ДРАЎНЯ́НЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

канструкцыйныя, ізаляцыйныя і вырабныя матэрыялы, поўнасцю або часткова атрыманыя шляхам апрацоўкі і склейвання натуральнай драўніны, драўняных часціц, валокнаў, шпону.

Да Д.м. адносяцца матэрыялы з драўніны, вырабленыя прасаваннем (пад ціскам да 30 МПа) пры павышаных т-рах, насычэннем (змешваннем) сінт. смоламі, аміякам, цэм. растворам і інш., склейваннем, адліўкай, інш. спосабамі (гл. Арбаліт, Драўнянавалакністыя пліты, Драўнянастружкавыя пліты, Драўняныя пластыкі, Драўнянаслаістыя пластыкі, Дрэвашклапластыкі, Фанера, Фібраліт). Маюць добрыя эксплуатацыйныя якасці, выкарыстоўваюцца ў буд-ве (гл. Драўляныя канструкцыі), мэблевай прам-сці, судна- і машынабудаванні і інш. Гл. таксама Дрэваапрацоўчая прамысловасць.

т. 6, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗБЕСТАЦЭМЕ́НТНЫЯ ВЫ́РАБЫ І КАНСТРУ́КЦЫІ,

будаўнічыя вырабы і канструкцыі з азбестабетону. Азбестацэментныя вырабы (АВ) падзяляюцца на ліставыя (прасаваныя і непрасаваныя, плоскія і профільныя), трубныя і экструзійныя (гл. Экструзія). Ліставыя АВ бываюць сценавыя, дахавыя, электраізаляцыйныя і спец. прызначэння (ідуць на вентыляцыйныя каробкі, паўцыліндры, скляпеністыя элементы і інш.). Памер лістоў 1,5 м х 3,6 м, таўшчыня 4—20 мм. Да трубных АВ адносяцца напорныя (воданапорныя), газаправодныя, безнапорныя і абсадныя трубы. Даўж. трубаў 3—6 м, унутр. дыяметр да 576 мм. Экструзійнымі вырабамі з’яўляюцца швелеры даўж. 3 м і выш. 70—170 мм. Азбестацэментныя канструкцыі (АК) вырабляюцца з азбестацэменту, цеплаізаляцыйных матэрыялаў з драўлянымі, азбестацэментнымі ці метал. элементамі каркаса. Да АК адносяцца ўцепленыя (звычайна мінер. лямцам) пліты для пакрыццяў вытв. будынкаў. Маналітныя канструкцыі (пліты і панелі) робяць з двух плоскіх лістоў, злучаных слоем уцяпляльніка (звычайна пенапласту). Найб. пашыраны канструкцыі каркаснага тыпу — пліты і панелі з плоскіх азбестацэментных лістоў, злучаных з каркасам клеем ці шрубамі. Каркас робяць з азбестацэментных ці метал. профіляў, драўляных брускоў. Шырыня пліт 1,2—1,5 м, пралётаў, што імі перакрываюцца, — 3 і 6 м. АК лёгкія і часта больш эканамічныя за жалезабетонныя.

Азбестацэментныя вырабы і канструкцыі. Абалонка пакрыцця і тарцовыя сцены летняга спальнага павільёна.

т. 1, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКІ КАМБІНА́Т ЗБО́РНЫХ ЖАЛЕЗАБЕТО́ННЫХ ВЫ́РАБАЎ І КАНСТРУ́КЦЫЙ.

Пабудаваны ў 1968—69. Асн. прадукцыя (1995): зборны жалезабетон (пустотны насціл, палі, рыгелі, пліты дарожныя, аэрадромныя, перакрыцці, апорныя асвятляльныя і цэнтрыфугаваныя калоны). Вытв. магутнасць 184 м³ жалезабетонных вырабаў за год (1994).

т. 1, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ БЕТО́ННАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1899—1914 у г. Мінску (з 1913 наз. ф-ка «Мазаіка»). Выпускала цэментныя пліты для падлогі, тратуараў, лесвіц са штучнага каменю, мазаічныя вырабы. У 1913 працавала 50 чал., выраблена прадукцыі на 20 тыс. руб.

т. 10, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЗАВО́Д ГІ́ПСУ І ГІ́ПСАВЫХ БУДДЭТА́ЛЕЙ.

Засн. ў 1944 у Мінску. Прадукцыю выпускае з 1948. У 1950—52 рэканструяваны і расшыраны. З 1999 вытв. рэсп. унітарнае прадпрыемства сучаснай назвы. Асн. прадукцыя (1999): гіпс, гіпсакардонныя лісты, пліты гіпсавыя перагародачныя, дэкар. і акустычныя.

т. 10, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТО́ЎСКІ ФАНЕ́РНА-ДРЭВААПРАЦО́ЎЧЫ КАМБІНА́Т.

