ПЁТР I Аляксеевіч

(9.6.1672, Масква — 8.2.1725),

расійскі цар з 1682, імператар з 1721. З дынастыі Раманавых. Сын цара Аляксея Міхайлавіча ад шлюбу з Н.​К.​Нарышкінай, бацька царэвіча Аляксея Пятровіча і імператрыцы Лізаветы Пятроўны. Абвешчаны царом пасля смерці брата Фёдара Аляксеевіча (7.5.1682), але ў выніку інспірыраванага інспіраванага сваякамі першай жонкі Аляксея Міхайлавіча М.​І.​Міласлаўскай паўстання стральцоў (май 1682) разам з ім абвешчаны царом брат Іван (Іван V, а рэгенткай пры іх — старэйшая сястра царэўна Соф’я Аляксееўна. Пасля няўдалай спробы Соф’і ўчыніць пераварот (1689) і смерці Івана V (1696) П. I стаў правіць аднаасобна. Вызначаўся розумам, энергіяй, жорсткасцю і дэспатызмам. У 1697—98 у складзе Вялікага пасольства быў у Рызе, Кёнігсбергу, Лондане, Вене, Галандыі, вывучаў караблебудаўніцтва, артыл. справу і інш. Жорстка пакараў удзельнікаў стралецкага паўстання 1698, расфарміраваў стралецкія палкі. Абапіраючыся на прыхільнікаў новаўвядзенняў (А.Д.Меншыкаў, Б.П.Шарамецеў, Ф.М.Апраксін і інш.), вёў актыўную ўнутр. і знешнюю палітыку. Правёў сац.-эканам., паліт., ваен. рэформы ў інтарэсах дваран, купецтва, буржуазіі. У 1699 створана Бурмістарская палата — цэнтр. фін. ўстанова і адначасова выбарны орган самакіравання гар. насельніцтва; у 1708 краіна падзелена на губерні, у 1719 — на правінцыі; у 1711 ліквідавана Баярская дума, створаны правячы Сенат; у 1717—21 прыказы заменены калегіямі, у 1722 Табель аб рангах упарадкаваў праходжанне службы ў арміі і ўрадавым апараце; пачалося стварэнне пракуратуры; у 1721 Расія абвешчана імперыяй. Паводле закону 1722 імператар сам прызначаў сабе пераемніка. Узмацніўся прыгон, памесці з сялянамі абвешчаны спадчыннай уласнасцю (1714), уведзены падушны падатак (1724). П. I жорстка распраўляўся з удзельнікамі нар. паўстанняў (Астраханскае паўстанне 1705—06, Булавінскае паўстанне 1707—09 і інш.) і праціўнікамі рэформ з ліку знаці, у т. л. свайго сына Аляксея за ўдзел у змове аддаў вярх. суду, які асудзіў царэвіча на смяротнае пакаранне. Пры П. I развіваліся прам-сць і гандаль. Пабудаваныя на казённыя грошы металургічныя, зброевыя, суконныя і інш. мануфактуры перадаваліся прамыслоўцам. У 1696 закладзены асновы рас. флоту, пазней створаны Балтыйскі ваен. флот. З 1699 на аснове рэкруцкай сістэмы стваралася рэгулярная армія. Для падрыхтоўкі афіцэраў засн. спец. школы, у 1715 — Марская акадэмія. Уведзены новы каляндар (1700), засн. першая рас. газета «Ведомости» (1702), уведзены грамадз. шрыфт (1710), адкрыты арыфм. школы для дзяцей дваран (1714), засн. Пецярбургская АН (1724). У час праўлення П. I Расія заваявала выхад да Балт. мора, далучыла зах. і паўд. ўзбярэжжы Каспійскага м. П. I. узначальваў рас. войскі ў Азоўскіх паходах 1695—96 і Пруцкім паходзе 1711 супраць туркаў, у многіх бітвах Паўночнай вайны 1700—21 са шведамі, у час якой быў на тэр. Беларусі ў Полацку, Гродне (1705), Оршы, Мінску (1706), каля в. Лясная на Магілёўшчыне (1708). Ён удзельнічаў у найважнейшых дыпламат. перагаворах, у падрыхтоўцы Ніштацкага мірнага дагавора 1721.

Літ.:

Павленко Н.И. Петр Великий. М., 1990;

Тарасаў К. Пятроўскія мясціны // ЛіМ. 1990. 14 верас.;

Масси Р.К. Петр Великий: Пер. с англ. Т. 1—3. Смоленск, 1996.

Расійскі імператар Пётр I.

т. 12, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУНЕ́Й (Brunei),

Бруней Дарусалам (Brunei Darussalam), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на паўн.-зах. беразе в-ва Калімантан. Складаецца з 2 анклаваў, падзеленых паласой (шыр. 15—30 км) тэр. памежнага штата Саравак (Малайзія). Абмываецца водамі Паўд.-Кітайскага м. Пл. 5765 км². Нас. 274 тыс. чал. (1993). Дзярж. мова малайская, карыстаюцца таксама англійскай і кітайскай мовамі. Дзярж. рэлігія — іслам (мусульмане-суніты — 67% вернікаў), ёсць будысты, канфуцыяне, хрысціяне. Сталіца — г. Бандар-Серы-Бегаван. Падзяляецца на 4 адм. акругі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (23 лют.).

Дзяржаўны лад. Бруней — канстытуцыйная манархія (султанат). Дзейнічае канстытуцыя 1959 з папраўкамі 1971. Кіраўнік дзяржавы — султан, які адначасова ўзначальвае ўрад — Савет Міністраў. Заканадаўчы орган — Заканадаўчы савет, у які ўваходзіць 21 член (11 з іх прызначаюцца султанам, 10 выбіраюцца).

Прырода. Большая ч. паверхні — алювіяльная берагавая забалочаная раўніна. Клімат экватарыяльны. Т-ра паветра на працягу ўсяго года каля 26 °C. Ападкаў 2000—4000 мм за год. Сезоны не выражаны. Больш за 75% тэр. занята вільготнымі экватарыяльнымі лясамі.

Насельніцтва. Жывуць малайцы (66,9%), кітайцы (15,6%), абарыгенныя народы — ібаны, дусуны, муруты (5,7%); еўрапейцы, інданезійцы, тайландцы, індыйцы (разам 11,8%). Абарыгенныя народы жывуць у вёсках ва ўнутр. ч. краіны, астатнія — на ўзбярэжжы і ў гарадах. Сярэдняя шчыльн. 45,7 чал. на 1 км². Большая ч. насельніцтва (каля 170,1 тыс. чал.) сканцэнтравана ў сталіцы і яе наваколлі.

Гісторыя. Абарыгеннае насельніцтва Брунея — даякі. З канца 1-га тыс. да н.э. на паўн. ўзбярэжжа в-ва Калімантан мігрыравалі малайцы, з пач. н.э. — кітайцы. Каля 1200 гадоў назад тут утварыліся першыя брунейскія княствы са сталіцай Кота-Бату (Мураваны горад, засн. ў 7 ст.). Марскі гандаль (камфара, золата і інш.) і культ. кантакты з Індыяй і Кітаем садзейнічалі распаўсюджанню тут у 9—13 ст. індуізму і будызму. Каб захаваць сваю незалежнасць ад інданез. Шрывіджайскай імперыі ў 10—13 ст. і дзяржавы Маджапахіт (цэнтр — в-аў Ява) у 14 — пач. 15 ст., Бруней уступаў у саюз з Кітаем. У пач. 15 ст. пры правіцелю Махамадзе I ісламізаваны, пры яго пераемніках зацвердзіўся як султанат. Пры 5-м султане Болкіяху I (канец 15 — пач. 16 ст.), які заснаваў аднайм. дынастыю, што правіць і цяпер, Бруней дасягнуў найб. магутнасці і ахопліваў паўн.-зах. Калімантан, архіпелаг Сулу, філіпінскі в-аў Лусон, сучасныя малайзійскія штаты Сабах і Саравак і інш. У пач. 16 ст. краіну адкрылі еўрапейцы, першым з якіх быў у 1505—07 італьянец па паходжанні Л. дэ Вартэна. У 1577—78 і 1580 брунейцы адбілі ўварванні іспанцаў з Філіпінаў. У выніку ўнутр. міжусобіц і экспансіі галандцаў і англічан на Малайскі архіпелаг з 17 ст. пачаўся заняпад Брунея, скарачалася яго тэрыторыя. У 1840-я г. Бруней каланізаваны Вялікабрытаніяй. У 1888—1983 брыт. пратэктарат. У 2-й пал. 19 ст. султанат страціў Сабах і Саравак. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны японцамі.

