ПАЎНО́ЧНАЯ А́ЗІЯ,

прыродная вобласць у Азіі. Уключае частку Расіі на У ад Урала да хрыбтоў ціхаакіянскага водападзелу. Паўд. мяжа не акрэсленая, часцей праводзіцца па дзярж. мяжы Расіі, радзей па Пн Казахстана і Манголіі. Пл. каля 10 млн. км². Нас. каля 25 млн. чал. (1999). Рэльеф нізінны і раўнінны на З, сярэднягорны на У. Прыродная расліннасць прадстаўлена з Пн на Пд тундрай, тайгой, участкамі лесастэпаў і стэпаў. Развіта разнастайная прам-сць, найб. горназдабыўная, у паўд. раёнах — збожжавая гаспадарка і жывёлагадоўля. Гл. таксама Сібір.

т. 12, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКВА́ЛЬНЫ ЛАНДША́ФТ, аквакомплекс,

прыродная адзінка дзялення воднага асяроддзя (акіяна, возера, вадасховішча); участак, якому ўласцівы спецыфічныя асаблівасці характарыстык вады, газавага саставу, донных адкладаў і біёты. Аналагічны ландшафту геаграфічнаму на сушы.

т. 1, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАКО́РНАЯ РАСЛІ́ННАСЦЬ,

прыродная занальная расліннасць плоскіх дрэнажаваных водападзельных раўнін. Развіваецца на сугліністых глебах і пры глыбокім заляганні грунтавых вод. Для тайгі, напр., П.р. з’яўляюцца хвойныя лясы з елкі і лістоўніцы.

т. 12, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАТО́Н,

1) доўгі непраточны заліў ракі, утвораны са старыцы, пратокі або аддзелены ад асн. рэчышча касой.

2) Прыродная або штучная рачная акваторыя для стаянкі і рамонту суднаў, ахаваная ад цячэння і крыгаходу.

т. 7, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАДАХША́Н,

прыродная вобласць у Сярэдняй Азіі, у гарах Паміра і Гіндукуша, па абодвух берагах р. Пяндж. Правабярэжная частка Бадахшана ўваходзіць у Горна-Бадахшанскую аўт. вобласць Таджыкістана, левабярэжная — у правінцыю Бадахшан на ПнУ Афганістана.

т. 2, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПЛА́НДЫЯ,

прыродная вобласць на Пн Еўропы, у Швецыі, Нарвегіі, Фінляндыі і на З Кольскага п-ва (Расія). Размешчана паміж 64—66° паўн. ш. Таежныя і тундравыя ландшафты. Асн. раён рассялення саамаў (лапары, або лапландцы). На З Кольскага п-ва Лапландскі запаведнік.

т. 9, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАНА́ЛЬНАЯ РАСЛІ́ННАСЦЬ,

прыродная расліннасць, якая характарызуе адпаведныя біёмы (тундра, тайга, стэп, пустыня і інш. прыродны паясы і зоны). Займае найб. тыповыя мясціны: роўныя, узвышаныя, добра дрэнажаваныя водападзельныя плато (плакоры). У прыродных зонах з Пн на Пд у залежнасці ад складу і будовы расліннасці вылучаюць падзоны (напр., у стэпавай зоне — лугавых, сапраўдных і апустыненых стэпаў). Мяняецца і з 3 на У (напр., яловыя лясы Еўропы ў Сібіры замяшчаюцца лістоўнічнымі). Трапляецца і за межамі асн. зоны, на асабліва спрыяльных мясцінах, утварае экстразанальную расліннасць. Неаднароднасць рэльефу і звязаныя з гэтым змены глеб і ўмоў увільгатнення выклікаюць з’яўленне інтразанальнай расліннасці. Прыродная З.р. захавалася пераважна ў запаведніках (напр., тыповыя яловыя лясы Сярэднярускага ўзвышша ў Цэнтральналясным запаведніку, кавыльныя стэпы ў Асканіі-Нова, пустыні ў Рэпетэкскім запаведніку).

т. 6, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́МПА, пампасы (ісп. pampa, множны лік pampas, з мовы індзейцаў кечуа),

субтрапічная стэпавая расліннасць, якая займае раўніны на Пд Паўд. Амерыкі. Прадстаўлена злакамі і разнатраўем. П. называюць таксама некаторыя раўнінныя тэр. ў Паўд. Амерыцы з пераважаннем аднайм. травяністай расліннасці. Уласна П. — прыродная вобласць у цэнтр. частцы Аргенціны. Акумулятыўная раўніна з лёсавым покрывам, якая паступова ўздымаецца на З, да перадгор’яў Анд. На ПдУ горныя масівы выш. да 1243 м. Клімат субтрапічны. Ападкаў ад 300—500 мм (на З) да 800—950 мм (на У) за год. Характэрны штармавыя вятры пампера. Гал. рака — Парана. Прыродная разнатраўна-злакавая расліннасць захавалася на асобных мясцінах. П. — адзін з асн. эканам. раёнаў краіны. Вял. колькасць гарадоў; пасевы пшаніцы і кукурузы; на З — пашы.

т. 12, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКАРПА́ЦЦЕ,

1) прыродная вобласць на ПдЗ Украіны, у бас. р. Ціса, на стыку Сярэднедунайскай раўніны і Карпат. У межах З. вылучаюцца Закарпацкая нізіна і перадгор’і Украінскіх Карпат. Значная частка тэр. ўзарана. Участкі дубова-грабавых лясоў. Гл. Закарпацкая вобласць.

2) Тое, што Закарпацкая Украіна.

т. 6, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАБІЁНТЫ (ад неа... + біёнт),

заносныя віды раслін (адвентыўныя расліны, неафіты) і жывёл (неафілы). Адрозніваюць Н., занесеныя чалавекам (антрапабіёнты, напр., каларадскі жук, пацукі і інш.) і прыродным шляхам (прыродная інвазія): воднымі патокамі і цячэннямі, ветрам і інш. (напр., насенне раслін, плады і інш.).

т. 11, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)