лёгкая прыбудова перад уваходам у будынак, звычайна слупавой канструкцыі. Здаўна пашыраны ў многіх народаў Еўропы ў жыллёвых, культавых (ганак базілікі Санта-Марыя Маджорэ ў Бергама, Італія; царквы ў в. Хабовічы Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл.), сядзібна-палацавых (ганак гал. фасада сядзібнага дома ў г.п.Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл.) пабудовах. На Беларусі найб. характэрны для сядзібна-палацавых пабудоў, а таксама для корчмаў, аўстэрый, ратушаў і інш. Пад уплывам стылю класіцызму ў 2-й пал. 18—19 ст. ганак афармлялі порцікамі, трохвугольнымі або ступеньчатымі франтонамі. У гандлёвых радах, гасціных дварах, лямусах, некаторых храмах (Віцебшчына) яны ператвараліся ў працяглыя па ўсім фасадзе ці навокал храма аркадныя галерэі. У вясковым буд-ве набылі пашырэнне ў 2-й пал. 19 ст.Традыц. ганак — адкрыты: памост з 1- ці 2-схільнай стрэшкай на 2—4 слупах. Як дамінанту, што акцэнтуе ўваход у жыллё, ганак аздабляюць разьбянымі закрылінамі па краях стрэшкі, ажурным карнізам, вільчыкам. У 20 ст. адкрытыя ганкі саступілі месца паўзакрытым, ва ўнутр. прасторы да сценак ставяць 2 лаўкі. Традыц. разьбяны дэкор часам дапаўняецца паліхромнай расфарбоўкай. Такія ганкі больш пашыраны ва ўсх. раёнах, на Гомельшчыне іх заглыбляюць у вуглы хаты (упоравень са сценамі). На астатняй тэр. Беларусі пераважаюць закрытыя ганкі — веранды або веранды ў спалучэнні з адкрытым ці паўзакрытым ганкам. Цяпер у мураваным індывід. і тыпавым буд-ве сценкі ганка ўтвораны нярэдка з фігурна выгнутых метал. элементаў. У шматпавярховых, секцыйных, блакіраваных дамах, дамах вежавага тыпу і інш. ганкі — уваходы ў пад’езды — афармляюць казыркамі, дэкар. кратамі, мазаічнымі пано і інш.
Літ.:
Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;
Сахута Я. Народная разьба па дрэву. Мн., 1978.
Я.М.Сахута.
Ганак сядзібнага дома ў г.п.Поразава Гродзенскай вобл.Ганак базілікі Санта-Марыя Маджорэ ў г. Бергама (Італія).Ганкі царквы ў в. Хабовічы Кобрынскага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РАЗАЎСКАЯ КЕРА́МІКА,
бел. традыцыйныя ганчарныя вырабы з г.п.Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Поразаве працавала каля 200 майстроў. Выраблялі чорнаглянцаваны посуд гасп. прызначэння (гаршкі з накрыўкамі, збанкі, рынкі, гладышы, бабачнікі, міскі і інш.). У залежнасці ад аб’ёму вырабы мелі характэрныя мясц. назвы: міскі малыя (да 1 л), сярэднія (1,5 л), вялікія. (да 3 л), гаршкі падзяляліся на пітушкі (да 1 л), саганчыкі (да 2 л), скляпнікі (3 л), сярэднікі (да 10 л). Вырабы вызначаліся буйнымі, выразна прафіляванымі формамі, падкрэсленымі глянцаваным дэкорам у выглядзе вертыкальных і касых рысак, паяскамі ўзораў, выціснутых зубчастым колцам (карбоўкай), нярэдка аздабляліся суцэльным глянцаваннем. У сярэдзіне 1990-х г. промысел заняпаў.
Я.М.Сахута.
