ПАДЗЕ́МНЫ ЛЁД,

лёд у тоўшчы мёрзлых горных парод і грунтоў у абласцях пашырэння шматгадовамёрзлых парод. Вылучаюць першасны П.л., які ўтвараецца ў працэсе прамярзання рыхлых адкладаў (лёд-цэмент) і другасны, які крышталізуецца з вады і вадзяной пары ў шчылінах (жыльны лёд), у порах і пустотах (пячорны лёд) або ўтвараецца на зямной паверхні і перакрываецца асадкавымі пародамі (пахаваны лёд).

т. 11, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РСТАВЫЯ ВО́ДЫ,

падземныя воды ў трэшчынах, порах, каналах і інш. карставых поласцях у карбанатных або галагенных пародах. Адрозніваюцца ад інш. падземных вод тым, што расшыраюць свае шляхі руху за кошт растварэння парод. Фарміраванне К.в. адбываецца ў выніку інфільтрацыі атм. вод і паглынання паверхневых вадатокаў. У падземнай цыркуляцыі К.в. вылучаюць 3 зоны: пранікнення вады з паверхні па каналах і трэшчынах, вагання ўзроўню з перыядычным запаўненнем поласцей, пастаяннага насычэння вадой. К.в. ўтвараюць крыніцы з вял., але пераменным дэбітам, падземныя рэкі і азёры невял. памераў.

В.​І.​Бучурын.

т. 8, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БАВЫЯ ВО́ДЫ,

намнажэнне падземных вод у адносна воданепранікальных слаях, што залягаюць у межах глебавай тоўшчы і гідраўлічна не звязаны з грунтавымі водамі, якія ляжаць ніжэй. Знаходзяцца ў глебе ў вадкай і цвёрдай фазе (лёд), формах, якія адрозніваюцца паводле ступені рухомасці і даступнасці для раслін. Асн. запасы вільгаці, што выкарыстоўваюцца раслінамі, утварае свабодная вада. Яна запаўняе глебавыя поры і здольная перамяшчацца з іх пад уплывам сілы цяжару і капілярных сіл (гл. Глебавы раствор). Значная колькасць вільгаці знаходзіцца ў парападобным стане (перамяшчаецца па порах глебы ў складзе глебавага паветра). Частка вільгаці знаходзіцца ў звязаным стане, у маладаступнай для раслін форме.

т. 5, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКЕ́ТНАЕ ПА́ЛІВА,

паліва для ракетных рухавікоў рэчыва ці сукупнасць рэчываў, якія выкарыстоўваюцца ў ракетных рухавіках у якасці крыніцы энергіі і рабочага цела для стварэння рухальнай сілы.

Паводле прызначэння і тыпу рухавікоў адрозніваюць вадкае, гелепадобнае, цвёрдае, гібрыднае (двухкампанентнае Р.п., у якім адзін кампанент цвёрды, другі — вадкі). Найб. пашырана Р.п. вадкае і цвёрдае. Вадкае Р.п. бывае адна-. двух- і шматкампанентнае. Двухкампанентнае мае гаручае (вадкі вадарод, газу, дыметылгідразін і інш.) і акісляльнік (вадкія кісларод, фтор, хлор, тэтрааксід дыазоту і інш.). Цвёрдае Р.п. падзяляюць на балістычнае (гл. Балістыты) і сумесевыя цвёрдыя Р.п. (гл. Порах). Цвёрдае Р.п., у адрозненне ад вадкага, можа захоўвацца доўгі час (не патрабуецца папярэдняя запраўка рухавіка перад стартам). Выкарыстоўваюць Р.п. ў касм., авіяц., ваен. і інш. галінах тэхнікі.

