частка прыросту вартасці; вартасць прададзенага прадукту за вылікам вартасці вырабаў (матэрыялаў), што куплены і выкарыстаны для яго вытв-сці. Дабаўленая вартасць роўная выручцы, якая ўключае заработную плату з адлічэннямі на сац. страхаванне, арэндную плату, рэнту, банкаўскі працэнт, прыбытак, амартызацыйныя адлічэнні, расходы на рэкламу і інш. У многіх высокаразвітых краінах служаць асновай ускоснага падаткаабкладання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫДА́ТКІ ВЫТВО́РЧАСЦІ,
сукупныя затраты жывой і арэчаўленай працы на вытворчасць прадукту. Ва ўмовах таварна-грашовых адносін выступаюць у вартаснай (грашовай) форме. Адрозніваюць грамадскія выдаткі вытворчасці (уключаюць перанесеную вартасць выкарыстаных сродкаў вытв-сці і ўсю зноў створаную вартасць, раўняюцца кошту тавару і служаць аб’ектыўнай асновай планавых цэн) і грашовыя затраты прадпрыемстваў на вытворчасць тавараў (яны меншыя за іх вартасць, выступаюць у форме сабекошту прадукцыі, які ўключае выдаткі на спажытыя матэрыяльныя рэсурсы, аплату працы работнікаў, расходы па збыце і рэалізацыі прадукцыі). Велічыня грамадскіх выдаткаў вытворчасці залежыць ад эфектыўнасці сродкаў працы і ад прадукцыйнасці працы. Чым вышэйшая эфектыўнасць сродкаў працы і яе прадукцыйнасць, тым меншыя выдаткі грамадства на выраб прадукту. Зніжэнне выдаткаў прадпрыемства дасягаецца шляхам павышэння прадукцыйнасці працы, лепшага выкарыстання сыравіны, матэрыялаў і асн.вытв. фондаў, паглыблення спецыялізацыі і кааперавання, развіцця камбінавання. Важнейшымі фактарамі зніжэння выдаткаў вытворчасці прадпрыемства з’яўляюцца ўдасканаленне гасп. механізма, пераход да эканам. метадаў кіравання, ліквідацыя безгаспадарчасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАБХО́ДНЫ ПРАДУ́КТ,
частка створанага работнікам прадукту, прызначаная для задавальнення жыццёвых патрэб непасрэдных вытворцаў і непрацуючых членаў іх сем’яў. Ствараецца на працягу неабходнага рабочага часу, пакрывае расходы на харчаванне, утрыманне жылля, задавальненне культ. і сац. патрэб і інш. На выпрацоўку Н.п. затрачваецца неабходная праца. Велічыня Н.п. вызначаецца ўзроўнем развіцця прадукцыйных сіл і прадукцыйнасці працы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫДА́ТКІ АБАРАЧЭ́ННЯ,
сукупнасць затрат жывой і арэчаўленай працы, выражаных у грашовай форме, на давядзенне тавару ад вытв-сці да непасрэднага спажыўца. Падзяляюцца на чыстыя і дадатковыя. Чыстыя звязаны з актам куплі-продажу, г.зн. ператварэннем таварнай формы прадукту ў грашовую. Яны не дадаюць да тавару ніякай вартасці і з’яўляюцца непрадукц. затратамі. Кампенсаванне гэтых выдаткаў абарачэння ажыццяўляецца за кошт прыбавачнага прадукту, створанага ў сферы вытв-сці. Дадатковыя выдаткі абарачэння абумоўлены працягам працэсу вытв-сці ў сферы абарачэння. Яны адносяцца да катэгорыі прадукцыйнай, паколькі дадаюць да вартасці тавару новую вартасць (дастаўка, дапрацоўка, фасоўка тавару). Крыніцай кампенсавання дадатковых выдаткаў абарачэння з’яўляецца вартасць, створаная ў самім таварным абарачэнні. Чыстыя выдаткі абарачэння складаюць прыблізна 35—40%, дадатковыя — 60—65% іх агульнай масы. З павелічэннем вытв-сці тавараў і давядзеннем іх да непасрэднага спажыўца доля чыстых выдаткаў абарачэння павялічваецца. Гэта звязана з ростам затрат на ўтрыманне прадаўцоў і гандлёвых агентаў, збытавых падраздзяленняў, транспартна-экспедытарскіх аддзелаў, маркетынгавых даследаванняў, рахункаводства, бухгалтэрыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́САВАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
