ЧАЛАВЕ́КА-ДЗЕНЬ,

адзінка вымярэння рабочага часу, якая характарызуе работу аднаго чалавека на працягу аднаго рабочага дня (незалежна ад устаноўленай яго працягласці). У такіх адзінках часам вымяраюць агульны рабочы час работніка, брыгады за пэўны перыяд.

т. 17, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРЫ́ФНЫ РАЗРА́Д,

адзін з асн. элементаў тарыфнай сеткі. Характарызуе ўзровень кваліфікацыі работніка і залежыць ад складанасці і дакладнасці выконваемых ім работ. Патрабаванні для прысваення Т.р. вызначаны ў тарыфна-кваліфікацыйным даведніку (для рабочых) і кваліфікацыйным даведніку пасад служачых.

т. 15, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЫШУРО́ЧНАЯ РАБО́ТА,

работа, якая выконваецца па распараджэнню або з ведама наймальніка звыш устаноўленай працягласці рабочага часу. З.р., як правіла, не дапускаецца. Працоўнае заканадаўства Рэспублікі Беларусь абмяжоўвае яе і ўстанаўлівае вычарпальны пералік выключных выпадкаў, калі З.р. могуць быць дазволены. Прыцягненне да З.р. дапускаецца толькі са згоды работніка, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных законам або калектыўным дагаворам, пагадненнем. З.р. без згоды работніка дапускаюцца: пры правядзенні работ для прадухілення грамадскага або стыхійнага бедства, вытв. аварыі і неадкладнай ліквідацыі іх вынікаў, папярэджання няшчасных выпадкаў, аказання экстраннай мед. дапамогі работнікамі ўстаноў аховы здароўя, пры правядзенні грамадска неабходных работ па забеспячэнні насельніцтва вадой, асвятленнем, ацяпленнем. сувяззю і да т.п. Пэўныя катэгорыі работнікаў (цяжарныя жанчыны, жанчыны, якія маюць малых дзяцей, непаўналетнія, інваліды, хворыя) да З.р. не дапускаюцца. Працягласць З.р. таксама абмежавана.

Ю.​Я.​Савельеў.

т. 7, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРЫ́ФНАЯ СТА́ЎКА,

памер аплаты працы работніка за адзінку часу (гадзіна, дзень, месяц). Зыходны ўзровень Т.с. работнікаў рознай кваліфікацыі складае стаўка 1-га разраду. Стаўкі вышэйшых тарыфных разрадаў вылічваюцца множаннем стаўкі 1-га разраду на адпаведны каэфіцыент пэўнага разраду тарыфнай сеткі.

т. 15, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭДУ́КЦЫЯ ПРА́ЦЫ,

працэс звядзення складанай працы да простай, якая не патрабуе спец. прафес. навучання, прадугледжвае звычайныя ўмовы вытв-сці, сярэднія фіз. і разумовыя здольнасці чалавека. Аб’ектыўная аснова для Р.п. — затраты часу работніка на атрыманне кваліфікацыі пры найб. эфектыўных формах падрыхтоўкі ў іх аптымальным спалучэнні, а таксама затрат на навучанне работніка для выканання складанай працы. Р.п. ўключае таксама працэс звядзення больш інтэнсіўнай і цяжкай працы да неабходнага ўзроўню інтэнсіўнасці і цяжкасці. Для звядзення відаў працы рознай складанасці да адзінай меры карыстаюцца каэф. рэдукцыі. Ёсць некалькі метадаў яго вылічэння: параўнанне затрат на навучанне работнікаў розных кваліфікацый, суадносіны заработных плат работнікаў розных кваліфікацыйных груп, параўнанне складанасці і цяжкасці працы і інш. Р.п. ўлічваецца пры распрацоўцы тарыфных сетак, фарміраванні цэн, разліку поўных затрат працы на выраб прадукцыі ў адной краіне, пры міжнар. супастаўленнях і інш. эканам. разліках.

т. 13, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАЛІФІКАВА́НАЯ ПРА́ЦА,

складаная праца, праца, якая патрабуе спец. падрыхтоўкі, наяўнасці ў работніка навыку, умення і ведаў для выканання пэўных відаў работ. Стварае за адзінку часу большую вартасць, чым некваліфікаваная (простая) праца. У адпаведнасці з гэтым К.п. аплачваецца вышэй, чым некваліфікаваная. Гл. таксама Заработная плата, Праца.

