ПА́ЎЛАЎ (Савелій Яфімавіч) (н. 7.2.1934, в. Самуйлы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. гісторык, пісьменнік, публіцыст. Канд.гіст.н. (1971), праф. (1990). Скончыў БДУ (1962). З 1955 у браслаўскай раённай газеце, сакратар Маладзечанскага абкома камсамола. З 1960 нам. рэдактара газ. «Чырвоная змена». З 1961 у ЦК ЛКСМБ, з 1963 у ЦККПБ (у 1971—89 заг. аддзела). З 1989 рэктар Ін-та паліталогіі і сацыяльнага кіравання. З 1992-заг. кафедры Бел. недзярж. ін-та кіравання, фінансаў і эканомікі. Друкуецца з 1952. Піша на рус. і бел. мовах. Працы па праблемах эвалюцыі сац.-эканам. адносін, паліт. структуры грамадства, захаванні культ. спадчыны і гуманістычных каштоўнасцей грамадства (кн. «Каштаны наліваюцца гневам», 1962; «Чалавек ідзе ў жыццё...», 1964; «Слова — зброя», 1970; «Два колеры зямлі», 1980; «Вендэта па-амерыканску», 1985). Аўтар кн. дарожных нататак «Рэпартаж з борта Зямлі» (1975).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЭ́ЕНКА (Кастусь) (Канстанцін Ціханавіч; 12.12.1918, в. Гайшын Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 15.9.1988),
бел. пісьменнік. Засл. дз. культ. Беларусі (1970). Скончыў Гомельскі пед.ін-т (1940). Працаваў у час. «Беларусь» (1945—62), з 1962 гал. рэдактар час. «Бярозка», у 1972—86 — час. «Полымя». Друкаваўся з 1939. Паэзія К. непарыўна звязана з лёсам свайго пакалення, якое прайшло праз выпрабаванні вайной (зб. «Ранак ідзе», 1945). Тонкая настраёвасць і лірызм у ёй спалучаюцца з узнёслым пачуццём любові да роднай зямлі, са свежасцю і багаццем адценняў перажыванняў: зб-кі «Пасля навальніцы» (1947), «Мая рэспубліка» (1949), «Маякі», «Родны свет» (абодва 1952), «Любоў і дружба» (1955), «Светлая хваля» (1959). Творы больш позняга часу вызначаюцца схільнасцю да абагульненняў, філас. разважанняў над праблемамі часу: кн. «Смага» (1962, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1964), «Цёплая радуга» (1966), «Кніга ста песень» (1971, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1972), «Слухайце ластавак» (1974), «Сіні вырай» (1976), «Вёсны веснаваць» (1979), «Дэкрэтам сэрца» (1983), «Калыска вятроў», «Надзея» (абедзве 1985), ліра-эпічная паэма «Трыпутнік» (1976). Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «Ручаіны шукаюць ракі» (1967), «Вандроўнае шчасце. Рыбацкая паэма» (1988), публіцыстыкі «Амерыка здалёку і зблізку» (1971), успамінаў і эсэ «Заўсёды з Радзімай» (1980). Пісаў для дзяцей: паэма «Алёнчына школа» (1951), зб-кі вершаў і паэм «Зялёнае рэха» (1953), «Прысяга» (1969), «Размова з капітанам» (1987), апавяданняў «Алесева кніжка» (1972). На вершы К. напісалі песні М.Аладаў, У.Алоўнікаў, У.Буднік, Ю.Семяняка, С.Палонскі і інш. Перакладаў творы рус., укр., малд., лат. і інш. пісьменнікаў.
Тв.:
Зб. твораў. Т. 1—3. Мн., 1986—88.
Літ.:
Гніламёдаў У. Упоравень з векам. Мн., 1976. С. 196—213;
Гурская А. Адказнасць перад часам: Нарыс творчасці К.Кірэенкі. Мн., 1986.