле вызначылі: нарада кіраўнікоў парт. падполля, камандзіраў і камісараў партыз. атрадаў і злучэнняў, скліканая ЦКВКП(б) у Маскве (канец жн. — пач.вер. 1942); загад наркома абароны «Аб задачах партызанскага руху» (5.9.1942); 5-ы пленум ЦККП(б)Б (26—28.2.1943) з удзелам сакратароў падп. абкомаў і райкомаў КП(б)Б, камандзіраў і камісараў партыз. брыгад і атрадаў. Пленум намеціў праграму дзеянняў партызан, разгледзеў формы арганізацыі партыз. руху. У чэрв. 1943 ЦК КЛ(б)Б прыняў пастанову «Аб мерапрыемствах па далейшым разгортванні партызанскага руху ў заходніх абласцях Беларусі» і накіраваў у парт. арг-цыі пісьмо «Аб ваенна-палітычных задачах работы ў заходніх абласцях БССР». З мэтай выканання гэтых задач з усх. абласцей у зах. накіроўваліся вопытныя парт. работнікі і арганізатары партыз. руху, партыз. атрады і брыгады. БШПР правёў раянаванне партыз. сіл — размеркаванне атрадаў і брыгад па абласцях і раёнах. Гэта прадугледжвала перабазіраванне шэрагу брыгад у менш насычаныя партыз. сіламі раёны. Барацьба партызан вялася мэтанакіравана, актыўна і арганізавана, мела манеўраны і наступальны характар, узгаднялася з дзеяннямі Чырв. Арміі. Грандыёзныя маштабы набылі баявыя дзеянні партызан у час «рэйкавай вайны». Сярод партызан былі такія майстры падрыўной справы, як Ф.А.Бачыла, М.В.Гойшык, Б.М.Дзмітрыеў, П.І.Кавалёў, П.І.Кажушка, А.Ф.Колесава, Ф.П.Котчанка, Ф.Я.Кухараў, Э.В.Лаўрыновіч, А.С.Лукашэвіч, Ф.А.Малышаў, У.А.Парахневіч, Р.А.Такуеў, М.Тапівалдыеў. Партызаны кантралявалі многія шашэйныя і амаль усе грунтавыя дарогі, сарвалі спробы акупац. улад выкарыстаць для ваен. перавозу рэкі Бярэзіну, Дняпро, Зах. Дзвіну, Прыпяць, Сож, вывелі са строю Дняпроўска-Бугскі канал (гл.Дняпроўска-Бугская аперацыя 1943). Важнейшым відам барацьбы партызан быў разгром варожых гарнізонаў. На канец 1943 60% акупіраванай тэр. Беларусі ўтрымлівалі і кантралявалі партызаны (гл.Партызанскія зоны). Вял. значэнне ў баявой дзейнасці партызан адыгрывала партыз. разведка. Для забеспячэння перавозак і сувязі з сав. тылам дзейнічалі 41 партыз. аэрадром і 83 пляцоўкі для прыёму парашутыстаў і грузаў. За час акупацыі сав. лётчыкі зрабілі 5945 вылетаў і даставілі ў тыл ворага 2403,4 т розных грузаў, 2626 чал., вывезлі ў сав. тыл каля 9 тыс.чал., у т. л. дзяцей і цяжкапараненых. Важную ролю ў мабілізацыі партызан і насельніцтва на барацьбу з ворагам, актывізацыю баявых дзеянняў адыгрывалі масава-паліт. работа, друкаваныя выданні (гл.Друк падпольны), партызанская мастацкая самадзейнасць, канцэрты бел. артыстаў Л.П.Александроўскай, Р.В.Млодак, Дз.А.Арлова, П.С.Малчанава, І.М.Балоціна, Бел. ансамбля песні і танца і інш., якія трансліравала з сав. тылу радыёстанцыя «Савецкая Беларусь». З набліжэннем Чырв. Арміі партызаны вызвалялі асобныя нас. пункты, праводзілі баявыя аперацыі на чыг. магістралях, узаемадзейнічалі з партызанамі суседніх рэспублік (гл. ў арт.Музей баявой садружнасці беларускіх, рускіх, латышскіх і літоўскіх партызан, Музей савецка-польскай баявой садружнасці). У партыз. руху Беларусі прымалі ўдзел антыфашысты з краін Зах. Еўропы: балгары, венгры, немцы, славакі, французы, чэхі і інш. З найб. сілай разгарнуліся баявыя дзеянні партызан у час Беларускай аперацыі 1944, у ходзе якой яны знішчылі больш за 15 тыс. і ўзялі ў палон каля 17 тыс. варожых салдат і афіцэраў. Напярэдадні наступлення Чырв. Арміі ў ноч на 20.6.1944 партызаны падарвалі больш за 40 тыс.чыг. рэек, 29 чэрв. яшчэ 20 тыс., што парушыла работу аператыўнага тылу ворага, 144 партыз. брыгады і 80 асобных атрадаў перашкаджалі адступленню варожых войск, захоплівалі і ўтрымлівалі да падыходу Чырв. Арміі зручныя пазіцыі, пераправы, плацдармы, вызвалілі райцэнтры Капыль, Старобін, Узда, Рудзенск, Куранец, Астравец, Ілья, Відзы, Свір, Івянец, Карэлічы, Любча, чыг. станцыі Будслаў, Княгінін, Гудагай і інш., з часцямі Чырв. Арміі — Слуцк, Барысаў, Вілейку, Мінск, Пінск, Асіповічы, Клічаў, Любань, Докшыцы, Лагойск, Смалявічы, Стоўбцы, Чэрвень, Нясвіж, Маладзечна, Навагрудак, Ліду, Лунінец, Плешчаніцы, Капаткевічы, Івацэвічы і інш.; удзельнічалі ў ліквідацыі акружаных сіл праціўніка, дапамагалі Чырв. Арміі разведданымі. За час вайны ў партыз. руху прымала ўдзел больш за 374 тыс.чал., больш за 400 тыс.чал. складаў скрыты партыз. рэзерв. Свае дасягненні партызаны спалучалі з дзейнасцю патрыятычнага падполля ў нас. пунктах. Па падліках БШПР за 3 гады барацьбы партызаны падарвалі і пусцілі пад адхон варожыя 11 128 эшалонаў, 34 бронепаязды, разграмілі 29 чыг. станцый, 948 штабоў і гарнізонаў, падарвалі і знішчылі каля 19 тыс. аўтамашын, больш за 5,5 тыс. мастоў, разбурылі больш за 7 тыс.км тэлефонна-тэлеграфных ліній, збілі ў паветры і спалілі на аэрадромах 305 самалётаў, падбілі 1355 танкаў і бронемашын, знішчылі 438 гармат і 939 ваен. складоў, забілі і паранілі сотні тысяч гітлераўцаў і іх памагатых; захапілі 85 гармат, 278 мінамётаў, 1874 кулямёты, 20 917 вінтовак і аўтаматаў. Страты партызан склалі 44 791 чал.Партыз. рух падрываў і разладжваў тыл ням.-фаш. войск, прымушаў весці барацьбу на 2 франты. З мэтай ліквідацыі партыз. руху і пагрозы сваім войскам у тыле акупанты правялі больш за 140 карных аперацый. Зімой 1943 — вясной 1944 гітлераўскае камандаванне кінула супраць партызан да 11 дывізій вермахта, у 1-й пал. 1944—18 дывізій, у т. л. каля 8 ахоўных. Пасля вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у Мінску адбыўся партызанскі парад 1944. Больш за 180 тыс.бел. партызан уліліся ў Чырв. Армію, з іх 13 чал. сталі Героямі Сав. Саюза, 14 — поўнымі кавалерамі ордэна Славы. Па маштабах, паліт. і ваен. выніках партыз. рух на Беларусі набыў значэнне важнага ваенна-паліт. фактара. Самаадданая барацьба партызан і падпольшчыкаў атрымала ўсенар. прызнанне. Каля 130 тыс. з іх узнагароджаны ордэнамі і медалямі, 87 прысвоена званне Героя Сав. Саюза.
