Рэспубліка Палау (белау Beluu er a Belau, англ. Republic of Palau), дзяржава на аднайменных астравах з групы Каралінскіх астравоў, у зах. частцы Ціхага ак., на Пн ад экватара. Пл. 458 км2. Нас. 18,5 тыс.чал. (1999). Афіц. мовы — белау (палау) і англійская. Сталіца, гал.эканам. цэнтр і порт — г.Корар на в-ве Бабелтуап. Краіна падзяляецца на 18 адм. адзінак. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 кастр.).
Дзяржаўны лад. П. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1981. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Заканад. орган — двухпалатны парламент — Нац. кангрэс, які складаецца з сената (14 сенатараў, назначаюцца на 8 гадоў прапарцыянальна насельніцтву астраўных тэрыторый) і палаты дэпутатаў (14 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам).
Прырода. Краіна займае 8 вулканічных (найб. Бабелтуап, пл. 367 км2) і каля 200 каралавых астравоў. Макс.выш. 242 м на в-ве Бабелтуап. З карысных выкапняў ёсць золата, фасфарыты, баксіты; у глыбакаводнай зоне паклады метал. канкрэцый. Клімат экватарыяльны. Сярэднемесячныя т-ры 24—28 ºС. Ападкаў больш за 3000 мм за год, найбольш з мая да лістапада. Адзначаюцца землетрасенні, з чэрв. да снеж. бываюць тайфуны. Невял. рэчкі і ручаі толькі на вулканічных астравах. Асобныя ўчасткі ўзбярэжжа заняты мангравымі зараснікамі, на горных схілах вулканічных астравоў растуць какосавая і арэкавая пальмы, бамбук; вышэй — лясы і саванны. На каралавых астравах — гаі какосавых пальмаў. Мора багата рыбай, ракападобнымі, малюскамі.
Насельніцтва. Мікранезійцы белау (палау) складаюць больш за 95%. Жывуць таксама амерыканцы, філіпінцы, кітайцы. Сярод вернікаў пераважаюць католікі і пратэстанты, каля 30% мясц. жыхароў — прыхільнікі сінкрэтычнага культу Мадэкнгеі. Сярэднегадавы прырост каля 2%. Сярэдняя шчыльн. 40 чал. на 1 км2, на ўзбярэжжах вулканічных астравоў да 100 чал. на 1 км2 і больш. Гар. насельніцтва 72%. У г. Корар 12 тыс.ж. (1995). Большасць насельніцтва занята сельскай гаспадаркай,, рыбалоўствам і марскімі промысламі, абслугоўваннем турыстаў.
Гісторыя. Група астравоў, на якіх размешчана П., у 1534 адкрыта іспанцамі, пасля чаго яна больш за 350 гадоў афіцыйна заставалася пад уладай Іспаніі. З 1899 калонія Германіі. У 1914 акупіравана яп. войскамі, пасля 1-й сусв. вайны з 1919—20 падмандатная тэр. Японіі. Летам 1944 у 2-ю сусв. вайну занята амер. войскамі, з 1947 частка «падапечнай тэр. Ціхаакіянскіх астравоў» пад кіраваннем ЗША. У 1981 у рамках амер. апякунскага кіравання атрымала ўнутр. аўтаномію як «Рэспубліка П». З 9.11.1993 «свабодна асацыіраваная» з ЗША дзяржава тэрмінам на 50 гадоў. 1.10.1994 абвешчана незалежнасць (спынена апека ЗША); у распараджэнні ЗША засталіся абарона (П. не мае ўласных узбр. сіл), фінансы, замежныя справы. П. — чл.ААН (з 1994). Дзейнічаюць некалькі паліт. партый.
Гаспадарка. П. — краіна сярэдняга ўзроўню развіцця. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае каля 8800 дол. за год. Насельніцтва займаецца пераважна сельскай гаспадаркай і рыбалоўствам. Пад с.-г. культурамі і пашай каля 20 тыс.га. Гал. культура — какосавая пальма. На ўласныя патрэбы вырошчваюць маніёк, батат, ямс, тара, рыс, кукурузу, сою, сорга, цукр. трыснёг, чорны перац. Трапічнае садоўніцтва: цытрусавыя, манга, ананасы, хлебнае дрэва, бананы, панданус. Агародніцтва. Жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінні, козы, птушка). Рыбалоўства (пераважна тунец) мае экспартны кірунак. Нарыхтоўка драўніны какосавай пальмы і пандануса. Электраэнергетыка заснавана на выкарыстанні імпартнага паліва, 15% яе даюць невял. ГЭС. У 1996 атрымана 200 млн.кВтгадз электраэнергіі. Невял. здабыча фасфарытаў і золата. У прам-сці пераважаюць прадпрыемствы па перапрацоўцы рыбы, копры, вытв-сці харч. прадуктаў, мыла, алею, цэглы, цэменту, лесапілавання. Буд-ва і рамонт невял. суднаў і лодак. Саматужныя промыслы, здабыча і апрацоўка каралаў, выраб сувеніраў. Транспарт пераважна марскі. На астравах 61 км аўтадарог, 3 аэрапорты. Развіваецца турызм. Замежных турыстаў (пераважна з Японіі і ЗША) прыцягваюць цёплае мора, каралавыя пляжы, экзатычнае мастацтва мясц. жыхароў. У 1996 экспарт склаў 14,3 млн.дол., імпарт — 72,4 млн.дол. У экспарце пераважаюць рыба і рыбныя прадукты, копра, маст. вырабы, у імпарце — паліва, харч. і спажывецкія тавары. Краіна атрымлівае дапамогу і арэндную плату за тэрыторыю ваен. баз ад ЗША. Грашовая адзінка — долар ЗША.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРША́ЛАВЫ АСТРАВЫ́ (Marshall Islands),
Рэспубліка Маршалавы Астравы (Republic of the Marshall Islands), дзяржава на аднайм. астравах у Ціхім ак., на Пн ад экватара. Пл. 181 км2. Hac. 63 тыс.чал. (1999). Афіц. мовы — маршальская і англійская. Сталіца — г. Маджура (Далап-Уліга-Дарыт) на аднайм. атоле. Падзяляецца на 25 раёнаў. Нац. свята — Дзень Канстытуцыі (1 мая).
Дзяржаўны лад. М.А. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1972. Пытанні абароны і знешняй палітыкі належаць да прэрагатывы ЗША. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам са свайго складу на 4 гады. Заканад. ўлада ў лакальных справах належыць парламенту (33 дэпутаты), што выбіраецца насельніцтвам на 4 гады.
Прырода. Налічваецца 34 атолы, якія аб’ядноўваюць 1150 дробных нізінных каралавых астраўкоў і рыфаў; падзяляюцца на 2 групы — Ралік (на З, 18 атолаў), Радак (на У, 16 атолаў). Астравы працягнуліся з Пн на Пд і з З на У на 1500 км, раскіданы ў цэнтр. частцы Ціхага ак. на пл. больш за 2 млн.км2. Макс. вышыні не перавышаюць 5 м. У склад астравоў уваходзіць адзін з найб. атолаў у свеце — Кваджалейн (пл. сушы 16,4 км2, пл.ўнутр. лагуны 1683 км2). Клімат трапічны пасатны. Сярэднія месячныя т-ры паветра 27—28 °C. На Пн выпадае 1500—2000 мм ападкаў (максімум у ліп.—ліст.), на Пд — да 4500 мм. На Пн бываюць засушлівыя перыяды, на Пд у ліп.—снеж. здараюцца трапічныя цыклоны. Рэк і ручаёў няма. Пераважае культурная расліннасць, гаі какосавых пальмаў. Берагі ўнутр. лагун атолаў акаймаваны мангравымі зараснікамі. Мора багатае рыбай, ракападобнымі, малюскамі.
Насельніцтва. Мікранезійцы-маршальцы складаюць 92%. Жывуць таксама амерыканцы, палінезійцы, кітайцы і інш. Вернікі пераважна пратэстанты (90%) і католікі. Сярэднегадавы прырост 3,8%. Сярэдняя шчыльн. 348 чал. на 1 км2. Больш за палавіну насельніцтва засяроджана на в-ве Маджура (пл. 30 км2), дзе знаходзіцца адзіны г. Маджура (каля 30 тыс.ж.). Большасць насельніцтва занята сельскай гаспадаркай, рыбалоўствам, абслугоўваннем замежных турыстаў.
