ПАЛУ́БІНСКІЯ (Палубенскія),

княжацкі род уласнага герба ў ВКЛ. Паходжанне не высветлена, уласны радавод выводзіў іх ад вял. кн. Альгерда. Прозвішча ад с. Палубнікі каля г. Ліда або ад с. Палюбічы (Палубіца) у Брэсцкім пав. Упамінаюцца з 15 ст. Найб. вядомыя:

Васіль Андрэевіч (?—4.3.1551), намеснік уладзіміра-валынскі ў 1505—07, дзяржаўца любашанскі і цяцерынскі ў 1515—16, жалудоцкі ў 1516—35, каняўскі і дубіцкі ў 1527—29, староста мсціслаўскі і радамльскі з 1535, маршалак гаспадарскі з 1521 або 1522. Іван Андрэевіч (?—1556), маршалак гаспадарскі з 1540, спраўца (адміністратар) Навагрудскага ваяв. ў 1549—51. Аляксандр Іванавіч (?—1607 або 1608), кашталян навагрудскі з 1586, удзельнік Лівонскай вайны 1558—83. Канстанцін Аляксандравіч (?—1640), кашталян мсціслаўскі ў 1627—33, ваявода парнаўскі з 1633. Удзельнічаў у войнах са Швецыяй 1600—29 і з Расіяй 1609—18. У 1618 фундаваў Дзярэчынскі дамініканскі кляштар. Аляксандр Гіляры (6.8.1627—3.11.1679), падстолі ВКЛ у 1654, пісар польны ВКЛ у 1654—68, староста генеральны жамойцкі ў 1669—70, маршалак вялікі ВКЛ з 1669. Удзельнічаў у вайне з Расіяй 1654—67. У 1662 фундаваў Глускі бернардзінскі кляштар. Дзмітрый Самуэль (?—8.8.1687), ваявода навагрудскі з 1670.

т. 12, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДАВО́ДНЫЯ КНІ́ГІ ў Расіі,

рукапісныя, пазней друкаваныя зводы радаводаў (генеалагічных запісаў пра паходжанне, роднасныя сувязі і службу продкаў) сем’яў свецкіх феадалаў Рас. дзяржавы, якія складаліся з 1540-х г. У 16—17 ст. утрымлівалі радаводы княжацкіх і баярскіх родаў, чые прадстаўнікі займалі вышэйшыя пасады ў дзярж. і ваен. апараце. Найб. вядомы «Гасудараў радасловец» 1555—56. Пасля адмены месніцтва ў 1682 створана Палата радаводных спраў для складання Р.к. рас. дваранства. Гэтая палата шляхам дапаўнення «Гасударава радаслоўца» стварыла Аксамітную кнігу. Пасля выдання Даравальнай граматы дваранству 1785 дваранскія сходы губерняў, у т. л. беларускіх, складалі Р.к. па сваіх губернях. У іх запісвалі дваран, якія валодалі ў губерні нерухомасцю; тых, чые продкі валодалі на тэр. губерні маёнткамі; асоб, якія мелі выслужанае дваранства і дваранства замежнага паходжання (у любой губерні па жаданні). Губ. Р.к. падзяляліся на 6 частак. У 1-ю частку запісвалі роды сапраўднага (пачатак радаводу не раней за 1685) і набілітаванага дваранства; у 2-ю — роды выслужанага дваранства ваеннай службай; у 3-ю — роды выслужанага дваранства цывільнай службай або атрыманнем ордэна, які прыносіў дваранскі статус; у 4-ю — роды замежнага паходжання; у 5-ю — тытулаваныя роды; у 6-ю — стараж. дваранскія роды, чый радавод пачынаўся раней 1685. З сярэдзіны 19 ст. асобныя аўтары складалі Р.к. рас. княжацкіх і дваранскіх родаў, якія ў адрозненне ад традыц. Р.к. былі не справаводнымі дакументамі, а навук. даследаваннямі.

У.​М.​Вяроўкін-Шзлюта.

