ЛЕЙЦЫ́Н,

(L-d-амінаізакапронавая кіслата), незаменная амінакіслата, бясколернае крышталічнае рэчыва гаркаватага смаку, знаходзіцца ў жывёльных і раслінных бялках. Упершыню вылучаны ў 1820 франц. хімікам А.​Бракано з мышачных валокнаў. Адсутнасць Л. ў стравах вядзе да адмоўнага балансу азоту і спынення росту ў дзяцей. Прэпарат пад назвай «Лейцын» (мае ў сабе Л.) выкарыстоўваецца ў медыцыне.

т. 9, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГА́Р-АГА́Р,

арганічнае рэчыва (поліцукрыдны прэпарат), якое вырабляецца з чырвоных і бурых марскіх водарасцяў. Складаецца з агарозы і агарапекціну, раствараецца ў вадзе пры 80—86 °C, застывае пры 40 °C, утвараючы шчыльную студзіну. Выкарыстоўваецца ў біялогіі як пажыўнае асяроддзе для вырошчвання клетак і мікраарганізмаў, а таксама ў харч. прам-сці, кулінарыі і медыцыне пры лячэбным харчаванні.

т. 1, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКВАДА́Г,

калоідна-графітавы прэпарат для ўтварэння электраправодных пакрыццяў на ўнутр. і вонкавай паверхнях электравакуумных прылад. Для ўнутр. пакрыццяў выкарыстоўваюць водную суспензію танказдробненага графіту, для вонкавых — сумесь графітавага парашку з арган. лакамі. Можа выконваць ролю электродаў, служыць для адводу эл. зарадаў з унутр. паверхні абалонкі прылады, аховы яе ад дзеяння вонкавых эл. палёў і забеспячэння эл. кантактаў паміж асобнымі вузламі электравакуумных прылад.

т. 1, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСЦЫ́ЗАВАЯ КІСЛАТА́,

гармон раслін. Па хім. будове ізапрэноід. Рэгулюе працэсы завядання і ападання лісця (паскарае ўтварэнне аддзяляльнага слоя), тармозіць рост адрэзкаў сцяблоў і калеоптыляў. Біясінтэз абсцызавай кіслаты і гармонаў росту — гіберэлінаў — адбываецца ў раслінах з мевалонавай к-ты. Мяркуюць, што сістэма біясінтэзу абсцызавай кіслаты або гіберэлінаў рэгулюецца лішкам аднаго з гэтых прадуктаў. Прэпарат абсцызавая кіслата выкарыстоўваецца для вывучэння тармажэння працэсаў росту.

т. 1, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕПСІ́Н (ад грэч. pepsis страваванне),

пратэалітычны фермент страўнікавага соку жывёл і чалавека, які ажыццяўляе расшчапленне бялкоў. Малекулярная маса каля 35 000. Утвараецца ў страўніку ў выглядзе неактыўнага пепсінагену, актывуецца пад уплывам салянай к-ты страўнікавага соку. П. гідралізуе ўнутр. пептыдныя сувязі ў бялках і пептыдах з утварэннем больш простых пептыдаў і свабодных амінакіслот. Прэпарат П. ужываюць пры хваробах страўнікавага тракту.

т. 12, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЗАЦЫ́М (ад лізіс + zymē закваска),

мурамідаза, фермент класа гідралаз; разбурае абалонку бактэрыяльнай клеткі (лізіс). Бялок, малекулярная маса каля 14 000, функцыянуе як антыбактэрыяльны бар’ер. Адкрыты ў 1922 А.Флемінгам у слізі з поласці носа. Выяўлены ў многіх тканках і вадкасцях чалавечага арганізма (храстках, селязёнцы, лейкацытах, слязах), у раслінах, бактэрыях і фагах, найб. у яечным бялку. Першы фермент, для якога ўстаноўлена трацічная структура. Прэпарат Л. выкарыстоўваюць у медыцыне.

т. 9, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРФІ́Н,

алкалоід опійнага маку, лекавы прэпарат з абязбольваючым дзеяннем. Выклікае санлівасць, аказвае прыгнечвальны ўплыў на дыханне, павышае тонус гладкай мускулатуры страўнікава-кішачнага тракту, мочавывадных шляхоў і бронхаў, павялічвае ўздзеянне сродкаў для наркозу і інш. Гідрахларыд М. выкарыстоўваюць як абязбольваючы сродак пры траўмах і захворваннях, якія суправаджаюцца моцнымі болямі (інфаркт міякарда, злаякасныя новаўтварэнні і інш.), у пасляаперацыйны перыяд. Працяглае ўжыванне вядзе да наркаманіі.

М.​І.​Федзюковіч.

т. 10, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЛАНАТРО́ПНЫ ГАРМО́Н, меланатрапін, меланацытстымулюючы гармон,

гармон жывёл і чалавека, які выдзяляецца задняй і прамежкавай долямі гіпофіза. Поліпептыд, стымулюе сінтэз меланінаў, павелічэнне памераў і колькасці пігментных клетак у скурным покрыве, паляпшае вастрыню зроку, адаптацыю да цемры. Адрозніваюць α-М.г. з 13 рэшткаў амінакіслот і β-М.г. з 18 (у чалавека з 22 рэшткаў амінакіслот). Сакрэцыю М.г. рэгулююць гармоны гіпаталамуса. Прэпарат М.г. інтэрмедзін выкарыстоўваюць пры лячэнні хвароб зроку.

М.​К.​Кеўра.

т. 10, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ТАЧНАЕ МАЛАЧКО́,

сакрэт слінных залоз маладых рабочых пчол (карміцелек); пастападобная белая маса са спецыфічным пахам і вострым горка-кіслым смакам. Сухое рэчыва мае 40—58% бялку, 5—18% тлушчу, каля 26% цукру, 2,3—3,3% мінер. солей, вітаміны і інш. біялагічна актыўныя рэчывы, якія вызначаюць развіццё лічынак і яечнікаў маткі. Пчолы кормяць М.м. лічынак матак увесь перыяд іх развіцця (5 сут), лічынак рабочых пчол і трутняў першыя 3 сут, матку ў перыяд яйцакладкі (вясна і лета). Прэпарат з М.м. (апілак) выкарыстоўваецца ў медыцыне, парфумерыі.

т. 10, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́МАГК ((Domagk) Герхард) (30.10.1895, Лагаў, каля г. Штэрнберг, Германія — 24.4.1964),

нямецкі патолаг і мікрабіёлаг. Скончыў Кільскі ун-т (1921) і працаваў у ім. З 1924 у Ін-це паталогіі ў Грайфсвальдзе, з 1925 у Мюнстэрскім ун-це (з 1928 праф.). Адначасова з 1927 дырэктар лабараторыі канцэрна «І.​Г.​Фарбэніндустры» у г. Вуперталь. Навук. працы па хіміятэрапіі бактэрыяльных інфекцый. Распрацаваў першы эфектыўны прэпарат для лячэння ганарэі (1934), новыя прэпараты для хіміятэрапіі туберкулёзу і пухлін. Абгрунтаваў антыбактэрыяльнае ўздзеянне і ўвёў у лячэбную практыку сульфаніламідныя прэпараты. Нобелеўская прэмія 1939.

Г.Домагк.

т. 6, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)