Гісторыя. Першыя еўрапейцы з’явіліся на М.А. у 1529 (ісп. экспедыцыя А.Сааведры), у 1788 даследаваны англічанінам Дж.Маршалам (адсюль назва). У 1855 афіцыйна перададзены Іспаніі, якая пасля іспана-амерыканскай вайны 1898 прадала іх Германіі. У 1914 астравы акупіравала Японія, якая ў 1920 атрымала ад Лігі Нацый мандат на кіраванне імі. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны ў 1945 ЗША 3 1947 паводле рашэння Савета Бяспекі ААН падапечныя тэр. ЗША (у складзе падапечнай тэр. Ціхаакіянскія астравы). З 1979 Рэспубліка М.А 3 1983 «свабодная асацыіраваная» з ЗША тэрыторыя. У 1986 спынена апекаванне ЗША, астравы атрымалі ўнутр. самакіраванне 3 1991 член ААН.
Гаспадарка. М.А. — слабаразвітая краіна. Валавы нац. прадукт на 1 чал. складае каля 1700 дол. за год. Насельніцтва займаецца пераважна сельскай гаспадаркай і рыбалоўствам. Асн. таварная культура — какосавая пальма. Копра з яе пладоў ідзе на продаж. Невял. таварнае значэнне мае вырошчванне агародніны, фруктаў (цытрусавых, папайі, манга, ананасаў), чорнага перцу. На свае патрэбы вырошчваюць маніёк, я́мс, батат, бананы, тара, ароут, хлебнае дрэва. Развіты свіна- і птушкагадоўля. Рыбалоўства. Большасць прамысл. прадпрыемстваў занята перапрацоўкай с.-г. сыравіны. Перапрацоўка копры, мылаварная ф-ка, вытв-сць алею з какосавых арэхаў. Ёсць рыбакансервавыя прадпрыемствы, лесапільні і верфі па буд-ве невял. суднаў і лодак. Невял. здабыча фасфарытаў на атоле Аілінглапалап. Вытв-сць электраэнергіі — 80 млн.кВт·гадз. Развіты разнастайныя саматужныя промыслы, здабыча і апрацоўка каралаў, выраб сувеніраў. Большасць валютных паступленняў ад замежнага турызму. Турыстаў (пераважна з ЗША і Японіі) сюды прыцягваюць цёплае мора, каралавыя пляжы, экзатычнае мастацтва мясц. жыхароў. Транспарт пераважна марскі і авіяцыйны. На астравах 23 аэрадромы і пасадачныя пляцоўкі. Горад і порт Маджура звязаны рэгулярнымі авіярэйсамі з Гавайскімі а-вамі і в-ам Гуам. Штогадовы экспарт каля 20 млн.дол., імпарт — каля 70 млн. долараў. У экспарце пераважаюць какосавы алей, копра, рыбныя кансервы, каралы, у імпарце — разнастайныя прамысл. і харч. тавары, паліва. Гал.гандл. партнёры ЗША і Японія.
Дадатковай крыніцай даходу з’яўляецца рэгістрацыя гандл. суднаў замежных краін (з прычыны нізкіх падаткаў і выгаднага для суднаўладальнікаў заканадаўства), выпуск паштовых марак. М.А. атрымліваюць фін. дапамогу, а таксама плату за арэнду ваенных і навук. аб’ектаў, у т.л. станцыі назірання за запускам штучных спадарожнікаў і ракет, ад ЗША. Грашовая адзінка — долар ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАУ́РУ (науруанскае Naoero, англ. Nauru),
Рэспубліка Науру (Republic of Nauru), дзяржава ў паўд,зах.ч. Ціхага ак., на невялікім ізаляваным в-ве Науру, за 42 км на Пд ад экватара. Пл. 21 км2. Нас. 10,6 тыс.чал. (1999). Афіц. сталіцы не мае, рэзідэнцыя ўрада — у акрузе Мененг, урадавыя будынкі і парламент — у акрузе Ярэн. Афіц. мова — науру, шырока ўжываецца англійская. Краіна падзяляецца на 14 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (31 студз.).
Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка ў складзе Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй (без права ўдзелу ў канферэнцыях краін Садружнасці на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў). Дзейнічае канстытуцыя 1968. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае парламент тэрмінам на 3 гады. Заканад. ўлада належыць парламенту (18 дэпутатаў, якія выбіраюцца насельніцтвам на 3 гады).
Прырода. Н. — каралавы востраў, абкружаны вузкім бар’ерным рыфам на адлегласці 150—300 м ад берага. Паверхня — плато з фасфатызаваных вапнякоў выш. да 65 м, вакол якога цягнуцца берагавыя тэрасы шыр. 100—300 м. Клімат экватарыяльны мусонны. Сярэдняя т-ра паветра ўвесь год каля 28 °C. Ападкаў за год каля 2500 мм, вільготны перыяд прыпадае на ліст.—люты. Рэк і ручаёў няма, пітную ваду завозяць. На ПдЗ вострава саланаватае воз. Буада. Расліннасць — цвердалістыя лясы, пераважна з калафіліуму, рэдкалессі і хмызнякі. Шмат марскіх птушак. Мора багатае рыбай, малюскамі, ракападобнымі.
Насельніцтва. Карэнныя жыхары — науру (мяшанага, пераважна мікранезійскага паходжання) складаюць 58% насельніцтва. Ёсць выхадцы з інш. астравоў Акіяніі (26%), кітайцы і еўрапейцы (па 8%). Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (60%), ёсць католікі і інш. Сярэднегадавы прырост насельніцтва нулявы. Сярэдняя шчыльн. 505 чал. на 1 км2. Усё насельніцтва лічыцца гарадскім, жыве ў пасёлках па ўзбярэжжы, занята ў прам-сці і абслуговых галінах.
Гісторыя. Першым з еўрапейцаў на востраве высадзіўся ў 1798 англ. мараплавец Дж.Ферн. З 1830-х г. пачалася каланізацыя краіны. У 1888 востраў анексіравала Германія і далучыла да свайго пратэктарату Маршалавы а-вы. У 1898 тут выяўлены вял. запасы фасфатаў, з 1906 іх распрацоўвала Брыт. ціхаакіянская фасфатная кампанія. У 1914 востраў акупіравалі войскі Аўстраліі, якая ў 1919 атрымала ад Лігі Нацый мандат на кіраванне ім (разам з Вялікабрытаніяй і Новай Зеландыяй). У 1942—45 акупіраваны яп. войскамі. З 1947 падапечная тэр.ААН, зноў пад сумесным кіраваннем Вялікабрытаніі, Аўстраліі і Новай Зеландыі. На мяжы 1940—50-х г. у краіне ўзмацніўся нац,вызв. рух. У 1951 на аснове створанага яшчэ ў 1927 Савета правадыроў засн. Науруанскі савет мясц. самакіравання, у 1966 — Заканад. і Выканаўчы саветы.
31.1.1968 абвешчана незалежнасць Н. Паводле канстытуцыі 1968 першым прэзідэнтам выбраны Х. дэ Робарт. У 1970 усе правы на здабычу і продаж фасфатаў перайшлі да «Науруанскай фасфатнай кампаніі». З чэрв. 1998 прэзідэнт краіны — Б.Давіёга. Дзейнічаюць партыя Н., Дэмакр. партыя Н., прафс. аб’яднанне Науруанская рабочая арг-цыя.
Гаспадарка. Н. ўваходзіць у лік краін з параўнальна высокім сярэднім узроўнем даходаў насельніцтва (каля 10 тыс.дол. на чалавека, 1993). Аснова эканомікі — здабыча і экспарт фасфатаў (адны з лепшых у свеце, вядзе нац. «Науруанская фасфатная кампанія»), якія паступова зніжаліся з 2 млн.т (у 1970—80) да 285 тыс.т (у 1990-х г.). Ажыццяўляюцца пачатковая перапрацоўка фасфатаў, выпуск фасфатнай мукі. У 2000 запасы фасфатаў будуць вычарпаны. Іх здабыча прывяла да таго, што каля палавіны тэрыторыі вострава ператворана ў кар’ер. Для рэкультывацыі зямель створаны спец. фонд. Для кампенсацыі страты асн. крыніцы даходаў урад краіны ўкладвае буйныя сродкі ў нерухомасць за мяжой і спец. фонды акумуляцыі. Аб’ём науруанскіх інвестыцый за мяжой 1,2 млрд. долараў. З 1974 Н. мае статус афшорнай зоны (падатковыя льготы; зарэгістравана каля 250 замежных банкаў). Ёсць невял. прадпрыемствы харч. прам-сці, саматужныя промыслы. Вытв-сць электраэнергіі 32 млн.кВт·гадз (1997). Сельская гаспадарка мае дапаможны характар. Вырошчваюць какосавыя арэхі (2 тыс.т штогод), агародніну, садавіну. Рыбалоўства развіта слаба, рыбу завозяць пераважна з Аўстраліі. Транспарт у асн. марскі і паветраны. Порт Науру. Аэрапорт. Ёсць аўтадарога (даўж. 19 км) уздоўж узбярэжжа і вузкакалейная чыгунка (3,9 км), якая звязвае месца распрацоўкі фасфатаў з узбярэжжам. Штогод экспарт складае каля 25—30 млн.дол., імпарт — каля 20 млн. долараў. Н. экспартуе фасфаты, імпартуе харч. і спажывецкія тавары, машыны і абсталяванне, паліва, буд. матэрыялы. Асн.гандл. партнёры: Аўстралія, Японія, Новая Зеландыя, Філіпіны. Замежны турызм. У якасці грашовай адзінкі выкарыстоўваецца аўстрал. долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЬДЫ́ВЫ (Дывехі Раджы),
Мальдыўская Рэспубліка (Дывехі Раджэйгі Джумхурыя), дзяржава ў Паўд. Азіі, на Мальдыўскіх а-вах у паўн.-зах.ч. Індыйскага ак.Пл. 298 км2. Нас. 290,2 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — мальдыўская (дывехі). Сталіца — г.Мале.