СПІС ДА КАРТЫ
Дыслакацыя партызанскіх злучэнняў, брыгад і асобных атрадаў на акупіраванай тэрыторыі Беларусі (чэрвень 1941 г. — ліпень 1944 г.)
Партызанскія брыгады
Баранавіцкая вобл. 1. 1-я Баранавіцкая, 2. 1-я Беларуская кавалерыйская, 3. 18-я імя Фрунзе, 4. 19-я імя Молатава, 5. 20-я імя Грызадубавай, 6. «25 год БССР», 7. «За Савецкую Беларусь», 8. імя Аляксандра Неўскага, 9. імя Варашылава, 10. імя Дзяржынскага, 11. імя Жукава. 12. імя Кірава, 13. імя Ленінскага камсамола, 14. імя Панамарэнкі, 15. імя Ракасоўскага, 16. імя Сталіна, 17. імя Суворава, 18. імя Чапаева, 19. імя Чкалава, 20. імя Шчорса, 21. «Камсамолец», 22. Ленінская, 23. «Няўлоўныя», 24. «Перамога», 25. «Першамайская», 26. «Уперад».
Беластоцкая вобл. 27. імя Аляксандра Неўскага, 28. імя Кастуся Каліноўскага, 9. імя Панамарэнкі, 30. імя Чапаева, 31. «У імя Радзімы».
Брэсцкая вобл. 32. 8-я, 33. 99-я імя Гуляева, 34. 150-я імя Языковіча, 35. «За Радзіму» імя Флегантава, 36. імя Дзяржынскага, 37. імя Леніна, 38. імя Панамарэнкі, 39. імя Свярдлова, 40. імя Сталіна, 41. імя Чапаева, 42. «Савецкая Беларусь».
Вілейская вобл. 43. 1-я імя Суворава, 44. 2-я імя Суворава, 45. 4-я Беларуская, 46. «За Радзіму», 47. 4-я «За Савецкую Беларусь», 48. імя Будзённага, 49. імя Варашылава, 50. імя Гастэлы, 51. імя Даватара, 52. імя Жукава, 53. імя Калініна, 54. імя Кутузава, 55. імя Леніна, 56. імя Ракасоўскага, 57. імя Фрунзе, 58. імя ЦККП(б)Б, 59. «Кастрычнік», 60. «Спартак».
Віцебская вобл. 61. 1-я Беларуская, 62. 1-я Беларуская (2-га складу), 63. 1-я Віцебская, 64. 1-я Віцебская (2-га складу), 65. 1-я Дрысенская, 66. 1-я імя Заслонава, 67. 1-я Смаленская, 68. 2-я Беларуская імя Панамарэнкі, 69. 2-я Беларуская імя Панамарэнкі (2-га складу), 70. 2-я Дрысенская, 71. 2-я імя Заслонава, 72. 2-я Ушацкая імя Панамарэнкі, 73. 3-я Беларуская, 74. 16-я Смаленская, 75. Асвейская імя Фрунзе, 76. Багушэўская, 77. Багушэўская (2-га складу), 78. «Граза», 79. Гудкова, 80. «За Савецкую Беларусь», 81. імя Варашылава, 82. імя ВЛКСМ, 83. імя Данукалава, 84. імя Кароткіна, 85. імя Кутузава, 86. імя Леніна, 87. імя Чапаева, 88. імя Чырванасцяжнага Ленінскага камсамола, 89. Крыўскага, 90. Лепельская імя Сталіна, 91. Лёзненская, 92. Расонская імя Сталіна, 93. Сенненская, 94. Чашніцкая «Дубава», 95. полк Смаленскі.
Гомельская вобл. 96. 1-я Буда-Кашалёўская, 97. 1-я Гомельская, 98. 8-я Рагачоўская, 99. 10-я Журавіцкая, 100. «Бальшавік», 101. Добрушская імя Сталіна, 102. «Жалязняк», 103. імя Панамарэнкі, 104. імя Чапаева, 105. імя Шчорса, 106. Лоеўская «За Радзіму», 107. «Мсцівец», 108. Рэчыцкая імя Варашылава, 109. «Уперад», 110. полк 225-ы.
Магілёўская вобл. 111. 1-я, 112. 1-я Асіповіцкая, 113. 1-я Бабруйская, 114. 1-я Клічаўская, 115. 2-я Клічаўская, 116. 3-я, 117. 3-я Бярэзінская, 118. 4-я Клічаўская, 119. 5-я, 120. 5-я Клічаўская, 121. 5-я Клятнянская, 122. 6-я Магілёўская, 123. 8-я Круглянская, 124. 9-я імя Кірава, 125. 9-я Кіраўская, 126. 11-я Быхаўская, 127. 13-я Касцюковіцкая, 128. 14-я Цемналеская, 129. 17-я, 130. 435-я, 131. 47-я «Перамога», 132. 61-я, 133. 115-я Горацкая, 134. 120-я, 135. 130-я «Помста», 136. 760-я імя Беразоўскага, 137. «Звязда», 138. «Чэкіст», 139. полк 15-ы, 140. полк 113-ы, 141. полк 121-ы імя Касаева, 142. полк 122-і «За Радзіму», 143. полк 152-і, 144. полк 277-ы, 145. полк 425-ы, 146. полк 537-ы, 147. полк 600-ы, 148. полк 810-ы, 149. полк «Трынаццаць».
Мінская вобл. 150. 1-я Антыфашысцкая, 151. 1-я Мінская, 152. 2-я Мінская, 153. 3-я Мінская імя Будзённага, 154. 12-я кавалерыйская імя Сталіна, 155. 25-я імя Панамарэнкі, 156. 27-я імя Чапаева, 157. 32-я імя Калініна, 158. 37-я імя Пархоменкі, 159. 64-я імя Чкалава, 160. 95-я імя Фрунзе, 161. 100-я імя Кірава, 162. 101-я імя Аляксандра Неўскага, 163. 121-я імя Брагіна, 164. 161-я імя Катоўскага, 165. 200-я імя Ракасоўскага, 166. 225-я імя Суворава, 167. 258-я імя Куйбышава, 168. 300-я імя Варашылава, 169. «Беларусь», 170. «Буравеснік», 171. «Дзядзькі Колі», 172. «Жалязняк», 173. «За Савецкую Беларусь», 174. імя Варашылава, 175. імя газеты «Правда», 176. імя Калініна, 177. імя Калініна, 178. імя Кірава, 179. імя Кірава, 180. імя Панамарэнкі, 181. імя Шчорса, 182. Лагойская «Бальшавік», 183. «Народныя мсціўцы» імя Варанянскага, 184. Нікіціна, 185. «Полымя», 186. «Разгром», 187. «Смерць фашызму, 188. «Стары», 189. «Чырвоны сцяг», 190. «Штурмавая».
Палеская вобл. 191. 2-я Калінкавіцкая, 192. 27-я Нараўлянская, 193. 37-я Ельская, 194. 50-я Жыткавіцкая, 195. 99-я Калінкавіцкая, 196. 100-я Глуская, 197. 101-я Даманавіцкая, 198. 123-я імя 25-годдзя БССР, 199. 125-я Капаткевіцкая, 200. 130-я Петрыкаўская, 201. 210-я Капаткевіцкая, 202. 225-я, 203. Васілевіцкая імя Панамарэнкі, 204. Лельчыцкая, 205. Мазырская імя Аляксандра Неўскага.
Пінская вобл. 206. імя Будзённага, 207. імя Кірава, 208. імя Куйбышава, 209. імя Леніна, 210. імя Молатава, 211. Пінская, 212. «Савецкая Беларусь», 213. полк 208-ы імя Сталіна.