Створаны ў 1959 у г. Масты Гродзенскай вобл. на базе лесапільнага (1924) і фанернага (з 1927) з-даў. Складаўся з цэхаў: лушчыльнага, клеявога, сартавальнага, мяккай мэблі, лесапільнага; пабудаваны цэхі гнутаклееных дэталей (1961), драўнянастружкавых пліт (1972). З 1971 галаўное прадпрыемства Мастоўскага вытв. дрэваапр. аб’яднання «Мастоўдрэў», куды як філіялы ўваходзілі Мастоўская, Слонімская (вылучылася ў 1997) і Гродзенская (вылучылася ў 1993) мэблевыя ф-кі; з 1979 — Гродзенскі дрэваапр. камбінат (вылучыўся ў 1988), Гродзенскі леспрамгас (перайменаваны ў Мастоўскі леспрамгас), Смаргонскі лесазавод (ліквідаваны ў 1989). У 1994 аб’яднанне пераўтворана ў адкрытае акц. т-ва «Мастоўдрэў». Асн. прадукцыя (1999): фанера, драўнянастружкавыя пліты, драўняныя пліты з арыентаванай стружкай, піламатэрыялы; мэбля: корпусная, мяккая, кухні, спальні, крэслы; жывіца, шкіпінар, драўняны вугаль і інш.

т. 10, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАСФЕ́РА (ад літа... + сфера),

знешняя абалонка «цвёрдай» Зямлі, якая ўключае зямную кару і верхнія ўчасткі мантыі да паверхні астэнасферы. Тэрмін «Л» прапанаваў амер. геолаг Дж.​Барэл у 1916. Магутнасць Л. ад 5—100 км пад акіянамі (мінім. пад сярэдзінна-акіянічнымі хрыбтамі) да 25—200 км пад кантынентамі (макс. пад шчытамі стараж. платформаў). Падзяляецца на верхні пругкі (магутнасць некалькі дзесяткаў кіламетраў) і ніжні пластычны слаі. На розных узроўнях у тэктанічна актыўных абласцях назіраецца расслоенасць Л. па гарызонтах паніжанай вязкасці (паніжанай скорасці сейсмічных хваль). Найб. буйныя структурныя адзінкі Л. — літасферныя пліты (памерамі ў папярочніку 1—10 тыс. км). У сучасную эпоху Л. падзелена на 7 галоўных (2 амерыканскія, еўраазіяцкую, афр., аўстрал., антарктычную і ціхаакіянскую) і некалькі больш дробных пліт. Граніцы пліт з’яўляюцца зонамі макс. тэктанічнай, сейсмічнай і вулканічнай актыўнасці. Паводле тэорыі тэктонікі пліт (гл. Вегенера гіпотэза, Дрэйф кантынентаў, Мабілізм, Тэктанічныя гіпотэзы) літасферныя пліты рухаюцца па астэнасферы са скорасцю да дзесяткаў сантыметраў за год. Вертыкальныя рухі (са скорасцю ад 1 см да некалькіх дзесяткаў сантыметраў за год) адбываюцца па сістэме субвертыкальных глыбінных разломаў, якія разбіваюць літасферныя пліты на блокі памерамі ад дзесяткаў да соцень кіламетраў. Блокі знаходзяцца ў стане, блізкім да ізастатычнай раўнавагі (гл. Ізастазія). Структуру і рухі літасферных пліт і блокаў вывучаюць геадынаміка, геафізіка, тэктоніка.

А.​М.​Каўхута, Р.​Р.​Паўлавец.

т. 9, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРБАЛІ́Т (ад лац. arbor дрэва + ...літ),

лёгкі бетон, сумесь арган. запаўняльнікаў (драблёных адыходаў дрэваапрацоўкі, чароту, кастрыцы, канапель і інш.), вяжучага (звычайна партландцэменту) і вады. Сярэдняя (па аб’ёме) шчыльнасць 400—700 кг/м³. З арбаліту робяць сценавыя блокі, панэлі, пліты і да т.п. для малапавярховага будаўніцтва.

т. 1, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРЫ́ЧНЫ О́РДЭР,

адзін з трох асноўных грэч. арх. ордэраў. Нясучыя часткі — ствол калоны (аздоблены канелюрамі) з капітэллю. У ніжняй частцы (​1/3 агульнай вышыні) ствол мае невял. выпукласць — энтазіс. Капітэль складаецца з шыйкі, што злучае капітэль са ствалом калоны, эхіна (паўвала) і верхняй квадратнай у плане плітыабака. Над абакам — бэлька (архітраў), завершаная палічкай, над архітравам — фрыз, расчлянёны трыгліфамі на роўныя часткі (метопы), упрыгожаныя размалёўкай або скульптурай. Верхняя частка складалася з прамавугольных пліт — мутул («сухарыкі», дэнтыкулы), высунутай пліты слязніцы і ўвянчальнай часткі — сімы.

Як мастацка выразная форма Д.о. склаўся ў Стараж. Грэцыі і дарыйскіх абласцях пры буд-ве храмаў і інш. грамадскіх збудаванняў з каменю (600—590 да н.э.). Класічныя ўзоры Д.о. захаваліся ў Парфеноне, на Прапілеях, на Акропалі ў Афінах.

Да арт. Дарычны ордэр. Храм Парфенон у Афінах. 447—438 да н.э.

т. 6, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІПО́ВІЦКІ КАРДО́ННА-РУБЕРО́ЙДАВЫ ЗАВО́Д, «Дах». Пабудаваны ў 1972—73 у г. Асіповічы. З 1994 акц. т-ва «Дах». Асн. прадукцыя (1995): дахавы кардон, руберойд розных марак, пергамін, пясчана-цэментавая чарапіца, сценавыя блокі, тратуарныя пліты. Магутнасці разлічаны на выпуск 55 тыс. т кардону і 127 млн. м² дахавага пакрыцця за год.

т. 2, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)