Падзяляецца на 20 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (26 ліп.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Сходу грамадзян (меджлісу), які складаецца з 48 членаў (40 выбіраюцца на ўсеагульных выбарах і 8 назначаюцца прэзідэнтам). Выканаўчая ўлада ажыццяўляецца прэзідэнтам з дапамогай кабінета міністраў, які падсправаздачны меджлісу. На чале 20 адм. акруг стаяць кіраўнікі, прызначаныя прэзідэнтам. Кантроль за іх дзейнасцю ажыццяўляе мін-ва па справах атолаў.
Прырода. Астравы нізінныя, каралавага паходжання, утвараюць 2 паралельныя ланцугі. Складаюцца з 26 атолаў, уключаюць каля 2 тыс. дробных каралавых астравоў. Частка іх абкружана бар’ернымі рыфамі. Найб.выш. 24 м. Клімат экватарыяльны мусонны. Сярэдняя т-ра ўвесь год 24—28°C. Ападкаў каля 2500 мм за год. Рэк і ручаёў няма. Порысты вапняковы грунт не затрымлівае ваду, таму адзначаецца яе недахоп. Гаі какосавых пальмаў, хлебнага дрэва. Мора багатае рыбай.
Насельніцтва. Амаль усё насельніцтва складаюць мальдыўцы (саманазва дывехі), гавораць на мове, якая адносіцца да індаарыйскай групы індаеўрапейскай сям’і. Жывуць невял. групы сінгалаў, дравідаў, арабаў, афрыканцаў. Вернікі — мусульмане-суніты. Сярэднегадавы прырост 3,47% (1977). Сярэдняя шчыльн. 974 чал. на 1 км2. Заселены толькі 202 буйнейшыя астравы. Каля 30% насельніцтва жыве ў адзіным горадзе М. — Мале (63 тыс.ж., 1995), 54% працаздольнага насельніцтва занята ў абслуговых галінах, 25% — у рыбалоўстве і сельскай гаспадарцы, 21% — у прам-сці.
Гісторыя. У 3—1 ст. да н.э. М. засялілі выхадцы з Шры-Ланкі і Індыі. Да сярэдзіны 12 ст. пануючай рэлігіяй быў будызм. У 1153 прапаведнік Мухамад ул-Абдала схіліў насельніцтва М. да ісламу, заснаваў на М. султанат і абвясціў сябе султанам. У 1558 партугальцы захапілі в-аў Мале, але ў 1573 выгнаны. У 16—17 ст. султанат знаходзіўся ў залежнасці ад галандскіх, а з пач. 19 ст. — англ. улад Цэйлона (цяпер — Шры-Ланка); з 1887 — брыт. пратэктарат. У 1953—54 М. — рэспубліка, потым манархія. З 1956 на М. існавала буйная база брыт.ВПС. 27.7.1965 абвешчана незалежнасць М. З 11.11.1968 — рэспубліка на чале з прэзідэнтам І.Насірам. У 1976 выведзены ўсе брыт. войскі. У 1978 рэферэндум ухваліў назначэнне прэзідэнтам М.А.Гаюма, які ліквідаваў спробы дзярж. пераваротаў у 1980, 1981 і 1988. У лют. 1990 абвешчана праграма шырокай дэмакратызацыі паліт. жыцця ў краіне. Пачалося стварэнне апазіцыйных партый. З 1.1.1998 увайшла ў сілу новая канстытуцыя М., якая прадугледжвае шырокае кола дэмакр. праў і свабод грамадзян. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў снеж. 1993.
М. — чл.ААН (з 1965), Садружнасці (з 1985), Асацыяцыі рэгіянальнага супрацоўніцтва Паўд. Азіі (з 1985).
Гаспадарка. М. — слабаразвітая краіна. Штогадовы даход на 1 чалавека складае каля 900 дол. ЗША.. Аснова эканомікі — замежны турызм, рыбалоўства і перапрацоўка рыбы. На М. створаны 2 турыстычныя цэнтры на а-вах Курумба і Бандас. У краіне штогод бывае каля 325 тыс. турыстаў пераважна з Зах. Еўропы, Японіі, Індыі. У 1998 прыбытак ад гэтай галіны склаў 287 млн.дол. Турыстаў прывабліваюць маляўнічыя ўзбярэжжы атолаў, купанні ў цёплым моры, сонечнае надвор’е, гіст. і арх. помнікі. У 1996 вылаўлена 105,6 тыс.т рыбы (пераважна тунец). Рыбалоўны флот налічвае каля 5 тыс. невял. ветразевых і маторных суднаў і лодак. З галін прам-сці найб. развіты суднабудаванне (буд-ва невял. суднаў), харч. (мукамольная, рыбакансервавая), тэкст., швейная. Здабыча пяску і каралаў. Новая галіна — зборка электронных кампанентаў. Шырока развіты разнастайныя рамёствы: кавальскае, выраб прадметаў хатняга ўжытку, драўляных лодак, цыновак, кошыкаў, рыбалоўных сетак з валакна какосавых арэхаў, разьбярства па дрэве, выраб упрыгожанняў і сувеніраў з каралаў і ракавін. Ёсць цеплавыя электрастанцыі, якія працуюць на імпартаваным паліве і выпрацоўваюць штогод каля 60 млн.кВт∙гадз электраэнергіі. Важная крыніца даходу — выпуск паштовых марак. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 3 тыс.га. Вырошчваюць какосавую пальму (збор штогод каля 10 млн.шт. арэхаў), хлебнае дрэва, цытрусавыя, манга, бананы, агародніну (перац, цыбуля, памідоры), караняплоды (ямс, батат), збожжавыя (проса). Жывёлагадоўля не развіта з-за адсутнасці кармавых угоддзяў. Птушкагадоўля. Транспарт пераважна марскі. Гандл. флот М. налічвае 19 суднаў. 2 міжнар. аэрапорты (каля г. Мале і на в-ве Ган). На астравах 10 км аўтадарог. У 1995 экспарт склаў 50 млн.дол., імпарт 268 млн. долараў. М. экспартуе пераважна рыбу і морапрадукты (50 % па кошце), копру, тэкст. і электронныя вырабы. У імпарце пераважаюць прамысл. і харч. тавары, паліва. Асн. знешнегандл. партнёры: Сінгапур, Індыя, Шры-Ланка, Японія. Краіна атрымлівае дапамогу ад асобных дзяржаў і міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — мальдыўская руфія.
А.А.Дабрыцкая (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАНЕ́ЗІЯ (Micronesia),
Федэратыўныя Штаты Мікранезіі (Federated States of Micronesia), дзяржава ў цэнтр. і ўсх.ч.Каралінскіх астравоў у Ціхім акіяне; уключае таксама асобны атол Капінгамарангі. Займае частку фіз.-геагр. вобласці Мікранезія. Пл. 701,4 км2. Нас. 129,7 тыс.чал. (1999). Афіц. мова — англійская. Сталіца — г.Палікір на в-ве Понапе. Падзяляецца на 4 штаты. Нац. свята — Дзень незалежнасці (3 ліст.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1979 са зменамі 1990. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца членамі парламента з яго складу на 4 гады. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Нац. кангрэсу (14 сенатараў), які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 4 гады. Пытанні абароннай і знешняй палітыкі ў кампетэнцыі ЗША.
Прырода. У М. 35 груп невял. вулканічных і каралавых а-воў (усяго 607). Астравы працягнуліся з 3 на У на 3 тыс.км, з Пн на Пд на 1 тыс.км, раскіданы ў зах.ч. Ціхага ак. на пл. больш за 3 млн.км2. Вулканічныя астравы (найб. Понапе, Кусаіе, Трук і Яп) горныя, абкружаны каралавымі рыфамі. Найвыш. пункт на в-ве Понапе — 791 м.
