НЕФРЫ́Т (ад грэч. nephros нырка; у сувязі з падабенствам да ныркі),
мінерал класа сілікатаў, мікравалакністая разнавіднасць амфіболаў рада трэмаліту — актыналіту, Ca2(Mg; Fe)5 [Si4O11]2 (OH; F)2. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Трапляецца ў выглядзе шчыльнага агрэгата найтанчэйшых пераплеценых валокнаў, чым абумоўлена яго вязкасць і трываласць. Колер аліўкава-, яблычна-, травяна-, цёмна-зялёны, радзей шэры, белы, чорны. Размеркаванне колеру воблачна-плямістае. Цв. 5,5—6,5. Шчыльн. 2,9—3 г/см³. Добра паліруецца. Радовішчы прымеркаваны да серпенцінітаў, радзей да даламітавых мармураў, валуны і галька здабываюцца з россыпаў. Каштоўны ювелірна-вырабны камень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А СЭ́КА (італьян. а secco па сухім),
разнавіднасць тэхнікі насценнай размалёўкі, заснаваная на выкананні жывапісу па цвёрдым, ужо высахлым вапнавым тынку фарбамі, расцёртымі на раслінным клеі, яйках або (радзей) змешанымі з вапнай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАТЭ́Р (грэч. kratēr ад kerannymi змешваю),
старажытнагрэчаская керамічная, радзейметал. або мармуровая пасудзіна для змешвання віна з вадой. Меў ёмісты корпус, шырокае горла, 2 ручкі і ножку. Керамічныя К. аздабляліся размалёўкамі, метал. — рэльефамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІ́НАВЫЯ ЛЯСЫ́, асіннікі,
драбналістыя лясы, аснову дрэвастою ў якіх складае асіна. Пашыраны ва ўмеранай зоне Паўн. паўшар’я, гал. чынам у Еўропе і Азіі. На Беларусі сустракаюцца часцей на ПнУ, радзей на ПдЗ; агульная пл. 151,7 тыс.га (1,96% лесапакрытай плошчы, 1994). Тут яны з’яўляюцца вытворнымі лясамі, якія растуць на месцы высечак дубовых, радзей ялова-хваёвых і хваёвых лясоў. Займаюць пераважна багатыя супясчаныя і сугліністыя глебы нармальнага ўвільгатнення. Вылучаюць асіннікі: бруснічны, імшысты, арляковы, кіслічны, сніткавы, крапіўны, папарацевы, прыручайна-травяны, чарнічны, даўгамошны. Асінавыя лясы спрыяюць павышэнню ўрадлівасці глебы. Пасля высечак асінавыя лясы выкарыстоўваюць для аднаўлення хваёвых, яловых і дубовых лясоў. Асіннікі — кармавыя ўгоддзі для лася, аленя, зубра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЫ́ЧКАВАЧКА (Gentianella),
род кветкавых раслін сям. гарычкавых. Больш за 120 відаў. Пашыраны ў нетрапічных краінах зямнога шара. На Беларусі зрэдку трапляюцца гарычкавачка гаркаватая (G. amarella), гарычкавачка язычковая (G. lingulata) і гарычкавачка багнавая (G. uliginosa). Растуць на сухіх і вільготных лугах, лясных палянах, у поймах і па берагах рэк.
Адна- і двухгадовыя травяністыя расліны з голым пустым прамастойным сцяблом. Лісце суцэльнае, супраціўнае, шырокаэліптычнае або лінейнае, ніжняе часта ў разетцы Кветкі сіняватыя або блакітныя, радзей жаўтавата-белыя і светла-жоўтыя, 4—5-членныя, сабраныя ў гронка- ці мяцёлкападобныя суквецці, радзей адзіночныя. Плод — каробачка. Лек. (выкарыстоўваюцца ў медыцыне і ветэрынарыі), фарбавальныя, кармавыя, меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБРО́ЎНІК (Teucrium),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Больш за 100 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных абласцях зямнога шара, асабліва ў Міжземнамор’і. На Беларусі пераважна ў паўд. раёнах (у далінах рэк Дняпро, Прыпяць, Сож) трапляецца Д. часночны (T. scordium). Расце ў прыбярэжных хмызняках, утварае зараснікі. Як дэкар. расліна ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны Д. усходні (T. orientale).
Шмат-, радзей аднагадовыя травяністыя расліны і паўкусты. Лісце кароткачаранковае, суцэльнае або перыста-расчлянёнае. Кветкі дробныя, сінія, пурпуровыя, радзей белыя і жоўтыя, у несапраўдных кальчаках, сабраных у гронка-, коласападобныя ці галоўчатыя суквецці. Плод — чатырохарэшак. Меданосныя, эфіраалейныя, таніданосныя, харч. (вострапрыпраўныя) і дэкар. расліны.
грыб сям. балетавых. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 5 форм, афарбоўка шапкі якіх залежыць ад месца росту грыба. Напр., П. баравы, дуброўны, чырв.-буры. Трапляюцца з чэрв. па вер. у лясах з асінай, бярозай, радзей з дубам, елкай, хвояй.
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. 4—20 см (радзей 30), аранжавая, аранжава-чырв., чырв.-бурая, часам белая, паўшарападобная, сухая, з вузкай палоскай скуркі па краі. Ножка белая, даўж. 6—20 см, патоўшчаная каля асновы, валакністая, з лускавінкамі, якія з часам цямнеюць. Мякаць белая, шчыльная, на зломе сінее, потым шарэе. Споры гладкія, бураватыя, верацёнападобныя. Ядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЛЁНАВЫЯ (Solanaceae),
сямейства двухдольных раслін. Каля 90 родаў, 2500 відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і ўмераных абласцях пераважна Цэнтр. і Паўд. Амерыкі. На Беларусі найб. вядомыя П.: харч. — баклажан, бульба, памідор, перац струкавы; дэкар. — петунія, фізаліс; тэхн. — махорка, тытунь.
Травы, кусты або паўкусты, часам з лазячымі ці павойнымі сцёбламі, радзей невял. дрэвы (у тропіках). Лісце чаргаванае, простае, цэласнае або перыстаскладанае. Кветкі двухполыя, адзіночныя ці сабраныя ў завіткі. Плод — ягада або каробачка, радзей касцянка. Многія П. маюць алкалоіды і інш. рэчывы, якія выкарыстоўваюцца ў медыцыне. Харч., лек., тэхн., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЧАДЫ́ЖНІК (Athyrium),
род папарацей сям. аспленіевых. Каля 200 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмеранай зоне Паўн. паўшар’я. На Беларусі па ўсёй тэрыторыі трапляецца К. жаночы, або папараць жаночая (A. filix-femina, нар. назва папарацень). Расце ў сырых цяністых хваёвых, радзей мяшаных лясах, зарасніках хмызняку.
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 40—120 см. Карэнішча тоўстае, кароткае, з рэшткамі старых лісцевых чаранкоў. Лісце шматлікае, каля асновы сабрана ў разыходны пучок. Лісцевая пласцінка ў верхняй ч. двойчы-, у ніжняй тройчыперыстарассечаная. Сорусы падоўжаныя, акруглыя ці выгнутыя з індузіямі, размешчаны ў 1, радзей 2 рады ўздоўж сярэдняй жылкі на ніжнім баку долек ліста. Зарастак наземны, зялёны, двухполы. Лек., дэкар., тэхн. і харч. расліны.