Да арт.Поразаўская кераміка. І.Шопік. Ганчарны посуд. 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РАЗАЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры сярэдзіны 19 ст. ў г.п.Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. Размешчана каля дарогі на в. Гарнастаевічы. У ансамбль уваходзяць сядзібны дом і парк. Сядзібны дом — прамавугольны ў плане будынак, накрыты высокім ламаным дахам. У архітэктуры будынка спалучаюцца рысы барока і класіцызму. Дом пастаўлены на падмурку з драўляных брусоў. Тры рызаліты (над сярэднім — мансарда) вылучаны на гал. фасадзе выступамі, на паркавым — гранёнымі эркерамі з ламанымі шатровымі дахамі. Тарцы дома фланкіраваны 2 двухпавярховымі вежападобнымі алькежамі, завершанымі спічастымі шатровымі дахамі. Цэнтр. ўваход аформлены 4-слуповым ганкам. У аздобе фасадаў выкарыстана разьба (балясіны, валюты, ліштвы). Інтэр’еры не захаваліся. Парк рэгулярнай планіроўкі з сістэмай узаемна перпендыкулярных алей. Перад гал. фасадам дома размешчаны круглы партэр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАВЫ́СКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
частка фізіка-геагр. раёна Паўднёва-Заходняга адгалінавання Беларускай грады на ПдЗ Гродзенскай вобл. Мяжуе з Нёманскай нізінай на Пн, Слонімскім узв. на У, Прыбугскай раўнінай на Пд, Беластоцкай раўнінай на З, Гродзенскім узв. на ПнЗ. Працягнулася з З на У на 70 км, шыр. 65 км. Найб. вышыня 256 м (на З ад г.п.Поразава), найменшая 103 м. Пл. 3,2 тыс.км². Прымеркавана да стыку Бел. антэклізы і Падляска-Брэсцкай упадзіны.
Паверхня крышт. фундамента на глыб. 60—500 м ніжэй за ўзр. м. У антрапагенавай тоўшчы магутнасцю 70—210 м (макс. 254 м) найб. развіты ледавіковыя адклады ранняга і сярэдняга плейстацэну. Канчаткова аформілася ў час паслямаксімальнага стадыялу дняпроўскага зледзянення. Складзена з пясчана-жвіровага матэрыялу, валунных суглінкаў і супескаў з удзелам адорвеняў даантрапагенавых адкладаў (пераважна мелу).
Канцовамарэнны градава-ўзгорысты, уваліста-ўзгорысты і ўзгорысты рэльеф утварае шэраг дугападобных напорных град каля г.п.Поразава, г.п. Краснасельскі, в. Пескі. Грады пабудаваны з мноства скіб-адорвеняў мелавых і палеагенавых парод, якія чаргуюцца з марэннымі і водна-ледавіковымі пародамі антрапагену. Пашыраны таксама марэнныя платопадобныя і водна-ледавіковыя раўніны з паасобнымі камамі і озамі, уздоўж далін — вузкія палоскі забалочаных зандравых і азёрна-ледавіковых нізін. На Пд трапляюцца скразныя даліны. Рачныя даліны ўрэзаны на 20—50 м (да 70 м). Карысныя выкапні: цэментныя і легкаплаўкія гліны, мел (у адорвенях), пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, прэсныя падземныя воды. Каля г.п. Краснасельскі крэменездабыўныя шахты часоў неаліту. Сярэднія т-ры студз. ад 1,1 да -13,6 °C, ліп. 15,2—21 °C, ападкаў 450—640 мм за год (г. Ваўкавыск). Рачная сетка густая, належыць да бас. Нёмана. Гал. рэкі Зальвянка, Рось з прытокамі і правыя прытокі Свіслачы — Верацейка, Берастаўчанка і інш. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя супясчаныя, найб. урадлівыя — перагнойна-карбанатныя сугліністыя. Пад лесам каля 15% тэрыторыі — хваёвыя з дамешкамі елкі, дубу, грабу, ялова-грабавыя, ясянёвыя, дубровы. Па далінах рэк парослыя вербняком лугі. Пад ворывам 50% тэрыторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ГЛУХІ́Х,
грамадская арг-цыя. Засн. Ў 1931. Цэнтр. праўленне ў Мінску. Прымае асоб з парушэннямі слыху ва ўзросце ад 16 гадоў. У складзе т-ва 6 абл., 10 міжраённых, больш за 240 пярвічных арг-цый (1995). Мае 10 навуч.-вытв. прадпрыемстваў (у Бабруйску, Баранавічах, Барысаве, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, Мінску, Оршы), Палац культуры ў Мінску, спарт. комплекс (у Гомелі), санаторый-прафілакторый «Азёрны» (на беразе Заслаўскага вадасховішча), клубы, б-кі, дамы культуры (у Віцебску, Гомелі, Гродне).