На каралавых астравах выш. не перавышаюць 5 м. Клімат трапічны пасатны. Сярэднія месячныя т-ры паветра 27—28 °C. Выпадае штогод 3000—5000 мм ападкаў. Бываюць трапічныя цыклоны (пераважна ў ліп.—снежні) і землетрасенні. Невял. рэкі і ручаі толькі на вулканічных астравах. На іх асобныя ўчасткі ўзбярэжжа заняты мангравымі зараснікамі, на горных схілах растуць бамбук, какосавыя і арэкавыя пальмы, месцамі лясы або саванны. На каралавых астравах гаі какосавых пальмаў і панданусаў. Мора багатае рыбай, ракападобнымі, малюскамі.
Насельніцтва. Мікранезійцы складаюць больш за 90 %. Падзяляюцца на 9 этнічных груп, кожная з якіх насяляе асобную частку архіпелага. На атоле Капінгамарангі жывуць палінезійцы, на найб. астравах ёсць амерыканцы і кітайцы. Вернікі пераважна католікі (50%) і пратэстанты (47%). Сярэднегадавы прырост 2,2%. Сярэдняя шчыльн. 185 чал. на 1 км2, на вулканічных астравах дасягае 300 чал. на 1 км2. У адзіным горадзе Палікір жыве 33,4 тыс.ж. (1994). Большасць насельніцтва занята сельскай гаспадаркай, рыбалоўствам, абслугоўваннем замежных турыстаў.
Гісторыя. М. заселена продкамі сучасных мікранезійцаў у 2—1-м тыс. да н.э. Першыя еўрапейцы (ісп. мараплаўцы), якія наведалі ў 1527 М., назвалі астравы Каралінскімі ў гонар ісп. караля Карла II. У 1565 намінальна абвешчана ўладаннем Іспаніі. У 1898 Іспанія прадала астравы Германіі. У 1-ю сусв. вайну М. акупіравана Японіяй, якая атрымала ў 1921 ад Лігі Нацый мандат на кіраванне. У 2-ю сусв. вайну акупіравана амер. войскамі. У ліп. 1947 ААН зацвердзіла апеку ЗША над Каралінскімі, Марыянскімі і Маршалавымі а-вамі, якія аб’ядноўваліся ў падапечную тэрыторыю Ціхаакіянскія а-вы. У 1965 створаны мясц. парламент — Кангрэс М. 10.5.1979 прадстаўнікі штатаў Яп, Трук, Понапе і Кусаіе зацвердзілі канстытуцыю Федэратыўных штатаў М. (ФШМ). У кастр. 1983 усенар. плебісцыт адобрыў пагадненне пра свабодную асацыяцыю з ЗША, паводле яе ФШМ атрымалі незалежнасць пры захаванні амер. кантролю над іх абаронай. У ліст. 1986 амер. ўрад абвясціў пра спыненне рэжыму апекі над ФШМ, у снеж. 1990 гэта зацвердзіла ААН. У 1991 прэзідэнтам М. выбраны Б.Олтэр, у 1997 — Я.Нена. Член ААН з 1991.
Гаспадарка. М. — слабаразвітая краіна. Валавы нац. прадукт на 1 чал. складае каля 1700 дол. за год. Найб. развіта земляробства. Асн. таварныя культуры: какосавая пальма, какава, агародніна, садавіна (цытрусавыя, папайя, манга, ананасы), чорны перац. Харч. культуры: маніёк, ямс, батат, бананы, тара, ароут, хлебнае дрэва, панданус, рыс, кукуруза, соя, сорга. Развіты свіна- і птушкагадоўля. Рыбалоўства задавальняе мясц. патрэбы. У рыбалоўнай зоне М. займаюцца ловам рыбы за вызначаную плату караблі ЗША, Аўстраліі, Японіі, Паўд. Карэі і інш. краін. Прамысл. прадпрыемствы заняты перапрацоўкай с.-г. сыравіны. Ёсць прадпрыемствы па перапрацоўцы какосавых арэхаў (вытв-сць копры і какосавага алею), какавы, кансервавыя (з рыбы, агародніны, фруктаў), мукамольныя і інш. Працуюць лесапільні, верфі па буд-ве і рамонце невял. суднаў і лодак, дробныя прадпрыемствы па выпуску цэменту і цэглы. На в-ве Понапе вядзецца здабыча баксітаў. Вытв-сць электраэнергіі каля 70 млн.кВт∙гадз за год. Кожны год М. наведвае каля 25 тыс. турыстаў (з Японіі, Аўстраліі, ЗША). Гал. від транспарту — марскі. Асн. групы астравоў звязаны паміж сабой і з інш. краінамі рэйсамі невял. суднаў. Працуюць 4 аэрапорты, у т.л. міжнародны на в-ве Понапе. У М. 226 км аўтадарог з цвёрдым пакрыццём. У 1994 экспарт склаў 29,1 млн.дол., імпарт — 141,1 млн. долараў. У экспарце пераважаюць копра (больш за 50% кошту), чорны перац, рыба і рыбапрадукты, вырабы мясц. промыслаў, какосавы алей, у імпарце — разнастайныя прамысл. і харч. тавары. Гал.гандл. партнёры Японія (32% экспарту, 80 % імпарту) і ЗША (адпаведна 56% і 9%). Краіна атрымлівае значныя субсідыі і фін. дапамогу ад ЗША. Грашовая адзінка — долар ЗША.
Літ.:
Малаховский К.В. Последняя подопечная: (История Микронезии). М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ КАЛЕДО́НІЯ (Nouvelle Calédonie),
уладанне Францыі ў паўд.-зах. частцы Ціхага ак., у Меланезіі. Складаецца з гал. в-ва Н.К. (пл. 16,8 тыс.км2), а-воў Луаятэ (2 тыс.км2) і інш.Пл. 19,1 тыс.км2. Нас. 197,4 тыс.чал. (1999). Адм. і эканам. ц., гал. порт — г.Нумеа. Афіц. мова — французская. Падзяляецца на 3 правінцыі. Нац. свята — Дзень узяцця Бастыліі (14 ліп.).
Прырода. Большую ч. в-ва Н.К. займае пласкагор’е, на якім узнімаюцца асобныя горныя вяршыні да 1628 м. На астатніх астравах пераважае нізкагорны рэльеф. Карысныя выкапні: руды нікелю (запасы металу 45 млн.т, каля 20% сусветных), кобальту, медзі, хрому, жалеза, марганцу, сурмы. Ёсць радовішчы золата, серабра, свінцу. Клімат трапічны. Сярэдняя т-растудз. 24—26 °C, ліп. 20 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 3000 мм на ўсх. схілах да 700 мм на заходніх. Летам бываюць трапічныя ўраганы. Рэкі невялікія і парожыстыя. У раслінным покрыве шмат эндэмікаў. Пераважаюць рэдкалессі з дрэва ніяулі і высакатраўі. Пад лесам і хмызнякамі 39% пл. Дрэвы кауры, агатыс, новакаледонская хвоя і араўкарыя маюць каштоўную драўніну. Жывёльны свет астраўнога тыпу, вельмі бедны, шмат птушак.
Насельніцтва. Карэнныя жыхары — канакі, або новакаледонцы, адзін з меланезійскіх народаў, складаюць 42,5%, размаўляюць на 27 блізкароднасных мовах і дыялектах. Да карэнных жыхароў адносяцца таксама меланезійцы і палінезійцы а-воў Луаятэ (3,8%). Некарэннае насельніцтва — французы (37,1%), выхадцы з франц. уладанняў у Ціхім ак. (8,4%), інданезійцы (3,6%), в’етнамцы (1,6%) і інш. Карэннае насельніцтва жыве пераважна ў вёсках і звязана з сельскай гаспадаркай, прышлае жыве ў гарадах і пасёлках пры гарнарудных прадпрыемствах. Сярод вернікаў католікаў 60%, пратэстантаў 30%. Сярэднегадавы прырост каля 1,6%. Сярэдняя шчыльн. 10,3 чал. на 1 км2. Больш шчыльна населена паўд.ч. вострава, дзе знаходзіцца адзіны значны горад Нумеа (каля 70 тыс.ж., 1998). У сельскай гаспадарцы занята 20% эканамічна актыўнага насельніцтва, у апрацоўчай прам-сці — 16%, у горназдабыўной — 4%, у абслуговых галінах — 60%.
