ПО́ЛАЦКАЕ ПРА́ВА,

сістэма норм звычаёвага і пісанага феад. права, якая дзейнічала на тэр. Полацкага княства, а пазней Полацкага ваяводства. Аб выключным становішчы Полацкай зямлі ў ВКЛ сведчаць палажэнні дагавора /388 паміж ВКЛ і Лівонскім ордэнам і дагавора Полацка і Рыгі 1478 аб дружбе і гандлі. Права палачан прымаць паслоў з Ноўгарада, Пскова, Лук і «Немец» і вырашаць на месцы ўсе спрэчныя пытанні было замацавана ў спец. грамаце, выдадзенай вял. кн. Аляксандрам у 1499. Важнейшымі крыніцамі П.п. да прыняцця Статута ВКЛ 1529 былі прывілей Полацку 1498 на магдэбургскае права, грамата 1499 аб намесніцкім і войтаўскім судзе, пацвярджальная грамата 1502 аб царкоўным судзе полацкага архіепіскапа і «Прывілей баярам, мяшчанам і ўсёй зямлі Полацкай на правы і вольнасці іх...» (гл. таксама Полацкія прывілеі). Найважнейшым элементам дзярж.-прававога жыцця палачан у канцы 15—1-й пал. 16 ст. было права вырашаць важнейшыя пытанні гар. жыцця на сходзе-сойме. Аўтаномнасць Полацкай зямлі была і ў тым, што полацкі ваявода прызначаўся толькі са згоды палачан. Паводле П.п. нават вял. князь не меў права судзіць палачан па-за межамі Полацкай зямлі, а таксама перадаваць яе ў чыё-небудзь уладанне. Абмежаванымі былі правы цэнтр. ўрада ў царк. і маёмасных справах палачан і паўнамоцтвы полацкага ваяводы. Палачанам гарантаваліся і асобныя прывілеі: яны вызваляліся ад гандлёвых пошлін на тэр. ўсёй дзяржавы і ад некаторых падаткаў, ім гарантавалася права вольнага распараджэння маёнткамі. Рашэнні і прыгаворы, вынесеныя ў Полацкай зямлі, не пераглядаліся ў вышэйшых судах дзяржавы. Нормы П.п. былі выкарыстаны пры падрыхтоўцы Статутаў ВКЛ 1529, 1566 і 1588.

Я.​А.​Юхо.

т. 12, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1633,

выступленне полацкіх гараджан супраць падваяводы Яна Лісоўскага і гар. рады ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. 11.6.1633 на пасяджэнні магістрата Лісоўскі патрабаваў, каб гараджане тэрмінова адрамантавалі вежу Ніжняга замка або далі дрэва на яе рамонт, каб усе жыхары Запалоцця перасяліліся ў Верхні замак, а таксама намерыўся ўвесці войскі ў замак. Гараджане адмовіліся выконваць патрабаванні, перашкаджалі падваяводу і магістрату ўмацоўваць Ніжні замак. У ноч на 13.6.1633 рас. войскі авалодалі Запалоццем і Ніжнім замкам, але Верхняга замка не здолелі ўзяць. Пасля падыходу войск Рэчы Паспалітай разам з рас. войскам горад пакінула шмат жыхароў.

т. 12, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала са жн. 1941 да кастр. 1942 у г. Полацк і Полацкім р-не пад кіраўніцтвам падп. Віцебскага абкома КП(б)Б і Полацкага райкома КП(б)Б. Аб’ядноўвала 11 груп (каля 160 чал.): 3 групы ў Полацку (кіраўнікі С.​Я.​Арцем’еў, П.​Ф.​Самародкаў, Я.​Х.​Сташкевіч, С.​В.​Сухавей), у вёсках Домнікі (А.​М.​Філіпаў), Дрэтунь (М.​Д.​Свірыдзенка), Залессе (К.​М.​Макараў), Казімірова (Ф.​Дз.​Максімаў), Палата (П.​Ф.​Сташкевіч), Пруды (А.​Я.​Марчанка), Узніцы (П.​Я.​Кірыленка), Юравічы (Дз.​А.​Зублеў). Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі, здабывалі зброю і боепрыпасы, разведданыя, ратавалі сав. ваеннапалонных, перапраўлялі людзей у партызаны, праводзілі дыверсіі, у т. л. падарвалі нафтабазу і паравознае дэпо, знішчылі 2 паравозы і 4 вагоны. Група «Бясстрашныя» выратавала ад холаду і голаду дзяцей дзіцячага дома, пераправіла іх у Бельчыцы, потым у партыз. зону. Падпольшчыкі ў маі 1942 удзельнічалі ў стварэнні партыз. атрада, які ў чэрв. разгарнуўся ў 3-ю Бел. партыз. брыгаду. За час дзеяння загінулі 24 падпольшчыкі.

В.​А.​Касцюкова.