На Беларусі створаны дашкольныя ўстановы для дзяцей глухіх і са слабым слыхам (у Мінску, Бабруйску, Гомелі, Мазыры), спецшколы-інтэрнаты для дзяцей са слабым слыхам (Бабруйск, Віцебск, Гарадзея, Кобрын, Мінск, Поразава, Рэчыца), спецшколы-інтэрнаты для глухіх дзяцей (Ашмяны, Верхнядзвінск, Ждановічы, Мінск, Мсціслаў, Пінск, Рэчыца), аддзяленні па навучанні глухіх пры Гомельскім машынабуд. тэхнікуме і Мінскім медвучылішчы № 2 (рыхтуе зубных тэхнікаў); дзейнічаюць каля 30 спец. класаў пры агульнаадук. школах, 3 вячэрнія (пазменныя) школы для дарослых глухіх (у Віцебску, Гомелі, Мінску). Т-ва — член Сусв. федэрацыі глухіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАВЫ́СКІ ПАВЕ́Т.
Існаваў на Беларусі ў 16—20 ст. Утвораны ў 1507 у складзе Навагрудскага ваяводства ВКЛ. Межы павета ўдакладняліся ў час адм.-тэр. рэформы 1565—66 і пазней. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Гродзенскім ваяводстве ВКЛ, пасля 3-га падзелу (1795) у Рас. імперыі: з 1795 у Слонімскай, з 1797 у Літоўскай, з 1801 у Гродзенскай губ. Павятовы цэнтр — г. Ваўкавыск. Пл. павета 3413,2 кв. вярсты, нас. 149 678 чал. (1897). У Ваўкавыскі павет ўваходзіла 25 валасцей: Баярская, Біскупцоўская, Вільчукоўская, Вярэйкаўская, Гарнастаеўская, Дабравольская, Зельзінская, Зэльвенская, Ізабелінская, Крамяніцкая, Лыскаўская, Межырэцкая, Мсцібаўская, Падароская, Пескаўская, Поразаўская, Пянюгаўская, Роская, Самаравіцкая, Свіслацкая, Талачманоўская, Тарнопальская, Шылавіцкая, Шымкоўская, Юшкаўская. У павеце было 13 мястэчак: Зэльва, Ізабелін, Крамяніца, Лапеніца, Лыскава (Лыскі), Малая Лапеніца, Мсцібава, Новы Двор, Поразава, Пескі, Рось, Свіслач і Ялоўка; 6 сёл, 437 вёсак і 348 дробных нас. пунктаў (1889). Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 павет у складзе Польшчы, у Беластоцкім ваяводстве. Былыя воласці ўзбуйнены і пераўтвораны ў гміны. У 1927 пл. 3892 км², нас. 115 261 чал., 16 гмін: у т. л. Біскупская (Біскупцоўская), Зэльвенская, Ізабелінская, Лыскаўская, Межырэцкая, Мсцібаўская, Падароская, Поразаўская, Роская, Свіслацкая, Тарнопальская, Церашкоўская, Шылавіцкая, Ялоўская. З 1939 у складзе БССР, з 4.12.1939 у Беластоцкай вобласці, 15.1.1940 скасаваны, на яго тэр. ўтвораны Ваўкавыскі раён.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДЛЕ́ЎСКІ (Вінцэнт) (Вікенцій Іванавіч; 16.11.1888, г.п.Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. — снеж. 1942),
бел.паліт. грамадскі і рэліг. дзеяч. Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю (1912) і Пецярбургскую каталіцкую духоўную акадэмію (1916). У сак. 1917 абраны ў Бел.нац.к-т. Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917. Пасля абвяшчэння БНР (сак. 1918) уваходзіў у склад яе Рады. Адзін з заснавальнікаў і лідэраў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, рэдагаваў газ. «Крыніца» (гл.«Беларуская крыніца»).