Гісторыя. Н.К. заселена продкамі сучасных меланезійцаў у 2-м тыс. да н.э. На момант з’яўлення еўрапейцаў карэнныя жыхары (канакі) не мелі дзярж. утварэнняў, хоць знаходзіліся на больш высокім узроўні развіцця. чым інш. меланезійцы. Адкрыта ў 1774 англ. мараплаўцам Дж.Кукам. У пач. 19 ст. тут з’явіліся хрысц. місіянеры. У 1853 Н.К. абвешчана ўладаннем Францыі, з 1860 асобная калонія. У 1864—96 месца ссылкі злачынцаў з Францыі (больш за 40 тыс.чал.). Уціск калан. улад выклікаў у 1878 паўстанне канакаў. З 1946 «заморская тэр.» Францыі. У 1956 створана тэр. асамблея. У 1980-я г. адбыўся шэраг выступленняў за незалежнасць Н.К. У 1988 паміж лідэрамі Н.К. і франц. ўладамі дасягнута пагадненне аб мірным урэгуляванні канфлікту. У 1998 усеагульны рэферэндум ухваліў новае пагадненне, паводле якога Н.К. атрымае незалежнасць у бліжэйшыя 15—20 гадоў.
Гаспадарка. Н.К. — краіна з развітой гарнаруднай прам-сцю. Валавы ўнутр. прадукт у 1996—2,1 млрд.дол. (11,4 тыс.дол. на 1 чал.), у т.л. ў прам-сці ствараецца 25%, у сельскай гаспадарцы — 3%, у абслуговых галінах — 72%. У прам-сці гал. значэнне маюць здабыча руд нікелю, кобальту, хрому, жалеза і інш. металаў. Здабыча нікелевых руд вядзецца адкрытым спосабам вакол 4 гарнарудных цэнтраў Непуі, Пора, Куауа і Тыо. Працуюць 2 з-ды па перапрацоўцы нікелевых руд (адначасова атрымліваюць і кобальт). Усе гарнарудныя прадпрыемствы належаць франц. кампаніі «Ле нікель». Вытв-сць феранікелю каля 70 тыс.т за год. Вытв-сць электраэнергіі 1,1 млрд.кВтгадз (1996). ЦЭС даюць 70% электраэнергіі, ГЭС — 30%. З прадпрыемстваў харч. прам-сці піваварныя і кансервавыя з-ды, па перапрацоўцы какосавых арэхаў, апрацоўцы кавы, млыны; з інш. галін — з-ды мылаварныя, пластмасавых вырабаў, буд. матэрыялаў, лесапільныя, мэблевыя, па рамонце і буд-ве невялікіх суднаў. Сельская гаспадарка задавальняе патрэбы насельніцтва на 30%, мае спажывецкі характар. У с.-г. карыстанні каля 230 тыс.га, пераважаюць жывёлагадоўчыя ўгоддзі. У гаспадарках еўрап. каланістаў каля 100 тыс. галоў буйн. раг. жывёлы мяснога кірунку. Мясц. насельніцтва гадуе свіней і коз. Птушкагадоўля. На экспарт вырошчваюць какосавыя арэхі і каву, на свае патрэбы — бульбу, сланечнік, пшаніцу, кукурузу, ямс, тара, батат, маніёк, агародніну. Трапічнае садоўніцтва. Рыбалоўства. Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Транспарт аўтамаб. і марскі. На астравах 5,6 тыс.км аўтадарог, у т.л. 1 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. Ёсць падвесныя канатныя дарогі для вывазу руд металаў да ўзбярэжжа. Знешнія сувязі абслугоўваюць марскі флот і авіяцыя. 5 аэрапортаў, у т.л. міжнар. каля Нумеа. У 1996 экспарт склаў 500 млн.дол., імпарт 845 млн.дол.Гал. тавары экспарту — феранікель (95% кошту), абагачаныя руды нікелю, кобальту, хрому і інш. металаў, копра, кава; імпарту — харч. прадукты і прамысл. вырабы, паліва. Гал.гандл. партнёры: Францыя (29% экспарту, 45% імпарту), Японія (31% і 4%), Аўстралія (7% і 18%), ЗША (12% экспарту), Сінгапур, Тайвань, Новая Зеландыя. Дадатковыя даходы краіна атрымлівае ад міжнар. турызму. Грашовая адзінка — франк франц. кантор у Ціхім ак.
Літ.:
Меликсетова И.М. Новая Каледония: Прошлое и современность. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСО́ТА (Lesotho),
Каралеўства Лесота (сесута ’Muso oa Lesotho, англ. Kingdom of Lesotho), краіна на Пд Афрыкі, анклаў на тэр.Паўд.-Афр. Рэспублікі (ПАР). Пл. 30,35 тыс.км2. Нас. 2007,8 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — сесута і англійская. Сталіца — г.Масеру. Краіна падзяляецца на 10 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (4 кастрычніка).
Дзяржаўны лад. Л. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1993. Кіраўнік дзяржавы — кароль. Вышэйшы заканад. орган — парламент, які складаецца з Сената (верхняя палата) і Нац. Асамблеі (ніжняя палата). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Большую частку краіны займае базальтавае нагор’е Басута, выш. 2000—3000 м, парэзанае глыбокімі далінамі рэк. На У і Пд яго абмяжоўваюць Драконавы горы (г. Тхабана-Нтленьяна, 3482 м), на Пн — горы Малуты (г. Шампейн-Касл, 3276 м). Карысныя выкапні: алмазы, буд. матэрыялы. Клімат рэзка кантынентальны субтрапічны. Сярэдняя т-ра на нагор’і студз. 25 °C, ліп. 15 °C. Зімой бываюць замаразкі, у гарах выпадае снег. Ападкаў за год у гарах на У каля 1000 мм, на астатняй тэрыторыі каля 700—500 мм. Гал. рака Аранжавая з прытокам Каледан. Пераважае сухая стэпавая расліннасць, у гарах — сухалюбныя хмызнякі, альпійскія лугі. Нац. парк Сехлабатэбе.
Насельніцтва. 99,7% складае народ басута. Ёсць еўрапейцы (каля 1,6 тыс.) і выхадцы з краін Азіі (каля 0,8 тыс.). Сярод вернікаў пераважаюць хрысціяне (80%, католікі і пратэстанты), астатнія вызнаюць традыцыйныя мясц. вераванні. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 2,4%. Сярэдняя шчыльн. 66,1 чал. на 1 км2. Большая шчыльнасць на 3 і ў цэнтры краіны. У гарадах жыве 23% насельніцтва. У г. Масеру 400,2 тыс.ж. (1995). У сельскай гаспадарцы занята 86,2% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 7%. Сезонна (ад 6 да 9 месяцаў за год) 60% мужчын працуе на шахтах і фермах ПАР.
Гісторыя. Старажытнымі насельнікамі Л. былі бушмены і кой-коіны (гатэнтоты), якіх у 17 ст. выцеснілі плямёны басута з групы банту. У пач. 19 ст. адзін з правадыроў басута Машэш I аб’яднаў разрозненыя плямёны ў адзіную дзяржаву. Пад пагрозай заваявання бурамі ён заключыў у 1868 з Вялікабрытаніяй дагавор аб пратэктараце. У 1871—84 Л. ў складзе брыт. Капскай калоніі, з 1884 пратэктарат Басуталенд. У 1952 створаны Афр. кангрэс Басуталенда (з 1959 партыя кангрэса Басута, ПКБ), цесна звязаны з Афрыканскім нацыянальным кангрэсам, у 1959 — Нац. партыя Басута (НПБ), якая адлюстроўвала інтарэсы племянных вярхоў. Паводле канстытуцыі 1965 Л. атрымала ўнутр. самакіраванне. На першых усеагульных парламенцкіх выбарах у 1965 перамагла НПБ, яе лідэр Л.Джонатан стаў прэм’ер-міністрам урада.
4.10.1966 абвешчана незалежнасць Басуталенда, які атрымаў назву каралеўства Л. (кароль Машэш II). Пасля перамогі ПКБ на парламенцкіх выбарах у студз. 1970 Джонатан ануляваў іх вынікі і ўвёў надзвычайнае становішча (адменена ў 1973). У выніку перавароту ў студз. 1986 улада перайшла да Ваен. савета, які забараніў усе паліт. партыі, а ў 1990 скінуў караля Машэша II і абвясціў каралём яго сына Летсі III. Пасля перавароту ў крас. 1991 дзейнасць паліт. партый адноўлена. На парламенцкіх выбарах у сак. 1993 перамагла ПКБ, а яе кіраўнік Н.Махеле стаў прэм’ер-міністрам. Л. — чл. Садружнасці, ААН (з 1966), Арг-цыі афр. адзінства. Дзейнічаюць Партыя кангрэса Басута, Нац. партыя Басута, Партыя свабоды Марэматлу.