У выніку ўзмацнення нац.-вызв. руху ў 1959 Вялікабрытанія дазволіла Брунею ўнутр. самакіраванне, адначасова пачалося фарміраванне яго ўзбр. сіл. З 1968 султанам Брунея з’яўляецца Хасанал Болкіях, які лічыцца найбагацейшым чалавекам у свеце. 1.1.1984 абвешчана незалежнасць краіны. Легальна дзейнічае адзіная Брунейская нац. аб’яднаная партыя. З 1984 Бруней — чл. ААН, Асацыяцыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі (АСЕАН), Арг-цыі Ісламская канферэнцыя, з 1985 — брыт. Садружнасці.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыча нафты і газу на кантынентальным шэльфе (больш за 90% валютных паступленняў, 60% валавога ўнутр. прадукту). Па здабычы прыроднага газу (больш за 12 млрд. м³ штогод) Бруней займае адно з вядучых месцаў у свеце, нафты (больш за 10 млн. т штогод) — 3-е месца ў Паўд.-Усх. Азіі. Дзейнічае адзін з буйнейшых у свеце з-даў па звадкаванні газу (каля 5 млн. т за год). Ёсць прадпрыемствы лесапільнай і дрэваапр. прам-сці, саматужная вытв-сць тканін, вырабаў з каштоўнай драўніны, серабра. Буд-ва невял. драўляных суднаў. Пад с.-г. ўгоддзямі 5,5% тэр., 80% харч. прадуктаў імпартуецца. Асн. культуры — каўчуканосы (каля 50% апрацаваных зямель) і рыс. Вырошчваюць таксама сагавую і какосавую пальмы, перац, трапічныя фрукты (бананы). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, козаў, свіней. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. Транспарт аўтамаб. (1,4 тыс. км аўтадарог, 90 тыс. аўтамашын). Рачное і марское суднаходства. Міжнар. аэрапорт. Нафту і газ экспартуюць пераважна ў Японію, ЗША, краіны Паўд.-Усх. Азіі, Тайвань. Імпарт: машыны, абсталяванне, прамысл. і харч. тавары ў асноўным з Сінгапура, Японіі, ЗША, Вялікабрытаніі, ФРГ, Малайзіі. Турызм. Грашовая адзінка — долар Брунея.

Літ.:

Денисов С.Н., Кулик Б.Т. Бруней вчера и сегодня. М., 1989;

Бруней: Справ. М., 1990.

Ю.​В.​Ляшковіч (гаспадарка), У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

Герб і сцяг Брунея.

т. 3, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНА́КА (Monaco),

Княства Манака (Principauté de Monaco), дзяржава ў Паўд. Еўропе, на беразе Міжземнага м., на сушы абкружана тэр. Францыі. Пл. 1,95 км². Нас. 32 тыс. чал. (1998). Афіц. мова — французская. Сталіца — г. Манака. Падзяляецца на 4 адм. гар. акругі. Нац. свята — Нацыянальны дзень (19 ліст. — дзень нараджэння правячага князя Рэнье III).

Дзяржаўны лад. М. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1911, абноўленая ў 1962. Кіраўнік дзяржавы — наследны князь. Заканад. ўлада належыць Нац. савету, у які ўваходзяць кіраўнік дзяржавы і 18 членаў, выбраных на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Урадавы савет з удзелам прадстаўніка Францыі, які прапануецца на пасаду франц. урадам і зацвярджаецца князем. Існуе таксама дарадчы орган — Каронны савет.

Прырода. Княства займае частку Блакітнага берага на ўзбярэжжы Міжземнага м. і паўд. схілы Прыморскіх Альпаў. Рэльеф перадгорны і горны. Выш. да 145 м. Клімат міжземнаморскі, з сухім летам і мяккай зімой. Сярэдняя т-ра студз. 8 °C, ліп. 23 °C. Ападкаў за год каля 800 мм. Амаль уся тэрыторыя занята гар. забудовай. На стромкіх схілах гор вечназялёныя зараснікі каменнага дубу, калючага дроку, карлікавай пальмы, хмызнякі маквісу з ладаннікам, дзікай фісташкай, размарынам. На схілах прыбярэжных скал — Экзатычны сад з сусв. вядомай калекцыяй субтрапічных раслін: пальмаў, магнолій, алеандраў і кактусаў.

Насельніцтва. Карэнныя жыхары — манегаскі (16%), французы (47%), італьянцы (16%); жывуць таксама грэкі, немцы, англічане, амерыканцы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі — 95%. Сярэднегадавы прырост 0,4%. Сярэдняя шчыльнасць найб. ў свеце — 16 410 чал. на 1 км². Усё насельніцтва засяроджана ў 4 гарадах: Манака, Монтэ-Карла, Ла-Кандамін і Фанв’ей. Каля 75% эканамічна актыўнага насельніцтва занята ў абслуговых галінах, каля 25% — у прам-сці. У М. працуе каля 10 тыс. чал. з суседніх раёнаў Францыі і Італіі.

Гісторыя. У 10—9 ст. да н.э. на тэр. М. (назва, верагодна, ад праіндаеўрап. кораня mon — высокае месца, скала) існавала фінікійская калонія (гандл. прыстань, крэпасць), з 8—6 ст. да н.э. — грэчаская (пабудаваны храм Геракла). З 2 ст. да н.э. тэр. М. належала Стараж. Рыму, пазней — арабам, з 11 ст. н.э. — генуэзцам, якія ў 1215 пабудавалі тут крэпасць. У 1346 утворана асобнае княства пад пратэктаратам Генуі. У 1419 у М. замацавалася правячая дынастыя знатнага генуэзскага роду Грымальдзі. З 1524 княства М. пад уладай Іспаніі пры фармальным захаванні аўтаноміі. У 1641 у выніку нар. паўстання перайшло пад пратэктарат Францыі. У 1731 М. па жан. лініі перайшло да Дж.Ф.​Л.​Гаён-Маціньёна, які прыняў прозвішча Грымальдзі і ўступіў на прастол пад імем Анарэ III [1731—93]. У 1793 княства анексіравана Францыяй. Адноўлена паводле Парыжскага мірнага дагавора 1814. Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 перададзена пад пратэктарат Сардзінскага каралеўства. Рэвалюцыя 1848 знішчыла ў М. княжацкую ўладу, ад княства аддзяліліся і фактычна далучаны да Францыі гарады Ментона і Ракбрун. У 1849 сардзінскія войскі аднавілі манархію, але сардзінскі пратэктарат спынены. У 1860 пасля пераходу Ніцы ва ўладанне Францыі кн Карл III [1856—89] пагадзіўся на франц. пратэктарат над М., у 1861 за 4 млн. франкаў фармальна ўступіў Францыі свае правы на Ментону і Ракбрун. Паводле манака-франц. дагавора 2.2.1861 Францыя прызнала незалежнасць М. У 1865 устаноўлены мытны саюз паміж М. і Францыяй. У 1861—1910 у г. Монтэ-Карла пабудаваны комплекс казіно, які пасля буд-ва чыгункі паміж М. і Францыяй (1868) стаў адной з гал. крыніц папаўнення бюджэту княства. У 1899 у г. Манака заснаваны Акіянаграфічны музей — цяпер міжнар. цэнтр акіянаграфічных даследаванняў.