Партызанскія атрады
Баранавіцкая вобл. 214. 21-ы, 215. 125-ы імя Сталіна, 216. 200-ы, 217. 620-ы Дука, 218. 620-ы імя Чапаева, 219. Алыбіна, 220. «Гвардыя», 221. «Громава», 222. Дзенісенкі, 223. імя Жданава, 224. імя Калініна, 225. імя Кірава, 226. імя Кутузава, 227. імя Ленінскага камсамола, 228. Картухіна, 229. «Наватары», 230. Свентаржыцкага, 231. Семянцова, 232. «Слаўны», 233. Сухарукага, 234. Шчарбіны.
Беластоцкая вобл. 235. 550-ы, 236. «Баявы» імя Дунаева, 237. «Вест», 238. «За Радзіму», 239. імя Багдана Хмяльніцкага, 240. імя Будзённага, 241. імя Дзяржынскага, 242. імя Жукава, 243. імя Калініна.
Брэсцкая вобл. 244. 113-ы, 245. 345-ы, 246. 347-ы. 247 Глазінава, 248. «За Радзіму», 249. імя Будзённага, 250. імя Бярэнчыка, 251. імя Валькова, 252. імя Варашылава, 253. імя Варашылава, 254. імя Катоўскага, 255. імя Катоўскага (2-га складу), 256. імя Кірава, 257. імя Кутузава, 258. імя Сталіна, 259. імя Тэльмана, 260. імя Тэльмана, 261. імя Фрунзе, 262. імя Чапаева, 263. імя Чарнака, 264. імя Шчорса, 265. Казлова, 266. Кірылы Іванавіча, 267. Маларыцкі, 268. Манахава, 269. «Паддубнага», 270. «Старшыны», 271. «Сцяг», 272. Топкіна, 273. «Хадакі», 274. «Чэкіст».
Вілейская вобл. 275. Агітацыйны імя Горкага, 276. «Баец», 277. «Баявы», 278. імя Катоўскага, 279. імя Панамарэнкі, 280. імя Сталіна, 282. «Спартак», 282. Суслава, 283. «Трэція».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
В’ЕТНА́М (Viêt Nam),
Сацыялістычная Рэспубліка В’етнам (Công Hòa Xã Hôi Chu Nghia Viêt Nam), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі. Займае ўсх.ч. п-ва Індакітай. Абмываецца на У і ПдПаўд.-Кітайскім морам, яго залівамі Бакбо (Танкінскі) і Сіямскім. Мяжуе з Кітаем (на Пн), Лаосам і Камбоджай (на З). Падзяляецца на 50 правінцый; 3 гарады цэнтр. падпарадкавання (Ханой, Хайфон, Хашымін). Захоўваецца і гісторыка-геагр. падзел на Паўн. частку (Бакбо), Цэнтр. (Чунгбо) і Паўд. (Намбо). Пл. 329,6 тыс.км². Нас. 71,8 млн.чал. (1993). Сталіца — г.Ханой. Дзярж. мова в’етнамская. Нац. свята — Дзень абвяшчэння Дэмакр. Рэспублікі В’етнам (2 вер.).
Дзяржаўны лад. В’етнам — сацыяліст. дзяржава. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае Нац. сход тэрмінам на 4 гады. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. сход (395 дэпутатаў) — выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 4 гады. Вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган — Урадавы савет (урад) — узначальвае прэм’ер-міністр.
Прырода. Большую частку тэр. займаюць невысокія і сярэдневышынныя горы. Найб. узвышаная паўн.-зах. частка — хр. Хаангльеншон з вяршыняй Фаншыпан (3143 м). Уздоўж зах. межаў цягнуцца горы Чыангшон (Анамскія) з лакальнымі пласкагор’ямі і плато (найб. Кантум і Даклак на Пд). Каля ўзбярэжжаў — нізіны, найб. значныя ў дэльтах рэк Меконг (каля 50 тыс.км²) і Хангха (каля 15 тыс.км²). Карысныя выкапні (знаходзяцца пераважна на Пн): каменны вугаль (геал. запасы каля 15 млрд.т), жалезная руда, волава, свінец, цынк, малібдэн, вальфрам, тытан, баксіты, храміты, марганец, фасфарыты і апатыты; вял. запасы нафты і газу ў нетрах шэльфа Паўд.-Кітайскага м. Клімат субэкватарыяльны мусонны, на Пн трапічны. Зіма на Пд гарачая, на Пн халаднаватая, лета ўсюды гарачае. Сярэдняя т-растудз. на раўнінах на Пн 15 °C, на Пд 26 °C, ліп. адпаведна 28 °C і 29 °C. У гарах халадней. Вылучаюцца 2 сезоны: летні (з сярэдзіны мая да сярэдзіны кастр.) — гарачы і дажджлівы; зімовы (з сярэдзіны кастр. да сярэдзіны сак.) — цёплы і сухі. Восенню бываюць тайфуны, у далінах рэк і на ўзбярэжжы — разбуральныя навадненні. Ападкаў 1500—2000 мм за год, у гарах да 3000 мм. Большая частка іх прыпадае на летні сезон. Рэкі горныя — кароткія, парожыстыя і мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй (сумарныя рэсурсы 15 млрд.кВт). На Пд ніжняе цячэнне р. Меконг, на Пн сярэдняе і ніжняе р. Хангха (Чырвоная). Прыкладна 40% тэр. (амаль выключна ў гарах) пад вечназялёнымі субтрапічнымі і трапічнымі лясамі. Вышэй за 600—700 м на Пн і 1000—1200 м на Пд побач з трапічнымі пародамі растуць дуб, бук, каштан, хвоя. Значныя ўчасткі, асабліва ў дэльце Меконга, заняты балотнай расліннасцю, у прыбярэжнай паласе — мангравыя зараснікі.
Насельніцтва. Налічваецца больш як 60 народнасцей і плямён. Асноўнае насельніцтва — в’етнамцы, або кінь (прыкладна 87%), якія жывуць пераважна на раўнінах, у перадгорных раёнах і ў гарадах. Блізкія да іх мыонгі (каля 1 млн.чал.). На Пд на раўнінах жывуць кхмеры (каля 1 млн.), ва ўзвышаных і горных раёнах на Пн — горныя таі (каля 2,5 млн.чал.), меа, ман і горныя моны, на ПдЗ — горныя кхмеры, на ПдУ — чамы і горныя чамы. У гарадах жыве каля 2 млн. кітайцаў. Сярод большай часткі вернікаў пашыраны будызм, які цесна пераплецены з даасізмам, канфуцыянствам, культам продкаў, ёсць хрысціяне (пераважна католікі), чамы — брахманісты і мусульмане. Частка горных плямён захоўвае стараж.традыц. вераванні. Сярэдняя шчыльн. 218 чал. на 1 км² (ад 20—30 чал. на 1 км² у гарах да 1000—1500 чал. на 1 км² у асвоеных нізінных раёнах). Гар. насельніцтва 20% (1993). Найб. гарады (тыс.ж., 1989): Хашымін — 3924, Хайфон — 1448, Ханой — 1088, Дананг — 370, Кантхо — 284, Нячанг — 270, Хюэ — 260, Намдынь — 220, Лангсюен — 214, Куінён — 202.