Выкладаў у Нясвіжскай бел. семінарыі. З 1924 пробашч касцёла ў мяст. Жодзішкі Свянцянскага пав. У 1925 і 1927 арыштаваны польск. ўладамі, у 1927 асуджаны на 2 гады турмы. З 1929 жыў у Вільні. У 1930 пераклаў на бел. мову Новы запавет (выд. ў Вільні ў 1939). Выступіў з ініцыятывай стварэння Бел.нац. фронту. Выдаваў газ. «Беларускі фронт». З пач. 2-й сусв. вайны пераехаў у Каўнас, у 1940 — у Варшаву. У чэрв. 1941 увайшоў у створаны ў Берліне Бел.нац.цэнтр. З вер. 1941 у Мінску, супрацоўнічаў з ням.-фаш. ўладамі, быў гал. школьным інспектарам пры ген. камісарыяце Беларусі, уваходзіў у гал. раду Беларускай народнай самапомачы, спрабаваў выкарыстаць супрацоўніцтва з немцамі для мабілізацыі бел. патрыятычных сіл. У ноч на 24.12.1942 арыштаваны гітлераўцамі і закатаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУЖА́НЫ,
горад, цэнтр Пружанскага р-на Брэсцкай вобл., на вытоку р. Мухавец. Вузел аўтадарог на Брэст, Высокае, Кобрын, Слонім, Бярозу, Поразава. За 13 км ад чыг. ст. Аранчыцы на лініі Баранавічы—Брэст, за 89 км ад Брэста. 20,2 тыс.ж. (2000).
Вядомы з 1487 пад назвай Дабучын. Да 1519 у Кобрынскім княстве, пасля ў Кобрынскім, з 1566 у Брэсцкім пав. У 16 ст. належалі каралеве Боне Сфорца, потым яе дачцэ Ганне, якая ў 1589 дала гораду магдэбургскае права і герб. У 1563—1250 ж., 278 гаспадарак. З канца 16 ст. замацоўваецца назва П. У час войнаў сярэдзіны 17—1-й пал. 18 ст. моцна разбураны, уцалела /. пабудоў. Да канца 18 ст. адбудаваны, у 1791—2094 ж. З 1795 у Рас. імперыі, цэнтр Пружанскага павета. У час паўстання 1863—64 заняты паўстанцамі 13.2.1863. У 1897—7634 ж., 14 дробных прадпрыемстваў, павятовае і прыходскае вучылішчы, 6 бальніц, 2 царквы, касцёл, сінагога. У 1919—39 у Польшчы, цэнтр павета Палескага ваяв. Дзейнічалі падп. арг-цыі КПЗБ і КСМЗБ, Беларускай сялянска-работніцкай грамады, Таварыства беларускай школы. З вер. 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Пружанскага р-на. 23.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў створаным тут гета трымалі да 10 тыс.чал., загубілі больш за 4 тыс.чал. Вызвалены 17.7.1944 войскамі 1-га Бел. фронту ў ходзе наступлення на Брэсцкім напрамку.
Працуюць з-ды: кансервавы, радыёдэталей, ільнозавод, масласырзавод; камбінаты буд. матэрыялаў і плодакансервавы, друкарня, лясгас, Пружанскі аграрна-тэхнічны каледж і інш. У горадзе Дом культуры, 2 б-кі. Брацкія магілы чырвонаармейцаў, сав. воінаў і партызана. Помнік В.З.Харужай, сав. лётчыкам.