У 1911 пры кн. Альберце I [1889—1922] уведзена ў дзеянне канстытуцыя, паводле якой М. абвешчана канстытуцыйнай манархіяй і ўтвораны выбарны парламент — Нац. савет. У выніку дагавора 1918 Францыя атрымала права трымаць на тэр. М. войскі і зацвярджаць заключаныя М. міжнар. пагадненні. У 2-ю сусв. вайну М. акупіравалі ням. фашысты (1942—44). З 1949 правіць кн. Рэнье III. У 1962 прынята новая канстытуцыя, якая пашырыла правы Нац. савета, перадала выканаўчую ўладу Урадаваму савету, стварыла Каронны савет. Апошнія выбары ў Нац. савет адбыліся ў студз. 1998. Асн. паліт. арг-цыяНац. дэмакр. саюз (з 1963 дамінуе ў Нац. савеце), асн. прафсаюзная арг-цыя — Аб’яднанне прафсаюзаў М. М. — чл. ААН (з 1993), Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Інтэрпола і інш. міжнар. арг-цый.

Гаспадарка. М. — эканамічна развітая краіна з высокім узроўнем даходаў. Штогадовы даход на 1 чал. 25 тыс. дол. (1996). Аснова эканомікі — гандл.-фін. дзейнасць, турызм і курортная справа, ігральныя дамы, некаторыя галіны прам-сці. Ільготны падатковы рэжым дазваляе буйным міжнар. банкам шырока выкарыстоўваць М. для фін. аперацый (дзейнічае каля 800 міжнар. кампаній і 50 банкаў). Замежныя прамысл., гандл. і фін. прадпрыемствы, у якіх доля капіталу М. перавышае 25%, цалкам вызваляюцца ад падаткаў. Падаткі ў М. намнога меншыя, чым у інш. краінах. Развіты страхавая справа, афшорныя паслугі, гандаль нерухомасцю. М. — сусветна вядомы курорт з басейнамі, купальнямі, водалячэбніцай. Асн. дзярж. даходы прыпадаюць на падаткі з банкаў, атэляў і інш. (55%), ад турызму 25% (М. штогод наведвае каля 700 тыс. замежных турыстаў). Турыстаў прываблівае ў М. сонечнае надвор’е, марскія купанні, арх. і гіст. помнікі, казіно, ігральныя дамы, Акіянаграфічны музей і марскі акварыум з унікальнымі экспанатамі, буйныя міжнар. тэнісныя турніры, аўтамаб. ралі Монтэ-Карла, міжнар. спаборніцтвы па стэндавай стральбе і гольфе, муз. і цыркавыя фестывалі і інш. З-за нізкіх падаткаў у М. жывуць многія багатыя людзі, у т. л. сусветна вядомыя артысты і спартсмены, што з’яўляецца дадатковым фактарам прыцягнення турыстаў. Склалася сучасная індустр. база з экалагічна чыстых прадпрыемстваў лёгкай і перапрацоўчай прам-сці. Найб. развіты эл.-тэхн. і радыёэлектронная (электронныя вузлы і прылады, электрычныя рэле і пераключальнікі, электрабыт. прылады), дакладнае машынабудаванне, хім., фармацэўтычная, швейная, харч., паліграф., суднарамонтная, буд. матэрыялаў прам-сць; выпуск паштовых марак, малая металургія, вытв-сць пластмас, фаянсу, маёлікі, ювелірных вырабаў, сувеніраў. Электраэнергію М. атрымлівае з Францыі. Працуе магутная радыёстанцыя «Монтэ-Карла». Ёсць невял. вінаграднікі і аліўкавыя гаі. Рыбалоўства. Транспарт пераважна аўтамабільны. У М. 1,7 км чыгункі і 50 км асфальтаваных дарог і вуліц. Праз М. праходзяць чыгунка і шаша Ніца (Францыя) — Генуя (Італія). У М. ёсць пляцоўкі для верталётаў, якія перавозяць пасажыраў у міжнар. аэрапорт у г. Ніца (Францыя). Марскі порт прымае невял. гандл. судны і яхты. М. ўтварае адзіную мытную прастору з Францыяй. У экспарце пераважаюць прамысл. вырабы, у імпарце — харч. і спажывецкія тавары. Грашовая адзінка — франц. франк. Манегаскія франкі выпускаюцца для продажу нумізматам.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Манака.

т. 10, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТУГА́ЛІЯ (Portugal),

Партугальская Рэспубліка (República Portuguêsa), дзяржава на ПдЗ Еўропы, на Пірэнейскім п-ве. Уключае а-вы Азорскія і Мадэйра ў Атлантычным акіяне. Мяжуе на Пн і У з Іспаніяй. Пл. 92,4 тыс. км². Нас. 9918 тыс. чал. (1999). Дзярж. мова — партугальская. Сталіца — г. Лісабон. Краіна падзяляецца на 18 акруг і 2 аўт. акругі (на астравах). Нац. свята — Дзень Партугаліі (10 ліп.).

Дзяржаўны лад П. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1976 са зменамі 1982, 1989, 1992 і 1997. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Сход Рэспублікі (230 дэпутатаў, выбіраюцца на 4 гады). Вышэйшы выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. На ПнУ горныя хрыбты выш. 1000—1200 м (найб. выш. 1993 м, г. Эштрэла ў хр. Сера-да-Эштрэла) і плато. Уздоўж узбярэжжа — нізіна. На Пд ад р. Тэжу хвалістая Партугальская нізіна з асобнымі кражамі, Астравы гарыстыя. На в-ве Піку з групы Азорскіх а-воў г. Піку выш. 2351 м. У краіне бываюць моцныя землетрасенні. Карысныя выкапні: вальфрамавыя, алавяныя, уранавыя, медныя, жал. руды, мармур і інш. Клімат субтрапічны міжземнаморскі. Сярэдняя т-ра студз. 5—11 °C, ліп. 20—29 °C. Ападкаў 700—1000 мм на ўзбярэжжы, 1000—2000 мм за год у гарах. Гал. рэкі: ніжнія цячэнні Міньё, Дору (Дуэра), Тэжу (Таха), Гвадыяна. Пад лесам (коркавы і каменны дуб, эўкаліпт, каштан, прыморская хвоя і пінія) і хмызнякамі (маквіс і гарыга) 36% тэрыторыі. Шмат грызуноў, птушак, паўзуноў. Трапляюцца воўк, куніца, ліс, рысь. Нац. парк Пенеда-Жэрэш, некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. Партугальцы складаюць больш за 98%. Жывуць невял. групы эмігрантаў з б. калоній, бразільцы і інш. Вернікі — католікі (97%). Сярэднегадавы прырост насельніцтва блізкі да нулявога. Сярэдняя шчыльн. 107,3 чал. на 1 км². Больш за 70% насельніцтва сканцэнтравана на ўзбярэжжы. У гарадах жыве 66% насельніцтва. Найб. (млн. ж., з прыгарадамі і суседнімі невял. гарадамі): Лісабон — 2,1, Порту — 1,7. У прам-сці і буд-ве занята 32% працоўных, у сельскай і лясной гаспадарцы, рыбалоўстве — 12%, у абслуговых галінах — 56%. Значная эміграцыя ў краіны Еўропы і Амерыкі.