Гаспадарка. Л. — агр. краіна, у ліку 25 найменш эканамічна развітых краін свету. Знаходзіцца ў поўнай эканам. залежнасці да ПАР. Валавы нац. прадукт на душу насельніцтва складае каля 580 дол. за год. Сельская гаспадарка дае каля 80% даходу краіны, прам-сць — каля 10%. Пад с.-г. ўгоддзямі 2,3 млн.га (76% тэрыторыі), пераважаюць натуральныя лугі і паша (каля 2 млн.га). Апрацоўваецца каля 300 тыс.га зямлі. Пераважаюць дробныя натуральныя і паўнатуральныя сялянскія гаспадаркі на абшчынных землях. На рынак паступае толькі частка прадукцыі — воўна і высакаякасны махер. Найб. развіта жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — 640, авечак — 1500, коз — 1000; ёсць коні, мулы, аслы. Вырошчваюць кукурузу (займае палавіну пасяўной плошчы), сорга, пшаніцу, ячмень, агародніну. Значныя пасевы гароху і фасолі. З тэхн. культур вырошчваюць джут. У перадгор’ях цэнтр.ч. краіны развіта земляробства, y гарах — адгонна-пашавая жывёлагадоўля. У горных раёнах пашырана тэраснае земляробства. У нязначнай ступені развіты горназдабыўная і апрацоўчая прам-сць; здабыча алмазаў (каля 50 тыс. каратаў у год, значна вагаецца ў асобныя гады, кантралюецца канцэрнам «Дэ Бірс», ПАР), буд. матэрыялаў. Уся электраэнергія паступае з ПАР. Вядзецца апрацоўка воўны і скур, вытв-сць махеру, тканін, дываноў, адзення і абутку. Шмат дробных паўсаматужных прадпрыемстваў харч. прам-сці. Транспарт пераважна аўтамабільны. Аўтадарог 5,2 тыс.км, у т.л. з цвёрдым пакрыццём 2,1 тыс.км. Адзінае чыг. адгалінаванне (1,6 км) звязвае г. Масеру з чыгункамі ПАР.
У г. Масеру міжнар. аэрапорт. Гандл. баланс адмоўны. У 1992 экспарт склаў 109 млн.дол., імпарт — 964 млн. долараў. Краіна экспартуе воўну, махер, буйн. раг. жывёлу, скуры, імпартуе харч. і прамысл. тавары, паліва і інш. Асноўны гандл. партнёр — ПАР (42% экспарту і 94% імпарту). Дадатковыя крыніцы даходаў насельніцтва — сезонная работа ў ПАР (каля 40% даходу краіны) і замежны турызм (штогод краіну наведвае каля 200 тыс. турыстаў пераважна з ПАР). Л. атрымлівае дапамогу і субсідыі ад міжнар. арг-цый і асобных краін. Грашовая адзінка — лоці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ХТЭНШТЭЙН (Liechtenstein),
Княства Ліхтэнштэйн (Fürstentum Liechtenstein), дзяржава ў Цэнтр. Еўропе, паміж Швейцарыяй і Аўстрыяй. Падзяляецца на 2 акругі (11 камун). Пл. 157 км2. Нас. 31,4 тыс.чал. (1997). Сталіца — г.Вадуц. Афіц. мова — нямецкая. Нац. свята — Дзень нараджэння бацькі правячага князя (15 жн.).
Дзяржаўны лад. Л. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1921. Кіраўнік дзяржавы — наследны князь. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — ландтагу, 25 членаў якога выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады. Выканаўчая ўлада належыць князю і створанаму пры ім ураду, які складаецца з 5 асоб.
Прырода. Л. знаходзіцца ў Альпах у бас. Верх. Рэйна. На ПдУ — масіў Рэтыкон (г. Граўшпіц, выш. 2599 м), на 3 — даліна р. Рэйн. Клімат умераны. Сярэдняя т-растудз. ў даліне Рэйна ад 0 °C да -5 °C, ліп. каля 18 °C. Ападкаў каля 700—1200 мм за год. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй. Каля 20% тэрыторыі пад лесам (елка, дуб, бук), каля 40% — пад альпійскімі і субальпійскімі лугамі. Некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. 87,5% складаюць ліхтэнштэйнцы — народ блізкі да суседніх груп аўстрыйцаў, швейцарцаў і немцаў. Жывуць таксама швейцарцы, аўстрыйцы, італьянцы, туркі і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі — 80%. Сярэднегадавы прырост 1%. Сярэдняя шчыльнасць 200 чал. на 1 км2, большасць насельніцтва сканцэнтравана ў даліне Рэйна. У гарадах і гар. пасёлках жыве больш за 80% насельніцтва, у т. л. ў Вадуцы 5,1 тыс.ж. (1997). У прам-сці, гандлі і буд-ве занята 45% працаздольных, у сельскай і лясной гаспадарцы, садоўніцтве і рыбалоўстве — 2%, у абслуговых галінах — 53%. Больш за 6 тыс.чал. штодзённа прыязджаюць на працу ў Л. з Швейцарыі і Аўстрыі.
Гісторыя. У старажытнасці тэр.Л. насялялі кельты, у 15 ст. да н.э. яе заваявалі рымляне, якіх у 3 ст.н.э. выцеснілі адсюль алеманы (швабы). У 12 ст. тут узнікла феад. ўладанне Шэленберг, у 14 ст. — графства Вадуц, што ўвайшлі ў склад «Свяшчэннай Рымскай імперыі», потым сталі пратэктаратам імперыі Габсбургаў. У 1699 Шэленберг, у 1712 Вадуц прададзены аднаму з прыбліжаных аўстр. імператара з роду Ліхтэнштэйн. Датай утварэння дзяржавы лічыцца 15.8.1719, калі аб’яднаныя Шэленберг і Вадуц атрымалі статус княства. З 1806 Л. у складзе Рэйнскага саюза, у 1815—66 у Герм. саюзе. У 1868 урад распусціў армію (80 чал.) і абвясціў пастаянны нейтралітэт (захоўваўся і ў час 1-й і 2-й сусв. войнаў). У 1876—1918 Л. эканамічна цесна звязаны з Аўстра-Венгрыяй (агульная мытная і падатковая прастора). 5.10.1921 прынята сучасная канстытуцыя. З 1923 у эканам. і валютным саюзе з Швейцарыяй. У 1950—60-я г. актывізавалася прамысл. развіццё. З 1989 (фактычна з 1984) князь Л. — Ганс Адам II. На плебісцыце 1992 большасць выбаршчыкаў выказалася за ўступленне Л. ў еўрап.эканам. прастору. Дзейнічаюць партыя Айч. саюз, Прагрэс.грамадз. (бюргерская) партыя, экалагічная партыя Свабодны спіс (усе 3 партыі прадстаўлены ў парламенце), прафс. аб’яднанне Саюз працоўных і інш.Л. — чл. Савета Еўропы (з 1978), ААН (з 1990), Еўрап. асацыяцыі свабоднага гандлю (з 1991), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.
Гаспадарка. Л. — індустр. краіна, па выпуску прадукцыі на душу насельніцтва займае адно з першых месцаў у Еўропе. Штогадовы даход на 1 чал. — 23 тыс.дол. (1996). Найб. развіта прам-сць экспартнага кірунку. Прамысл. прадпрыемствы — пераважна філіялы швейц. фірм. Вытв-сць электраэнергіі 150 млн.кВтгадз (1997), у асн. на ГЭС. Развіта разнастайнае машынабудаванне (2/з прамысл. прадукцыі), у т.л. эл.-тэхн. і радыёэлектроннае прыладабудаванне, вытв-сць кацельнага абсталявання, штампаваных дэталей, высокатэхнал. металаапрацоўка, вытв-сць вакуумнай тэхнікі, электронных сістэм, мікрапрацэсараў. Ёсць асобныя прадпрыемствы тэкст., хім., фармацэўтычнай, гарбарнай, керамічнай, металаапр., дрэваапр. прам-сці. Сусветна вядомы выраб фарфоравых зубных пратэзаў. Найб. прадпрыемствы: прэсавых і штампаваных вырабаў (Эшэн), выліч. машын (Маўрэн), маш.-буд. з-ды (Бальцэрс, Шан, Вадуц). Ёсць вытв-сць фарбаў, лакаў і бялізны. Развіты вінаробства, піваварэнне, сыраробства. Здаўна развіта вытв-сць кафляных плітак і маст. керамікі (Нендэльн). У сельскай гаспадарцы пераважае дробнасялянскае землеўладанне (да 4—5 га). Пад ворывам каля 4 тыс.га, пад пашай каля 6,3 тыс.га. Гал. галіна — жывёлагадоўля (75% кошту с.-г. прадукцыі). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, свіней. Земляробства пераважна ў даліне Рэйна. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, бульбу, тытунь, кармавыя культуры, агародніну. Пладаводства і вінаградарства. Пчалярства. Многія сяляне сумяшчаюць заняткі сельскай гаспадаркай з працай у прам-сці і абслугоўваннем турыстаў. У сувязі з нізкім падаткам на капітал і адсутнасцю падатку на прыбытак Л. выбраны месцам рэгістрацыі больш як 40 тыс. замежных кампаній. Яны даюць трэць паступленняў у бюджэт краіны. Важнымі крыніцамі даходаў з’яўляюцца банкаўская і фін. справа, замежны турызм (86 тыс.чал. у 1995), санаторныя паслугі і выпуск паштовых марак. Асн. від транспарту — аўтамабільны. У краіне 250 км асфальтаваных аўтадарог, 14,8 тыс. легкавых і 1,5 тыс. грузавых аўтамабіляў. Тэр.Л. перасякае чыг. Вена—Парыж (18,5 км на тэр. краіны). У 1994 экспарт склаў 2,14 млрд.дол., імпарт — 852 млн. долараў. У экспарце пераважаюць прамысл. тавары, у імпарце — спажывецкія і харч. тавары, трансп. сродкі, сыравіна. Асн. знешнегандл. партнёр — Швейцарыя, з якой Л. у грашовай і мытнай уніі (15% экспарту, больш за 75% імпарту). Больш за 40% экспарту ідзе ў краіны Еўропы. Грашовая адзінка — швейцарскі франк.
