АКО́РДНАЯ АПЛА́ТА ПРА́ЦЫ,

разнавіднасць здзельнай формы заработнай платы, калі аб’ём работы загадзя агавораны ў пагадненні, а аплата ажыццяўляецца за поўнае выкананне гэтага аб’ёму.

т. 1, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАВЫ́ ДАХО́Д,

сукупны даход, створаны жывой працай. У межах прадпрыемства (фірмы) гэта розніца паміж выручкай за рэалізаваную прадукцыю і матэрыяльнымі затратамі на яе вытв-сць. У маштабе краіны валавы даход — нацыянальны даход. Валавы даход без уліку заработнай платы — чысты даход.

т. 3, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ ЗАВО́Д ТЭХНАЛАГІ́ЧНАГА АБСТАЛЯВА́ННЯ «ЭВІ́СТАР».

Створаны ў 1964—67 у Віцебску. Асн. прадукцыя (1996): друкаваныя платы, тэхнал. абсталяванне для харч., лёгкай, аўтатрактарнай прам-сці, мед. абсталяванне, помпы, быт. свяцільні і электрапрылады, электронныя дзіцячыя гульні, мэбля і інш. тавары шырокага ўжытку.

т. 4, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭНТА́НА ((Brentano) Луё) (Людвіг Іозеф; 18.12.1844, г. Ашафенбург, Германія — 9.9.1931),

нямецкі вучоны-эканаміст, адзін з прадстаўнікоў катэдэр-сацыялізму і новай гістарычнай школы. З 1871 праф. у Вроцлаве, Страсбургу, Вене, Лейпцыгу, з 1891 у Мюнхене. Яго навук. даследаванні прысвечаны праблемам рабочага руху, эканам. і сац. палітыкі, эканам. тэорыі. Выступаў супраць вучэння К.​Маркса аб прыбавачнай вартасці, класавай барацьбе. Лічыў, што капіталісты таксама зацікаўлены ў павелічэнні заработнай платы рабочых, што супярэчнасці паміж буржуазіяй і пралетарыятам можна ліквідаваць шляхам арганізацыі рэфармісцкіх прафсаюзаў, кааперацыі і фабрычнага заканадаўства. Для практычнага ажыццяўлення сац.-эканам. рэформаў разам са сваімі аднадумцамі ў 1872 стварыў «Саюз сацыяльнай палітыкі».

Тв.:

Рус. пер. — Об отношении заработной платы и рабочего времени к производительности труда. СПб., 1895;

Опыт теории потребностей. Казань, 1921;

Аграрная политика. М.; Л., 1929.

т. 3, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САН-МАРЦІ́Н ((San Martin) Хасэ дэ) (25.2.1778, Япею, Аргенціна — 17.8.1850),

адзін з кіраўнікоў вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26, нац. герой Аргенціны. Атрымаў ваен. адукацыю ў Іспаніі. У 1808—12 удзельнік вайны іспанцаў супраць франц. акупацыі. Пасля вяртання на радзіму (1812) далучыўся да барацьбы правінцый Ла-Платы супраць ісп. панавання, чл. масонскай ложы Лаўтара. З 1814 камандуючы Паўн. арміяй. Пасля абвяшчэння незалежных Аб’яднаных Правінцый Ла-Платы (1816) камандуючы Андскай арміяй. На чале яе перайшоў цераз Анды і ў бітвах пры Чакабука (лют. 1817) і Майпу (крас. 1818) разбіў ісп. войскі, у выніку чаго Чылі атрымала незалежнасць. У 1820—21 узначаліў паход у Перу, вызваліў ад іспанцаў ч. краіны; першы кіраўнік (пратэктар) урада Перу (1821—22). З-за рознагалоссяў з С.​Баліварам у вер. 1822 падаў у адстаўку і выехаў у Еўропу.

Літ.:

Штрахов А.И. Сан-Мартин — герой аргентинского народа // Латин. Америка. 1970. № 4.

т. 14, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДСКІЯ ГІМНА́ЗІІ.