Гісторыя. Тэр. П. заселена чалавекам у эпоху палеаліту. У 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. тут аселі кельты. У 4—3 ст. да н.э. большую ч. краіны насялялі лузітаны. У 138—136 да н.э. тэр. П. заваявалі рымляне, у канцы 1 ст. да н.э. яна амаль уся ўвайшла ў рым. прав. Лузітанія, у 1-й пал. 5 ст. н.э. — у каралеўства свеваў. У 2-й пал. 5 ст. свеваў выцеснілі вестготы. У 713—718 тэр. П. заваявалі арабы і берберы (маўры). Горныя землі на Пн ад р. Дору сталі ачагом Рэканкісты, да сярэдзіны 11 ст. яны ўвайшлі ў каралеўства Леон. У 1095 кароль Леона Альфонс VI (у 1094 яго войска разбілі каля Лісабона Альмаравіды) стварыў на Пн П. асобнае графства і аддаў яго ў леннае ўладанне свайму зяцю Генрыху Бургундскаму, які стаў тытулавацца графам Партугальскім (па назве рэзідэнцыі Портус-Кале, цяпер г. Порту). Сын Генрыха Альфонс I Энрыкіш у 1139 абвясціў сябе каралём (Альфонс I). У 1143 незалежнасць каралеўства П. (тагачасная сталіца — г. Каімбра) прызнаў Леон. У 1147 у арабаў адваяваны Лісабон, у 1249—50 з авалоданнем тэр. Алгарві ў П. завяршылася Рэканкіста. У час яе сфарміраваліся партуг. народнасць і элементы партуг. культуры, узмацнілася роля духавенства і духоўна-рыцарскіх ордэнаў. У 13 ст. ў П. ўстанавілася саслоўная манархія (гл. Картэсы), актывізаваўся рост гарадоў. Пасля смерці апошняга з Бургундскай дынастыі Фернанду I (1383) картэсы выбралі каралём П. вял. магістра Авіскага ордэна Жуана (Жуан 1), які адстаяў незалежнасць краіны. У 15—16 ст. у П. ўсталявалася абс. манархія, узмацнілася знешняя экспансія (пачалася з захопу ў 1415 афр. крэпасці Сеута і экспедыцый, арганізаваных Генрыхам Мараплаўцам). Да канца 15 ст. П. каланізавала зах. ўзбярэжжа Афрыкі (Гвінея, Ангола), а-вы Мадэйра, Зялёнага Мыса, Сан-Таме і Прынсіпі, Азорскія, пасля адкрыцця Васка да Гамай марскога шляху ў Індыю (1498) — усх. Афрыку (Мазамбік), Індыю (Гоа і Дыу), Паўд.-Усх. Азію (Макао і інш.), а пасля экспедыцыі П.А.Кабрала — Бразілію (з 1500). Эксплуатацыя багаццяў калоній спрыяла ўзнікненню ў П. мануфактурнай вытв-сці (канец 15—1-я пал. 16 ст.), але з-за марнатраўства сродкаў на прадметы раскошы з 2-й пал. 16 ст. назіраўся эканам. заняпад П. Пасля гібелі караля Себасцьяна I [1557—78] і спынення Авіскай дынастыі партуг. прастол заняў ісп. кароль Філіп II. У перыяд панавання ў краіне іспанцаў (1581—1640) П. была прыдаткам ісп. імперыі, удзельнічала ў войнах Іспаніі з Англіяй, Галандыяй. У выніку антыісп. паўстання 1640 вярнула незалежнасць (прызнана Іспаніяй у 1668), стала правіць дынастыя Браганса. У пач. 18 ст. П. ўдзельнічала ў вайне за іспанскую спадчыну, у сувязі з чым краіна трапіла ў паліт. і эканам. залежнасць ад Англіі (Лісабонскі дагавор 1703 і Метуэнскі дагавор 1703). У 2-й пал. 18 ст. праведзены рэформы маркіза Памбала, але большасць іх адменена пры Марыі I [1777—1816], У перыяд напалеонаўскіх войнаў П. акупіравалі франц. (1807), потым англ. войскі (да 1811); каралеўскі двор эмігрыраваў у Бразілію. У выніку Партугальскай рэвалюцыі 1820—23 краіна вызвалена ад англічан, ад яе адасобілася Бразілія (1822, незалежнасць прызнана П. у 1825), кароль вярнуўся ў Лісабон, прынята ліберальная канстытуцыя. Пасля рэвалюцыі адбыліся грамадз. Мігелісцкія войны 1823—34, у 1842—46 існавала ваен. дыктатура А.​Б.​Кабрала. У 1853 пракладзена першая чыгунка. У канцы 19 ст. сац.-эканам. цяжкасці абумовілі значную эміграцыю з краіны. Актывізацыя руху за ўстанаўленне рэсп. ладу (з 1870-х г.) прывяла да Партугальскай рэвалюцыі 1910 і падзення манархіі; першым прэзідэнтам рэспублікі быў Т.Брага. З 1916 П. ўдзельнічала ў 1-й сусв. вайне на баку Антанты. Ва ўмовах эканам. нестабільнасці (паміж 1910 і 1926 змяніліся 8 прэзідэнтаў і 44 урады) уладу захапілі ваенныя (путч 28.5.1926), якія адмянілі канстытуцыю 1911 і распусцілі парламент; з ліп. 1926 краінай кіраваў ген. А.О. дэ Фрагоза Кармона (прэзідэнт у 1928—51). У 1932 прэм’ер-міністрам з дыктатарскімі паўнамоцтвамі стаў А.Салазар. Паводле канстытуцыі 1933 у-П. ўстаноўлена карпаратыўна-аўтарытарная дзяржава (у гіст. і паліталагічнай л-ры разглядаецца як мяккі, або іберыйскі, варыянт фашызму), забаронены ўсе партыі, акрамя ўрадавага Нац. саюза (засн. ў 1930, з 1970 Нац. нар. дзеянне).

У 2-ю сусв. вайну П. абвясціла нейтралітэт, але пастаўляла стратэг. сыравіну Германіі, у канцы вайны пераарыентавалася на ЗША. Пасля вайны далучылася да Маршала плана (1948), НАТО. У 1951 партуг. калоніі абвешчаны заморскімі правінцыямі; уздым з пач. 1960-х г. нац.-вызв. руху ў афр. калоніях П. намагалася спыніць калан. войнамі. У выніку Партугальскай рэвалюцыі 1974 скінуты постдыктатарскі ўрад М.​Каэтану (з 1968), спынены калан. войны, П. прызнала незалежнасць Гвінеі-Бісау, Мазамбіка, а-воў Зялёнага Мыса (Каба-Вердэ), Сан-Таме і Прынсіпі, Анголы. Канстытуцыя 1976 (са зменамі) заклала асновы сучаснага грамадска-паліт. ладу. У 1976—78, 1983—85 прэм’ер-міністрам, у 1986—96 прэзідэнтам дзяржавы быў М.Саарыш. З 1996 прэзідэнт П. — Ж.​Сампаю.

П. — чл. НАТО (з 1949), ААН (з 1955), Арг-цыі эканам. супрацоўніцтва і развіцця (з 1968), Савета Еўропы (з 1976), Зах.-еўрап. саюза (з 1988), Еўрап. саюза (з 1993, з 1985 была чл. Еўрап. супольнасці). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 26.1.1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Сацыяліст. партыя (кіруючая), С.-д. партыя, Нар. партыя, Камуніст. партыя П. і інш. Прафс. аб’яднанні — Усеагульная канфедэрацыя партуг. працоўных — Нац. інтэрсіндыкал, Усеагульны саюз працоўных.

