ПАДБЯРО́ЗАВІК, абабак, бабка, бярозавік,

чорнагаловік (Leccinum scabrum), шапкавы грыб сям. балетавых. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 4 формы П.: белы, звычайны, ружавеючы, чорны. Трапляецца з чэрв. па вер. у лясах, пераважна пад бярозамі.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. да 20 см, пукатая, ад белаватай да цёмна-шэрай і амаль чорнай. Ножка белая, цыліндрычная, даўж. да 15 см, з шараватымі або цёмнымі падоўжанымі лускавінкамі. Мякаць белая, шчыльная. Споры верацёнападобныя, гладкія. Ядомы.

Падбярозавік звычайны.

т. 11, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫБАЛАТУ́ХА, павуціннік бранзалетавы (Cortinarius armillatus),

шапкавы базідыяльны грыб сям. павуціннікавых. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі трапляецца з ліп. па вер. у вільготных лясах, на ўскрайках вярховых балот.

Пладовае цела — шапка на ножцы дыяметрам 4—15 см, чырванавата-бурая або чырванавата-карычневая, спачатку шыроказваночкавая, потым распасцёртая, валакніста-лускаватая. Пласцінкі прырослыя, шырокія. Мякаць жаўтавата-бурая з мяккім смакам. Ножка выш. да 12 см, булавападобная, каштанава-бураватая, з цагельна-чырв. пукатымі кольцамі. Споры эліпсоідныя, іржава-жоўтыя. Ядомы.

Прыбалатуха.

т. 13, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДГРУ́ЗДКІ,

група шапкавых грыбоў сям. сыраежкавых. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 5 відаў. Найб. вядомыя П.: белы, або сухар (Russula delica), чорна-белы (R. albonigra), чорны, або свіння (R.adusta). У лясах трапляюцца з ліп. па кастрычнік.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. да 15 см, пукатая, потым лейкападобная, белая, брудна-белая, бурая ці амаль чорная. Пласцінкі зыходныя або прырослыя. Ножка даўж. да 4 см, роўная ці слаба звужаная ў нізе, шчыльная. Мякаць белая, шчыльная. Споры яйцападобныя, бясколерныя. Ядомыя.

Падгруздак белы.

т. 11, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКІ ГРЫБ, падгрыб (Xerocomus badius),

шапкавы базідыяльны грыб сям. балетавых. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Аўстраліі. На Беларусі трапляецца з ліп. па вер. у хвойных, радзей у лісцевых, лясах.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка падушкападобна-пукатая, дыям. 4—12 см, гладкая, сухая, у вільготнае надвор’е клейкая, бліскучая, бурая або шакаладна-карычневая. Пласцінкі слаба прырослыя. Ножка звужаная або расшыраная каля асновы, шчыльная, выш. 6—10 см. Мякаць жаўтаватая або белаватая, мяккая, тоўстая, на зломе сінее. Споры гладкія, жоўта-бурыя, верацёнападобныя. Ядомы.

Польскі грыб.

т. 12, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДО́УКА (Tricholoma),

род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. радоўкавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 36 відаў. Найб. вядомыя Р.: зялёнка, падзялёнка, бела-карычневая (T. albobrunneum), мыльная (T. saponaceum), сухая (T. sudum). Трапляюцца з вер. па кастр. пераважна ў хвойных лясах.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка лускаватая ці гладкая, бураватая, шараватая, белаватая, злёгку пукатая або шырокалейкападобная. Пласцінкі свабодныя ці прырослыя. Мякаць белаватая, на зломе часам ружавее. Ножка цэнтр., цыліндрычная, шчыльная. Споры гладкія, эліпсоідныя. Ёсць ядомыя і ядавітыя.

Радоўка мыльная.

т. 13, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОСЬ, саркадон чарапіцавы (Sarcodon imbricatus),

шапкавы базідыяльны грыб сям. тэлефоравых. Пашыраны ў лясной зоне Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі — усюды. Трапляецца вял. групамі ў сухіх, пераважна хваёвых, лясах. Пладовыя целы з’яўляюцца ў жн. — лістападзе.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. 3—20 см, плоскапукатая або шырокаўвагнутая, бураватая, сухая, густа ўкрыта буйнымі завостранымі лускавінкамі. Шыпападобны спараносны слой на ніжняй паверхні шапкі. Ножка цыліндрычная, суцэльная, аднаго колеру з шапкай. Мякаць шчыльная, брудна-шараватая, са спецыфічным пахам, пры выспяванні гаркаватая. Споры шарападобныя, шыпаватыя, бураватыя. Ядомы.