тып вытворчасці, які характарызуецца выпускам прадукту ў буйных маштабах за працяглы перыяд. Характэрна для прадпрыемстваў, якія выпускаюць вырабы, што маюць шырокі і ўстойлівы попыт. Ажыццяўляецца пры строгай паўтаральнасці вытв. працэсу на ўчастках, лініях, прац. месцах і заснавана на паточным метадзе вытворчасці (яго вышэйшая форма — аўтам. лінія). Пры М.в. выкарыстоўваюцца спец. і спецыялізаванае абсталяванне, інструменты і прыстасаванні; пераважаюць рабочыя і спецыялісты вузкага профілю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМЕРКАВА́ННЕ,
стадыя ўзнаўлення грамадскага прадукту, якая злучае спажыванне і вытв-сць. Характар і формы Р. вызначаюцца сістэмай грамадскіх адносін і залежаць ад уласнасці на сродкі вытв-сці. Ва ўмовах рыначнай эканомікі Р. ажыццяўляецца ў сферы абарачэння. У працэсе Р. матэрыяльныя, фін. і прац. рэсурсы накіроўваюцца па галінах эканомікі, прадпрыемствах і эканам. рэгіёнах. Для павышэння эфектыўнасці Р. патрэбна ўстойлівае забеспячэнне збалансаванасці паміж грашовымі даходамі насельніцтва і іх пакрыццём таварамі і паслугамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМАРО́ЖВАННЕ ХАРЧО́ВЫХ ПРАДУ́КТАЎ,
спосаб кансервавання, які заключаецца ў хуткім ахаладжэнні прадукту да т-ры значна ніжэйшай за т-ру замярзання яго сокаў. Робяць пры т-ры каля -20 °C у маразільных камерах халадзільнікаў ці ў спец. хуткамаразільных апаратах.
Пры замарожванні вада ўтварае шмат дробных крышталікаў лёду, якія мала мяняюць структуру тканак прадуктаў, практычна поўнасцю спыняецца жыццядзейнасць мікрафлоры і актыўнасць ферментаў, таму прадукты доўгі час (пры ўмове, што т-ра ўвесь час застаецца аднолькава нізкай) захоўваюць свае харч. якасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕНЭ́ ((Quesnay) Франсуа) (4.6.1694, г. Мер, Францыя — 16.12.1774),
французскі вучоны-эканаміст, заснавальнік школы фізіякратаў. Д-р медыцыны (1744). Прыдворны ўрач Людовіка XV. К. і яго школа абверглі асн. тэзіс меркантылізму аб узнікненні прыбытку з абарачэння і выводзілі прырост багацця з працэсу вытв-сці. У працы К. «Эканамічная табліца» (1758) упершыню зроблена спроба правесці аналіз грамадскага ўзнаўлення з пазіцыі вызначаных балансавых прапорцый паміж натуральнымі (рэчавамі) і вартаснымі зменамі грамадскага прадукту.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. экономические произведения. М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФЛАТАКСІ́НЫ,
група атрутных для жывёл і чалавека рэчываў, якія выпрацоўваюцца плесневымі грыбамі, пераважна з роду Aspergillus. Парушаюць работу печані і сінтэз бялкоў, прыгнечваюць актыўнасць ферментаў у млекакормячых, птушак, рыб; патэнцыяльныя канцэрагены, у т. л. для чалавека. Харч. прадукты і кармы могуць быць забруджаны афлатаксінамі на розных стадыях іх прыгатавання і захоўвання. Пры звычайных спосабах апрацоўкі ежы і корму афлатаксіны разбураюцца часткова. Больш дзейснымі з’яўляюцца стэрылізацыя ў аўтаклаве ў прысутнасці амонію або апрацоўка гіпахларытам. Гранічна дапушчальная доза афлатаксінаў у ежы чалавека 30 мкг на 1 кгпрадукту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІКО́ЛЕВАЯ КІСЛАТА́, аксівоцатная кіслата,
HOCH2COOH, галоўны субстрат пры фотадыханні ў большасці раслін. Утвараецца ў адносна вял. колькасці на святле ў хларапластах клетак лісця з фосфаглікалату — прадукту аксігеніравання рыбулоза-1,5-дыфасфату. Гэта рэакцыя каталізуецца ключавым ферментам фотасінтэзу — рыбулоза-1,5-біфасфаткарбаксілазай у выніку канкурэнцыі O2 за цэнтр звязвання CO2 на ферменце. Далей гліколевая кіслата даволі хутка метабалізуе (акісляецца) з утварэннем гліяксілавай к-ты, гліцыну (у пераксісомах), CO2 (у мітахондрыях) і інш. прадуктаў. У выніку расходуецца частка фіксаванага ў працэсе фотасінтэзу вугляроду, што адбіваецца на прадукцыйнасці раслін.