Гісторыя. Тэр. В’етнама заселена чалавекам у ніжнім палеаліце. Непасрэднымі продкамі в’етнамцаў былі лакв’еты. У 3 ст. да н.э. на Пн В’етнама ўтварыліся протадзяржавы Намв’ет і Аўлак, якія ў 111 да н.э. былі заваяваны стараж. кітайцамі. Пазней тут распаўсюдзіліся будызм махаянісцкага толку і канфуцыянства. На Пд В’етнама каля 2 ст.н.э. ўзнікла протадзяржава Цьямпа, якая знаходзілася пад уплывам Стараж. Індыі (будызм хінаянісцкага толку, індуізм у шываісцкай форме). У пач. 10 ст.Паўн. В’етнам вызваліўся ад кіт. панавання. Тут правілі каралі з дынастый Кхук [906—923], Ню [939—965], Дзінь [968—981; засн. военачальнікам Дзінь Бо Лінем, які назваў краіну Дайкав’ет — Вялікі стараж. В’ет], Ранніх Ле [981—1009]; у 10—11 ст. захоплены паўн. землі Цьямпы. Пры ўладарах дынастыі Лі [1010—1225] створана цэнтралізаваная дзяржава, у 1069 назва краіны зменена на Дайв’ет (Вялікі В’ет). Пасля палацавага перавароту 1225 сваяк караля Чан заснаваў аднайм. дынастыю (існавала да 1400). Яе ўладары стварылі моцную армію і баяздольны флот, пры падтрымцы народа адбілі ўварванні манголаў [паводле мірнага дагавора 1289 кіт. (манг.) дынастыя Юань фармальна прызнавалася сюзерэнам Дайв’ета; арганізатар абароны краіны галоўнакамандуючы Чан Хынг Дао стаў нац. героем]. З 1371 кіраўніком урада і фактычным правіцелем быў Хо Кюі Лі, які абмежаваў спадчынныя ўладанні знаці, упарадкаваў падаткаабкладанне і інш., аднак уварванне кіт. войск паклала канец праўленню заснаванай ім дынастыі Хо [1400—07]. Пасля вываду кіт. войск у выніку выступленняў патрыётаў-в’етаў іх кіраўнік Ле Лоі заснаваў дынастыю Позніх Ле [1428—1789] і прадоўжыў рэформы Хо (адноўлены статус абшчыны, праведзены адм. рэформа і ўлік зямлі, немаёмныя сяляне атрымалі надзелы). У 1471 канчаткова далучаны паўд. землі Цьямпы. У выніку аслаблення ўлады правіцеляў дому Ле (з 16 ст.) і міжусобіц 17 ст.Пн краіны фактычна захапілі буйныя саноўнікі Чыні, Пд — Нгуены. У 17 ст. ў Дайв’еце з’явіліся партуг., ісп., франц. місіянеры-католікі. Масавыя сял. выступленні (з 2-й пал. 18 ст.) у абедзвюх частках краіны перараслі ў тэйшонаў паўстанне пад лозунгам аднаўлення ўлады дынастыі Ле. Пасля спынення дынастыі Ле (1789) Нгуены пры падтрымцы французаў задушылі паўстанне і аб’ядналі дзяржаву пад сваёй уладай (1802). Пры імператарскай дынастыі Нгуенаў [1802—1945] у 1-й пал. 19 ст. адноўлена разбураная паўстаннем гаспадарка, умацавана сістэма адм. улады, пашырыліся кантакты з Францыяй. З 1804 краіна афіцыйна наз. В’етнам (Паўднёвы В’ет). У 1858 пачаўся захоп В’етнама французамі, якія пад выглядам абароны каталіцкіх місіянераў увялі ваен. эскадру ў бухту Дананг, у 1859 занялі Сайгон. Пазней акупіравана зах. частка Паўд. В’етнама — Кахінхіны (Намбо), што замацавана дагаворам 1862, у 1867 анексіравана астатняя ч. краіны. Паводле франка-в’етнамскага дагавора 1874 увесь Пд В’етнама трапіў пад уладу франц.калан. адміністрацыі. У ходзе 2-й франка-в’етн. вайны 1883—84 франц. войскі занялі ключавыя ваен. пазіцыі ў краіне і прымусілі яе правіцеляў прызнаць пратэктарат Францыі над усім В’етнамам. Пратэктарат быў падзелены на 2 часткі: паўн. (Танкін, ці Бакбо) і цэнтр. (Анам, Чунгбо). З 1893 калонія Кахінхіна і пратэктараты Анам і Танкін у складзе франц. Індакітайскага саюза (разам з Камбоджай і Лаосам). Французы заснавалі ў В’етнаме горназдабыўную прам-сць, вытв-сць рысу (76% экспарту), кавы, чаю, каўчуку. В’етн. памешчыкі валодалі 50%, каланізатары — 9% зямель. 58% мясц. сялян не мелі ўласнай зямлі. У канцы 19 ст. зарадзіўся нац.-вызв. рух (рух «вернасці імператару», партыз. выступленні сялян). У 1904 створана Таварыства абнаўлення В’етнама (выступала за выгнанне французаў з дапамогай Японіі і стварэнне канстытуцыйнай манархіі), якое ў 1912 рэарганізавана ў Таварыства адраджэння В’етнама. У 1919—20 пачаў рэв. дзейнасць Хо Шы Мін. У 1923 засн. Канстытуцыйная партыя (выступала за рэформу калан. парадкаў і наданне краіне статуса дамініёна), у 1927 — Нац. партыя В’етнама (патрабавала ліквідаваць калан. рэжым). Падрыхтаванае апошняй Йенбайскае паўстанне 1930 пацярпела няўдачу. У 1930-я г. ў нац.-вызв. барацьбу ўключылася Камуніст. партыя В’етнама (засн. ў пач. 1930, з кастр. 1930 наз.Камуніст. партыя Індакітая — КПІК). На пач. 2-й сусв. вайны тэр. В’етнама акупіравана яп. войскамі (1940—41); захавалася і франц.калан. адміністрацыя. У маі 1941 пад кіраўніцтвам КПІК створана Ліга барацьбы за незалежнасць В’етнама (гл.В’етмінь). 9.3.1945 японцы ліквідавалі франц. адміністрацыю і абвясцілі фіктыўную незалежнасць В’етнама. У выніку перамогі ўзбр. паўстання 1945 (гл.Жнівеньская рэвалюцыя 1945) скінута ўлада японцаў, 2.9.1945 у г. Ханой абвешчана Дэмакр. Рэспубліка В’етнам (ДРВ). У хуткім часе Пн краіны акупіравалі кіт. (гаміньданаўскія), Пд — брыт. войскі; потым вярнуліся французы. Паводле в’етн.-франц. пагадненняў 1946 ДРВ прызнана незалежнай дзяржавай у рамках Індакіт. федэрацыі і Франц. саюза; брыт. і гаміньданаўскія войскі заменены французскімі. У 1946 адбыліся выбары ў мясц. органы ўлады і Нац. сход (парламент), прынята Канстытуцыя ДРВ (ліст. 1946), створаны Нац. саюз В’етнама (гл.Льен-В’ет); КПІК вымушана была перайсці на нелегальнае становішча. Французы правакавалі сутыкненні, патрабавалі раззброіць узбр. сілы ДРВ. Каб захаваць свае калан. пазіцыі, Францыя 19.12.1946 пачала вайну ў Індакітаі. У 1950 ваен. ініцыятыва перайшла да в’етн.нар. арміі, якая вяла вайну Супраціўлення. Ва ўмовах вайны ў ДРВ у 1949 пачаліся агр. пераўтварэнні, якія з 1953 перараслі ў ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і размеркаванне зямель сярод сялян. У 1950 ДРВ прызнана Сав. Саюзам і інш. краінамі. У 1951 КПІК перайменавана ў Партыю працоўных В’етнама (ППВ). У сак. 1954 часці в’етн.