Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА́ТРЫЕВАЯ ПО́МПА», «натрыева-каліевая помпа»,
мембранны механізм, які падтрымлівае ў клетцы пэўныя суадносіны іонаў натрыю Na+ і калію К+ шляхам іх актыўнага транспарту супраць электрахім. і канцэнтрацыйнага градыентаў. Звычайна абмен катыёнамі паміж клеткай і навакольным асяроддзем адбываецца праз сістэму спец. мембранных каналаў па градыентах (пасіўны транспарт). Актыўны перанос супраць любога з градыентаў патрабуе затрат энергіі, якая паступае пры распадзе АТФ. Функцыянаванне «Н.п.» звязана з пераносам метабалітаў, а для нерв. і мышачных валокнаў таксама з механізмам узбуджэння і залежыць ад метабалізму клеткі. Гл. таксама Іонная праводнасць, Транспарт рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМНАЯ ПО́МПА,
прыстасаванне для стварэння і падтрымання вакууму. Бываюць форвакуумныя (поршневыя, пласцініста-ротарныя, залатніковыя), бустэрныя (двухротарныя, параструменныя), высокавакуумныя (дыфузійныя, турбамалекулярныя), звышвысокавакуумныя (крыягенныя, магнітныя электраразрадныя). Асн. параметры вакуумнай помпы — гранічны астаткавы ціск (у паскалях) і хуткадзеянне (літы за секунду). Выкарыстоўваюцца пры вытв-сці асвятляльных лямпаў, кінескопаў, касм. апаратаў, пры нанясенні вакуумных пакрыццяў, у вакуумнай металургіі, харч. прам-сці і інш.
Механічныя вакуумныя помпы: а — вярчальная двухступенная пласцініста-ротарная; б — двухротарная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Аксіяльна-поршневая помпа 1/200; 3/473; 8/516
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АКСІЯ́ЛЬНА-ПО́РШНЕВАЯ ПО́МПА,
помпа ротарнага тыпу з вярчальным рухам ротара і зваротна-паступальным рухам поршняў (звычайна 7—9). Прызначана для нагнятання мінер. масла ў гідрасістэмы станкоў, транспартна-цягавых машын і абсталявання. Можа выкарыстоўвацца як гідраўлічны рухавік.
Пры вярчэнні ротара галоўкі поршняў слізгаюць па апорнай шайбе (пліце) і рухаюцца адносна ротара ўздоўж яго восі. Велічыня падачы масла вызначаецца рухам поршняў. Масла ўсмоктваецца і нагнятаецца праз размеркавальны дыск, злучаны каналамі з масляным бакам. Прадукцыйнасць да 800 л/мін, ціск да 30 МПа, аб’ёмны ккдз да 0,96.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛІСТЫ́ЧНАЯ РАКЕ́ТА,
ракета, траекторыя палёту якой складаецца з актыўнага і пасіўнага адрэзкаў шляху. На актыўным участку ракета рухаецца з дапамогай рухавіка і накіроўваецца спец. сістэмай кіравання, на пасіўным — па балістычнай крывой, як свабодна кінутае цела.
Да балістычных ракет адносяцца баявыя ракеты (у т. л. міжкантынентальныя), касмічныя (у т. л. ракеты-носьбіты), доследныя ракеты і інш. Бываюць адна- і шматступеньчатыя, кіроўныя і некіроўныя. Баявыя ракеты паводле прызначэння падзяляюцца на тактычныя, аператыўна-тактычныя і стратэгічныя. Аснашчаюцца ядз. або няядз. боегалоўкамі і рознымі сродкамі пераадолення проціракетнай абароны. Першыя баявыя балістычныя ракеты Фау-2 выкарыстаны Германіяй у 1944 у 2-ю сусв. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕТРААХАЛАДЖА́ЛЬНІК,
цеплаабменны апарат для зніжэння т-ры паветра, якое падаецца ў памяшканне. Рух паветра ў ім забяспечваецца вентылятарам (убудаваным ці ўстаноўленым асобна). «Сухія» П. маюць рабрыстыя або гладкія трубы, дзе выпараецца холадагент, у «мокрых» П. паветра ахаладжаецца за кошт арашэння, напр., вадой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗЯНО́Е АЦЯПЛЕ́ННЕ,
найбольш пашыраная сістэма ацяплення ў жылых, грамадскіх і прамысл. Збудаваннях. Цяпло ў памяшканне перадаецца гарачай вадой праз ацяпляльныя прылады. Бывае: цэнтральнае (цеплазабеспячэнне ад ЦЭЦ або кацельні) і мясцовае; з натуральнай і прымусовай цыркуляцыяй; паводле спосабу далучэння ацяпляльных прылад да трубаправодаў з верхнім і ніжнім размеркаваннем вады; двух-, аднатрубнае і праточнае; кальцавое і тупіковае.
Асн. часткі сістэмы: водападагравальнік, дзе вада падаграецца палівам, эл. токам, парай або больш гарачай вадой, ацяпляльныя прылады (радыятары, канвектары і інш.), трубаправоды (магістралі, стаякі) і запорна-рэгулявальная апаратура. У сістэмах вадзянога ацяплення з натуральнай цыркуляцыяй вада рухаецца за кошт рознай шчыльнасці нагрэтай у водападагравальніку (больш лёгкай) вады і больш цяжкай вады, што астыла ў ацяпляльных прыладах і трубаправодах; цыркуляцыя павялічваецца з павелічэннем адлегласці (па вертыкалі) паміж ацяпляльнымі прыладамі і водападагравальнікам (сістэмы выкарыстоўваюцца толькі ў невял. збудаваннях). У сістэмах з прымусовай цыркуляцыяй рух вады забяспечвае цыркуляцыйная помпа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЦЕ́ЛЬНАЯ ЎСТАНО́ЎКА,
сукупнасць устройстваў і механізмаў для атрымання вадзяной пары або гарачай вады за кошт цеплыні згарання паліва. Складаецца з котлаагрэгата і дапаможнага абсталявання (цягадуццёвыя прыстасаванні, газа- і паветраправоды, трубаправоды пары і вады з арматурай і інш.). У склад К.ў. малой магутнасці ўваходзяць сілкавальная помпа з арматурай і прыстасаванні водападрыхтоўкі.
К.ў. размяшчаюцца ў асобных будынках або памяшканнях — кацельнях (энергетычных на ЦЭС, вытворчых, вытворча-ацяпляльных і ацяпляльных).