Паляры, гл. Полюс і паляра

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АНО́Д (ад грэч. anodos узыходжанне),

1) дадатны полюс (клема) крыніцы эл. току (гальванічнага элемента, акумулятара, эл. машыны). Ад анода ў знешнім эл. ланцугу накіраваны эл. ток.

2) Дадатны электрод электравакуумных і іонных прылад, звычайна выраблены з тугаплаўкіх металаў (тантал, малібдэн, чэрнены нікель), калі ахаладжэнне прымусовае — з медзі; іонных прылад — з матэрыялаў з малой другаснай эмісіяй (графіт, жалеза).

3) Дадатны полюс электрычнай дугі, электралітычнай ванны (гл. ў арт. Электроліз).

т. 1, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЮСЫ ГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ,

пункт перасячэння восі вярчэння Зямлі з зямной паверхняй. Адрозніваюць Паўночны полюс і Паўднёвы полюс. У полюсах зыходзяцца ўсе мерыдыяны зямныя (геаграфічныя). На П.г. няма звычайных кірункаў свету, няма падзелу на дні і ночы, таму што каля паўгода Сонца не апускаецца за гарызонт і каля паўгода не ўзыходзіць (гл. Палярны дзень, Палярная ноч). Яны перамяшчаюцца па зямной паверхні па складанай траекторыі, якая то закручваецца, то раскручваецца, не выходзячы з квадрата са стараной 26 м.

т. 12, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТА́НТ (лац. Octans),

каляпалярнае сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка Актант 3,8 візуальнай зорнай велічыні. У Актанце знаходзіцца Паўд. полюс свету. Гл. Зорнае неба.

т. 1, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПІ́ЦА (Андрэй Пятровіч) (н. 9.7.1931, г. Кембрыдж, Вялікабрытанія),

расійскі географ і геамарфолаг. Чл.-кар. Расійскай АН (1970). Сын П.Л.Капіцы Скончыў Маскоўскі ун-т (1953), дзе і працаваў. З 1970 старшыня прэзідыума Далёкаўсходняга навук. цэнтра АН СССР, дырэктар Ціхаакіянскага ін-та геаграфіі гэтага цэнтра. Удзельнік 4 антарктычных экспедыцый і трансантарктычных пераходаў: ст. Мірны — ст. Піянерская (1956), ст. Мірны — Паўд. полюс (1959—60), ст. Усход — Полюс адноснай недаступнасці — ст. Маладзёжная (1963—64). Узначальваў геафіз. экспедыцыю АН СССР ва Усх. Афрыку (1967—69). Навук. працы па дынаміцы і марфалогіі ледавіковага покрыва Усх. Антарктыды. Дзярж. прэмія СССР 1971.

т. 8, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІПАЛЯ́РНАСЦЬ (ад бі... + грэч. polos полюс) у экалогіі, геаграфічнае пашырэнне жывых арганізмаў адзінага віду ў халодных і ўмераных шыротах абодвух паўшар’яў (напр., мідыі, акулы, анчоўсы, кількі, коцікі, кіты, сардзіны, вушастыя цюлені, шэрыя дэльфіны і інш.) і іх адсутнасць у трапічным поясе.

т. 3, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́МУНДСЕНА КАТЛАВІ́НА,

падводная катлавіна ў Паўн. Ледавітым ак., паміж хрыбтамі Ламаносава і Гакеля. Даўж. каля 2 тыс. км; шыр. 200—400 км. Глыб. да 4485 м. Дно выраўнаванае, укрытае гліністымі глеямі. У межах Амудсена катлавіны — Паўночны полюс. Названа ў гонар Р.Амундсена.

т. 1, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНВЕ́РСІЯ ў матэматыцы,

1) у геаметрыі, пунктавае пераўтварэнне плоскасці адносна зададзенай акружнасці радыуса R. Кожнаму пункту A, адрознаму ад цэнтра акружнасці O (цэнтр, ці полюс І.), ставіцца ў адпаведнасць такі пункт A праменя OA, што OA′ = R2/OA, дзе R2 — ступень І. Падобна гэтаму вызначаецца І. ў прасторы адносна сферы. Мае дастасаванні ў геаметрыі (інтэрпрэтацыя геаметрыі Лабачэўскага, тэорыя геам. пабудаванняў), тэорыі механізмаў (гл. Інверсар).

2) У камбінаторыцы — парушэнне нармальнага парадку элементаў у перастаноўцы. Напр., у перастаноўцы cbad элементы c і b, c і a, b і a утвараюць І., калі лічыць іх нармальным парадкам abcd.

Геаметрычная інверсія адносна акружнасці радыуса R: здабытак адлегласцей PC∙PM=R​2, пункт P — полюс інверсіі; адрэзкі AM і BM — датычныя да акружнасці.

т. 7, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАП’Я́НАЎ (Міхаіл Васілевіч) (18.11.1899, г. Ліпецк, Расія — 11.8.1980),

савецкі лётчык. Герой Сав. Саюза (1934). Ген.-маёр авіяцыі (1943). Скончыў ваен.-авіяц. школу (1929). Удзельнік выратавання экіпажа парахода «Чэлюскін» (1934), паветр. экспедыцыі на Паўн. полюс (1937). У Вял. Айч. вайну камандзір авіяц. дывізіі. Дэп. Вярх. Савета СССР 1937—46.