нар. арміі акружылі ўмацаваны раён Дзьенб’енфу, дзе знаходзіліся гал. сілы франц. экспедыцыйнага корпуса, і праз 2 месяцы французы капітулявалі. Паводле Жэнеўскіх пагадненняў 1954 аб Індакітаі тэр. В’етнама падзелена дэмаркацыйнай лініяй уздоўж 17-й паралелі (на Пн ад яе канцэнтраваліся войскі ДРВ, на Пд — войскі паўд.-в’етн. ўрада, створанага французамі ў 1949), выводзіліся франц. войскі, прадугледжваліся свабодныя агульнав’етн. выбары пад наглядам міжнар. камісіі і інш. Аднак паўд.-в’етн. ўлады адмовіліся ад удзелу ў выбарах і пад уплывам ЗША стварылі ў 1955 т.зв. Рэспубліку В’етнам (РВ) са сталіцай у Сайгоне. У ДРВ з 1954 праводзіўся курс на пабудову сацыялізму на ўзор СССР. Да 1958 адноўлена разбураная вайной гаспадарка. У 1960 пачалася індустрыялізацыя, прынята новая канстытуцыя. Ва ўмовах супраціўлення праамерыканскаму дыктатарскаму рэжыму Нго Дзінь Зьема ў Паўд. В’етнаме ў снеж. 1960 узнік Нацыянальны фронт вызвалення Паўднёвага В’етнама (НФВПВ), які меў на мэце стварэнне незалежнага дэмакр. і нейтральнага Паўд. В’етнама, аб’яднанне краіны мірным шляхам. Пад націскам мас у 1963 скінуты непапулярны Нго Дзінь Зьем, аднак уладу захапіў генералітэт. У 1965 устаноўлены ваенна-дыктатарскі рэжым ген. Нгуен Ван Тхіеў. У выніку ваен. пагаднення 1961 паміж ЗША і РВ колькасць амер. ваеннаслужачых у Паўд. В’етнаме павялічылася з 200 чал. у 1954 да 25—30 тыс. у 1964. Ва ўмовах няўдалай барацьбы паўд.-в’етн. арміі супраць ваен. атрадаў (у т. л. партызанскіх) НФВПВ, якім аказвала дапамогу ДРВ, адбылося прамое ваен. ўмяшанне ЗША (пазней і іх саюзнікаў). З 1965 амерыканцы пачалі сістэм. бамбардзіроўкі тэр. ДРВ і карныя аперацыі на Пд В’етнама. Да 1969 амер.ваен. кантынгент у РВ налічваў 543 тыс.чал., а таксама 69 тыс. ваеннаслужачых з Паўд. Карэі, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Тайланда і Філіпін. Вайна з боку ЗША вялася жорсткімі метадамі (гл.Сангмі). Нягледзячы на 4-разовую колькасную перавагу, амерыканцы і іх саюзнікі не здолелі знішчыць асн. сілы праціўніка, які спалучаў класічныя і партыз. метады вядзення вайны — пазбягаў франтальных сутыкненняў з буйнымі амер. злучэннямі і прымушаў іх трымаць у рэзерве значныя сілы для аховы ўласных ваен. баз і камунікацый. На вызваленых патрыят. сіламі тэрыторыях у 1968—69 праведзены выбары, у чэрв. 1969 створаны Часовы рэв. ўрад Рэспублікі Паўднёвы В’етнам (РПВ), які далучыўся да ўдзелу ў перагаворах па в’етн. пытанні ў Парыжы (пачаліся ў сак. 1968 паміж прадстаўнікамі ДРВ, РВ, ЗША). На пач. 1970-х г. РПВ прызнана 40 дзяржавамі свету. Ва ўмовах росту антываен. выступленняў унутры ЗША і падзення іх міжнар. прэстыжу новае амер.паліт. кіраўніцтва на чале з прэзідэнтам Р.Ніксанам узяло курс на «в’етнамізацыю» вайны (з 1969) — паступовы перанос асн. цяжару баявых дзеянняў на паўд.-в’етн. армію пры захаванні матэрыяльнай і ваен.-тэхн. дапамогі з боку ЗША. Да пач. 1973 амер.ваен. кантынгент скарочаны да 69 тыс.чал. Пасля падпісання Парыжскага пагаднення 1973 з В’етнама выведзены войскі ЗША і іх саюзнікаў. Аднак вайна ў В’етнаме працягвалася і скончылася паражэннем сайгонскага рэжыму (30.4.1975 вызвалены Сайгон). Гэтым завершана аб’яднанне краіны: у ліст. 1975 склікана Паліт. кансультатыўная нарада па аб’яднанні Паўн. і Паўд. В’етнамаў; абраны на ўсеагульных выбарах адзіны Нац. сход 2.7.1976 абвясціў Сацыяліст. Рэспубліку В’етнам — СРВ. Цяжкія вынікі вайны (у т. л. знішчэнне 50% лясных масіваў і 20% с.-г. угоддзяў), нізкая эфектыўнасць эканомікі, вайна В’етнама ў Камбоджы (1979), пагран. канфлікт 1979 з Кітаем і інш. спарадзілі эканам. праблемы. У 1988 дэмакратычная і сацыялістычная партыі самаліквідаваліся, паліт. кіраўніцтва СРВ (камуніст. партыя) стала праводзіць курс на паступовыя рыначныя пераўтварэнні эканомікі. У 1992 прынята новая канстытуцыя (замяніла канстытуцыю 1980), праведзены выбары ў Нац. сход. В’етнам — член ААН (з 1977), АСЕАН (з 1995). Дыпламат. адносіны з Беларуссю ўстаноўлены ў 1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Камуніст. партыя В’етнама, Саюз камуніст. моладзі Хо Шы Міна, Айчынны фронт В’етнама, Усеагульная канфедэрацыя працоўных В’етнама.
Гаспадарка. В’етнам — індустрыяльна-аграрная дзяржава. Прамысловасць дае асноўную ч. валавога ўнутр. прадукту і экспарту, аднак большасць насельніцтва (65%) занята ў сельскай гаспадарцы. Здабываюць каменны вугаль і нафту — па 4,8 млн.т (1992), вальфрам, волава, апатыты, храміты, марганцавыя руды, соль з марской вады, буд. матэрыялы. Асн. цэнтры здабычы вугалю Хангай, Камфа, Куангйен, апатытавы руднік у Лакаі, руднік па здабычы хрому з абагачальнай ф-кай у Кадзіне, алавяны камбінат у Каабангу. Асн. цэнтр нафтаздабычы г. Вунгтаў. Электраэнергетыка пераважна на каменным вугалі, вытв-сць электраэнергіі 9,8 млрд.кВт∙гадз (1992). Ёсць прадпрыемствы чорнай (Тхайнгуен, Б’енхаа) і каляровай (Ціньтук) металургіі. Машынабудаванне і металаапрацоўка прадстаўлены вытв-сцю дызеляў, помпаў, с.-г. тэхнікі, трансп. сродкаў (у т. л. невялікіх рачных і марскіх суднаў), разнастайных механізмаў (Ханой, Хайфон, Хашымін, Б’енхаа, Міньхай, Вінь). Ёсць прадпрыемствы па рамонце самалётаў, суднаў, аўтамашын, зборцы веласіпедаў, рухавікоў, матаролераў, гадзіннікаў, радыёапаратуры. Хім.прам-сць (вытв-сцьмінер. угнаенняў) развіваецца ў правінцыях Хабак, Ламтхаа, вытв-сць цэменту і будматэрыялаў — у Ханоі, Хайфоне, правінцыі Хатуен, працуюць лесапільныя і дрэваапрацоўчыя, цэлюлозна-папяровыя, мэблевыя, па вытв-сці чарапіцы, жалезабетонных вырабаў, шкла, піламатэрыялаў, запалак і інш. прадпрыемствы. Развіта лясная гаспадарка, нарыхтоўка каштоўных парод дрэў (жалезнага, чорнага, палісандравага, розных відаў бамбуку). У лясах праводзіцца збор кардамону, бадзяну, карыцы, бензою, камедзі, каніфолі, сыравіны для дубільных і фарбавальных рэчываў. Лёгкая (баваўняная, трыкат., абутковая) і харч. (рысаачышчальная, цукровая, чайная, рыбаперапрацоўчая, кансервавая, вытв-сць эфірных алеяў) прам-сць. Прадпрыемствы мясц. прам-сці і кааператываў вырабляюць цукар, патаку, піва, рыбны соус (традыцыйны харч. прадукт), тытунёвыя вырабы, рэчы хатняга ўжытку, тканіны, абутак, мыла і інш. Саматужная вытв-сць і маст. рамёствы даюць каля ⅓ прамысл. прадукцыі і больш як 1/5 кошту экспарту. У сельскай гаспадарцы пераважае раслінаводства. Пасяўныя пл. — 8,2 млн.