помнік садова-паркавага мастацтва. Закладзены ў 1906 у в. Дабрыгоры Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. на правым беразе р. Крывінка ваен. урачом П.М.Красавіцкім. Дрэвы садзіў вядомы садавод Я.Мароз. Пл. 10 га. Парк эканам. тыпу, па кампазіцыі пладовы сад.
Па перыметры абсаджаны рознымі экзотамі, якія ўтвараюць ахоўныя пасадкі і невял. паркавыя курціны. У ім каля 30 відаў і формаў дэкар. раслін: кедр сібірскі, елкі белая, Энгельмана, серабрыстая, хвоі веймутава, жорсткая, чорная, Банкса, лістоўніцы яп. і еўрап., бук, арэх маньчжурскі, клён татарскі і інш.
Літ.:
Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. Мн., 1989. С. 87—88.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСЕ́ЛЮБСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва ў в. Уселюб Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.Пл. 11 га. Складаецца з участкаў рэгулярнай (канец 18 ст.) і пейзажнай (канец 19 — пач. 20 ст.) планіроўкі. На ПнУ на ўзвышшы стаяў сядзібны дом (не захаваўся). На У ад яго была рэгулярная ч. парку, на З — пейзажная з вял. лугам, вадаёмамі, дэкар. групамі і асобнымі дрэвамі. На беразе вял. штучнага вадаёма ў канцы 19 — пач. 20 ст. пастаўлены новы сядзібны дом, разбіты пладовы сад. Кампазіцыя парку засн. на кальцавых дарожках-маршрутах. Растуць пераважна дрэвы мясц. парод, з экзотаў — арэх шэры, лістоўніца еўрапейская.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТАНІ́ЧНЫ САД БЕЛАРУ́СКАГА ДЗЯРЖА́ЎНАГА ТЭХНАЛАГІ́ЧНАГА УНІВЕРСІТЭ́ТА.
Размешчаны за 6 км ад г.п. Негарэлае Дзяржынскага р-на Мінскай вобласці. Арганізаваны ў 1969 на базе дэндрарыя Негарэльскага навук.-доследнага лясгаса (закладзены ў 1954). Пл. 25 га. У садзе дэндрарый (620 відаў, формаў і сартоў), інтрадукцыйны гадавальнік і школьнае аддзяленне, матачная плантацыя, калекцыйны ўчастак травяністых адна- і шматгадовых раслін, пладовы сад, участак мясц. флоры, музей прыроды. У калекцыях 1384 віды, разнавіднасці і сарты раслін, культывуюцца 28 відаў рэдкіх раслін і раслін, якія знікаюць. База для падрыхтоўкі спецыялістаў лясной гаспадаркі і азелянення, правядзення навук. даследаванняў і культ.-асв. работы ў галіне прыродазнаўства і аховы прыроды.
Батанічны сад Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта. Насаджэнні спірэі японскай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБЧА́НСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва ў г.п. Любча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Створаны ў 1-й пал. 18 ст. на левым беразе р. Нёман. Парк рэгулярнага тыпу. Пл. без пладовага саду каля 4 га. У кампазіцыі парку — Любчанскі замак. На квадратным унутр. двары замка размешчаны круглы партэр з кальцавымі пасадкамі дэкар. кустоў. У канцы 18 ст. паміж вежамі скапаны абарончы вал, за ровам разбіты партэр з кветнікамі і баскеты. За імі з трох бакоў замак абкружае пладовы сад, падзелены рэгулярнай сістэмай алей. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў парку групамі і паасобку пасаджаны экзоты. Растуць арэх шэры, хвоя веймутава, лістоўніцы еўрап. і сібірская.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎСКІ ПАЛА́Ц,
помнік архітэктуры канца 18 ст. Пабудаваны ў 1778—87 у г. Крычаў Магілёўскай вобл. для кн. Р.А.Пацёмкіна, у 1840-я г. рэканструяваны. Мураваны П-падобны ў плане 2-павярховы будынак накрыты пакатым 2-схільным дахам. Арх. вырашэнне гал. фасада мае рысы несапраўднай готыкі: цэнтр вылучаны рызалітам, раскрапаваным гранёнымі пілонамі, вуглавыя пілоны завершаны зубцамі і нагадваюць вежы, аконныя праёмы стральчатай формы. Астатнія фасады расчлянёны пілястрамі. Тарцы бакавых крылаў вырашаны ў строгіх класіцыстычных формах, завершаны трохвугольнымі франтонамі. Інтэр’еры залаў і пакояў мелі багатую ляпную аздобу, мармуровыя каміны, кафляныя печы. Перад палацам быў пейзажны парк (захаваўся часткова), за ім — П-падобны ў плане будынак стайні і пладовы сад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУДЗІ́НАЎСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,
помнік архітэктуры позняга класіцызму. Створаны ў 1-й пал. 19 ст. ў в. Грудзінаўка (Быхаўскі р-н Магілёўскай вобл.) у маёнтку графа Д.Талстога. Цэнтр кампазіцыі — палац, размешчаны на вяршыні ўзгорка, на паўн.-ўсх. схіле якога пладовы сад, на паўн.-зах. — парк.
