АКУЛІРО́ЎКА (ад лац. oculus вока),

спосаб прышчэплівання раслін роставай пупышкай (вочкам). Найб. пашыраны спосаб размнажэння многіх пладовых дрэў. Спячым вочкам часцей за ўсё прышчэпліваюць сеянцы дзікіх відаў і культурных сартоў. Акуліроўка патрабуе найменшага расходу прышчэпачнага матэрыялу і забяспечвае адносна высокую прыжывальнасць прышчэпак. Прышчэпа прыдатная да акуліроўкі ў час летняга руху сокаў (ліпень—жнівень), калі ў раслін добра адстае кара. У першую чаргу акуліруюць костачкавыя культуры, потым грушу, насенныя прышчэпы яблыні і апошнімі — клонавыя прышчэпы.

Акуліроўка: а — паўмесяцавы надрэз кары прышчэпы; б — падоўжны разрэз кары; в — пачатак зрэзу шчытка з пупышкай; г — размяшчэнне шчытка пад кару; д — абцісканне кары пасля размяшчэння шчытка; е — пачатак абвязкі; ж — паслядоўнасць абвязкі.

т. 1, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТЭ́Р ((Pasteur) Луі) (27.12.1822, г. Доль, Францыя — 28.9.1895),

французскі мікрабіёлаг і хімік, заснавальнік мікрабіялогіі і імуналогіі. Чл. Парыжскай АН (1862), Франц. мед. акадэміі (1873), Франц. акадэміі (1881). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы (1847). З 1849 праф. Страсбургскага, з 1854 — Лільскага ун-таў, з 1857 — Вышэйшай нармальнай школы, з 1867 — Парыжскага ун-та. З 1888 дырэктар н.-д. мікрабіял. ін-та ў Парыжы (Пастэраўскі ін-т). Навук. працы па мікрабіялогіі, імуналогіі, біяхіміі, стэрэахіміі. У 1857 вызначыў, што браджэнне выклікаецца мікраарганізмамі. У 1861 адкрыў узбуджальнікаў маслянакіслага браджэння — анаэробных маслянакіслых бактэрый і даказаў, што жыццё магчыма і ў бескіслародным асяроддзі. Эксперыментальна даказаў немагчымасць самаадвольнага заражэння, што садзейнічала развіццю антысептыкі і стварэнню метадаў стэрылізацыі (гл. Пастэрызацыя). Распрацаваў метад засцерагальных прышчэпак супраць узбуджальнікаў шаленства (1885) і інш. заразных хвароб (гл. Вакцынапрафілактыка).

Літ.:

Гамалея Н.Ф., Мечников И.И., Тимирязев К.​А.​Пастер. М.; Л., 1946;

Имшенецкий А.А. Луи Пастер: Жизнь и творчество. М., 1961.

Л.Пастэр.

т. 12, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРДВІ́НАЎ (Мікалай Сямёнавіч) (28.4.1754, с. Пакроўскае б. Наўгародскай губ., Расія — 11.4.1845),

расійскі дзярж. і ваен.-марскі дзеяч, эканаміст. Граф (з 1834). Адмірал (1799). Буйны памешчык, уладальнік шматлікіх маёнткаў, у т. л. на Беларусі. Служыў на флоце, у рус.-тур. вайну 1787—91 камандаваў флатыліяй на Чорным м. У 1799—1801 чл. і віцэ-прэзідэнт Адміралцействаў-калегіі, у 1802 першы марскі міністр Расіі. Чл. Дзярж. савета, адначасова старшыня яго к-таў Дзярж. эканоміі (1810—12, 1816—18), Грамадз. і духоўных спраў (1821—38). Ў 1826 адзіны з членаў Вярх. крымін. суда, які адмовіўся падпісаць смяротны прыгавор дзекабрыстам; адыграў гал. ролю ў апраўданні бязвінна засуджаных па Веліжскай справе. У 1823—40 прэзідэнт Вольнага эканамічнага таварыства; у 1826 садзейнічаў накіраванню т-вам у Магілёўскую губ. медыкаў для правядзення прышчэпак воспы. Як эканаміст лічыў неабходным правесці рыначную мадэрнізацыю рас. гаспадаркі пры захаванні самадзяржаўнага прыгонніцкага ладу. Аўтар прац па эканоміцы: «Некаторыя меркаванні па прадмеце мануфактур у Расіі і аб тарыфе» (1815), «Аб захадах па паляпшэнні дзяржаўных даходаў» (1825), у т. л. праекта паступовага вызвалення прыгонных сялян без зямлі і за вял. выкуп.

т. 10, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМУНІТЭ́Т [ад лац. immunitas (immunitatis) вызваленне ад чаго-н.) у жывёл і чалавека, сукупнасць ахоўна-адаптацыйных рэакцый, накіраваных на ахову арганізма ад шкоднага дзеяння паразітаў, іншародных рэчываў і клетак антыгеннай прыроды.

Паняцце «І.» вядома са старажытнасці. У 1798 англ. ўрач Э.​Джэнер даказаў магчымасць прышчэпак супраць воспы для выпрацоўкі І. Уласцівасць клетак крыві і розных тканак арганізма паглынаць мікробы і іншародныя целы адкрыў рус. мікрабіёлаг І.​І.​Мечнікаў (гл. Фагацытоз). Гумаральныя фактары І. (бактэрыцыдныя ўласцівасці сывараткі крыві) адкрылі ням. эпідэміёлагі Э.​Берынг, Г.​Бухнер, П.​Эрліх і франц. эпідэміёлаг Э.​Ру. Адрозніваюць І. прыроджаны і набыты. Прыроджаны неспецыфічны І. — відавая ўласцівасць, якая перадаецца ў спадчыну. Забяспечваецца імуннымі (фагацыты і інш.) і неімуннымі (бар’ерныя і процімікробныя ўласцівасці скуры і слізістых абалонак, нармальная мікрафлора і інш.) фактарамі. Набыты — індывід. ўласцівасць; выпрацоўваецца на працягу жыцця, характарызуецца інтэграваннем фактараў прыроджанага І. і набыццём дадатковых ахоўных фактараў (антыцел — імунных глабулінаў, антывірусных клетачных злучэнняў). Узнікае пасля інфекц. хвароб, вакцынацыі (актыўны І.), пасля ўвядзення імунных сываратак, пры перадачы спецыфічных антыцел плоду ад маці (пасіўны І.). Паводле механізма перадачы адрозніваюць І. клетачны і гумаральны, па распаўсюджанасці — агульны і мясц., па сувязі з узбуджальнікамі хваробы — постінфекц. і інфекц., па накіраванасці — антытаксічны, антыбактэрыяльны, антывірусны, антыгрыбковы, антыпаразітарны, трансплантацыйны. проціпухлінны.

А.​П.​Красільнікаў.

т. 7, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)