У 16 ст. ў П. існаваў палацавы комплекс, т.зв. Каралеўскі двор (вядомы паводле інвентара 1597), у 2-й пал. 18—19 ст. — барочны гар. асабняк. У 2-й пал. 19 ст. ў прадмесці П. Горкі пабудаваны капліца (1852), Пружанскі сабор Аляксандра Неўскага, Спаса-Праабражэнская царква (1875—78), касцёл Ушэсця св. Дзевы Марыі (1883), гандл. рады ў стылі барока і класіцызму (1896, арх. Міхайлоўскі і Савіч), комплекс гар. сядзібы (арх. Ланці). У сучасным горадзе 3 планіровачныя раёны: паўд., зах. і ўсходні. Арх.-планіровачная структура вызначаецца цэнтр. восевай магістраллю (вуліцы Савецкая, Кобрынская, Кастрычніцкая), перпендыкулярнымі да яе вуліцамі Леніна, Р.Шырмы, Чырвонаармейскай і звілістым абрысам поймы р. Мухавец. Горад забудоўваўся паводле схемы планіроўкі 1959, якая ўпарадкавала нерэгулярную сетку вуліц, генплана 1974 і праекта дэталёвай планіроўкі цэнтра 1977. Адм.-грамадскі цэнтр склаўся на вуліцах Савецкай і Шырмы. Цэнтр.ч. горада і цэнтр усх. раёна забудаваны 4—5-павярховымі дамамі. У паўн.ч. і па вул. Шырмы створаны новыя мікрараёны з 5—9-павярховых дамоў, узводзяцца будынкі сядзібнага тыпу. Паводле генплана 1998 здзяйсняецца пераход да катэджнага буд-ва на ўскраінах горада. Зона адпачынку — штучны вадаём у паўд.ч. горада, р. Мухавец і парк у паўн. частцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУЖА́НСКІ РАЁН.
Размешчаны на ПнЗ Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 2,8 тыс.км². Нас. 64,3 тыс.чал. (2000), гарадскога 40,3%. Сярэдняя шчыльн. 23 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Пружаны. Уключае г.п.Ружаны і Шарашова, 243 сельскія населеныя пункты, Ружанскі і Шарашоўскі пасялковыя Саветы, 20 сельсаветаў: Бакунскі, Варанілавіцкі, Велікасельскі, Гарадзечанскі, Зеляневіцкі, Крыніцкі, Лінаўскі, Лыскаўскі, Мокраўскі, Навазасімавіцкі, Паўлаўскі, Пружанскі, Роўбіцкі, Ружанскі, Смалянскі, Старавольскі, Сухопальскі, Хараўскі, Шаняўскі, Шчарчоўскі.
Большая ч.тэр. раёна ў межах Прыбугскай раўніны. Паверхня раўнінная, на асобных участках спадзістахвалістая, 80% яе на выш. 150—170 м, 17% вышэй за 170 м, найвыш. пункт 202 м (за 6 км на ПнУ ад г.п. Ружаны). Карысныя выкапні: торф, гліны і суглінкі, пяскі. Сярэдняя т-растудз. -5,1 °C, ліп. 18,3 °C. Ападкаў 572 мм за год. Вегетац. перыяд 200 сут. Найб. рэкі Ясельда. Зальвянка, Нараў, Нараўка, Левая Лясная. Каналы Вінец і Мухавец. Вадасх. Гута, Паперня, Руднікі, Залессе. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (32%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (29%), тарфяна-балотныя (28%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (10,8%). Пад лесам 43,6%. Лясы пераважна хваёвыя, чорнаальховыя, бярозавыя, яловыя, трапляюцца дубовыя, асінавыя, грабавыя. Найб. лясныя масівы Белавежская пушча і Ружанская пушча. Каля 40% штучныя, пераважна хваёвыя насаджэнні. Пад балотамі 3,3%. Найб. балота Дзікае. На тэр. раёна ч.нац. парку Белавежская пушча, заказнікі рэсп. значэння: біял. — Міхалінска-Бярозаўскі. Ружанская пушча, Буслаўка, гідралагічны — Дзікае. Заказнікі мясц. значэння: біял. Выдранка, Папялёва і гідралагічны Зальвянка.