т. 3, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯБЕ́СНЫЯ КААРДЫНА́ТЫ,

велічыні, заданнем якіх вызначаецца становішча свяціл і дапаможных пунктаў на нябеснай сферы. Усе сістэмы Н.к. сферычныя; адрозніваюцца выбарам асн. плоскасці і полюса. Вымяраюцца ў дугавых ці гадзінных адзінках.

У гарызантальнай сістэме асн. плоскасцю служыць плоскасць матэм. гарызонта NmS, полюсам — зеніт Z месца назірання. Зенітная адлегласць z (1-я каардыната) — дуга ZM верт. круга ад зеніту да свяціла; заўсёды дадатная, прымае значэнні ад 0° (для пункта зеніту) да 180° (для пункта надзіра). Замест z можна задаваць вышыню свяціла h — дугу mM вял. верт. круга ад матэм. гарызонта да свяціла; адлічваецца ад плоскасці гарызонта са знакам «+» у бачным паўшар’і нябеснай сферы і са знакам «−» — у нябачным (пад гарызонтам); прымае значэнні ад 0° да ±90°. Азімут A (2-я каардыната) — дуга Sm матэм. гарызонта ад пункта поўдня S да верт. круга, які праходзіць праз свяціла; вызначае становішча самога круга; адлічваецца ў бок сутачнага вярчэння нябеснай сферы — на З ад пункта поўдня, у межах 0+360°. Сістэма выкарыстоўваецца для непасрэднага вызначэння бачнага становішча свяціл пры дапамозе вугламерных інструментаў. У экватарыяльнай сістэме (1-я і 2-я) асн. плоскасць — плоскасць нябеснага экватара Q γ Q′, полюсполюс свету Р. Каардынаты 1-й экватарыяльнай сістэмы: схіленне δ — дуга mM гадзіннага круга ад нябеснага экватара да свяціла; адлічваецца ад 0° да +90° да паўн. полюса і ад 0° да -90° да паўд. полюса; часам замест схілення задаюць палярную адлегласць p — дугу PM гадзіннага круга ад полюса да свяціла (р = 90°−δ); гадзінны вугал t — дуга Qm нябеснага экватара ад верхняга пункта Q (напрамак на Пд) да гадзіннага круга, які праходзіць праз свяціла; адлічваецца ў бок сутачнага вярчэння нябеснай сферы (на З ад пункта Q) у межах 0+360° ці 0+24 гадз. Сістэма выкарыстоўваецца ў практычнай астраноміі для вызначэння дакладнага часу. Каардынаты 2-й экватарыяльнай сістэмы: схіленне δ і прамое ўзыходжанне α — дуга γm нябеснага экватара ад пункта веснавога раўнадзенства да гадзіннага круга, які праходзіць праз свяціла; адлічваецца ў процілеглы сутачнаму вярчэнню нябеснай сферы бок у межах 0+360° ці 0+24 гадз. Сістэма выкарыстоўваецца для вызначэння зорных каардынат і складання каталогаў. Экліптычная сістэма: асн. плоскасць — плоскасць экліптыкі E γ E′, полюсполюс экліптыкі П. Для вызначэння становішча свяціла M праводзяць праз яго і пункт П вял. круг — круг шыраты свяціла. Яго дуга LM ад экліптыкі да свяціла наз. экліптычнай шыратой β (1-я каардыната), адлічваецца ад экліптыкі ў напрамку яе Паўн. (са знакам «+») і Паўд. (са знакам «−») полюсаў. 2-я каардыната — экліптычная даўгата λ — дуга γL экліптыкі ад пункта веснавога раўнадзенства γ да круга шыраты свяціла; адлічваецца ў напрамку гадавога руху Сонца ў межах 0÷360° Каардынаты β і λ пунктаў нябеснай сферы не мяняюцца на працягу сутак і не залежаць ад месца назірання. У галактычнай сістэме асн. плоскасць праходзіць праз цэнтр Галактыкі паралельна плоскасці сіметрыі Млечнага Шляху; яна перасякае нябесную сферу па лініі галактычнага экватара BLB′; полюсполюс Г адпаведнага вял. круга нябеснай сферы. Для вызначэння становішча свяціла M праводзяць праз яго і пункт Г вял. круг — круг галактычнай шыраты. Дуга LM гэтага круга ад галактычнага экватара да свяціла наз. галактычнай шыратой b (1-я каардыната); прымае значэнні ад 0° да + 90° (знак «−» адпавядае шыротам паўшар’я, дзе знаходзіцца Паўд. полюс свету). 2-я каардыната — галактычная даўгата l — дуга DL галактычнага экватара, якая адлічваецца ад пункта D перасячэння яго нябесным экватарам да круга галактычнай шыраты свяціла ў напрамку нарастаючых прамых узыходжанняў; прымае значэнні 0÷360° Экліптычныя і галактычныя каардынаты атрымліваюцца вылічэннем з экватарыяльных, якія вызначаюцца, як і гарызантальныя, непасрэдна з астр. назіранняў.

А.​А.​Шымбалёу.

Гарызантальная сістэма нябесных каардынат.
Экватарыяльная сістэма нябесных каардынат.
Экліптычная сістэма нябесных каардынат.
Галактычная сістэма нябесных каардынат.

т. 11, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)