т. 13, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНФІЛЬТРА́ЦЫЯ (ад лац. in у, унутры + фільтрацыя),

прасочванне, пранікненне атм. і паверхневай вады ў глебу, горныя пароды і рух яе па капілярных і субкапілярных порах, шчылінах і пустотах да ўзроўню грунтавых вод. Залежыць ад магутнасці зоны аэрацыі, літалагічнага складу парод, водапранікальнасці глебы і горных парод, рэльефу, расліннасці, с.-г. асваення зямель і інш. Пачатковая форма І. — усмоктванне, калі вільгаць ідзе толькі на папаўненне водазапасаў глебы і на выпарэнне з паверхні. Далейшы рух вільгаці ў глыбіню (фільтрацыя) адбываецца толькі ў перыяды значнага і працяглага ўвільгатнення (пры моцных ліўнях, снегараставанні), калі ідзе папаўненне падземных вод. Адносіны колькасці інфільтраванай вады да сумы ападкаў (у %), што выпалі, наз. каэфіцыентам І. Яго велічыня мяняецца ад 1—3% да 25—30%. На тэр. Беларусі перавышэнне колькасці атм. ападкаў над сумарным выпарэннем спрыяе добраму інфільтрацыйнаму жыўленню падземных вод. Сярэдняя велічыня каэфіцыента І. складае 13%, найб. (да 30%) адзначаецца на Прыпяцкім Палессі пры глыбіні залягання падземных вод 1—2 м.

т. 7, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЧЫ́ННАСЦЬ, каузальнасць,

адна з форм узаемасувязі і ўзаемадзеяння з’яў, дзе адна з іх — прычына — абумоўлівае і з неабходнасцю параджае іншую з’яву — вынік (гл. Прычына і вынік). Кожная з’ява мае прычыну і адначасова яна з’яўляецца прычынай інш. з’явы; або, наадварот, без прычыны нішто не паяўляецца. Прычына і дзеянне ўтвараюць ланцуг, які цягнецца з мінулага, пранізвае сучаснае і знікае ў будучым. Таксама прычына распадаецца на знешнія абставіны, унутр. ўмовы і ўзбуджэнне, што служыць непасрэднай прычынай дзеяння. Напр., калі порах сухі (абставіны) і мае адпаведныя інгрэдыенты (умова), то дзякуючы ўдару (узбуджэнне) ён загарыцца (дзеянне). У гісторыі філасофіі прынцып П. сфармуляваны Дэмакрытам, а як строга прычынная сувязь з’яў — стоікамі і Эпікурам. Суб’ектыўны ідэалізм не прызнае аб’ектыўнага характару П. і зводзіць яе да паслядоўнасці адчуванняў (Д.​Юм) або сцвярджае, што П. — апрыёрная катэгорыя чалавечага розуму, якая прыўносіцца ў хаатычны свет з’яў (І.​Кант). Аб’ектыўны ідэалізм (Г.​Гегель, неатамісты) лічыць канчатковай прычынай з’яў сусв. дух, або Бога (гл. Індэтэрмінізм), але не адмаўляе дэтэрмінізм. Дыялектычны матэрыялізм прызнае аб’ектыўны і ўсеагульны характар П., яе складанасць, зменлівасць, шматзначнасць. А.​Шапенгаўэр вылучаў 3 формы П.: ва ўласным сэнсе (для неарган. свету), раздражненне (у арган.-раслінным жыцці) і матыў (ва ўчынках адушаўлёных істот). Дж.​Міль, Г.​Спенсер і інш. імкнуліся растлумачыць П. на аснове толькі вопыту, з дапамогай індукцыі. Пазітывізм (А.​Конт, Р.​Авенарыус, Э.​Мах і інш.) замянілі паняцце «П.» паняццем функцыянальнай залежнасці, паняцце прычыны — «умовамі».

Прычынна-выніковыя сувязі бываюць непасрэдныя і апасродкаваныя, агульныя і найбліжэйшыя, гал. і негалоўныя, унутр. і знешнія, аб’ектыўныя і суб’ектыўныя і інш. Узнікае складаная сетка прычынна-выніковых сувязей, якія пераплятаюцца і выклікаюць універсальнае ўзаемадзеянне. З’явы прыроды наз. прычынна-тлумачальнымі, а сувязі паміж імі — адпаведнымі прычыннасці прынцыпу, таму што ў адносінах да гэтага прынцыпу разглядаецца аб’ектыўная прадметная сувязь, якая не можа супярэчыць вынікам даследаванняў прыродазнаўчых навук. Пры вывучэнні такіх сувязей шырока выкарыстоўваюцца эксперым. даследаванні, матэм. апарат, раскрываюцца магчымы, або статыстычны характар прычынна-выніковых сувязей у прыродзе ці сферы сац.-эканам., грамадскіх працэсаў. На аснове П. арганізуецца матэрыяльна-практычная дзейнасць чалавека, выпрацоўваюцца навук. прагнозы.