Ахоўныя тарфянікі: Гай, Лібертполь, Парасліна, Ясенец. Помнікі прыроды рэсп. значэння: піхты белыя Лінаўскія і насаджэнне хвоі веймутавай у Лінаўскім лясніцтве; мясц. значэння: парк «Пружаны» ў г. Пружаны і школьны дэндрарый у г.п. Ружаны.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 131,6 тыс.га, з іх асушаных 47,6 тыс.га. На 1.4.2001 у раёне 23 калгасы, 5 саўгасаў, 34 фермерскія гаспадаркі, Аранчыцкая птушкафабрыка, эксперым. базы «Белавусаўшчына» і «Светлы шлях». Сельская гаспадарка спецыялізуецца пераважна на малочна-мясной жывёлагадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, лён, бульбу. Прадпрыемствы харч. (сыр, масла, цэльнамалочныя прадукты, сухое абястлушчанае малако, плодаагароднінныя кансервы і інш.), мэблевай, кааператыўнай, першаснай апрацоўкі лёну, буд. матэрыялаў прам-сці, з-д радыёдэталей, лясгас. Па тэр. раёна праходзяць: чыг. Брэст—Масква, аўтадарогі Слонім—Высокае, Пружаны—Бяроза, Свіслач—Поразава—Пружаны, Гродна—Ваўкавыск—Івацэвічы, Пружаны—мяжа Польшчы. У раёне 31 сярэдняя (у т. л. 1 вячэрняя), 8 базавых, 4 пач. школы, школа мастацтваў, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, Пружанскі аграрна-тэхнічны каледж, 2 цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, цэнтр сучасных сродкаў навучання, турыстычная база, 36 дашкольных устаноў, 60 дамоў культуры і клубаў, 62 б-кі, 7 бальніц, 3 амбулаторыі, 35 фельч.-ак. пунктаў, абласная псіхіятрычная бальніца. Музеі: народны музей-сядзіба «Пружанскі палацык», нар. музей славы, працы, краязнаўства ў аграрна-тэхн. каледжы ў г. Пружаны. Помнікі архітэктуры: цэрквы — Крыжаўзвіжанская (1914) у в. Аранчыцы, Аляксандра Неўскага (1888) у в. Блізная, Мікалаеўская (1799) у в. Вяжное, Пакроўская (1825) у в. Гарадзечна, Мікалаеўская (1811) у в. Засімавічы, Крыжаўзвіжанская (1878) у в. Зельзін, Прачысценская (1834) у в. Круглае, касцёл (пач. 20 ст.) у в. Лінава 1-е, кляштар місіянераў (1763—85) і царква Раства Багародзіцы (1930) у в. Лыскава, Петрапаўлаўская царква (2 пал. 19 ст.) у в. Мокрае, царква (1903) у в. Смаляніца, Крыжаўзвіжанская царква (пач. 20 ст.) у в. Сухопаль, царква (19 ст.) у в. Ялова. Гіст. помнік — рэшткі каралеўскага замка (15—18 ст.) каля в. Лыскава, археал. помнік — каменны ідал у в. Буцькі. На тэр. раёна ў Белавежскай пушчы ўрадавая рэзідэнцыя Віскулі. Выдаюцца газ. «Раённыя будні», «Голас Пружаны».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧА́РСТВА,
выраб рэчаў гаспадарчага і дэкаратыўна-прыкладнога характару з гліны. Вядома многім народам свету як адно з найстараж. рамёстваў. На тэр. Беларусі пач. форма ганчарства з ручной фармоўкай вырабаў і абпалам на вогнішчы вядома з часоў неаліту. З пашырэннем ганчарнага круга (10 ст.) і ганчарнага горна вылучылася ў спецыялізаванае рамяство, якое дасягнула росквіту ў 16—18 ст. У многіх бел. гарадах (Мінск, Брэст, Гродна, Полацк, Віцебск, Слуцк, Капыль, Камянец, Клецк, Стрэшын, Мір, Шклоў, Дзісна) дзейнічалі самаст. ці аб’яднаныя з іншымі ганчарныя цэхі, якія выраблялі посуд, кафлю, дробную пластыку. Вырабы цэхавага рамяства, у якіх нярэдка адчуваўся ўплыў зах.-еўрап.маст. стыляў, аздабляліся штампаваным, прадрапаным ці ляпным дэкорам, ангобнай размалёўкай, у большасці выпадкаў глазураваліся. У 19 ст. цэхавая вытв-сць заняпала, ганчарства становіцца пераважна сельскім рамяством. У канцы 19—1-й пал. 20 ст. на Беларусі вядома больш за 200 асяродкаў ганчарства.