т. 12, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Полацкае педагагічнае вучылішча імя Ф. Скарыны 8/365; 12/375

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЯ ЗЯМЛЯ́ гістарычная вобласць у бас. Зах. Дзвіны, Бярэзіны, Віліі. Назва «П.з.» выкарыстана ў Лаўрэнцьеўскім летапісе пад 1128 пры апісанні падзей 980 як сінонім Полацкага княства. Гэта тэрыторыя ў Іпацьеўскім летапісе пад 862 названа воласцю Полацка, а ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1092 — яго вобласцю. У Лаўрэнцьеўскім летапісе П.з. названа «отчиной» Рагнеды, яе сына Ізяслава і іх нашчадкаў (у сэнсе бацькаўшчына, зямля продкаў). Тут склалася Полацкае княства-дзяржава з дынастыяй Ізяславічаў (Рагвалодавічаў). З 1392 вярх. правіцелем П.з. стаў вял. князь ВКЛ. У 14—15 ст. захоўвалася ўнутр. аўтаномія П.з. як асобнай адм. адзінкі ВКЛ. Паводле прывілеяў, што вызначалі прававы стан П.з., вярх. ўлада гарантавала непадзельнасць яе тэрыторыі, абавязвалася прызначаць у горад велікакняжацкіх намеснікаў толькі са згоды мясц. баяр і мяшчан. У грамадска-паліт. жыцці П.з. вял. ролю адыгрывала веча. На аснове П.з. ў 1504 утворана Полацкае ваяводства. Г.​В.​Штыхаў.

т. 12, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬКА ВАЛАДА́РАВІЧ,

лагожскі (лагойскі) князь 12 ст. У 1186 разам са смаленскім кн. Давыдам, яго сынам наўгародскім кн. Мсціславам і друцкім кн. Усяславам удзельнічаў у паходзе на Полацк. Полацкае веча вырашыла дамагацца мірнага ўрэгулявання канфлікту: палачане сустрэлі праціўнікаў з пашанай і паклонамі, далі ім шмат дароў; тыя, атрымаўшы ўзнагароду, згадзіліся на мір.

т. 4, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬКА СВЯТАСЛА́ВІЧ,

полацкі князь 12 ст. Сын Святаслава Усяславіча, брат Прадславы (Ефрасінні Полацкай). Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1132, калі полацкае веча прагнала навязанага Полацку кн. Святаполка Мсціславіча і выбрала Васільку Святаславіча на трон. З імем Васількі Святаславіча звязана ўсталяванне ў Полацку прынцыпу выбарнасці князя вечам. У 1143 выдаў дачку Марыю замуж за Святаслава Усеваладавіча.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 4, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫНЕ́НКА (Таццяна Савельеўна) (25.1.1920, в. Сухі Бор Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 2.8.1942),

Герой Сав. Саюза (1965). Скончыла Полацкае педвучылішча (1939), працавала настаўніцай. У Вял. Айч. вайну сувязная і разведчыца партыз. брыгады «Няўлоўныя» НКДБ СССР: здабывала планы карных аперацый, звесткі пра дыслакацыю войск праціўніка. Арыштавана фаш. ўладамі і пасля катаванняў расстраляна разам з 14-гадовым братам Лаўрэнам. У Полацку М. пастаўлены 2 помнікі.

Т.С.Марыненка.

т. 10, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАБНІ́ЦКІ (Фларыян) (1664?, Полацкае ваяводства — 1762),

уніяцкі царк. дзеяч Рэчы Паспалітай. Скончыў Львоўскі папскі калегіум (паводле інш. звестак — Віленскую акадэмію), д-р тэалогіі. Чл. ордэна базыльян (1709), епіскап віцебскі (1716—19), архіепіскап полацкі (1719—62), мітрапаліт кіеўскі (1748—62). Пашыраў уніяцтва ў Полацкай архіепархіі, выкарыстоўваў місіянерскую дзейнасць і прымусовыя метады. Удзельнік Замойскага сабора грэка-каталіцкай царквы (1720). Ахвяраваў сродкі на адбудову Полацкага Сафійскага сабора (1738—50).

С.​В.​Казуля.

т. 5, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ ЗАВО́Д ШКЛОВАЛАКНА́ Будаўніцтва пачата ў 1956 у г. Полацк Віцебскай вобл. 1-я чарга здадзена ў эксплуатацыю ў 1957, 2-я ў 1961—63. У 1983 на новай пляцоўцы здадзена ў эксплуатацыю вытворчасць па вырабе шкловалакна аднастадыйным спосабам. З 1983 — Полацкае вытв. аб’яднанне «Шкловалакно». У 2000 запушчана новая шклоплавільная печ. Асн. прадукцыя (2000): шкловалакно, шкланітка, шклотканіна, шкласетка з алюмаборасілікатнага і крэменязёмнага шкла, шклапластыкавыя лыжныя палкі, тэлескапічныя вудзільны і тэхн. пластык.

т. 12, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)