т. 8, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАФЕСІЯГРА́МА,

дакумент, у якім апісваюцца асаблівасці спецыяльнасці, прафесіі (псіхал., вытв.-тэхн., медыка-гігіенічныя і інш.). Уключае таксама кваліфікацыйны профіль, дзе даюцца колькасныя паказчыкі якасцей, неабходных работніку, псіхаграму (патрабаванні да псіхічнага стану і ўласцівасцей асобы работніка дадзенай прафесіі). На аснове П. вызначаецца прафес. прыдатнасць і ажыццяўляецца прафес. адбор.

т. 13, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРЭ́ДНІ ЗАРАБО́ТАК,

сярэдні памер заработнай платы работніка за пэўны перыяд. Выплачваецца ў прадугледжаных заканадаўствам выпадках. Паводле Прац. кодэкса Рэспублікі Беларусь С.з. захоўваецца за работнікамі ў перыяд выканання дзярж. ці грамадскіх абавязкаў, пераезду на работу ў інш. мясцовасць, вымушанага прагулу і інш. На аснове С.з. разлічваюцца пенсіі, выхадныя дапамогі, дапамогі па беспрацоўі і стыпендыі беспрацоўным, якія праходзяць прафес. падрыхтоўку ці перападрыхтоўку.

т. 15, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБО́ЧАЕ МЕ́СЦА,

адпаведна абсталяваная прасторавая зона знаходжання работніка, дзе адбываецца яго працоўная дзейнасць. Класіфікуюцца паводле колькасці выканаўцаў (індывідуальныя і калектыўныя), тыпу вытв-сці (адзінкавыя, серыйныя і масавыя), узроўню механізацыі (ручныя, механізаваныя і аўтаматызаваныя) і інш. Павінна адпавядаць сан. нормам, інструкцыям і правілам па эксплуатацыі абсталявання, тэхніцы бяспекі, эрганоміцы, прамысл. эстэтыцы, займаць дастатковую прастору, мець аптымальна размешчаныя арганізац. і тэхн. сродкі, сістэмы сігналізацыі і сувязі.

т. 13, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЧАЛАВЕ́ЧЫХ АДНО́СІН» ТЭО́РЫЯ,

канцэпцыя кіравання ў арганізацыях (найперш прамысловых), якая грунтуецца на маральна-псіхал. фактарах стымулявання работніка і павышэння прадукцыйнасці працы. Сфарміравалася як альтэрнатыва тэйларызму ў выніку сац. эксперыменту, праведзенага ў 1927—32 на з-дах кампаніі «Уэстэрн электрык» у г. Хоўтарн (каля г. Чыкага, ЗША). Група даследчыкаў пад кіраўніцтвам псіхолага Э.​Мэё даказала, што маральна-псіхал. клімат у прац. калектыве, характар узаемаадносін работнікаў паміж сабой і з кіраўніцтвам у значнай ступені ўплываюць на прадукцыйнасць працы: пры дэспатычным рэжыме яна зніжаецца, а пры добразычлівых, гуманных узаемаадносінах павышаецца. Вучонымі распрацавана сістэма прынцыпаў і метадаў кіравання, арыентаваных на стварэнне т.зв. псіхал. дабрабыту ў прац. калектывах, здольных прадухіліць канфлікты. Паводле Мэё, стварэнне добразычлівага мікраклімату на рабочым месцы здольна кампенсаваць недахопы грамадскага ладу, а гуманныя адносіны ў сферы вытв-сці непазбежна вядуць да сац. гармоніі. У 1960-я г. «Ч.а.»т. дапоўнена тэорыяй «кіравання праз саўдзельніцтва» (Д.​Макгрэгар і інш.), паводле якой прадпрымальнік павінен бачыць у наёмным работніку не толькі работніка, але і сац. партнёра, а наёмны работнік у наймальніку — не толькі гаспадара, але і свайго кампаньёна. У 1970-я г. атрымалі пашырэнне «групавыя нормы і стылі кіравання» рабочымі.

Т.​І.​Адула.

т. 17, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)