МЕДЫЦЫ́НСКАЯ РЭАБІЛІТА́ЦЫЯ,

сістэма мер, накіраваных на выздараўленне чалавека, кампенсацыю і аднаўленне функцый, парушаных у выніку хваробы ці траўмы, прафілактыку ўскладненняў, хранічнага цячэння і рэцыдываў хваробы, а таксама на прыстасаванне хворага чалавека і інваліда да самаабслугоўвання і працоўнай дзейнасці. Ажыццяўляецца ў рэабілітацыйных цэнтрах, аддзяленнях паліклінік, бальніц, санаторыяў. Пачынаецца з моманту вострай фазы хваробы і працягваецца да макс. ліквідацыі фіз., псіхічных, сац., прафес. парушэнняў. На Беларусі функцыянуе 256 аддзяленняў М.р., у т. л. 175 у амбулаторна-паліклінічных установах.

Э.​А.​Вальчук.

т. 10, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІХАФАРМАКАЛО́ГІЯ (ад псіха... + фармакалогія),

раздзел фармакалогіі, які даследуе ўздзеянне на псіхіку чалавека псіхаактыўных — псіхатропных сродкаў. Уяўляе сабой этап біял. тэрапіі ў псіхіятрыі.

У П. выкарыстоўваюцца прынцыпы рацыянальнай псіхафармакатэрапіі: комплекснасць, якая прадугледжвае спалучэнне медыкаментознага лячэння з псіхатэрапіяй і сац.-працоўнай рэабілітацыяй; клінічная абгрунтаванасць і дыферэнцыраванасць пры выбары лячэння; бесперапыннасць тэрапеўт. ўздзеяння (стацыянарнае і пазабальнічнае).

Літ.:

Харкевич Д.А. Фармакология. 6 изд. М., 1999;

Авруцкий Г.Я., Недува А.А. Лечение психически больных. 2 изд. М., 1988.

А.​А.​Зайцаў, У.​А.​Кульчыцкі.

т. 13, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ ПРА́ЦЫ,

стварэнне аптымальнай сістэмы працоўнай дзейнасці людзей. Сутнасць арганізацыі працы ў межах асобнага прац. калектыву — у рацыянальным выкарыстанні рабочай сілы. Уключае: падбор і прафес. падрыхтоўку кадраў; аптымальную расстаноўку работнікаў у адпаведнасці з падзелам і кааперацыяй працы і вытв. задачамі; арганізацыю рабочых месцаў; нарміраванне, дысцыпліну і стымуляванне працы. Для эфектыўнага выкарыстання рабочай сілы ў вытв. працэсе ўводзіцца навуковая арганізацыя працы. Грамадская арганізацыя працы звязана з многімі фактарамі ў краіне: умовамі занятасці насельніцтва, падзелам і кааперацыяй працы, размеркаваннем яе вынікаў паміж членамі грамадства і інш.

т. 1, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІХАЛО́ГІЯ ПРА́ЦЫ,

галіна прыкладной псіхалогіі, якая вывучае псіхалагічныя аспекты і заканамернасці працоўнай дзейнасці. Гал. яе задачы звязаны з праблемамі ўдасканальвання вытв. адносін, павышэння якасці працы, паляпшэння ўмоў працы, ліквідавання аварыйных сітуацый і г.д. Пачала фарміравацца ў пач. 20 ст. ў сувязі з навуковай арганізацыяй працы і вырашэннем пытанняў прафес. адбору, прафесійнай арыентацыі. Цесна звязана з медыцынай, фізіялогіяй, тэхнікай, сацыялогіяй і г.д. Створаны спец. метады — тэсты, з дапамогай якіх праводзіцца прафес. адбор. Вылучыліся кірункі: інжынерная псіхалогія, авіяц. і касм. псіхалогіі, эрганоміка, псіхалогія кіравання і інш.

т. 13, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРГАНЫ́ СЛА́ВЫ,

земляныя насыпы з мемарыяльнымі ці скульптурнымі збудаваннямі, якія ўвекавечваюць подзвіг народа ў Вял. Айч. вайну, памяць землякоў, што загінулі ў барацьбе з ворагам, інш. знамянальныя падзеі. Наз. таксама курганамі Бессмяротнасці, Вечнай славы, Памяці, Працоўнай славы і інш. На Беларусі 102 К.С. (1995). Найб. значныя з іх на ўшанаванне памяці тых, што загінулі ў Вял. Айч. вайну: Курган Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі, К.С. ў г.п. Бешанковічы Віцебскай вобл. (1966), в. Мінічы Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл., гарадах Мазыр і Рагачоў Гомельскай вобл., г.п. Клічаў Магілёўскай вобл., г. Чэрвень Мінскай вобл. (усе 1967), г. Крычаў і в. Сычкава Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл. (1968), ва ўрочышчы Мелавая Гара каля г. Маларыта Брэсцкай вобл. (1969), в. Капацэвічы Салігорскага р-на (1975) і пас. Дзесяціны Слуцкага р-на (1977) Мінскай вобл.; курганы Бессмяротнасці ў в. Опса Браслаўскага р-на (1963) і г. Полацк (1966) Віцебскай вобл., гарадах Орша Віцебскай вобл. і Ліда Гродзенскай вобл. (1966); курганы Памяці ў г.п. Брагін Гомельскай вобл. (1957), г.п. Целяханы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл., в. Ягелаўшчына Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. (абодва 1967), г. Гомель (1968), г. Буда-Кашалёва Гомельскай вобл. (1971), таксама ў г. Навагрудак Гродзенскай вобл. (1931, у гонар А.​Міцкевіча); Курган Працоўнай славы ў г. Наваполацк Віцебскай вобл. (1968) і інш.

