Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛІЯЦЭНТРЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА СВЕ́ТУ,
вучэнне, паводле якога Зямля і інш. планеты рухаюцца вакол Сонца (дакладней, вакол агульнага цэнтра мас усёй сістэмы). Прыйшла на змену геацэнтрычнай сістэме свету. Стваральнік геліяцэнтрычнай сістэмы свету М.Капернік у сваім творы «Пра абарачэнне нябесных свяціл» (1543) матэматычна абгрунтаваў ідэю руху Зямлі і інш.планет вакол Сонца, вызначыў паслядоўнасць размяшчэння планет і іх адносную аддаленасць ад Сонца. Асн. палажэнні геліяцэнтрычнай сістэмы свету адыгралі вызначальную ролю ў станаўленні дакладнага прыродазнаўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁЛАКАЦЫ́ЙНАЯ АСТРАНО́МІЯ,
раздзел астраноміі, які даследуе целы Сонечнай сістэмы пры дапамозе адбітых імі радыёхваль, пасланых перадатчыкам з Зямлі ці касм. апарата. Аб’екты даследавання — планеты, спадарожнікі планет, каметы, сонечная карона.
Радыёлакацыйныя даследаванні нябесных цел грунтуюцца на прынцыпах радыёлакацыі. Інтэнсіўнасць радыёхваль пры радыёлакацыі адваротна прапарцыянальная чацвёртай ступені адлегласці ад аб’екта. З прычыны вял. міжпланетных адлегласцей радыёлакатары для даследавання нябесных цел маюць антэны вял. памераў і магутныя перадатчыкі. З дапамогай радыёлакацыі вызначаны абс. памеры Сонечнай сістэмы, атрыманы дакладныя значэнні адлегласцей ад Зямлі да планет і Сонца. Радыёлакацыйная апаратура міжпланетных станцый «Венера» (СССР), «Піянер-Венера» і «Магелан» (ЗША) дала магчымасць вызначыць дакладны рэльеф паверхні Венеры (складзены рэльефныя карты яе паверхні; 1983—92), што асабліва важна, таму што шчыльная атмасфера гэтай планеты непразрыстая ў бачным, ультрафіялетавым і інфрачырвоным дыяпазонах. Пры радыёлакацыі Юпітэра і інш.планет-гігантаў адбіты сігнал не зарэгістраваны (мяркуецца, што радыёхвалі поўнасцю затухаюць у вельмі глыбокай атмасферы). Пры даследаванні Сонца адбіццё радыёхваль адбываецца ад сонечнай кароны, што дае магчымасць даследаваць яе дынаміку. Атрыманы рэльефныя карты паверхні некаторых астэроідаў.
Літ.:
Котельников В.А. и др. Развитие радиолокационных исследований планет в Советском Союзе // Проблемы современной радиотехники и электроники. М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРНІКО́ВЫ ЭФЕ́КТу атмасферы планет,
награванне ўнутраных слаёў атмасферы (Зямлі, Венеры і інш.планет са шчыльнымі атмасферамі), абумоўленае празрыстасцю атмасферы для асн. часткі выпрамянення Сонца (у аптычным дыяпазоне) і паглынаннем атмасферай асн. (інфрачырвонай) часткі цеплавога выпрамянення паверхні планеты, нагрэтай Сонцам. Павышае сярэднюю т-ру паверхні і атмасферы планеты, памяншае розніцу паміж дзённымі і начнымі т-рамі. У выніку антрапагенных уздзеянняў колькасць вуглякіслага газу (і інш. газаў, якія паглынаюць выпрамяненне ў інфрачырвоным дыяпазоне) у атмасферы Зямлі паступова павялічваецца, што, на думку некаторых вучоных, можа прывесці да глабальных змен клімату Зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВО́ЯДЖЭР»
(англ. Voyager),
назва амерыканскіх аўтам. міжпланетных станцый для даследавання планет-гігантаў Сонечнай сістэмы і іх спадарожнікаў з пралётнай траекторыі.