Літ.:
Печников Б.А. Лихтенштейн — княжество на Рейне. М., 1986.
Ю.В.Бярэзіна (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя).
Герб і сцяг Ліхтэнштэйна.Тыповы ландшафт у Ліхтэнштэйне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМА́Н, Султанат Аман,
дзяржава на Б. Усходзе, займае паўд.-ўсх.ч. Аравійскага п-ва. Тэр. дзяржавы выцягнутая з ПдЗ на ПнУ на 940 км. Абмываецца водамі Аравійскага м. Мяжуе з Йеменам, Саудаўскай Аравіяй і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі; граніцы на З праходзяць па пустыні і выразна не акрэслены. Абсалютная манархія. У адм. адносінах падзяляецца на 6 раёнаў і 59 губернатарстваў. Пл. 212,4 тыс.км. Нас. 1,9 млн.чал. (1994). Афіц. мова арабская, дзярж. рэлігія іслам. Сталіца — г.Маскат. Нац. свята — Дзень нараджэння султана Кабуса (18 ліст.).
Прырода. Тэр. Амана займае ўскраіну плато Аравійскага п-ва з гарамі Хаджар (найвыш. пункт краіны г. Шам, 3353 м) на ПнУ. На ПдЗ плато Дафар з гарамі Кара. Уздоўж Аманскага заліва вузкая (40—50 км) прыбярэжная нізіна Эль-Батына. У цэнтры — усх. ўскраіна пустыні Руб-эль-Халі. Карысныя выкапні: нафта (запасы 575 млн.т), прыродны газ (283 млрд.м³), медная (20 млн.т) і хромавая (2 млн.т) руды; ёсць каменны вугаль, вапняк, мармур, падземныя воды, невял. запасы свінцу, золата, серабра. Клімат трапічны, гарачы і сухі. Сярэдняя т-ра паветра ў студз. каля 21 °C, у ліп. 32 °C. Ападкаў на раўнінах каля 125 мм, у гарах да 500 мм за год, выпадаюць пераважна летам. Пастаянных рэк няма, ёсць вадзі. Пераважае пустынная і паўпустынная расліннасць, у гарах участкі саваннаў, лістападных трапічных лясоў. У аазісах фінікавыя і какосавыя пальмы, аліўкавыя дрэвы. Сярод жывёл — газелі, ліс, шакал, зайцы, тушканчыкі, яшчаркі, змеі.
Насельніцтва. Больш як 90% арабы, жывуць таксама персы, індусы, выхадцы з Усх. Афрыкі. Большая палавіна насельніцтва аселая, сканцэнтравана ў Эль-Батына і вакол Маската, ва ўнутр. раёнах і на ПдЗ — качавое і паўкачавое. Шчыльнасць 8,9 чал. на 1 км². Пераважае сельскае насельніцтва (каля 89%). Найб. гарады: Маскат, Эль-Матрах, Эс-Сахар, Назва, Салала.
Гісторыя. Ёсць звесткі, што ў 4—3-м тыс. да н.э. насельніцтва на тэр. Амана мела флот і займалася пасрэдніцтвам у гандлі паміж краінамі бас. рэк Ніл, Тыгр, Еўфрат і Інд. У 7—11 ст.тэр. Амана некалькі разоў уключалася ў склад Арабскага халіфата. У сярэдзіне 8 ст. аманскія плямёны аб’ядналіся вакол імама, якому належала духоўная і свецкая ўлада. Незалежны імамат Амана з перапынкамі існаваў да канца 18 ст. У пач. 16 ст. прыбярэжнай ч. Амана завалодалі партугальцы, у 1730-я г. заваявалі персы. З 2-й пал. 18 ст. Аман — аб’ект барацьбы паміж Англіяй, Францыяй і вахабітамі. На пач. 19 ст. кантроль над паўд.-ўсх.ч. Аравійскага п-ва ўстанавіла Англія. Тэр. Амана была падзелена на імамат Амана, султанат Маскат і т.зв. Пірацкі бераг (з 1853 Аман Дагаворны). У 1891 над Маскатам устаноўлены брыт. пратэктарат. Імамат Амана заставаўся незалежны. Яго кіраўнікі выступалі за ліквідацыю залежнасці Маската ад Англіі і ўз’яднанне краіны, што прывяло да ўзбр. канфліктаў паміж абодвума бакамі. Паводле Сібскага дагавора 1920 англ. ўлады і султан Маската прызналі імамат Амана незалежнай дзяржавай. У 1955, парушыўшы дагавор, англа-маскацкія войскі ўвайшлі на тэр. Амана і да 1959 акупіравалі большую яго частку; правіцелем Амана стаў султан Маската Саід бен Тэймур. У выніку дзярж. перавароту з ліп. 1970 на чале Амана стаў султан Кабус бен Саід. Са жн. 1970 краіна мае назву Султанат Аман. У вер. 1971 Аман прыняты ў Лігу арабскіх краін, у кастр. — у ААН. Супрацоўнічае з ЗША, падтрымлівае цесныя сувязі з Вялікабрытаніяй. Аман быў пасрэднікам ва ўрэгуляванні ірана-іракскай вайны 1980—88, з’яўляецца прыхільнікам стварэння бяз’ядзерных зон у розных ч. свету. Выступае за захаванне на сучасным этапе замежных войскаў у Персідскім заліве. Мае пагадненне з ЗША аб ваен. супрацоўніцтве.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыча (38 млн.т., 1993) і экспарт (праз порт Міна-эль-Фахль каля Маската) нафты; дае каля 70% валавога ўнутр. прадукту (у 1992 ацэньваўся ў 10,4 млрд.амер.дол., штогадовы прырост да 13%) і больш за 90% паступленняў цвёрдай валюты. Гадавая магутнасць нафтаперапр. з-даў 3 млн.т. Разведку і здабычу нафты ажыццяўляюць змешаныя кампаніі (60% капіталаў ва ўрада Амана, 40% у зах.-еўрап. фірмаў). Прыродны газ (гадавая здабыча 2,8 млрд.м³) выкарыстоўваецца ў энергетыцы, працуюць з-ды па звадкаванні газу. Ёсць дзярж. прадпрыемствы: медзеплавільны з-д у г. Эс-Сахар, нафтаперапрацоўчы ў Маскаце, цэментны ў Русаі. Развіты рыбалоўства, буд.прам-сць, саматужныя промыслы (апрацоўка скур, прадзенне, ткацтва, вытв-сць ювелірных вырабаў, халоднай зброі, прадметаў хатняга ўжытку, перапрацоўка фінікаў). Сельская гаспадарка дае 3% валавога ўнутр. прадукту (у ёй занята 42% насельніцтва, разам з рыбалоўствам). Для земляробства прыдатныя 0,2% плошчы краіны, 4,7% пад пашай. Найб. асвоены Эль-Батына, прыбярэжная раўніна Дафара і вадзі ўнутр. раёнаў. Земляробства аазіснае, са штучным арашэннем. Гал. культура — фінікавая пальма (50% апрацаваных зямель). Вырошчваюць проса, кукурузу, ячмень, пшаніцу, траву альфу (ідзе на выраб паперы і тканін), гародніну, тытунь, лімоны, апельсіны, манга, бананы, вінаград, какосавыя арэхі. Увозіцца збожжа. Жывёлагадоўля экстэнсіўная. Бедуіны-качэўнікі гадуюць авечак, козаў, вярблюдаў. Асн. транспарт — марскі і аўтамабільны, сувязь з унутр. раёнамі — па караванных шляхах. Асн. парты Міна-Кабус, Райсут, Маскат, Эль-Матрах. Аўтамагістралі злучаюць Аман з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі. Даўж. аўтадарог каля 23 тыс.км, нафтаправодаў 800 км, газаправодаў 350 км. Міжнар. аэрапорты ў Эс-Сіб (прыгарад Маската) і Салале. Экспарт (4,9 млрд.амер.дол., 1991) — пераважна нафта, імпарт (3 млрд.амер.дол., 1991) — машыны і трансп. сродкі, змазачныя матэрыялы, прадукты харчавання. Буйнейшыя гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Японія, ААЭ, Паўд. Карэя, Сінгапур. Грашовая адзінка — аманскі рыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЦІНІ́КА (Martinique),
уладанне (заморскі дэпартамент) Францыі на аднайм. востраве з групы Малых Антыльскіх астравоў у Вест-Індыі. Пл. 1128 км2. Нас. 407,3 тыс.чал. (1998). Афіц. мова — французская, пашырана таксама крэольская. Адм. ц. — г. Фор-дэ-Франс. Падзяляецца на 2 акругі. Нац. свята — Дзень узяцця Бастыліі (14 ліп.).