Гаспадарка. П. — індустр.-агр. краіна. Пасля рэвалюцыі 1974 павялічыўся дзярж. сектар, у шэрагу раёнаў праведзена агр. рэформа. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1998 склаў 144,8 млрд. дол., па 14,6 тыс. дол. на чалавека. У прам-сці ствараецца 36% ВУП, у сельскай гаспадарцы — 4%, у абслуговых галінах — 60%. Гарнарудная прам-сць прадстаўлена здабычай вальфрамавых (8-е месца ў свеце, штогадовая здабыча каля 2 тыс. т аксіду вальфраму), медных, алавяных, уранавых і жал. руд. Асн. раёны здабычы на Пн, медных руд — на Пд. Электраэнергетыка заснавана на выкарыстанні імпартнага паліва (55%) і гідраэнергіі (45%). У 1997 атрымана 31,9 млрд. кВтгадз электраэнергіі. Буйнейшыя ЦЭС каля Лісабона і Порту, ГЭС на рэках Дору і Тэжу. Вядучая галіна прам-сці — машынабудаванне. Вылучаюцца суднабудаванне і суднарамонт (у раёне Лісабона), аўтазборка (на базе імпартных вузлоў і дэталяў), эл.тэхн. прам-сць, вытв-сць некаторых тыпаў станкоў (у значнай ступені на экспарт), швейных машын, веласіпедаў, дызельных рухавікоў, а таксама традыц. металавырабаў (нажы, царк. званы і інш.). Развіваецца хім., нафтаперапр., нафтахім. прам-сць, выпуск мінер. угнаенняў, хім.-фармацэўтычных тавараў, сернай кіслаты. Развіты тэкст. (баваўняная — гарады Порту, Брага, шарсцяная — гарады Гуарда і Кавільян), швейная, гарбарна-абутковая, харч. (вытв-сць віна, рыбных кансерваў, аліўкавага алею) прам-сць. Па зборы коркавай кары і вывазе корку (каля 120 тыс. т штогод) П. займае 1-е месца ў свеце. Штогадовая вытв-сць асн. відаў прамысл. прадукцыі (сярэдзіна 1990-х г.): чыгуну — 0,4 млн. т, хім. валокнаў і нітак — 90 тыс. т, вываз драўніны — 9,8 млн. м³, паперы і кардону — 0,9 млн. т, цэменту — 7,8 млн. т, баваўняных тканін — 190 млн. м², цукру — 0,4 млн. т, алею — 360 тыс. т. Каля 70% прамысл. патэнцыялу сканцэнтравана ў гарадах на ўзбярэжжы. У сельскай гаспадарцы найб. развіта раслінаводства. Выкарыстоўваецца каля 4,6 млн. га зямлі, у т. л. пад ворывам каля 2,3 млн. га, пад садамі (у т. л. пад цытрусавымі), аліўкавымі насаджэннямі і вінаграднікамі каля 1 млн. га, пад пашай і лугамі каля 0,8 млн. га. Арашаецца 630 тыс. га (1997). Асн. таварныя галіны — вінаградарства, пладаводства і вырошчванне аліўкавых дрэў. На ўласныя патрэбы вырошчваюць кукурузу (штогадовы збор каля 600 тыс. т), пшаніцу (каля 400 тыс. т), жыта, рыс, бульбу, гародніну (найб. памідоры і цыбулю). Вінаградарства пашырана ўсюды. Асн. раёны аліўкавых плантацый на Пд ад р. Тэжу. На Мадэйры і Азорскіх а-вах трапічнае садоўніцтва (ананасы, бананы). Пасевы кукурузы на Пн, пшаніцы ў сярэдняй ч. і на Пд. У жывёлагадоўлі (1997) найб. значэнне мае гадоўля буйн. раг. жывёлы — 1,3 млн. галоў; свіней 2,4 млн. галоў, авечак 6,3 млн. галоў, коз 0,8 млн. галоў. Птушкагадоўля (27 млн. курэй, 1997). У 1997 вылаўлена 221,9 тыс. т рыбы (пераважна сардзіны, траска, тунец). Развітой галіной гаспадаркі з’яўляецца турыстычная справа. Штогод П. наведваюць больш за 10 млн. замежных турыстаў, якія пакідаюць у краіне 4—5 млрд. дол. Транспарт аўтамаб., марскі, чыгуначны, унутр. водны. У 1996 у П. было 68,7 тыс. км аўтадарог, у т. л. 59,1 тыс. км з цвёрдым пакрыццём; 3,1 тыс. км чыгункі, 0,8 тыс. км унутр, водных шляхоў, 0,7 тыс. км магістральных газаправодаў. У знешніх і ўнутр. перавозках значная роля марскога флоту (у 1998 налічваў 132 караблі агульнай грузападымальнасцю 894,6 тыс. т). Гал. парты: Лісабон, Порту, Сетубал, Фуншал (на в-ве Мадэйра), Понта-Дэлгада (Азорскія а-вы). У краіне 40 аэрапортаў, у т. л. міжнар. каля Лісабона, Порту, на а-вах Мадэйра і Азорскіх. У 1998 экспарт склаў 25 млрд. дол., імпарт — 34,9 млрд. дол. У экспарце пераважаюць адзенне і абутак, прадукцыя машынабудавання, хімікаты, корак, драўніна, скуры, віно, рыбапрадукты, фрукты; у імпарце — машыны і трансп. сродкі, нафта, харч. прадукты. Гал. гандл. партнёры: Іспанія (15% экспарту, 24% імпарту), Германія (адпаведна 20% і 15%), Францыя (14% і 11%), Вялікабрытанія (12% і 7%). Дэфіцыт знешнегандл. балансу пакрываецца даходамі ад турызму, партуг. інвестыцый за мяжой, грашовымі пераводамі эмігрантаў. П. атрымлівае дапамогу ад краін Еўрап. Супольнасці. Грашовая адзінка — партуг. эскуда.

Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (59 тыс. чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (больш за 40 тыс. чал.), у т. л. каля 21 тыс. чал. у рэспубліканскай нац. гвардыі (1998). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. У сухап. войсках 32 тыс. чал., 186 танкаў, 356 бронетранспарцёраў, 284 гарматы, 160 мінамётаў і інш. У ВПС 7,7 тыс. чал., 96 баявых самалётаў. У ВМС 14,8 тыс. чал., у т. л. 1,7 тыс. ў марской пяхоце, 3 падводныя лодкі, 10 фрэгатаў, 39 катэраў, 5 баявых верталётаў.

Ахова здароўя. Медыцынская дапамога аказваецца ва ўстановах сац. страхавання, бясплатная — у дзярж. бальніцах. Існуе прыватная ўрачэбная практыка. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 72,3, жанчын 79,3 года (1999). Узровень нараджальнасці 11 на 1 тыс. чал. Смяротнасць 10 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 0,04%. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 253 чал., урачамі — 1 на 332 чал. Дзіцячая смяротнасць — 7 на 1 тыс. нованароджаных (1999).

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у П. больш за 1300 перыяд. выданняў. Найб. значныя газеты: «Diário do República» («Газета Рэспублікі», з 1820), «Diário de Noticias» («Газета навін», з 1864), «Diário Popular» («Народная газета», з 1942), «A Capital» («Сталіца», з 1968), «O Dia» («Дзень», з 1975), «Público» («Грамадскасць», з 1990). Інфарм. агенцтва — Ажэнсія Луза ды Інфармасан (Луза, з 1987, створана ў выніку аб’яднання Натысіяш ды Партугал, з 1982, і Ажэнсія Натысіёза Афісіял Партугеза, з 1975). Радыёвяшчанне і тэлебачанне з 1974; іх дзейнасць кантралююць дзярж. радыёвяшчальная кампанія Радыёдыфусау Парту еза (РДП) і акц. тэлекампанія Тэлевісау Партугеза (ТП, абедзве з 1975). Трансліруюцца 4 каналы (2 дзярж. і 2 прыватныя). Перадачы вядуцца на партуг., англ., ісп., італьян., ням., франц. і інш. мовах.