Палац — мураваны 2-павярховы квадратны ў плане, накрыты пакатым 4-схільным дахам і ўвянчаны купалам. У цэнтры гал. фасада выступае паўкруглая тэраса. Парк (пл. каля 6 га) пейзажнага тыпу з рэгулярнай партэрнай ч. перад палацам. Перад паўд.-зах. фасадам палаца партэр з глыбокім штучным вадаёмам з фантанамі (збярогся часткова) і дэкар. пасадкамі елкі калючай блакітнай, дуба звычайнага пірамідальнага, ліпы крымскай. У ландшафтнай ч. больш за 60 відаў дрэў і кустоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва. Засн. ў 1768 на паўд. ускраіне г. Кобрын Брэсцкай вобл. пры сядзібе, якая з 1795 належала А.В.Сувораву (уваходзіла ў маёнтак Кобрынскі Ключ), з 1808 — маёру Гельвігу, з сярэдзіны 19 ст. — Аляксандру Міцкевічу (брат Адама Міцкевіча).
У 18 ст.пл. парку 3—4 га, цяпер — 60 га. Парк быў абкружаны валам і ровам, у цэнтры размяшчаўся пладовы сад і сажалка. У плане амаль квадратны, з рэгулярнай сістэмай алей, злучаных маляўнічымі дарожкамі. Кампазіцыйная вось — цэнтр. алея, завершаная невял. сажалкай, над якой стаяў драўляны дом Суворава (разабраны ў 1894). На яго месцы ў 1950 устаноўлены бюст палкаводца (скульпт. І.М.Рукавішнікаў). Створаны штучны вадаём з абводным каналам. У парку да 70 парод дрэў і дэкар. кустоў (ліпа, клён, явар, пірамідальныя таполі, туя і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАДАВО́ДСТВА,
галіна раслінаводства, якая вывучае будову, заканамернасці росту і развіцця пладовых культур, займаецца іх вырошчваннем. Кірункі П.: гадавальнікаводства (вырошчванне пасадачнага матэрыялу пладовых культур; гл.Пладовы гадавальнік), уласна П. (вырошчванне семечкавых, костачкавых і арэхаплодных культур), ягадаводства (вырошчванне ягадных культур). Субтрапічнае П., вінаградарства і цытрусаводства звычайна разглядаюцца як самаст. галіны. У сусв. сартымент уваходзяць больш за 100 відаў і дзесяткі тысяч сартоў пладовых культур, найб. пашыраныя яблыня, масліна, груша, сліва. Агульная пл. каля 20 млн.га.
На Беларусі (1998) агульная плошча пладова-ягадных насаджэнняў усіх узростаў — 100,3 тыс.га, валавы збор пладоў і ягад — 350 тыс.т. Сучасны кірунак развіцця — інтэнсіўнае П., прадугледжвае выкарыстанне нізкарослых насаджэнняў (выш. 1,5—3 м), якія рана пладаносяць (на 2—3-і год), выкарыстанне плоскіх форм кроны дрэў, інтэграваных метадаў барацьбы з хваробамі і шкоднікамі і інш.Асн. пастаўшчыкі садавіны і ягад — гаспадаркі, дзе П. развіваецца паводле закончанага цыкла (ад вырошчвання да пастаўкі прадукцыі пакупнікам): «Рассвет», «Беражное» (Брэсцкая вобл.), «Прагрэс» (Гродзенская вобл.), «Зубкі», «Клецкі» (Мінская вобл.) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГО́ЙСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ.