Асн. прылада для фармавання ганчарных вырабаў — ганчарны круг, падсушаныя вырабы абпальвалі ў горне. Асартымент вырабаў вызначаўся гасп. патрэбамі. Выраблялі посуд для гатавання ежы (гаршкі, макотры, латушкі, пражэльнікі, рынкі, формы), для захоўвання і транспарціроўкі прадуктаў (карчагі, слаі, гарлачы, глякі, спарышы), сталовы посуд (збаны, талеркі, міскі, кубкі, маслёнкі), рэчы штодзённага ўжытку (рукамыйнікі, паілкі), утылітарна-дэкар. посуд (вазоны, вазы, букетнікі, фігурны посуд), ляпілі таксама дробную пластыку і цацкі. Самастойным рамяством, пераважна гарадскім, была вытв-сцькафлі. У цэлым узоры бел.нар. ганчарства вызначаюцца простымі выразнымі формамі, у аснове — шар, цыліндр, конус. Дэкор абмяжоўваўся звычайна сціплымі хвалістымі і прамымі паяскамі (стараж. сімвал вады), выціснутымі завостранай палачкай на плечуках посуду ў час яго фармоўкі на крузе ці нанесенымі вадка разведзенай глінай іншага колеру (ангобам). Ганчарны посуд Падняпроўя вызначаецца стройнасцю і вытанчанасцю формаў, плаўнымі S-падобнымі абрысамі (гл.Бабінавіцкая кераміка, Благаўская кераміка, Дубровенская кераміка). На Пн Беларусі формы посуду масіўныя, устойлівыя, гарлавіны яго нібы раздаюцца ў бакі (гл.Дзісенская кераміка), нярэдка вырабы дзеля трываласці абгортвалі стужкамі бяросты, што надавала ім дадатковы дэкар.-маст. эфект. Ганчары паўд.-зах. Беларусі аддавалі перавагу прысадзістым шарападобным формам, на якія нібы насаджаны цыліндрычныя гарлавіны (гл.Гараднянская кераміка, Пружанская кераміка). Дэкар. якасці вырабаў залежалі таксама ад спосабаў хіміка-тэрмічнай апрацоўкі. Чорна-карычневымі плямамі на светлай тэракотавай паверхні вызначалася гартаваная кераміка, характэрная для архаічных вясковых асяродкаў ганчарства пераважна паўн.-зах. Беларусі. Гарманічнасць формаў і дэкору ў выглядзе палосак, сеткі, елачкі характэрна для чорнаглянцаваных вырабаў паўд.-зах. Беларусі (Пружаны, Ружаны Пружанскага р-на, Поразава Свіслацкага р-на, Мір Карэліцкага р-на). Кантрастам маляўнічых падцёкаў палівы карычневага, зялёнага, жоўтага колераў на светлым тэракотавым фоне чарапка вылучаліся глазураваныя вырабы. Ангобны дэкор, характэрны для вырабаў некат. асяродкаў ганчарства (Бабінавічы Лёзненскага р-на, Ракаў, Івянец Валожынскага р-на), быў сціплы і рэдка пераходзіў у стадыю ручной адвольнай размалёўкі (гл.Ракаўская кераміка).
У 1920—50-я г. ў многіх асяродках ганчарства былі створаны ганчарныя арцелі. У 1960-я г. адны з іх спынілі сваю дзейнасць, іншыя былі пераўтвораны ў дзярж. прадпрыемствы (гл. ў арт.Івянецкая кераміка). З сярэдзіны 20 ст. з насычэннем рынку прамысл. прадукцыяй традыц. ганчарства стала інтэнсіўна скарачацца. У наш час большасць ганчарных вырабаў страціла утылітарнае прызначэнне і выконвае пераважна дэкар.-маст. функцыі. Традыц. посуд нешырокага асартыменту (гаршкі, збанкі, вазоны) вырабляюць у некат. асяродках ганчарства, у ганчарных цэхах паасобных камбінатаў буд. матэрыялаў. На вытв-сці ганчарных вырабаў утылітарна-дэкар. і маст. прызначэння спецыялізуецца аб’яднанне «Беларуская мастацкая кераміка» з прадпрыемствамі ў Івянцы, Радашковічах і Мазыры. З мэтай адраджэння традыц. ганчарства праведзены абласныя святы «Ганчарны круг — 95» у Обалі Шумілінскага р-на, «Ганчарны звон» у Любані (1996), рэспубліканскае свята «Ганчарны круг—96» у Бачэйкаве Бешанковіцкага р-на.