Літаратура. Узнікла ў працэсе фарміравання партугальскай мовы, утварэння ў 12—13 ст. самаст. дзяржавы, барацьбы супраць араб. заваёўнікаў. Гэтыя падзеі адлюстраваны ў гераічных паэмах, што выконваліся нар. песнярамі-«жаграйш». Першыя літ. тэксты на партуг. мове — «кансьёнейру» — зб-кі рыцарскіх «песень пра каханне», «песень пра сябра», «песень кпінаў і ганьбавання» (13—14 ст.); сярод іх аўтараў рыцары Ж.​Гарсія ды Гальяды, П.​Гарсія ды Бургуш, клірыкі М.​Моша, А.​Нуніш, каралі П.​Саншу I, Дыніш 1 і інш. Былі пашыраны перапрацоўкі вядомых у еўрап. л-ры жыцій святых, франц. рыцарскіх раманаў. З канца 13 ст. развівалася нар. фарсавая і літургічная драма, прыдворныя спектаклі масак («момуш»). Першы самабытны рыцарскі раман «Амадыс Гальскі» (14 ст.). У 1-й пал. 15 ст. Ф.​Лопіш стварыў дакумент.-маст. хроніку пра ўладаранне першых 10 каралёў П., Г. ды Рэзенды ўклаў анталогію сярэдневяковай і перадрэнесансавай паэзіі «Усеагульны кансьёнейру» (1516). У канцы 15 ст. ўзнікла новая рэнесансавая культура, яе прадстаўнікі — заснавальнік нац. драмы і т-ра Ж.Вісентэ, а таксама Ж.​Ферэйра ды Вашканселуш (камедыя «Еўфразіна»), А.​Ферэйра (камедыі «Брышту», «Раўнівец»), Ф. ды Са ды Міранда (лірыка, камедыі «Іншаземцы», «Фанфароны»). Развівалася творчасць паэтаў-«петраркістаў» П. ды Андрады Каміньі і Д.​Бернардыша, з’явіліся пастаральныя раманы і эклогі Ж. ды Мантэмура, Б.​Рыбейру, рыцарскі раман Ф. ды Марайша, хронікі падарожжаў і заваяванняў Ж. ды Баруша, Г.​Карэі, Ф.Л. ды Каштаньеды, Д. ды Гойша, Ф.​Мендыша Пінту. Вяршыня партуг. Адраджэння — творчасць Л. ды Камоэнса. Л-ра барока адзначана ўзмацненнем ісп. уплываў (героіка-эпічная паэзія Ф.​Радрыгіша Лобу, драмы і сатыры Ф.М. ды Мелу, камедыі С.​Машаду, А.Ж. да Сілвы). Л-ра класіцызму і Асветніцтва (18 ст.) характарызавалася ўплывам франц. асветніцкага класіцызму. Тэорыю партуг. класіцызму распрацоўваў Ф.​Ж.​Фрэйры. Класіцыстычныя традыцыі прадоўжылі паэт П.​А.​Карэя Гарсан, драматургі М. ды Фігейрэду і Д. душ Рэйш Кіта, асветніцкія і перадрамант. ідэі пераважалі ў творчасці Н.​Талентыну, М.М. ду Бакажы, Ф.М. ду Насіменту. Нар.-вызв. войны 1808—13 і рэвалюцыя 1820 спрыялі росту нац. свядомасці і пашырэнню рамантызму ў л-ры (творчасць Ж.Б.Алмейда-Гарэта, лірыка, драм. творы і гіст. раманы А.​Эркулану, прыродаапісальная лірыка А.Ф. ды Каштылью, гіст.-сац. драмы Ф.​Гоміша ды Амарына, «раманы страсці» і навелы К.​Каштэлу Бранку, ідылічныя раманы пра вясковае жыццё Ж.​Дыніша). За рэаліст. метад выступілі пісьменнікі т.зв. каімбрскай школы (А.Т. ды Кентал, Ж.​М.​Эса ды Кейруш, С.​Верды, А.М. ды Гера Жункейру). Раманы Ф.​Тэйшэйры ды Кейруша і А.​Батэлью пазначаны ўплывам эстэтыкі натуралізму. У пач. 20 ст. ўзнікла сімвалісцкая школа (паэты А.​Нобры, Э. ды Каштру, Р.​Г.​Брандан). Неарамант. тэндэнцыі, адраджэнне гарэтаўскай традыцыі ў л-ры прапаведавалі паэт А.​Л.​Віейра, драматург Ж.​Данташ. Пасля рэвалюцыі 1910 пашырыліся разнастайныя дэкадэнцкія (паэты М. ды Са-Карнейру, Ф.А.Песоа, А.​Сардынья, драматургі Ж. ды Алмейда Негрэйруш, А.​Патрысью) і экзістэнцыялісцкія (вершы Г. ды Фарыі, Ж. ды Бружыша, А. ды Созы, Ж. ды Каштру Азор’ю, п’есы Б. да Фансекі, Б.​Сантарэну) плыні. З сярэдзіны 20 ст. развіваецца рэаліст. проза — раманы А.​Рыбейру («Калі выюць ваўкі»), А.​А.​Рэдола («Лодка з сямю стырнамі», «Яр сляпых»), Ф. да Розы («Люстэрка жыцця»), Ф.​Наморы Гансалвіша («Ноч і світанак», «У нядзелю вечарам»), п’есы А.​Каргэша («Лалаш»), Л.​Ф.​Рэбелу («Назаўтра»). У апошнія дзесяцігоддзі 20 ст. прыкметная з’ява — неканвенцыяльная проза Ж.Сарамагу. Неарэаліст. традыцыі развіваюцца ў раманах Ж.​Кардозу Пірыша («Дафін»), У.​Таварыша Радрыгіша («Распад»), А.​Лобу Антуніша («Памяць слана», «Аўтамабіль праклятых»). Уплывы экзістэнцыялізму ў паэзіі Э. ды Андрады, прозе В.​Ферэйры (раман «З’яўленне», дакумент. зб. «Бягучыя справаздачы»), фемінісцкія матывы ў прозе Л.​Жоржы, І.​Лозы, мадэрнісцкія тэндэнцыі ў творчасці М.​Торгі (15-томны «Дзённік» у вершах і прозе), паэзіі Э.​Гансалвіша, А.​Азор’ю, Э.​Элдэра, А.​Ф.​Алешандры, прозе Ж.​Р.​Дырэйтынью, драматургіі А.М. ды Созы Арагана. На бел. мову перакладзены асобныя творы Камоэнса, Эсы ды Кейруша, Песоа, Л.​Жасінту. Сярод перакладчыкаў: Л.​Баршчэўскі, Я.​Лапатка, А.​Марціновіч, С.​Мурашка.

