БЕЛАВЕ́ЖСКА-ГА́ЙНАЎСКАЯ ЗАБАСТО́ЎКА РАБО́ЧЫХ ЛЕСАПІ́ЛЬНЫХ ЗАВО́ДАЎ 1932 у Заходняй Беларусі.
Адбылася 3.2—2.4.1932 пад кіраўніцтвам Гайнаўскага райкома КПЗБ і забастовачнага к-та. Удзельнічала каля 2,2 тыс. чал. Рабочыя Гайнаўкі патрабавалі павышэння зарплаты, аднаўлення на рабоце 2 незаконна звольненых лесарубаў. Да іх далучыліся рабочыя Белавежы, беспрацоўныя, сяляне. Адбыліся сутыкненні з паліцыяй. Адміністрацыя заводаў павысіла зарплату на 15%, аднавіла на рабоце звольненых. Калі прадпрыемцы парушылі ўмовы дагавору, забастоўка аднавілася. Пасля арышту 6 членаў забастовачнага к-та рабочыя рушылі на паліцэйскі ўчастак у Гайнаўцы. Паліцыя адкрыла агонь, 1 рабочы быў забіты, 8 паранены. Пахаванне забітага вылілася ў антыўрадавую дэманстрацыю. У знак пратэсту супраць бясчынстваў паліцыі забаставалі рабочыя лесапільных з-даў Белавежы і Чэрлядзі. Пад іх націскам арыштаваныя былі вызвалены і адноўлены на рабоце.
І.В.Палуян.
т. 2, с. 379
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ ПАНЧО́ШНАЯ ФА́БРЫКА.
Дзейнічала ў 1915 у Магілёве. Была эвакуіравана з Варшавы. Працавалі 232 рабочыя, выпускалі шкарпэткі для ваеннага ведамства.
т. 9, с. 459
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКІЯ КАФЛЯ́НЫЯ МАНУФАКТУ́РЫ.
Дзейнічалі ў г. Бабруйск Магілёўскай вобласці (2 мануфактуры). У 1900 выраблена кафлі на 65,6 тыс. руб. Працавалі 62 і 94 рабочыя.
т. 2, с. 193
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЁРСКАЯ СУКО́ННАЯ МАНУФАКТУ́РА.
Дзейнічала ў 1808—70 у мяст. Азёры Гродзенскага пав. (цяпер вёска ў Гродзенскім р-не). У 1858 працавалі 55, у 1864 — 124 рабочыя.
т. 1, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКАЯ ШПІ́ЛЕЧНА-ФАНЕ́РНАЯ ФА́БРЫКА.
Дзейнічала ў г. Пінск Брэсцкай вобл. ў 1880—1914 (?). У розны час выпускала фанеру, абутковыя гвазды, шавецкія шпількі, скрынкі. Мела 3 паравыя машыны. У 1913 працавалі 544 рабочыя.
т. 12, с. 368
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ ЛЕСАПІ́ЛЬНА-ФАНЕ́РНАЯ ФА́БРЫКА.
Дзейнічала ў 1896—1914 у г. Гомель. У 1900 працавала 24 рабочыя, выраблена дошак на 80 тыс. руб. У 1908 мела паравы рухавік (100 к.с.). У 1913 працавала 65 рабочых.
т. 5, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТЭ́РМАНСКАЯ ЦУКРО́ВАЯ МАНУФАКТУ́РА Дзейнічала на тэр. Беларусі ў 1855—61 у фальварку Астэрманск Рагачоўскага пав. Мела цёрачную машыну, 6 гідраўлічных прэсаў, 2 стужачныя прэсы для адціскання соку, 7 катлоў. Працавалі 172 рабочыя. Прадукцыю збывалі ў Маскву.
т. 2, с. 61
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЦЯРБУ́РГСКІ «САЮ́З БАРАЦЬБЫ́ ЗА ВЫЗВАЛЕ́ННЕ РАБО́ЧАГА КЛА́СА»,
нелегальная сацыял-дэмакратычная арг-цыя ў С.-Пецярбургу ў 1895—96, зародак рэв. с.-д. рабочай партыі ў Расіі. Засн. У.І.Леніным у ліст. 1895, падрыхтоўчая работа вялася з 1893. Аб’яднаў усе марксісцкія рабочыя гурткі Пецярбурга. Цэнтралізаваная структура «Саюза»: кіруючы цэнтр (Ленін, Л.Мартаў, А.А.Ванееў, Г.М.Кржыжаноўскі, В.В.Старкаў, П.К.Запарожац і інш.), 3 раённыя групы, рабочыя гурткі на прадпрыемствах — стала ўзорам для стварэння с.-д. арг-цый у інш. гарадах Расіі. У яго дзейнасці ўдзельнічалі беларусы — рабочыя сталічных прадпрыемстваў: І.А.Левашкевіч, В.А.Шчаглоў і інш. Адным з рабочых гурткоў кіраваў ураджэнец Беларусі П.М.Лепяшынскі. У газ. «Рабочее дело» № 1 (канфіскавана 21.12.1895 у час арышту Леніна і яго паплечнікаў) была інфармацыя аб рабочым руху ў Мінску. Па справе «Саюза» ў Мінску арыштаваны А.І.Паляк, Н.І.Занцэвіч і С.М.Гутман. З вясны 1896 шырока распаўсюджвалася нелегальная л-ра, выдадзеная «Саюзам», у т. л. на Беларусі, што спрыяла развіццю тут с.-д. руху.
Літ.:
В.И.Ленин и «Союзы борьбы». М., 1978;
Филяков В.Г. Революционные связи рабочих Белоруссии и России в конце XIX — начале XX в. Мн., 1987.
У.Г.Філякоў.
т. 12, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́СПЕНСКІ ЦУКРО́ВЫ ЗАВО́Д Дзейнічаў у 1856—62 у фальварку Наспа (цяпер вёска ў Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл.). Выпускаў цукар-пясок У 1862 меў 4 гідраўлічныя прэсы і 16 печаў; працавалі 132 рабочыя, выраблена 200 пудоў цукру.
т. 11, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)