Створаны ў 1-й пал. 19 ст. ў г. Лагойск Мінскай вобл.Палац узведзены ў 1815 у стылі ампір графам П.Тышкевічам на месцы стараж. замчышча і драўлянага замка Чартарыйскіх (знішчаны татарамі ў 1505), потым — мураванага замка Тышкевічаў (разбураны шведамі ў 1706). Уяўляў сабой 1-павярховы прамавугольны ў плане выцягнуты па фронце аб’ём, вылучаны па цэнтры гал. фасада на выш. 2 паверхаў 12-калонным порцікам са ступеньчатым атыкам. Па баках фланкіраваўся 2-павярховымі 1-восевымі павільёнамі, завершанымі трохвугольнымі франтонамі. Па цэнтры тыльнага фасада выступаў 2-павярховы паўкруглы 6-калонны эркер, накрыты сферычным купалам. У 2 залах палаца размяшчаўся музейны археал.-маст. збор братоў К. і Я.Тышкевічаў, асобная зала была адведзена пад б-ку (каля 10 тыс. тамоў). Разбураны ў Вял.Айч. вайну, засталіся руіны. Парк пейзажнага тыпу высаджаны ўздоўж правага берага р. Гайна. Пл. 10 га. Перад палацам быў створаны круглы партэр з кветкавымі клумбамі і рабатамі, пасаджаны пладовы сад. З тыльнай тэрасы палаца адкрываўся від на больш нізкую пейзажную частку парку з сажалкай і «зялёнай» тапалёвай альтанкай каля яе, рэшткі замкавых умацаванняў. Праз парк працякаў ручай з мураваным арачным мастком, каля якога быў дом вартаўніка. Курціны фарміраваліся таполяй белай, ясенем, дубам і інш. дрэвамі мясц. парод.
А.М.Кулагін.
Лагойскі палацава-паркавы ансамбль. З малюнка Н.Орды. Сярэдзіна 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫРВОНАБЯРЭ́ЖСКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры канца 19 ст. ў в. Чырвоны Бераг Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. Размешчаны на беразе р. Дабасна. Належала ген.-лейтэнанту М.С.Гатоўскаму, з 1891 — В.А.Козел-Паклеўскаму. Уключае сядзібны дом, флігель, уязную браму, гасп. пабудовы, парк. Тэр. сядзібы (11 га) абнесена высокай цаглянай агароджай. Цэнтр кампазіцыі — мураваны Г-падобны ў плане 2-павярховы сядзібны дому стылі мадэрн з мансардавым і 2-схільным дахамі. Пабудаваны ў 1890—93 паводле праекта арх. К.Шрэтэра. Мае асім. шматпланавую кампазіцыю, засн. на спалучэнні асн. прамавугольнага ў плане аб’ёму і папярочнага корпуса, які выступае на гал. фасадзе рызалітам. На фасадах вылучаюцца 2—5-гранныя руставаныя эркеры з контрфорсамі і шатровымі гранёнымі завяршэннямі. Гал. ўваход вырашаны манум. тэрасай на масіўных пілонах са стральчатымі арачнымі праёмамі паміж імі. Вадазлівы аформлены ў выглядзе хімер (чыгуннае ліццё). Гарыз. падзел будынка на 2 ярусы выразна падкрэслены арнаментамі і дэкорам міжпаверхавага пояса і карніза. Каларыстычнае вырашэнне засн. на кантрасце пабеленых дэкар. элементаў і чырв. цаглянай муроўкі. Падобнае арх. вырашэнне мае 1-павярховы мураваны флігель з асім. аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй. Гал. ўезд у сядзібу вылучаны брамай у стылі неаготыкі ў выглядзе стральчатай аркі, дэкарыраванай аркатурай, 8-граннымі бакавымі вежамі. У будынках Ч.с. размешчаны Чырвонабярэжскі аграрны каледж. Парк (пл. 10 га) пейзажнага тыпу (з садам) закладзены ў канцы 19 ст. на месцы б. рэгулярнага парку (захаваўся баскет, перароблены ў ландшафтную паляну). У зах.ч. — пладовы сад, у паўд. і ўсх. — замкнёны паркавы ландшафт з сядзібным домам у цэнтры, які павернуты гал. фасадам да ракі, курцінамі вакол дома і на беразе ракі. Каля парку размяшчаюцца свіран і стайня. Іл.гл. таксама да арт.Жыллё.