Архітэктура. У П. захаваліся дальмены часоў неаліту (Аліжа, Павія), рэшткі ўмацаваных паселішчаў лузітан (1-е тыс. да н.э.), руіны рым. збудаванняў (2 ст. да н.э. — 5 ст. н.э.), масіўныя мураваныя храмы вестготаў (7 ст.). Да 12 ст. паселішчы выраслі ў гарады з нерэгулярнай планіроўкай. У 11—12 ст. у Каімбры, Лісабоне ставілі замкі і саборы крапаснога тыпу, касцёлы і кляштары ў раманскім стылі. У стылі готыкі створаны комплексы кляштараў 12—14 ст. (у Алкабасе, Батальі). У канцы 15 — пач. 16 ст. расквітнеў самабытны стыль «мануэліна», які сінтэзаваў у арх. формах познагатычныя рысы з экзотыкай маўрытанскага стылю (кляштар св. Хрыста ў Тамары, 1508—31, арх. Д. ды Аруда; вежа-маяк Торы ды Белен у Лісабоне, 1515—20). У канцы 16 ст. — 1-й пал. 17 ст. дойлідства П. было ў заняпадзе. З канца 17 ст. аднаўлялася горадабудаўніцтва, развіваліся рэгулярныя планіровачныя сістэмы (забудова Лісабона пасля землетрасення 1755). Рэпрэзентацыйны характар набыла палацава-культавая архітэктура 18 ст. (палац-кляштар Мафра каля Лісабона, 1717—35, арх. Ф.​Лудавісі). У аздабленні будынкаў выкарыстоўвалі маёлікавыя пліткі (азулежу), якія часам суцэльным дываном пакрывалі фасады, арнаментальныя і сюжэтныя пано з іх упрыгожвалі інтэр’еры. У пабудовах 19 ст. дамінаваў класіцызм (палац Ажуда ў Лісабоне, з 1802, арх. Ф.​К.​Фабры). У 1-й пал. 20 ст. панавалі эклектычныя стылі. У 2-й пал. 20 ст. пашырана сучасная архітэктура. Праведзена рэканструкцыя многіх раёнаў Лісабона, г. Порту, пабудаваны тыпавыя жылыя дамы з лоджыямі і сонцаахоўнымі прыстасаваннямі. У буд-ве выкарыстоўваюцца новыя буд. канструкцыі і смелыя прасторавыя вырашэнні (арх. Ф.К. ду Амарал, А.​Ж.​Песоа і інш.).

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ад эпохі палеаліту захаваліся наскальныя размалёўкі (у Сант’ягу-ду-Эшкарал), ад эпохі неаліту — кераміка, антрапаморфныя фігуркі з пласцінак шыферу, бронз. зброя. З 1-га тыс. да н.э. развівалася культура плямён лузітан, у 3 ст. да н.э. — 5 ст. н.э.Стараж. Рыма, у 7 ст. — вестготаў, з 8 ст. — арабаў і бербераў. У раманскі перыяд (10—12 ст.) з’явіўся каменны дэкор арх. пабудоў, які вызначаўся сакавітай пластычнасцю форм, спалучэннем незвычайных натуралістычных дэталей (выявы карабельных канатах, ракавін, каралаў і інш.) з гатычнымі, маўрытанскімі, часам інд. матывамі. Скульпт. дэкор раманскіх храмаў паводле тэхнікі выканання блізкі да разьбы па дрэве. 13—15 ст. — росквіт гатычнай пластыкі (найб. цэнтр — Каімбра). Высокім маст. узроўнем вызначаецца надмагілле караля Жуана I у Батальі (1433, скульпт. Ж.​Афонсу). У 15—16 ст. на жывапіс П. ўплывалі франц. рэнесанс (Ф.​Удартэ, Н.​Шантэрэн і інш.) і нідэрл. мастацтва (алтар святога Вінцэнта, 15 ст., мастак Н.​Гансалвіш; творы В.​Фернандыша, Г.​Ваша, Г.​Лопеша і інш.). Яркай самабытнасцю вылучаецца дэкар.-прыкладное мастацтва 16—17 ст., у якім спалучаліся еўрап. і ўсх. традыцыі (мэбля, дываны, тканіны, кераміка лузітана-ўсх. і інда-партуг. стыляў, маёлікавыя пліткі азулежу і інш.). У 17—18 ст. склаліся асновы нац. барока: манум. драўляная і каменная скульптура, тэракотавыя алтарныя статуэткі «прэзепіу» (Ж.​Машаду ды Каштру, А.​Ферэйра), партрэтны жывапіс (Д.​Віейра Эшкуру, Ф.​Віейра Лузітану) і інш. У канцы 18 — пач. 19 ст. развіваліся класіцызм (Ф.​Віейра Партуэнсі) і рамантызм (гіст. кампазіцыі Д.​А.​Сікейра). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. перажываў рэаліст. кірунак: скульптура А.​Саарыж душ Рэйша, А.​Тэйшэйры Лопеша, Ф.​Франку, пейзажы і жанравыя кампазіцыі А.К. да Сілва Порту і Ж.М. да Сілва Алівейры, партрэты М.​А.​Лупі і інш. У 1833 створана маст. групоўка «Льва» (кіраўнік К.​Бардалу Піньейру, мастакі М.​Агушту, Э.​Малта, А.​Манта, Э.​Медына, К.​Фернандыш і інш.), якая сцвярджала нац. самабытнасць у мастацтве і паўплывала на развіццё мастацтва П. 1-й пал. 20 ст. З парыжскай школай звязаны жывапіс кубіста А.​Созы Кардозу і абстракцыяністкі М.​Э.​Віейры да Сільва. З сярэдзіны 20 ст. пашырыўся неарэалізм, у якім пераважала тэматыка нац. гісторыі і нар. жыцця (Ж.​Памар і інш.). Сярод мастакоў жывапісцы Ф. ды Азеведу, Р.​Рыбейру, графікі М.​Жыл, А.​Куньял, скульптары Л. ды Алмейда і інш. Развіваюцца традыц. віды нар. творчасці: маёлікавыя вырабы, карункапляценне, ткацтва, разьба па дрэве («прэзепіу», мэбля і інш.).

Музыка П. развівалася ва ўзаемадзеянні з іспанскай. У муз. фальклоры пераважаюць песенныя і песенна-танц. формы. Найб. стараж. песні прац. і каляндарныя, у т. л. калядныя (вільянсікуш), навагоднія (жанейраш), вясновыя (маяш), а таксама звязаныя з царк. святамі (рамарыяш). Сярод нар. муз. інструментаў: стр.-шчыпковыя віуэла (пазней віёла і віялан), кавакінью, духавы гайта (валынка), ударныя забумба (вял. барабан), тамбур (меншы барабан), адуфе (квадратны бубен з 2 мембранамі). У вёсках пашыраны інстр. ансамблі. Прафес. музыка развіваецца з 12 ст. У 12—13 ст. расквітнела мастацтва трубадураў. У 13—14 ст. былі пашыраны свецкія рамансы, песні вілансіка разнастайнага зместу, сольныя лірычныя песні фаду, танцы рода, віла, вілан, пазней шакота (чакона) і фолія. З 15 ст. развіваецца муз. т-р, адзін са стваральнікаў якога Ж.​Вісентэ. У інстр. музыцы складваліся варыяцыйныя і поліфанічныя формы. Вядомы кампазітары-віуэлісты Дон Педра (герцаг Каімбрскі), Ант. і Аф. да Сілва, П.​Ваш, віуэліст-віртуоз П. да Пена. Буйнейшыя поліфаністы 15—16 ст.: Т. да Сілва, Ж. ды Менезіш, М.​Машаду ды Азеведу, Э. ды Павія. У 2-й пал. 16—17 ст. дасягнула росквіту хар. поліфанія (М.​Мендыш, Д.​Лобу, М.​Кардозу, Ф. ды Магальяйніш). Інстр. музыку пісалі М.​Каэлью да Кошта, арганіст Ф.​Карэа ды Араўжу, А. да Круш (аўтар аднаго з першых падручнікаў па ігры на скрыпцы, 1639). У канцы 17—19 ст. панавала італьян. опера. У 1793 адкрыты каралеўскі т-р «Сан-Карлуш» у Лісабоне. Сярод оперных кампазітараў 18 ст. Ф.А. д’Алмейда (першая нац. опера «Цярпенне Сакрата», 1733), Ж. ды Соза Карвалью, Д.​Перэс, МА.​Партугал да Фансека. Інстр. і культавую хар. музыку пісалі д’Алмейда, ды Соза Карвалью, Ж.А.​К.​Сейшас. У пач. 19 ст. паявіліся нац. сімф. і камерна-інстр. творы Ж.​Д.​Бантэмпу (заснавальнік філарманічнага т-ва, 1822 і Каралеўскай кансерваторыі, 1835). У 2-й пал. 19 ст. створаны муз. т-вы і канцэртныя арг-цыі: «Публічныя канцэрты» (1860), Т-ва класічных канцэртаў (1874), Каралеўская акадэмія аматараў музыкі (1884) у Лісабоне, філармонія (1852), т-вы камернай музыкі (1883) і сімф. канцэртаў, хор «Арфеон» (1881) у Порту. У 1-й пал. 20 ст. вылучыліся кампазітары Ж.​Віяна да Мота (заснавальнік сучаснай кампазітарскай школы), 0. да Сілва, Л.​М.​Фрэйташ Бранку, К.​Карнейру, у нац. стылі працавалі І.​Круш і Ф.​Лопіш Граса, у 2-й пал. 20 ст. — Э.​Брага Сантуш, А.​Касату, прадстаўнікі авангардызму Ф.​Пірыш, Ж.​Пешынью. Сярод выканаўцаў спявак Ф. д’Андрады, піяністы Л.​Мендыш, Ж.​Секейра Кошта, А.​Марэа, С.​Кастнер, скрыпач А.​Бетэнкур. У П. працуюць: аркестры Нац. радыёвяшчання, Філарманічны і Нац. Савета, Нац. кансерваторыя, Т-ва партуг. аўтараў, Асацыяцыя кампазітараў, Т-ва хар. музыкі, Т-ва прыгожых мастацтваў, «Музычная моладзь Партугаліі» ў Лісабоне, аркестр радыё і Муніцыпальная кансерваторыя ў Порту, Муз. акадэмія ў Каімбры і інш.