га (1992), каля паловы іх арашаецца. На большай частцы зямель штогод здымаюць 2—3 ураджаі. 86% пасяўных пл. займаюць харч. культуры, пераважна рыс (у дэльтах рэк Меконг і Хангха, на прыбярэжных раўнінах), а таксама батат, кукуруза, маніёк, проса. Валавы збор харч. культур у пераліку на рыс склаў 24 млн.т (1992). З тэхн. культур вырошчваюць цукр. трыснёг, чай, тытунь, джут, арахіс, бавоўну, каву, каўчуканосы (гевею). Развіта трапічнае садоўніцтва (пераважна бананы і ананасы), вырошчваюць гародніну, кветкі, лекавыя травы. Буйн. раг. Жывёлы (1993), гал. чынам буйвалаў, што выкарыстоўваюцца як цяглавая сіла, 3,3 млн. галоў, свіней 14,9 млн. галоў, коней 133 тыс. галоў. Птушкагадоўля. У сажалках, на рысавых палях, рэках і морах — рыбалоўства (сумарны ўлоў рыбы 1080 тыс.т; 1993). Транспарт прадстаўлены сеткай вузкакалейных чыгунак (пераважная шырыня каляі 1 м, даўж. 3,1 тыс.км, у т. л.гал. чыгунка Ханой—Хашымін — 1,8 тыс.км), суднаходных рэк, праток і каналаў каля 40 тыс.км, аўтадарог больш за 300 тыс.км. 17 марскіх і рыбалоўных партоў, у т. л. Хашымін, Хайфон, Дананг, Камфа. 100 аэрадромаў і аэрапортаў, міжнар. аэрапорты ў Ханоі і Хашыміне. Экспарт 2,4 млрд.дол., імпарт 2,3 млрд.дол. (1992). Экспартуюцца с.-г. і рамесніцкая прадукцыя, вугаль, мінералы і руды, нафта, морапрадукты, баваўняныя тканіны, каўчук, чай, драўніна, некаторыя тавары нар. спажывання, у асобныя гады рыс. Імпартуюцца электронныя і эл.-тэхн. вырабы, прадукцыя хім. прам-сці, трансп. сродкі, нафтапрадукты, лекі, бавоўна, угнаенні, зерне. Гал.гандл. партнёры: Тайвань, Сінгапур, Сянган, КНР, Філіпіны, Японія, Расія. В’етнам атрымлівае значную дапамогу ад шэрагу краін (Японія, Францыя, Вялікабрытанія). Беларусь экспартуе ў В’етнам пракат чорных металаў, грузавікі, трактары, падшыпнікі, матацыклы, імпартуе пераважна натуральны каўчук. Арганізаваны 2 сумесныя прадпрыемствы па вытв-сці натуральнага каўчуку. Грашовая адзінка — донг.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя В’етн.нар. армію (ВНА; складаецца з сухап. войск, ВПС, войск ППА і ВМС) і войскі МУС, а таксама ірэгулярнае нар. апалчэнне. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У ВНА больш за 850 тыс.чал. (1994). Сухап. войскі (700 тыс.чал.) падзяляюцца на палявыя і мясцовыя. Усяго ў іх 62 пях. і механізаваныя і 8 інж. дывізій, 10 бранятанк. брыгад, 15 асобных пях. палкоў, 10 брыгад палявой артылерыі, 20 асобных інж. брыгад; маюць 1750 танкаў (Т-34, -54, -55 і тыпу 59), каля 1700 адзінак інш. бранятанк. тэхнікі, каля 3 тыс. гармат палявой і процітанк. артылерыі, каля 10 тыс. мінамётаў і інш. У ВПС (каля 15 тыс.чал.) 4 авіяц. дывізіі (у т. л. 2 знішчальна-бамбардзіровачныя і 5 знішчальных палкоў, 3 палкі ваен.-трансп. авіяцыі), каля 270 баявых самалётаў і верталётаў (у т. л. знішчальнікі-бамбардзіроўшчыкі Су-17, Су-22, знішчальнікі МіГ-21 біс і верталёты Мі-24). Войскі ППА (каля 100 тыс.чал.) складаюцца з зенітна-ракетных і радыётэхн. войск і зенітнай артылерыі, зведзеных у дывізіі і брыгады, якія маюць 66 комплексаў SA-2, -3 і -6, каля 100 радыёлакацыйных станцый, больш за 1000 гармат зенітнай артылерыі. У складзе ВМС (42 тыс.чал.) надводныя караблі (7 фрэгатаў, 64 патрульныя і вартавыя катэры, 8 ракетных і 21 тарпедны катэр, 7 дэсантных караблёў), марская пяхота (каля 30 тыс.чал., 2 брыгады, ёсць плаваючыя танкі, бронетранспарцёры, лёгкая артылерыя), часці берагавой абароны (маюць лёгкія танкі, баявыя машыны пяхоты, каля 100 гармат берагавой артылерыі і зенітна-ракетныя сродкі), якія аб’яднаны ў ваенна-марскія базы і раёны. Войскі МУС складаюцца з войск унутр. аховы і пагранічных, маюць пераважна лёгкую артыл. і стралк. зброю. Нар. апалчэнне — масавая ваенізаваная арг-цыя, якая фарміруецца паводле тэр.-вытв. адзнакі і забяспечвае падрыхтоўку і мабілізацыйнае разгортванне ваенна-абучанага рэзерву ВНА.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 63, жанчын 68 гадоў. Смяротнасць 8 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 298 чал., урачамі — 1 на 2843 чал. Узровень нараджальнасці 27 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць 46 на 1 тыс. нованароджаных (1994).
Асвета. Сістэма адукацыі В’етнама ўключае ўстановы дашкольнага выхавання, агульнаадук. школу, сярэднія спец.навуч. ўстановы, прафес. вучылішчы, ВНУ. Паводле звестак ЮНЕСКА, непісьменнасць у В’етнаме знізілася да 12,4% (1990). У 1961 пачалі стварацца 1-гадовыя падрыхтоўчыя класы для дашкольнікаў, якія сталі абавязковымі. 12-гадовая агульнаадук. школа прадугледжвае 2 ступені: 1—5-ы кл. і 6—12-ы кл. (навучанне на 2-й ступені на працягу 4 гадоў дае няпоўную сярэднюю адукацыю; наступнае навучанне на працягу 3 гадоў — поўную сярэднюю). Пач. і няпоўная сярэдняя адукацыя абавязковая. Прафес. адукацыю даюць прафес.-тэхн. вучылішчы і тэхнікумы. Ствараецца сістэма завочнай і вячэрняй (сярэдняй і вышэйшай) адукацыі. На прадпрыемствах вядзецца курсавая падрыхтоўка рабочых кадраў без адрыву ад вытв-сці. У сістэму вышэйшай адукацыі ўваходзяць ун-ты, ін-ты, вышэйшыя школы і вучылішчы (тэхн. і пед.). Тэрмін навучання ў ВНУ 4—5 гадоў, у вышэйшых школах і вучылішчах 3—4 гады. Буйнейшыя ВНУ: Ханойскі ун-т (з 1918), ун-ты ў гарадах Хашымін, Хюэ, Кантхо, Далат; політэхн., пед., мед. ін-ты, кансерваторыя (усе з 1955), ін-ты нар. гаспадаркі (з 1956), сувязі (1969), інжынераў транспарту (1968) — усе ў Ханоі. Б-кі: Нац., Цэнтральная, Ханойскага ун-та і інш. Музеі: Нац. музей, Музей прыгожых мастацтваў і інш.Навук. даследаванні вядуцца ў н.-д. установах, ун-тах і галіновых ін-тах.