т. 13, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПСКІ (Уладзімір Сцяпанавіч) (н. 6.5. 1940, в. Шолкавічы Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1966). З 1964 працаваў у раённым друку, у апараце ЦК ЛКСМБ. З 1976 адказны сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 1978 гал. рэдактар час. «Вясёлка». Друкуецца з 1953. Аўтар кніг публіцыстыкі «Дзень за днём» (1973), «Знайдзі сябе» (1974), нарысаў «Прыдзвінскі цуд» (1975), «Высокія зоркі» (1981), дакумент. аповесцей «Крутыя вёрсты» (1980, пра Героя Сав. Саюза З.​Тусналобаву-Марчанка), «Урокі Купрэвіча» (1987), «Любі мяне пры ўсякай долі...» (з Б.​Чалым, 1989; пра моладзь, вывезеную ў час Вял. Айч. вайны ў Германію), «Невядомы» (1990; пра нарадавольца І.​Грынявіцкага), зб-каў прозы «Лаўрэнавы працадні» (1984), «Раны» (1987), «Дзень нараджэння» (1988). Пра родную вёску, праблемы выхавання моладзі аповесць «Адпяванне жывых» (1993). Тэма дзяцей-сірот узнята ў дзённіку «Бацькі і дзеці» (1995). Аповесць «Я: Праўдзівы аповяд пра твой і мой радавод» (1998), створаная на архіўных і дакумент. матэрыялах, расказвае пра карані сем’яў, прозвішчаў, гербаў. Выдаў кнігі аповесцей, апавяданняў, казак (у т. л. казкі-коміксы) для дзяцей «Рыгоркавы прыгоды» (1974), «Якое яно, шчасце?», «Марынчына казка» (абедзве 1977), «Як бог стварыў свет» (1993), «Вясёлая азбука», «Падкідыш» (абедзве 1992; Літ. прэмія імя Я.​Маўра 1993). За аповесць «Загадкавы чалавечак» (1997) Літ. прэмія імя В.​Віткі 1997. Творы для дзяцей адметныя веданнем дзіцячай псіхалогіі, займальнасцю, жывой нар. мовай, дасціпнасцю. Паводле аповесці «Вясёлая азбука» ў Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі пастаўлены мюзікл «Прыгоды ў замку Алфавіт» (1996, лібрэта С.​Клімковіч, муз. В.​Войціка). З 1988 прэзідэнт Бел. дзіцячага фонду, віцэ-прэзідэнт Міжнар. асацыяцыі дзіцячых фондаў. Ініцыятар і старшыня 1-га Усебел. фестывалю нар. гумару ў Аўцюках Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. (1995). Міжнар. прэмія А.​Швейцара за дабрачынныя справы на карысць дзяцей, заложнікаў чарнобыльскай трагедыі (1998).

Тв.:

Аўцюкоўцы. Мн., 1995;

Пралескі ў небе. Мн., 1997;

Антонік-понік. Мн., 1998.

І.​У.​Саламевіч.

У.С.Ліпскі.

т. 9, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕКУЛЯРЫЗА́ЦЫЯ (франц. sécularisation ад позналац. saecularis свецкі),

1) адчужэнне царкоўнай маёмасці на карысць дзяржавы. Праводзілася ў розных краінах свету з мэтай паслаблення эканам. магутнасці і паліт. ролі царквы ў дзяржаве.

На Беларусі ажыццяўлялася ў 18 — пач. 20 ст. У Рас. імперыі ўрад Кацярыны II адабраў у правасл. царквы населеныя маёнткі ў 1760-я г. Аднак на землях Беларусі, далучаных у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай, царызм не рашаўся ісці на абвастрэнне адносін з моцным і ўплывовым каталіцкім клірам, таму тут канфіскацыя маёнткаў у духавенства абмежавалася толькі агульнымі мерамі, што ўжываліся да ўладальнікаў, якія заставаліся за мяжой ці выступілі супраць рас. улады. Канфіскацыі ў 1770—90-я г. закранулі частку царк. маёнткаў (больш за 40 тыс. рэвізскіх душ), што належалі пераважна Віленскаму біскупству. У Рэчы Паспалітай у 1773 быў скасаваны ордэн езуітаў, а яго маёнткі перададзены Адукацыйнай камісіі, якая распрадала іх шляхце. На 1790 у паезуіцкіх маёнтках на тэр. зах. і цэнтр. Беларусі знаходзіліся 644 гарадскія і 7179 сельскіх дымоў. Ва ўсх. Беларусі езуіты захаваліся да высылкі іх з Рас. імперыі паводле ўказа 1820. Палажэннем К-та міністраў і ўказам Сената ад 13.4.1822 35 маёнткаў (9830 рэвізскіх душ), што належалі езуітам, канфіскаваны і замацаваны за казной. Карэнны пералом у адносінах царызму да.царк. маёмасці ў зах. губернях настаў пасля паўстання 1830—31 з мэтай нейтралізацыі шляхецка-каталіцкай апазіцыі. Указам ад 19.7.1832 ад ліквідацыі некамплектных (што не мелі поўнага складу манахаў) рымска-каталіцкіх кляштараў іх маёнткі перададзены ў склад казны. У 1837 на Беларусі былі 93 паманастырскія маёнткі з 10 183 рэвізскімі душамі. У час хваляванняў у Віцебскай і Магілёўскай губ. з-за пераводу уніятаў у праваслаўе (1833 і 1834) у рымска-каталіцкага і уніяцкага духавенства канфіскавана 5 маёнткаў і ўстаноўлена казённае кіраванне яшчэ адным. Паводле 8-й рэвізіі (1834) у пауніяцкіх вёсках налічваліся 2894 рэвізскія душы. 25.12.1841 падпісаны шэраг указаў аб прыёме ў дзярж. маёмасць усіх населеных маёнткаў вышэйшага правасл. і іншавернага духавенства зах. губерняў; 10.5.1843 — аб перадачы ў казну населеных маёнткаў прыходскіх цэркваў; 28.2.1844 — вылучаных па «эксдывізіях» (па рашэнні суда) на ўласнасць каталіцкага духавенства. Такіх падухоўных маёнткаў у 1847 у 5 бел. губернях было 546 і 87 269 рэвізскіх душ сялян; трэцяя частка з іх прыпадала на Віленскую губ. Асн. маса зямельных уладанняў была адабрана ў каталіцкага духавенства, бо правасл. царква мела параўнальна невял. колькасць сялян. Вышэйшае духавенства, незадаволенае пазбаўленнем матэрыяльных сродкаў, рабіла ўсё, каб пакінуць у сваім распараджэнні найб. колькасць зямлі і зацягвала перадачу ў казну асобных маёнткаў. Рэшткі царк. уладанняў секулярызаваны ў выніку Кастр. рэвалюцыі 1917.