В.​В.​Краснова.

т. 13, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЗЕ́МНЫЯ ВО́ДЫ,

воды ў тоўшчы горных парод верхняй часткі зямной кары ў вадкім, цвёрдым і парападобным стане; частка водных рэсурсаў, карысныя выкапні. Фарміруюцца пры інфільтрацыі з зямной паверхні дажджавых, расталых, рачных, азёрных і марскіх вод, кандэнсацыі вадзяной пары ў порах або шчылінах парод, пры асадкаўтварэнні або крышталізацыі магмы. П.в., якія перамяшчаюцца пад уплывам сілы цяжару, наз. гравітацыйнымі або свабоднымі, у адрозненне ад звязаных вод, што ўтрымліваюцца малекулярнымі і інш. сіламі на часцінках горных парод. Слаі горных парод, насычаныя гравітацыйнымі водамі, утвараюць ваданосныя гарызонты. У першым ад паверхні зямлі безнапорным ваданосным гарызонце залягаюць грунтавыя воды. Непасрэдна над іх свабоднай паверхняй знаходзяцца капілярныя воды. Зона ад паверхні зямлі да люстэрка грунтавых вод, дзе адбываецца прасочванне вады з паверхні, наз. зонай аэрацыі. У зоне аэрацыі над нявытрыманымі слабапранікальнымі праслойкамі ўтвараецца верхаводка. Ніжэй за грунтавыя воды паміж слабапранікальнымі пародамі залягаюць пластавыя воды, якія знаходзяцца пад гідрастатычным ціскам (гл. Артэзіянскія воды), радзей, на асобных участках безнапорныя. Паводле ступені мінералізацыі П.в. падзяляюцца на прэсныя (да 1 г/л), саланаватыя (ад 1 да 10 г/л), салёныя (ад 10 да 35 г/л) і расолы (больш за 35 г/л). У вертыкальным разрэзе прэсныя гідракарбанатна-кальцыевыя воды змяняюцца мінералізаванымі сульфатна-натрыевымі або сульфатна-кальцыевымі, у глыбокіх гарызонтах — высокамінералізаванымі хларыдна-натрыевымі і хларыдна-кальцыевымі, а на вял. глыбіні са значнай колькасцю брому, ёду і інш. мікраэлементаў. П.в. з павышанай канцэнтрацыяй біялагічна актыўных кампанентаў (часам арган. рэчываў) і спецыфічнымі фіз.-хім. ўласцівасцямі (хім. састаў, т-ра, радыеактыўнасць і інш.) наз. мінеральнымі водамі. П.в. шырока выкарыстоўваюцца для розных мэт, з’яўляюцца крыніцай якаснай пітной вады. Агульныя запасы П.в. сушы складаюць 60 млн. км³, але пашыраны яны нераўнамерна. Парадак карыстання П.в. і іх ахова рэгулююцца водным заканадаўствам. Даследуе П.в. гідрагеалогія.

На тэр. Беларусі прэсныя П.в. прымеркаваны да верхняй ч. літасферы (да глыб. 150—450 м). Натуральныя рэсурсы П.в. складаюць 43,5 млн. м³, эксплуатацыйныя каля 50 млн. м³/сут, у т. л. зацверджаныя 6,4 млн. м³/сут (1997). Хім, састаў іх на большай ч. тэр. блізкі да фонавага. Вызначанае пагаршэнне якасці П.в. звязана з гасп. дзейнасцю. Гал. крыніцы забруджвання: населеныя пункты, жывёлагадоўчыя фермы, неэфектыўныя ачышчальныя збудаванні і інш. Назіранні за рэжымам П.в. вядуцца на 216 пастах, іх вынікі аналізуюцца і сістэматызуюцца ў водным кадастры.

Літ.:

Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 1996 г.). Мн., 1997;

Альтшуль А.Х., Усенко В.С., Чабан М.О. Регулирование запасов подземных вод. М., 1977;

Кудельский А.В., Пашкевич В.И., Ясовеев М.Г. Подземные воды Беларуси. Мн., 1998;

Калинин М.Ю. Подземные воды и устойчивое развитие. Мн., 1998.

В.​С.​Усенка.

т. 11, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)