Друк, радыё, тэлебачанне. Выходзіць больш як 100 цэнтральных, а таксама правінцыяльных перыяд. выданняў. Буйнейшыя газеты «Nhân dân» («Народ», з 1951), «Lao dông» («Праца», з 1943), «Dôc lâp» («Незалежнасць», з 1953), «Tô quôć» («Радзіма», з 1946), «Tiê’n phong» («Авангард», з 1953), «Hanoi Moi» («Новы Ханой»). Асноўныя радыё- і тэлестанцыі размешчаны ў буйных гарадах: Ханой, Хашымін, Хайфон, Дананг. Ханойская радыёстанцыя «Голас В’етнама» (з 1945) вядзе перадачы на в’етнамскай, англ., франц., кіт. і яп. мовах. Тэлецэнтр у Ханоі працуе з 1971. Афіц.дзярж.інфарм. орган — В’етнамскае інфарм. агенцтва (ВІА, з 1945).
Літаратура. Старажытны фальклор в’етнамцаў — гэта цыкл міфал. паданняў пра гасудара Дракона Лака, першапродка і першанастаўніка людзей, багатырская казка пра героя Фу Донга, паданні пра буд-ва Крэпасці-смаўжа, пра старадаўніх ваяўніц сясцёр Чынг. Раннія помнікі в’етн. пісьменства датуюцца 10—12 ст. У 13—14 ст. развівалася прыдворная паэзія, пазначаная сузіральным будыйскім светаадчуваннем. Патрыят. настроі ў вершах і рытмічнай прозе пра барацьбу з манг. нашэсцем у 13 ст. У канцы 14 ст. ў паэзіі з’явіліся тэмы сац. пратэсту, раннія сац. утопіі. На аснове апавядальнага фальклору і летапіснай традыцыі пачала фарміравацца навела. У 15 ст. паэзія развівалася на гутарковай в’етн. мове («Зборнік вершаў на роднай мове» Нгуен Чая). У гэтым працэсе ўдзельнічала літ. аб’яднанне «Збор дваццаці васьмі зорак» на чале з імператарам Ле Тхань Тонгам. У 16—17 ст. з’явілася рытмічная проза. Выдатны помнік канца 17 — пач. 18 ст.гіст.-эпічная паэма «Кніга нябеснага Поўдня» — апавяданні пра подзвігі гіст. асоб і легендарных герояў В’етнама. У 18 — пач. 19 ст. зарадзілася лірычная паэма (нгэм), росквіту дасягнула апавядальная паэма (чуен). Сінтэз гэтых жанраў — у паэме Нгуен Зу «Стогны спакутаванай душы». У прозе з’явіўся раман-эпапея («Імператар Ле — аб’яднальнік краіны»). З 2-й пал. 19 ст.л-ра В’етнама развівалася ва ўмовах нац.-вызв. руху. У паэзіі пераважалі патрыят. матывы (Нгуен Дзінь Цьеў), узмацнілася сатыр. накіраванасць твораў (Нгуен Кхюен, Ту Сыонг). Паэзія і публіцыстыка пач. 20 ст. адлюстроўвалі ідэі асветніцтва, грамадз. пафас (Фан Бой Цяў). Фарміруюцца сучасныя празаічныя жанры: навела, раман, драма. У 1930-я г. ўзнік рух «Новай паэзіі», які садзейнічаў перабудове сістэмы вершаскладання, вызваленню чалавека ад феад. перажыткаў. У 1920—30-я г. зарадзілася рэв.л-ра (То Хыў, Хо Шы Мін), фарміраваўся рэаліст. кірунак (проза Нгуен Конг Хаана, Нгуен Хонга, Нго Тат То і інш.). У гады Супраціўлення і «двух В’етнамаў» (1945—75) л-ра на фоне далейшай дэмакратызацыі літ. мовы вяла пошукі маст. формы твораў. З 1976 л-ра В’етнама развіваецца ва ўмовах аб’яднанай дзяржавы (творчасць Нгуен Хюі Тыонга, Нгуен Конг Хаана, То Хыў, Хюі Кана, Тэ Ханя, Нгуен Туана, Нгуен Хонга, Суан Зьеў, Тэ Лан В’ена, То Хаая, Нгуен Дзінь Тхі). На бел. мове выдадзены асобнымі кнігамі анталогія в’етн. паэзіі «Апалены лотас» (пер. Я.Семяжона, 1968), зб. апавяданняў Нгуен Конг Хаана «Зачараваная манета» (пер. Г.Шаранговіч і В.Бурносава, 1973), раман Нгуен Дзінь Тхі «Абвальваюцца берагі» (пер. Л.Салаўя, 1981), зб. вершаў Хо Шы Міна «Турэмны дзённік» (пер. Я.Сіпакова, 1985).
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Самыя стараж. помнікі маст. культуры на тэр. В’етнама (бронзавыя барабаны) адносяцца да данешонскай культуры (10—1 ст. да н.э.). Стараж.арх. помнік — г. Калоа (3 ст. да н.э., Паўн. В’етнам), абнесены 9 канцэнтрычнымі сценамі (захаваліся часткі). Найб. вядомыя пабудовы адносяцца да эпох Позніх Лі і Чан: будыйскі храм Тхонг-Нгіем (1010), «Храм літаратуры» ў гонар Канфуцыя (1070), пагада Мот-Кот (1049, адноўлена ў 1956) у Ханоі і інш. Захаваліся храмавыя комплексы Тай-Фыонг паблізу Ханоя (17 ст.), Кэо ў правінцыі Тхайбінь (1632), грамадскія будынкі «дзынь» у в. Дыньбанг паблізу Ханоя (18 ст.). Палацы 19 ст. багата аздоблены разьбой па дрэве, слановай косці і лакам (тронная зала «Палаца дасканалай гармоніі» ў Хюэ, 1805—33). У скульптуры (каменнай, драўлянай, пакрытай лакам) з 15 ст. з’яўляюцца выявы кананізаваных памерлых свяшчэннаслужыцеляў (статуя мудраца Тует Шона з пагады Тай-Фыонг, 15 ст.). Жывапіс 15—19 ст. — храмавыя размалёўкі, пейзажы, пахавальныя партрэты, нар. лубок. З маст. рамёстваў пашыраны разьба па слановай косці, дрэве, якая спалучалася з інкрустацыяй косцю і перламутрам, ліццё з металу, пляценне з чароту, вытв-сць лакавых вырабаў з размалёўкай каляровымі і залатымі лакамі. У калан. перыяд нац. традыцыі В’етнама захоўваліся ў нар. дойлідстве і прыкладным мастацтве. У 1925 заснавана Вышэйшая школа прыгожых мастацтваў у Ханоі. У гады вайны Супраціўлення (1945—54) мастакі То Нгок Ван, Фан Ке Ан, Лыонг Суан Ньі і інш. стваралі агітац. плакаты, эстампы, малюнкі, прысвечаныя подзвігам нац. герояў. Пасля 1954 важнае месца заняло прамысл.буд-ва. Сучасныя арх. формы спалучаюцца з традыцыямі нар. дойлідства. У выяўл. мастацтве развіваюцца жывапіс вадзянымі фарбамі на шоўку (Нгуен Фан Цян, Чан Донг Лыонг і інш.) і асабліва лакавы жывапіс (Фан Ке Ан, Хаанг Тык Цю, Ле Нгіен і інш.), якія дзякуючы іх своеасаблівай дэкар. выразнасці пачалі выкарыстоўваць для стварэння станковых карцін. Пашырыўся і алейны жывапіс (Чан Ван Кан, Май Ван Хіен, Лыонг Суан Ньі і інш.). Асн. тэматыка жывапісных твораў — працоўнае жыццё і барацьба народа. Развіваюцца графіка (ілюстрацыя, эстамп, плакат) і скульптура (Чан Ван Лам, Зьен Мінь Цяў, Дао Ван Кан і інш.). У 1957 адкрыта Вышэйшае маст. вучылішча, у 1958 — Маст.-прамысловае вучылішча ў Ханоі. У 1958 арганізаваны Саюз мастакоў ДРВ.
