узаемна адназначныя адлюстраванні мноства пунктаў (прамой, плоскасці, прасторы) на сябе ці на інш. мноствы. Сукупнасць геаметрычных пераўтварэнняў такіх, што кожную канечную паслядоўнасць пераўтварэнняў можна замяніць адным пераўтварэннем гэтай сукупнасці, а пераўтварэнне, адваротнае любому з іх, таксама належыць данай сукупнасці, утварае групу пераўтварэнняў, напр., рух плоскасці (або прасторы). Гл. таксама Артаганальнае пераўтварэнне, Гамалогія, Гаматэтыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎПЛО́СКАСЦЬ,
сукупнасць пунктаў плоскасці, якія ляжаць з аднаго боку ад прамой, зададзенай на гэтай плоскасці. Каардынаты пунктаў П. задавальняюць няроўнасці Ax + By + C > 0 (ці Ax + By + < C), дзе A, B і C — пастаянныя, адначасова не роўныя нулю. Калі сама прамая (мяжа П.), якая задаецца ўраўненнем Ax + By + C = 0, належыць да П., то П. лічыцца замкнутай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРБІ́ТАў астраноміі,
траекторыя руху нябеснага цела ў касм. прасторы. У найпрасцейшым выпадку прыцягненне двух целаў, адно з іх рухаецца адносна другога паводле Кеплера законаў па кеплеравай (няўзбуранай) арбіце, што мае форму эліпса, у фокусе якога знаходзіцца цэнтр. цела S.
Арбіта цела ляжыць у нязменнай плоскасці, што праходзіць праз пачатак каардынат (цела S). Лінія SN перасячэння плоскасці арбіты з асн. каардынатнай плоскасцю (плоскасцю экліптыкі) наз. лініяй вузлоў. Няўзбураную арбіту вызначаюць элементы: i — нахіл арбіты да плоскасці экліптыкі і Ω — даўгата ўзыходнага вузла (становішча арбіты ў прасторы); a — вял. паўвось і e — эксцэнтрысітэт (памеры і форма арбіты); w — вуглавая адлегласць перыцэнтра П ад узыходнага вузла (становішча арбіты ў яе плоскасці); T — момант праходжання цела праз перыцэнтр. Адхіленні рэальнай арбіты ад кеплеравай наз. ўзбурэннямі (гл.Узбурэнні нябесных целаў). Для вызначэння элементаў узбурэнняў арбіце неабходны сістэматычныя назіранні (астраметрыя, радыёлакацыя, аптычная лакацыя).
Эліптычная арбіта планеты P у прасторы: S — Сонца; П — перыгелій; N — узыходны вузел. Вось SX накіравана ў пункт веснавога раўнадзенства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЛЕ́ЛЬНЫЯ ПРАМЫ́Я,
прамыя, якія ляжаць у адной плоскасці і не перасякаюцца. У эўклідавай геаметрыі ў плоскасці праз усякі пункт, што не ляжыць на дадзенай прамой, праходзіць толькі адна прамая, якая не перасякае дадзеную. У Лабачэўскага геаметрыі ў плоскасці праз пункт C па-за дадзенай прамой AB праходзіць бясконцае мноства прамых, якія не перасякаюць AB, з іх паралельнымі да AB наз. толькі 2 — CE і CF. Прамая CE паралельная да AB у напрамку ад A да B, калі: пункты B і E ляжаць па адзін бок ад AC; CE не перасякае AB; усякі прамень унутры вугла ACE перасякае AB. Аналагічна вызначаецца прамая CF, паралельная да AB у напрамку ад B да A. У рыманавай геаметрыі П.п. не існуе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІВО́ЛЬТ (італьян. archivolto),
архітэктурна-дэкаратыўная дэталь абрамлення арачнага праёма; вылучае дугу аркі з плоскасці сцяны. Архівольты з’явіліся з развіццём арачных канструкцый у Стараж. Рыме і Візантыі; на Беларусі пашыраны ў архітэктуры стыляў готыкі, рэнесансу, барока, класіцызму. Выконваюць архівольты з клінавых камянёў, тынку, стука. Мае прафіляваную паверхню з выкарыстаннем розных па малюнку абломаў архітэктурных або арнаментаваную разьбой, рустам, лепкай. Архівольт, які самастойна выступае на плоскасці сцяны і не звязаны з праёмам, называецца «сляпой» аркай.
Архівольт аркі галоўнага партала Мінскага паштамта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПЛАНА́РНЫЯ ВЕ́КТАРЫ,
вектары, якія ляжаць у адной плоскасці ці ў паралельных плоскасцях. Умовай кампланарнасці трох вектараў з’яўляецца роўнасць нулю іх змешанага здабытку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКА́РТАВА СІСТЭ́МА КААРДЫНА́Т,
прамалінейная сістэма каардынат на плоскасці ці ў прасторы. Названа ў гонар Р.Дэкарта. Бывае прамавугольная (восі каардынат узаемна перпендыкулярныя) і косавугольная (вугал паміж каардынатнымі восямі адрозны ад прамога).
Прамавугольную Д.с.к. на плоскасці вызначаюць 2 каардынатныя восі — перпендыкулярныя прамыя, на кожнай з якіх пазначаны дадатны напрамак і зададзены адрэзак адзінкавай даўжыні (OE1=OE2=1). Пункт 0 іх перасячэння наз. пачаткам каардынат, вось Ox — воссю абсцыс, вось Oy — воссю каардынат. Прамавугольнымі дэкартавымі каардынатамі пункта М наз. ўпарадкаваная пара лікаў (x, y), вызначаных формуламі: x=OMx, y=OMy (прамыя MM і MMy паралельныя адпаведна восям Oy і Ox). У выпадку агульнай Д.с.к. (афінная сістэма каардынат) маштабныя адрэзкі на кожнай восі розныя (OE1 ≠ OE2) і каардынатныя восі не перпендыкулярныя. Аналагічна вызначаецца Д.с.к. у прасторы (дадаецца вось аплікат Oz).
Дэкартава сістэма каардынат: а, б, в — прамавугольная, косавугольная, афінная на плоскасці; г — прамавугольная ў прасторы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДЗІ́Р (араб.),
пункт перасячэння нябеснай сферы з вертыкальнай лініяй, якая праходзіць праз пункт назірання і праведзена ўніз ад плоскасці гарызонту. Дыяметральна процілеглы зеніту.