«Вояджэр-2» і «Вояджэр-1» (маса кожнага 798 кг), запушчаныя 20.8 і 5.9.1977, праляцелі адпаведна 9.7 і 5.3.1979 на адлегласцях 648 тыс.км і 280 тыс.км ад Юпітэра; адкрыты кальцо і 3 спадарожнікі. Станцыі зрабілі гравітацыйны манеўр у полі прыцягнення Юпітэра і ў 1980—81 праляцелі каля Сатурна; выяўлена 6 спадарожнікаў, мноства кольцаў Сатурна, даследавана іх тонкая структура. Пасля гэтага «Вояджэр-1» выйшаў за межы экліптыкі. «Вояджэр-2» пасля карэкцыі траекторыі праляцеў 24.1.1986 каля Урана, была пацверджана наяўнасць кольцаў вакол планеты, выяўлены 10 спадарожнікаў, 20.4.1989 праляцеў каля Нептуна, адкрыты 4 кальцы, 6 спадарожнікаў, праведзены даследаванні спадарожніка Трытон. Апошняя інфармацыя з «Вояджэра-2» атрымана на пач. 1990 (панарама з 6 планет Сонечнай сістэмы). У выніку палётаў «Вояджэра» вызначаны састаў і дынаміка атмасфер планет, удакладнены мадэлі іх унутр. будовы і паходжання Сонечнай сістэмы. На борце «Вояджэра-1» і «Вояджэра-2» знаходзяцца пасланні пазаземным цывілізацыям. Станцыі працягваюць аддаляцца ад Сонца; сувязь з імі плануецца падтрымліваць да 2000.
Н.А.Ушакова.
Аўтаматычная міжпланетная станцыя «Вояджэр»: 1 — тэлевізійныя камеры; 2 — дэтэктары плазмы, касмічных прамянёў і зараджаных часціц; 3 — востранакіраваная і маланакіраваная антэны; 4 — штанга з магнітометрамі; 5 — радыеізатопныя энергетычныя ўстаноўкі; 6 — мікрарухавікі; 7 — антэны для рэгістрацыі радыёвыпрамянення планет і хваль у плазме; 8 — радыятар; 9 — ультрафіялетавы і інфрачырвоны спектрометры.Да арт.«Вояджэр». Траекторыя палёту аўтаматычнай міжпланетнай станцыі «Вояджэр-2».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНАДЫ́ЧНЫ ПЕРЫ́ЯД АБАРАЧЭ́ННЯ,
прамежак часу, за які цела Сонечнай сістэмы ў сваім руху вакол Сонца вяртаецца пры назіранні з Зямлі ў ранейшае становішча адносна Сонца. Роўны перыяду паўтарэння канфігурацыі планет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛУЧЭ́ННЕў астраноміі,
становішча планеты, пры якім яе экліптычная даўгата супадае з даўгатой Сонца. Для зямнога назіральніка планета знаходзіцца ці перад Сонцам, ці за ім. Гл.Канфігурацыя планет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́СТА,
спадарожнік планеты Юпітэр. Дыям. 4840 км, адлегласць ад планеты 1,88 млн.км. Сідэрычны перыяд абарачэння 16 сут 16 гадз 32 мін. Мае атмасферу. Адзін з буйнейшых спадарожнікаў планет. Адкрыў Г.Галілей (1610).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПІЯНЕ́Р»,
«Паянір» (англ. Pioneer), серыя амер. аўтаматычных міжпланетных станцый для даследавання Месяца, планет і касм. прасторы; праграмы іх распрацоўкі і запускаў. Макс. маса каля 260 кг.
У 1958—78 запушчаны 14 станцый. «П.-5» (1960) — штучны спадарожнік Сонца. «П.-10» (1972) упершыню здзейсніў пралёт пояса астэроідаў, наблізіўся да Юпітэра (1973; праведзена даследаванне планеты), дасягнуў 3-й касм. скорасці і выйшаў за межы Сонечнай сістэмы (1983). «П.-П» (1973): даследаванне з пралётнай траекторыі Юпітэра, Сатурна і яго спадарожніка Тытана (1979); атрыманы фотаздымкі планет і некаторых іх спадарожнікаў; выйшаў за межы Сонечнай сістэмы ў 1993. «П.-Венера-1, -2» (1978) выканалі даследаванне Венеры, у т. л. яе атмасферы.