Музыка. Уключае муз. традыцыі асн. этнасу — в’етаў і інш. народнасцей краіны. Найб.стараж. помнікі муз. культуры — літафоны (4—3-е тыс. да н.э.), бронзавыя барабаны і гонгі (1-е тыс. да н.э.), якія складалі аснову цырыманіяльных ансамбляў (сустракаюцца і ў наш час). З музыкай в’етаў узаемадзейнічалі кітайскія (з 2 ст. да н.э.) і інш. (з 1—2 ст.н.э.) муз. традыцыі, абмежаваныя сферай прыдворнага і храмавага музіцыравання (канфуцыянскія і будыйскія рытуалы). Найб. інтэнсіўна музыка в’етаў пачала развівацца з 10 ст. У 10—11 ст. на Пн краіны фарміраваўся сельскі муз.т-р тэа. У 14—15 ст. развіваліся формы вак. музыкі. У 15—16 ст. складваюцца асновы класічнай прафес. музыкі. Разам з канфуцыянскім вучэннем на прыдворную культуру ўплывалі кіт. класічная музыка і т-р. У працэсе в’етнамізацыі кіт. музыкі ўзніклі шматсастаўныя цырыманіяльныя аркестры — «Ня няк», «Донг ван», «Зяо Фыонг», паказы муз. драмы туонг — адной з вяршынь класічнага т-ра ў Паўд.-Усх. Азіі. У асяроддзі феад. арыстакратыі было пашырана распяванне класічных паэм у суправаджэнні лютні і цытры (існуе і цяпер). У 17—19 ст. інтэнсіўна развіваліся муз. традыцыі гарадоў (камерна-інстр. традыцыя г. Хюэ і інш.), уводзіліся розныя тыпы натацыі. Сярод муз. інструментаў: духавыя (пераважна з бамбуку) — сяо, тыеў (тып флейты), кен, сона (род габоя); кі па (бычыны рог); струнныя смычковыя ні, хо, струнныя шчыпковыя дан баў, дан ты ба, дан нгуэт, дан дай (лютні), дан чань (цытра); ударныя — літафоны, разнавіднасці барабанаў, гонгі, званочкі, драўляныя бразготкі; ксілафон трынг, клом пут (дынг бут), губны арган хен і інш. На мяжы 19—20 ст. у В’етнаме з’явіліся элементы зах.-еўрап. музыкі. Сярод вядучых кампазітараў: Нгуен Суан Хаат, Гуй Зу, Лыў Хыў Фыок, До Нюан, Ван Као, Хуанг В’ет, Дам Лінь, Нгуен Дык Туан і інш. Пасля ўз’яднання В’етнама (1975) актыўна развіваецца муз. адукацыя, адкрываюцца спец.навуч. ўстановы еўрап. тыпу. Працуюць (1997): Т-р оперы і балета ў Ханоі, 2 сімф. аркестры, у т. л.Дзярж. сімфанічны; аркестр нар. інструментаў; кансерваторыі ў Ханоі і Хашыміне, муз. вучылішча ў г. Хюэ; Ін-т музыказнаўства ў Ханоі (1956); Саюз кампазітараў.
Тэатр. Традыц. віды в’етн.т-ра — муз.-драм. прадстаўленні туонг, тэа і кай-лыонг. Туонг (класічны т-р) узнік у 11 ст. на Пн краіны як прыдворнае відовішча. У рэпертуары былі п’есы на сюжэты в’етн. міфалогіі і кіт. гісторыі. Неад’емная яго частка — музыка і танцы, якія садзейнічаюць раскрыццю характараў герояў. Прадстаўленні ідуць без дэкарацый. Да лепшых дасягненняў т-ра туонг на пач. 20 ст. належаць гіст. п’есы Нгуен Хыў Тыена і Хаанг Танг Бі. Вытокі тэа (нар.т-р) — у нар. песнях паўн. В’етнама, у святкаваннях, якімі штогод адзначалі збор ураджаю ў дэльце р. Хангха. Асн. персанажы прадстаўленняў — сяляне. Дзеянне суправаджалася музыкай, танцамі, спевамі. Паказы звычайна ладзіліся ў дварах культавых пабудоў. Пазней спектаклі тэа перанесены на сцэну. На пач. 20 ст. на Пд В’етнама сфарміраваўся новы від т-ра — кай-лыонг (рэфармаваны т-р). Прадстаўленні суправаджаліся музыкай, былі заслона і дэкарацыі. Яго сюжэты разнастайныя: гіст., легенды, з жыцця в’етн. грамадства пач. 20 ст., пераробленыя п’есы еўрап. аўтараў ці сцэнарыі фільмаў. Значны ўклад у развіццё кай-лыонга зрабіў паэт Тхе Лы, які ў 1942—43 стварыў трупу, што пазней стала насіць яго імя. У 1920-я г. ўзнік «размоўны» (драм.) т-р кіць-ной, які ставіў камедыі Мальера, п’есы нац. драматургаў Ву Дзінь Лонга, Ву Гуен Дака і інш. Пасля 1945 створаны калектывы «Архідэя», «Народная трупа», «Трупа Перамогі» і інш.; з’явіліся новыя п’есы; адрадзіліся туонг, тэа, кай-лыонг (прафес. і аматарскія). На працягу стагоддзяў у В’етнаме існаваў традыцыйны нар.т-р лялек. Яго мастацтва перадавалася з пакалення ў пакаленне. Першы прафес.т-р лялек створаны ў Ханоі ў 1957. З 1957 дзейнічае Асацыяцыя артыстаў в’етн.т-ра. У 1961 адкрыта Вышэйшая драм. школа.
Кіно. Нац. кінематограф пачаўся ў 1948 хранік. фільмам пра барацьбу в’етн. партызан. На пач. 1950-х г. зняты дакумент. стужкі «Перамога на Паўночна-Заходнім фронце», «Абарона адной вёскі» і інш. У 1958 створана кінастудыя ў Ханоі. У 1959 зняты першы маст. фільм «На берагах адной ракі» (рэж. Нгуен Хонг Нгі і Фам Фіеў Зан). Сярод фільмаў 1960—80-х г.: «Апельсінавы сад», «17-я паралель: дні і ночы», «Дзяўчынка з Ханоя», «Спустошанае поле», «Малады баец», «Раён бур», «Каханне не вяртаецца». У Ханоі працуюць студыі маст., хранік.-дакумент., мультыплікацыйных і лялечных фільмаў. У 1959 створана Нац. кінашкола, у 1969 — Саюз кінематаграфістаў.
Літ.:
История Вьетнама в новейшее время (1917—1965). М., 1970;
Новейшая история Вьетнама. М., 1984;
Вьетнам: Справ. М., 1993;
Муриан И.Ф. Изобразительное искусство Социалистической Республики Вьетнам. М., 1980;
Нгуен Фи Хоань. Искусство Вьетнама: Пер. с вьетнам. М., 1982;
Хуан Тан Ши. Народные музыкальные инструменты Вьетнама // Из истории музыки XX в.: Сб. ст.М., 1971.
П.І.Рогач (прырода, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя да 1884), М.Г.Елісееў (гісторыя з 1884), А.М.Гарахавік (музыка).
Герб і сцяг В’етнама.Да арт.В’етнам. Вёска каля г. Хайфон.Да арт.В’етнам. Горны краявід.Да арт.В’етнам. Панарама г. Хошымін.Да арт.В’етнам. Статуэтка. Бронза. 6 ст.Да арт.В’етнам. Ле Нгіен. Танец. 1956.Да арт.В’етнам. Вечка шкатулкі. 1950-я г.Да арт.В’етнам. Танцоўшчыца. Скульптура п’едэстала з Чак’е. Каля 9 ст.Да арт.В’етнам. Ахвяры вайны ЗША у В’етнаме 1964—73.