С.​І.​Бельская.

Лось.

т. 9, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДБАЛАЦЯ́НКА, каўпак кольчаты (Rhozites caperata),

шапкавы грыб сям. павуціннікавых; адзіны від роду. Пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы.

На Беларусі трапляецца ў вільготных хваёвых і мяшаных лясах, па краі балот з ліп. па верасень. Нар. назвы курачка, панчошка, турак.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. 5—9 см, спачатку паўшарападобная, потым пляскатая, жоўтая з ружовым адценнем, з тонкім мучністым налётам. Пласціны прырослыя. Мякаць шчыльная, белая або жаўтаватая. Ножка даўж. 7—12 см, таўшчынёй 2—3 см, роўная, шчыльная, жаўтаватая, з буйным кольцам. Споры эліпсападобныя, жоўтыя. Ядомы.

Падбаляцянка.

т. 11, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАСО́НІК (Lepiota),

род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. шампіньёнавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў зонах з трапічным і субтрапічным кліматам. На Беларусі 7 відаў. Найб. вядомыя П.: востралускаваты (L. acutesquamosa), грабеньчаты (L. cristata), дробнашчытападобны (L. clypeolaria). Трапляюцца ў лясах, парках, сярод травы з чэрв. па кастрычнік.

Пладовае цела — шапка на ножцы дыям. 2—13 см, яйцападобная або званочкавая, потым распасцёртая, са шматлікімі лускавінкамі. Пласцінкі свабодныя, белыя. Ножка цыліндрычная, з нерухомым кольцам, выш. да 12 см. Споры бясколерныя, гладкія. Ядавітыя, ёсць ядомыя.

Парасонік: 1 — грабеньчаты; 2 — востралускаваты.

т. 12, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАТЭ́ЦЫЙ (ад грэч. apothēkion сховішча),

адкрытае пладовае цела некаторых сумчатых грыбоў (дыскаміцэтаў) і дыскаміцэтных лішайнікаў. Звычайна мае сподка-, чаша-, дыскападобную і інш. формы, зрэдку мае выгляд шапачкі на ножцы (напр., у смаржкоў). Верхні гіменіяльны слой (гіменій) афарбаваны ў розныя колеры і складаецца з парафізаў, сярод якіх знаходзяцца сумкі са спорамі. Гіменій звычайна падсцілае тонкі слой пераплеценых гіфаў (субгіменій, або гіпатэцый). У лішайнікаў у апатэцый часта ўключаецца ганідыяльны слой водарасцяў. Асаблівасці будовы і колеру апатэцыю — важная сістэматычная прыкмета для вызначэння таксонаў у мікалогіі.

Апатэцый сумчатага грыба з дыскаміцэтаў: 1 — гіфы; 2 — сумкі са спорамі.

т. 1, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНЯЗДО́ЎКА (Nidularia),

род базідыяльных грыбоў-гастэраміцэтаў сям. гняздоўкавых. Вядома каля 30 відаў, пашыраных па ўсім зямным шары. На Беларусі — гняздоўка запоўненая (N. farcta). Сапратроф. Расце групамі ў лясах, парках, садах на адмерлай драўніне, зрэдку на глебе. Пладаносіць у ліп.—кастрычніку.

Пладовыя целы дыяметрам 0,5—0,7 см, няроўнашарападобныя, прыплясканыя, сядзячыя, з шырокай асновай, унутры з круглаватымі цельцамі (у іх развіваюцца базідыі са спорамі), адкрываюцца зверху шчылінай. Абалонка таўстасценная, часта лямцаватая, звонку напачатку белаватая, потым карычневая, унутры гладкая, бліскучая. Споры кароткаэліпсоідныя, гладкія, бясколерныя.

Гняздоўка запоўненая: 1 — вонкавы выгляд пладовага цела; 2 — пладовае цела ў разрэзе.

т. 5, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)