Тэатр. З 12 ст. вядомы літургічная драма і тэатралізаваныя прадстаўленні імправізацыйнага характару, якія разыгрываліся жанглёрамі. У канцы 15 ст. станаўленне культуры эпохі Адраджэння садзейнічала развіццю т-ра і драматургіі. Родапачынальнік нац. т-ра — драматург, акцёр і кампазітар Ж.​Вісентэ (16 ст.). У канцы 16 ст. ў Лісабоне з’явіліся публічныя т-ры, але пад уздзеяннем царк. цэнзуры і інквізіцыі тэатр. жыццё П. заняпала. У пач. 18 ст. адкрыўся т-р «Байру-Алту», дзе выступалі прафес. парт. трупы. Уздым тэатр. мастацтва звязаны са сцвярджэннем у 1-й чвэрці 19 ст. рамант. кірунку. Па ініцыятыве драматурга Ж.​Б.​Алмейды-Гарэта ў Лісабоне створаны Кансерваторыя драм. мастацтва і Нац. т-р каралевы Марыі II (1846, дзейнічае), які стаў адным з цэнтраў сцэн. культуры. Заснаваны т-ры «Донья Амелія» (1894), «Свабодны тэатр» (1904). Сярод акцёраў 19 ст.: А.​Абраншыс, Э.​Бразан, Э. даж Невіш, бр. Ж. і А.​Роза, А.​Ферэйра да Сілва, Ф.​Таборда. У 20 ст. ў т-ры П. пераважалі мадэрнісцкія кірункі і пастаноўкі на грамадска-значныя тэмы. Ставіліся п’есы драматургаў Ж. ды Алмейды Негрэйруша, Р.​Карэі, Л.​С.​Мантэйру, Л.​Ф.​Рэбелу, А.​А.​Рэдола, Б.​Сантарэну, К.​Ферэйры і інш. Сярод тэатр. дзеячаў: П.​Баштуш, Э.​Брага, А. да Кунья, Р.​Мантэйру, М.​Матуш, Р.​Паўлу, А.​Рэй-Каласу, Л.​Сімоінш і інш. У Лісабоне дзейнічаюць Нац. нар. т-р (з 1957), «Маст. т-р Лісабона» (1955—56 і з 1960), прафес. тэатр. трупы працуюць таксама ў Порту і Каімбры.

Кіно. З 1896 здымаліся асобныя стужкі. Кінавытв-сць набыла рэгулярны характар пасля стварэння фірмы «Партугалія-фільм» (1909). Першы маст. фільм — «Мёртвая каралева» (1910, рэж. Х.​Коста). Лепшы нац. фільм нямога кіно — экранізацыя камедыі Ф.​Лаге і Ж.​Карэі Алівейры «Ваўкі» (1923, рэж. Р.​Лупу). У 1930-я г. зняты фільмы «Марыя з мора» (1930), першы гукавы фільм «Суровая» (1931, рэж. абодвух Л. ды Баруш), дакумент. «Дуэра, цяжкая праца на рацэ» (1931, рэж. М. ды Алівейра). У перыяд фаш. дыктатуры здымаліся гал. чынам камерцыйныя стужкі. Спробы ўнесці змены ў кінематограф пачаты суполкай «Новае партуг. кіно» (П.​Роша, А.​Рамуш, Ф.​Лопіш, А. да Кунья Тэліш, ды Алівейра і інш.). Сярод фільмаў: «Веснавая казка» (1962, дакумент.) і «Паляванне» (1964, рэж. абодвух ды Алівейра), «Беларміна» (1964, рэж. Лопіш), «Змяніць жыццё» (1966, рэж. Роша), «Круг» (1969, рэж. да Кунья Тэліш). У 1970 маладыя кінематаграфісты аб’ядналіся ў вытв. кааператыў «Партуг. кінацэнтр». З 1971 развіваецца незалежная кінавытв-сць; пастаўлены фільмы «Пчала на дажджы» (1971, рэж. Лопіш), «Прысяга» (рэж. А. ды Маседу), «Нелюбімы» (рэж. М.​Сілва, абодва 1972), «Мае сябры» (1973, рэж. да Кунья Тэліш). Сярод фільмаў 1970—80-х г. «Бог, радзіма, улада» (рэж. Р.​Сімоіш), «Дэманы Алкасер-Кібіра» рэж. Ж.​Фансека-і-Кошта), «Канфедэрацыя» (рэж. Л.​Галван Тэліш), «Святы саюз» (рэж. Э.​Жэада), «Франсіска» (рэж. ды Алівейра), «Месца смерці» (рэж. А.​П.​Вашканселуш).

Літ.:

Варьяш О.И., Черных А.П. Португалия: дороги истории. М., 1990;

Капланов Р.М. Португалия после второй мировой войны, 1945—1974. М., 1992;

Каптерева Т.П. Искусство Португалии. М., 1990.

Ю.​В.​Ляшковіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Дз.​М.​Чаркасаў (гісторыя да 20 ст.), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), Г.​М.​Малей (друк, радыё, тэлебачанне), Л.​П.​Баршчэўскі (літаратура), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).

Герб і сцяг Партугаліі.
Узбярэжжа на поўдні Партугаліі.
Горны ланцуг Сера-ды-Маран на поўначы Партугаліі.
Да арт. Партугалія. Раўніна Алентэжу.
Да арт. Партугалія. Салдаты і жыхары на барыкадах Лісабона ў час Партугальскай рэвалюцыі 1910.
Да арт. Партугалія. Высадка экспедыцыі партугальскага мараплаўца П.​А.​Кабрала на ўзбярэжжы Бразіліі каля сучаснага г. Порту-Сегуру 22.4.1500. Сярэдневяковая гравюра.
Да арт. Партугалія. Галоўны порт Азорскіх астравоў — г. Понта-Дэлгада.
Да арт. Партугалія. Кляштар святога Хрыста ў г. Тамар. 1508—31.
Да арт. Партугалія. Н.​Гансалвіш. Сям’я герцагаў Браганса. Дэталь алтара св. Вінцэнта. 15 ст.

т. 12, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)