Існавалі ў 1901—18 у г. Ліда. Лідская мужчынская гімназія — сярэдняя агульнаадук. навуч. ўстанова. Засн. ў 1913 у складзе 2 класаў, у 1914 адкрыты 3-і і падрыхтоўчы класы. Утрымлівалася за кошт дзярж. сродкаў і платы за навучанне. У 1913 было 74, у 1914—167 навучэнцаў. Праіснавала да 1917. Лідская жаночая гімназія Ф.Л. і В.С. Навіцкіх — прыватная сярэдняя агульнаадук. навуч. ўстанова. Адкрыта ў 1901 на базе 2-класнага пав. вучылішча як 4-класнае жаночае вучылішча. У 1906 пераўтворана ў 6-класную прагімназію. У 1910 адкрыты 7-ы клас; 21.6.1910 ёй нададзена права ўрадавай гімназіі. Утрымлівалася за кошт платы за навучанне. У 1914 было 227, у 1915—198 навучэнцаў. У 1914 гімназію скончылі 18, у 1916—26 чал. У Л.г. вывучаліся: Закон Божы, іудзейскае веравучэнне, рус. мова і славеснасць, чыстапісанне, ням. і франц. мовы, матэматыка, фізіка, геаграфія, гісторыя, маляванне; у мужчынскай гімназіі дадаткова выкладаліся гімнастыка, у жаночай — рукадзелле.

т. 9, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ВАРД-ПЛАН (Howard Plan),

сістэма арганізацыі навуч.-выхаваўчай работы, заснаваная на прынцыпе індывідуальнага навучання. Упершыню выкарыстана ў 1920 у Говардскай жаночай сярэдняй школе ў Лондане (адсюль і назва). Паводле Говард-Плана расклад заняткаў і выбар навуч. курсаў прыстасаваны да «індывідуальных запытаў» вучняў пры захаванні абавязковага мінімуму навуч. прадметаў. З-за празмернай індывідуалізацыі навучання, арганізацыйнай складанасці і высокай платы вял. пашырэння не атрымала.

т. 5, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАМО́ДУЛЬ (ад мікра... + модуль) у электроніцы, мініяцюрны уніфікаваны функцыянальны вузел электроннай апаратуры. Канструкцыйна афармляецца ў выглядзе пячатнай платы з ушчыльненай упакоўкай малых (па памерах) дыскрэтных электронных элементаў (транзістараў, рэзістараў, кандэнсатараў і інш.). У адрозненне ад модуляў (гл. Модуль у электроніцы) маюць большую шчыльнасць упакоўкі (дзесяткі і сотні дэталей на 1 см³). Выкарыстоўваюцца ў выліч. і вымяральнай тэхніцы, радыёэлектронных апаратах і інш.

т. 10, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВА́НС (франц. avance),

грашовая сума або маёмасная каштоўнасць, якая выдаецца папярэдне ў лік будучых плацяжоў за прадукцыю, работу ці паслугі. Аванс атрымліваюць работнікі як частку заработнай платы, на камандзіровачныя ці гасп. затраты. Аванс могуць атрымліваць прадпрыемствы, установы, прадпрымальнікі пры заключэнні дагавораў і камерцыйных здзелак (у гэтым выпадку аванс можа пераводзіцца і па безнаяўным разліку). У выпадку невыканання дагавора, паводле якога выдадзены аванс, ён павінен быць вернуты.

т. 1, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА РАМЕ́СНЫХ ВУЧНЯЎ.

Існавала ў 1896—1918 у Мінску пры гар. кіраўніцтве. Утрымлівалася за кошт казны і платы за навучанне. Мела 3 аддзяленні: слясарна-кавальскае, сталярна-такарнае і ліцейнае. Апрача слясарнага, сталярнага, чыгуналіцейнага майстэрства вывучаліся рус. і лац. мовы, законавучэнне правасл. і каталіцкага веравызнання, матэматыка, геаграфія, гісторыя, чыстапісанне, спевы, геаметрыя, фізіка, чарчэнне, маляванне. У 1915 вучылася 108 юнакоў. Восенню 1915 эвакуіравана ў Тулу.

т. 10, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)