Дзяржаўны лад. М. — заморскі дэпартамент і рэгіён Францыі. Орган дзярж. выканаўчай улады Францыі — прэфектура на чале з рэгіянальным сакратаром, якога прызначае прэзідэнт Францыі. Органы мясц. самакіравання — Ген. савет (дэпартаменцкі орган — 45 членаў) і Рэгіянальны савет (рэгіянальны орган — 41 член); выбіраюцца на 6 гадоў прамым усеагульным галасаваннем. У франц. парламенце М. прадстаўлена 4 дэпутатамі і 2 сенатарамі.
Прырода. Востраў гарысты, складзены пераважна з вулканічных парод. На Пн вулканічныя масівы, у т.л. Мантань-Пеле (1397 м), вывяржэнне якога ў 1902 знішчыла г. Сен-П’ер (загінула 40 тыс.чал.). На Пд горы выш. да 504 м, узгорыстая раўніна. Клімат трапічны пасатны з высокай вільготнасцю. Сярэднія месячныя т-ры 24—27 °C. Ападкаў 1500—2000 мм за год. Дажджлівы сезон (з навальніцамі і ўраганамі) з ліп. да лістапада. Рэкі невял. горныя. Ёсць мінер. крыніцы. На схілах гор захаваліся невял. трапічныя лясы (пальмы, чырвонае, ружавае, кампешавае і хлебнае дрэвы). На раўніне — участкі саваннаў і балот. На ўзбярэжжах месцамі мангравыя зараснікі. Мора багата рыбай, ракападобнымі, малюскамі. Некалькі рэзерватаў, у т.л. Мантань-Пеле.
Насельніцтва. Жывуць пераважна мулаты і негры (93,7%). Невял. групы французаў, дравідаў, кітайцаў, італьянцаў, іспанцаў, партугальцаў, сірыйцаў. Вернікі пераважна католікі (87,9%). Сярэднегадавы прырост каля 2,5%. Сярэдняя шчыльн. каля 360 чал. на 1 км2, на ўзбярэжжы — да 1000 чал. на 1 км2. У гарадах жыве каля 80% насельніцтва. У г. Фор-дэ-Франс каля 100 тыс. ж.
Іншыя гарады невялікія. У прам-сці занята каля 15% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве — каля 8%, астатнія — у абслуговых галінах. Характэрны вял. беспрацоўе і значная эміграцыя (больш за 6 тыс.чал. штогод, пераважна ў Францыю).
Гісторыя. Тэр. М. са старажытнасці насялялі індзейцы-аравакі, потым карыбы. У 1502 востраў першым з еўрапейцаў адкрыў Х.Калумб. З 1635 пачалася каланізацыя М. французамі (з 1674 калонія Францыі), якія паступова знішчылі мясц. карыбаў. У 17—18 ст. тут засн. плантацыйная гаспадарка па вырошчванні бавоўніку, тытуню, цукр. трыснягу, кавы; для працы на плантацыях прывозілі рабоў з Афрыкі. У час франц. рэвалюцыі 1789—99 на М. часова скасавана рабства (1794, адноўлена ў пач. 19 ст.). У 17 — пач. 19 ст. за валоданне востравам з Францыяй сапернічалі Нідэрланды і Вялікабрытанія (у 1794 М. акупіравалі брыт. войскі, паводле Ам’енскага мірнага дагавора 1802 вярнулі Францыі, у 1809—14 зноў акупіравана англічанамі). З 1816 канчаткова ўладанне Францыі. У 1848 адменена рабства. У 1854 Францыя надала М. частковую ўнутр., у 1900 — і фін. аўтаномію. У пач. 20 ст. ўзніклі марцініканскія паліт. партыі і прафсаюзы. На пач. 2-й сусв. вайны востраў знаходзіўся пад уладай франц. калабарацыянісцкага ўрада «Вішы», з ліп. 1943 марцініканцы падтрымлівалі Франц.к-тнац. вызвалення.
З 1946 М. — заморскі дэпартамент Францыі. У 1982—83 пашырана самакіраванне М. На выбарах 1992 у Ген. і Рэгіянальны саветы большасць атрымалі левыя партыі (у т.л. Марцініканская прагрэс. партыя), якія патрабуюць большай аўтаноміі для М.
На востраве дзейнічаюць аддзяленні 3 паліт. партый Францыі і 12 мясц. партый і рухаў (1999); найбуйнейшае прафс. аб’яднанне — Усеагульная канфедэрацыя працы М.
Гаспадарка. М. — параўнальна развітая краіна Вест-Індыі. У 1995 валавы нац. прадукт на 1 чал. склаў 10 тыс.дол. ЗША. Асновай эканомікі з’яўляюцца сельская гаспадарка і абслугоўванне замежных турыстаў. Вядучыя пазіцыі ў эканоміцы займаюць замежныя, у асн.франц. і амер. кампаніі. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца 34 тыс.га зямлі. Традыцыйна асновай сельскай гаспадаркі М. быў цукр. трыснёг, аднак яго вытв-сць пастаянна зніжаецца ў выніку палітыкі Францыі па абароне айч. вытворцаў цукру. Збор цукр. трыснягу 200 тыс.т, бананаў 230 тыс. т. Вырошчваюць таксама ананасы, манга, цытрусы, батат, маніёк, гародніну, бавоўну і тытунь. Жывёлагадоўля развіта менш. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — 35, свіней — 26, авечак — 40, коз — 20. Птушкагадоўля. Рыбалоўства (каля 5 тыс.т рыбы штогод). Эксплуатацыя лясоў. У прам-сці пераважаюць прадпрыемствы харч. галіны — цукровыя, хлебапякарныя, піваварныя, маргарынавыя, па вытв-сці рому, ананасных і рыбных кансерваў. Працуе нафтаперапр.з-д (Ламаптэн, перапрацоўвае штогод каля 1 млн.т нафты), 2 нафтахім. прадпрыемствы (выпускаюць поліэтылен), цэм.з-д (260 тыс.т цэменту штогод). Ёсць прадпрыемствы металаапр., паліграф., керамічнай і швейнай прам-сці. Вытв-сць электраэнергіі каля 1 млрд.кВт ∙ гадз штогод. Пераважаюць цеплавыя электрастанцыі на імпартнай нафце, ёсць некалькі невялікіх ГЭС. Развіты рамёствы, у т.л. пляценне кошыкаў, ручное ткацтва, разьбярства па дрэве. Дэфіцыт знешнегандл. балансу часткова пакрываецца за кошт даходаў ад турызму. Штогод М. наведваюць да 1 млн. турыстаў, пераважна з ЗША, Канады, Францыі. Турыстаў вабяць на М. маляўнічыя горы і вадаспады, руіны Сен-П’ера і старадаўнія крэпасці, старафранц. архітэктура, музеі, пясчаныя пляжы, добра арганізаваная «індустрыя турызму». Дадатковая крыніца сродкаў — грашовыя пераводы эмігрантаў. Транспарт пераважна аўтамаб. і марскі. На востраве 1690 км асфальтаваных аўтадарог. Гал. марскі порт — г. Фор-дэ-Франс. За 8 км ад яго міжнар. аэрапорт. Штогадовы экспарт складае 200—300 млн.дол., імпарт — 1500—1700 млн.дол. Экспартуюцца бананы, ром, цукар, ананасы, нафтапрадукты; імпартуюцца машыны, нафта, харч. прадукты, буд. матэрыялы. Асн.гандл. партнёры: Францыя (у асобныя гады да 80% знешнегандл. абароту), Германія, Італія, Японія, Вялікабрытанія. Фін. дапамога Францыі складае 4,5 млрд. франкаў штогод. Грашовая адзінка — франц. франк.