Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́СЫ,
1) у чалавека (мужчын) валасы над верхняй губой (другасная палавая прыкмета).
2) У многіх наземных млекакормячых (напр., катоў) — вібрысы на верхняй губе. У бяззубых кітоў (кітовы вус) — рагавыя пласцінкі ў верхняй сківіцы, якія ўтвараюць цадзільны апарат, на рыле — адзіночныя валаскі для дотыку. У некаторых птушак (напр., у вусатых сініц) — шчацінкападобнае пер’е ў вуглах рота, якое выконвае функцыю дотыку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́МКА,
стаянка ранняга этапу грэнскай культуры (12—10 тыс.г. назад) ва ўрочышчы Каромка каля в. Залаззе Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. Пры даследаванні знойдзены скрабкі, разцы, тронкавыя і асіметрычныя наканечнікі стрэл, сякеркі з перахватам, пласцінкі з прытупленым краем і інш. Трапляюцца дробныя, старанна апрацаваныя вастрыі, невял. праколкі, разнастайныя камбінаваныя прылады для апрацоўкі косці, рогу, дрэва, скуры і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАТУ́РЫІ, марскія агуркі,
марскія скарбонкі (Holothurioidea),
клас марскіх беспазваночных тыпу ігласкурых. 5 атр., каля 1100 сучасных відаў пашыраны ў морах і акіянах, пераважна на дне. Найб. вядомыя трэпанг далёкаўсходні (Stichopus japonicus), кукумарыя, або марскі агурок японскі (Cucumaria japonica), марскі агурок выцягнуты (Trachythyone elongata), марская курачка (Psolus phantapus). Выкапнёвыя шкілетныя пласцінкі вядомы з дэвону, на Беларусі зрэдку трапляюцца ў верхнедэвонскіх адкладах Прыпяцкай упадзіны.
Даўж. бочачкападобнага або чэрвепадобнага цела ад некалькіх мм да 2 м, у многіх з вонкавымі прыдаткамі (шчупальцы, ножкі, папілы, парус і інш.). Цела ўкрыта мяккай скурай, якая ўтрымлівае мікраскапічныя шкілетныя вапняковыя пласцінкі (спікулы). Рот на пярэднім канцы цела, акружаны венчыкам шчупальцаў. Многія здольныя да аўтатаміі задняй ч. цела з наступнай рэгенерацыяй. Палавыя прадукты выводзяцца ў ваду, дзе яйцы апладняюцца і развіваюцца. Лічынка плавае. Некаторыя галатурыі выношваюць малявак. Аб’екты промыслу і аквакультуры (пераважна трэпанг).
Галатурыі: 1 — марскі агурок выцягнуты; 2 — марская курачка; 3 — кукумарыя, або марскі агурок японскі; 4 — трэпанг далёка-ўсходні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІСМУЦІ́Н, вісмутавы бляск,
мінерал класа сульфідаў, сульфід вісмуту, Bi2S3. Прымесі свінцу, медзі, сурмы, селену. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі ігольчастыя, пласцінкі, зярністыя і прамяністыя агрэгаты. Колер алавяна-белы да свінцова-шэрага. Бляск металічны. Цв. 3,5. Шчыльн. 6,8 г/см³. Рэдкі мінерал, трапляецца ў высокатэмпературных гідратэрмальных жылах і ў гранітных пегматытах. Гал. мінерал вісмутавых руд. Радовішчы ў Балівіі, Казахстане, Сярэдняй Азіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕО́ПТЫЛЬ (ад грэч. koleos ножны, футарал + ptilon пяро),
калеоптыле, похвенны ліст першы ліст злакаў. Мае выгляд замкнёнай трубкі, дзе змешчаны малады праростак, ліставыя зачаткі (першы — пёрка) і конус нарастання, якія ён ахоўвае ад пашкоджання; не мае ліставой пласцінкі. Пры прарастанні зярняўкі К. прабівае глебу цвёрдай верхавінкай, разрываецца і праз прарыў выходзіць першы зялёны ліст (развіваецца з пёрка), потым К. засыхае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНІ́СКу медыцыне,
унутраны і вонкавы серпападобныя храсткі каленнага сустава. Размешчаны паміж сустаўнымі паверхнямі сцегнавой і вял. галёначнай касцей. Мае выгляд трохграннай пласцінкі з перыферычным патоўшчаным краем, зрослым з сустаўнай капсулай і вольным краем. Канцы абодвух М. прымацаваны да міжмышчалкавага ўзвышша вялікагалёначнай косці. Прымае на сябе значную ч. нагрузкі, якая перадаецца праз сустаў, удзельнічае ў жыўленні і змазцы сустава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВІ́ШАНЬ (Clitopilus prunulus),
шапкавы грыб сям. энталомавых. Пашыраны ў Еўразіі і Амерыцы. На Беларусі трапляецца з ліп. па вер. у лясах, на палянах, узлесках, садах. Нар. назва гладун.
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. да 10 см, пукатая, пазней увагнутая з няроўным хвалістым краем, светла-ружавата-бялёсая, падсохлая — белая. Пласцінкі прырослыя. Ножка белая, кароткая, унізе звужаная. Мякаць белая, з пахам мукі. Споры эліпсападобныя, ружаватыя. Ядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯРЫСКО́П,
аптычная прылада для вызначэння ступені палярызацыі святла на аснове інтэрферэнцыі палярызаваных прамянёў.
Тыповы П. — П. Савара, які складаецца з 2 склееных пласцінак крышталічнага кварцу і аналізатара. Пласцінкі маюць аднолькавую таўшчыню і выразаны так, што іх аптычныя восі складаюць вугал 45° з воссю П. Пры падзенні часткова палярызаванага святла ў полі зроку прылады назіраюцца інтэрферэнцыйныя палосы. У выпадку поўнасцю непалярызаванага святла палосы адсутнічаюць пры любой арыентацыі прылады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙРУЛЯ́ЦЫЯ,
утварэнне зачатка цэнтр. нервовай сістэмы — нерв.пласцінкі і замыканне яе ў нерв. трубку ў зародкаў хордавых. Зародак у перыяд Н., якая надыходзіць за гаструляцыяй, наз. нейрулай. Пры Н. вычляняюцца ў складзе трох зародкавых лісткоў зачаткі асобных сістэм органаў. Будова зародка нагадвае будову дарослага арганізма: на спінным баку, пад эпітэліем знаходзіцца нерв. трубка, пад ёй — хорда, пад хордай — кішэчнік; адрозніваюцца пярэдні і задні аддзелы цела.