2) Працэс выхаду з-пад уплыву рэлігіі і царквы розных сфер грамадскага жыцця (палітыкі, права, культуры, асветы, нац. і сямейна-быт. адносін); адзін з аспектаў агульнага працэсу мадэрнізацыі, звязанага з развіццём навукі і вытв-сці, урбанізацыяй. Адбываецца на ўзроўні індывідуальнай свядомасці, сац. ін-таў і прыводзіць да аслаблення б. грамадскіх сувязей і традыцый. Характарызуецца стратай рэлігіяй ролі адзінай крыніцы каштоўнасцей, ідэалаў і норм, манаполіі на тлумачэнне аб’ектыўнай рэальнасці, аслабленнем уплыву царквы на асобу і дзяржаву. Рысы С. выявіліся ў сярэдневякоўі, асабліва праявіліся ў эпоху Адраджэння, Рэфармацыі, бурж. рэвалюцый. У СССР працэс С. найб. інтэнсіўна працякаў у 1920—30-я г. і звязаны з палітыкай дзяржавы, накіраванай на адлучэнне царквы ад жыцця грамадства. У адпаведнасці з дэкрэтам СНК РСФСР (1918) і пастановай СНК БССР (1922) «Аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы» былі адменены ўсе ранейшыя прывілеі царквы, маёмасць царквы і рэліг. т-ваў абвешчана агульнанароднай, рэліг. арг-цыям забаронена адкрываць ці мець агульнаадук. школы, выкладаць у школах рэліг. вучэнні. З боку дзяржавы вялася актыўная барацьба з рэлігіяй: храмы зачынялі і разбуралі, духавенства цярпела ганенні, царква і рэлігія абвяшчаліся «перажыткам старога». Пэўнае ажыўленне рэліг. жыцця назіралася ў перыяд Вял. Айч. вайны ў сувязі з падтрымкай з боку правасл. і рымска-каталіцкага духавенства барацьбы сав. народа супраць ням.-фаш. акупантаў. У 1990-я г. ў постсав. краінах тэмпы С. істотна знізіліся: рэлігія стала адным з элементаў духоўнай культуры, павялічылася колькасць храмаў, рэліг. арг-цыі сталі ўдзельнікамі міратворчай і дабрачыннай грамадскай дзейнасці. У канцы 20 — пач. 21 ст. працэс С. развіваецца адначасова з працэсам сакралізацыі розных сфер грамадскага жыцця і захоўваннем рэлігіі і царквы як сродкаў падтрымання духоўнасці і захавання традыц. грамадскіх структур.

Літ.:

Яблоков И.Н. Социология религии. М., 1979;

Зинченко А.Л. Реформа государственной деревни и секуляризация церковного землевладения в западных губерниях Российской империи // Исторические записки. М., 1985. Т. 112;

Кублицкая Е.А. Методологические аспекты изучения особенностей секуляризации в условиях перестройки // Проблемы перестройки: социал. аспект. М., 1989;

Сосно В.А. Конфискации церковных имений на Беларуси при включении ее в состав Российской империи // Наш радавод. Гродна, 1992. Кн. 4, ч. 3;

Яго ж. Секуляризация церковных крестьян на Беларуси в 30—40-е гг. XIX в. // Церковь в истории славянских народов. М., 1997.

І.​В.​Катляроў, У.​А.​Сосна.

т. 14, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)