Да арт. Курганы Славы. Курган Бессмяротнасці ў Полацку.
Да арт. Курганы Славы. Курган Памяці ў Гомелі.

т. 9, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯЎНІ́ЦТВА,

старажытны від працоўнай дзейнасці чалавека, звязаны са здабычай дзікіх жывёл. На працягу многіх гіст. эпох забяспечвала чалавека сродкамі існавання. З цягам часу яго мэты і змест мяняліся, узнікалі новыя формы. З развіццём грамадства і ўдасканаленнем паляўнічых прылад П. паступова ператварылася ў прамысловую форму. З часоў Кіеўскай Русі прадукцыя П. экспартавалася. На тэр. Беларусі ў 15—16 ст. мясц. сабалінае футра прадавалася партыямі па 100—200 шт. у Мінску, Навагрудку, Полацку і інш. Асабліва шмат здабывалася баброў. На сучасным этапе П. засталося ў асобных мадэрнізаваных формах, перанятых паляўнічай гаспадаркай, навук. асновай якой служыць паляўніцтвазнаўства.

т. 12, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДУ́КТ ПРА́ЦЫ (ад лац. productus зроблены, створаны),

рэчавы або нематэрыяльны вынік працоўнай дзейнасці для задавальнення грамадскіх ці асабістых патрэбнасцей. Ўключае ў сябе навук. і вытв.-тэхн. распрацоўкі, тавары нар. ўжытку, аб’екты буд-ва. Кожны П.п. характарызуецца здольнасцю задавальняць якую-н. патрэбнасць і ўвасабленнем патрачанай на яго грамадскай працы. Сукупнасць карысных уласцівасцей П.п. ператварае яго ў спажывецкую вартасць. Гэта датычыцца натуральна-рэчавага боку П.п. З грамадскага боку П.п. ўвасабляе пэўную колькасць патрачанай працы ў розных сферах і галінах грамадскай вытв-сці і паказвае, у што абыходзіцца атрыманне спажывецкай вартасці, таксама кошт затрат для задавальнення пэўнай патрэбнасці людзей.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 12, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАФЕ́СІЯ (ад лац. professio спецыяльнасць),

устойлівы і адносна шырокі від працоўнай дзейнасці; вял. група людзей, аб’яднаных агульным родам заняткаў, прац. дзейнасцю. Прадугледжвае пэўную сукупнасць тэарэт. ведаў, практычнага вопыту і прац. навыкаў, з’яўляецца крыніцай даходу. Вызначаецца характарам і зместам работы ці службовых функцый, прыладамі і прадметамі працы, якія выкарыстоўваюцца. Па меры развіцця прадукц. сіл грамадства, выкарыстання больш дасканалых прылад працы і тэхналогій вытв-сці паглыбляецца падзел працы, з’яўляюцца спецыялізаваныя П. Але працэс спецыялізацыі працы спалучаецца з тэндэнцыяй да фарміравання П. шырокага профілю і сумяшчэння П. З навук.тэхн. прагрэсам звязаны працэс адмірання некаторых П. і ўзнікнення новых. Існуе некалькі тысяч П.

т. 13, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРА́МЧЫК (Мікалай Сямёнавіч) (16.8.1903, в. Сычавічы Маладзечанскага р-на — 29.5.1970),

паліт. дзеяч, публіцыст. Скончыў Радашковіцкую бел. гімназію, з 1924 працягваў адукацыю ў Празе, дзе зблізіўся з прадстаўнікамі б. ўрада БНР (П.​Крачэўскім, В.​Захаркам і інш.). Жыў у Францыі, стварыў там «Хаўрус бел. працоўнай эміграцыі». Напярэдадні 2-й сусв. вайны ў Берліне, рэдактар газ. «Раніца» (1939—44), у 1940 арганізаваў Бел. к-т самапомачы. Потым працаваў у К-це самапомачы ў Беластоку. З 1944 у Парыжы, актыўна выступаў у бел. эміграцыйным друку. У 1943 і 1947—70 старшыня Рады БНР, у 1947 арганізаваў крывіцкую Раду БНР (т.зв. крывіцкі блок).

С.​Б.​Сачанка.

М.С.Абрамчык.

т. 1, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЁМ-БА́ВЕРК ((BöHm-Bawerk) Ойген Рытэр фон) (12.2.1851, г. Брно, Чэхія — 27.8.1914),

аўстрыйскі вучоны-эканаміст і дзярж. дзеяч; адзін з заснавальнікаў аўстрыйскай школы ў палітэканоміі. У 1897—98, 1900—04 міністр фінансаў Аўстрыі. У 1880—89 праф. Венскага, з 1909 Інсбрукскага ун-таў. З 1911 прэзідэнт Аўстр. АН. Асн. працы: «Асновы тэорыі каштоўнасці гаспадарчых работ» (1886, рус. пер. 1903), «Капітал і прыбытак» (т. 1—2, 1884—89, рус. пер. т. 1, 1909), «Тэорыя Карла Маркса і яе крытыка» (1896, рус. пер. 1897). Сутнасць эканам. працэсаў тлумачыў матывацыяй і псіхалогіяй суб’ектаў гаспадарання, на аснове чаго абгрунтаваў суб’ектыўна-псіхалагічную гранічнай карыснасці тэорыю і тэорыю прыбытку. Абвяргаў марксісцкую тэорыю працоўнай вартасці і прыбавачнай вартасці.

т. 3, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)