ЗАБЭ́ЙДА-СУМІ́ЦКІ (Міхаіл Іванавіч) (14.6.1900, в. Шэйпічы Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 21.12.1981),

бел. спявак (лірычны тэнар). Скончыў Маладзечанскую семінарыю (1918, на той час пераведзена ў Смаленск). Вакальную падрыхтоўку атрымаў у Харбіне (1920—22). У 1929—32 у Харбінскай оперы, у 1932—34 у Мілане, удасканальваўся ў Ф.​Карпі, канцэртаваў у Міланскай кансерваторыі. У 1935—36 у Пазнанскай оперы (Польшча), з 1937 саліст Варшаўскага радыё, з 1940 саліст Нар. т-ра ў Празе, пазней канцэртны спявак. Адзін з яркіх прадстаўнікоў еўрап. вак. школы. Меў гнуткі, прыгожага тэмбру голас, яркую сцэн. знешнасць, акцёрскі талент; спяваў заўсёды на мове арыгінала. Сярод партый: Сінадал («Дэман» А.​Рубінштэйна), Ленскі («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Альфрэд, Герцаг («Травіята», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), граф Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Уладзімір («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Пінкертон, Рудольф («Мадам Батэрфляй», «Багема» Дж.​Пучыні). У канцэртным рэпертуары значнае месца займалі бел. нар. песні, творы бел. кампазітараў (М.​Аладава, А.​Багатырова, М.​Чуркіна, Р.​Пукста і інш.). Першыя грампласцінкі, якія наспяваў З.-С., уключалі бел. нар. песні («Малады дубочак», «Чаму ж мне не пець», «Лявоніха» і інш.), у 1968 запісаў грампласцінку з бел. нар. песнямі. У гады 2-й сусв. вайны канцэртаваў у Ваўкавыску (1943), Вільні (1944) і інш. У 1963 канцэртаваў у розных гарадах Беларусі. На працягу многіх гадоў не парываў сувязі з Беларуссю, цікавіўся творчасцю бел. пісьменнікаў, быў асабіста знаёмы з М.​Танкам, Р.​Шырмам. Пераможца многіх конкурсаў вакалістаў. Архіў З.-С. захоўваецца ў Бел. дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва.

Тв.:

Песня сталася маёю моваю // Мастацтва Беларусі. 1990. № 6—7.

Літ.:

Станкевіч А. Міхаіл Забэйда-Суміцкі і беларуская народная песня. Вільня, 1938;

Плавінскі М. Салавей бацькаўшчыны мілай // Беларусь. 1990. № 2;

Сачанка Б. Беларуская эміграцыя: Факты і меркаванні // Маладосць. 1988. № 10.

Л.​Ф.​Голікава.

М.І.Забэйда-Суміцкі.
М.​Забэйда-Суміцкі ў ролях Ленскага (злева) і Герцага.

т. 6, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ТРУ́ПА ІГНА́ТА БУЙНІ́ЦКАГА,

прафесійны бел. тэатр у 1907—13. Створана па ініцыятыве акцёра і тэатр. дзеяча І.Буйніцкага ў фальварку Палівачы Дзісенскага пав. Віленскай губ. (цяпер в. Палевачы Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл.). Узнікла на аснове бел. вечарынак, аматарскіх «сямейных» спектакляў і да 1910 мела аматарскі характар. Трупа праводзіла асв. работу, шмат зрабіла для развіцця самадз. творчасці і прапаганды бел. мастацтва, стварыла асновы нац. прафес. тэатра. Пад уплывам яе дзейнасці і традыцый у крас. 1917 узнікла Першае таварыства беларускай драмы і камедыі. Калектыў шмат гастраліраваў па Беларусі, у Вільні (1910), Пецярбургу (1911 і 1912), Варшаве (1913). У праграму паказаў спачатку ўваходзілі бел. нар. песні, танцы, дэкламацыя вершаў і апавяданняў на роднай мове, невял. п’есы. З 1910 паказы складаліся з некалькіх самаст. частак: 1—2 п’ес, дэкламацый, спеваў і танцаў. Тэатр прытрымліваўся нар. традыцый, вылучаўся сінт. характарам сваёй творчасці і рэаліст. накіраванасцю. У нескладаным сцэнічным афармленні выкарыстоўваліся элементы бел. нар. выяўл. мастацтва, акцёры выступалі ў бел. нац. касцюмах. Сярод драм. выканаўцаў вызначаліся Буйніцкі (іграў характарна-драм. ролі), А.​Бурбіс, Крапівіха (Цётка), А.​Забель (З.​Абрамовіч); сярод музыкантаў — Дз.​Крывадубаў (Няленка) і І.​Голер; сярод спевакоў — Я.​Феакцістаў; сярод танцораў — Буйніцкі, яго дочкі Ванда і Алена, Ч., Л. і Я.​Родзевічы. Муз. часткай кіраваў Л.​Рагоўскі. Рэжысёрамі былі А.​Аляксеенка, Бурбіс і інш. У рэпертуары: пастаноўкі «Модны шляхцюк» К.​Каганца, «У зімовы вечар» і «Хам» паводле Э.​Ажэшкі, «Сватанне» і «Мядзведзь» А.​Чэхава, «Па рэвізіі» М.​Крапіўніцкага, «Міхалка» Далецкіх; вершы Я.​Купалы, Я.​Коласа, Я.​Лучыны, А.​Паўловіча; песні «Чаму ж мне не пець», «Дуда-весялуха», «За гарамі, за лясамі» і інш.; танцы «Юрка», «Гняваш», «Верабей», «Лявоніха», «Мельнік», «Мяцеліца» і інш.

Літ.:

Няфёд У. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982;

Яго ж. Ігнат Буйніцкі — бацька беларускага тэатра. Мн., 1991;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Мн., 1983.

У.​І.​Няфёд.

Да арт. Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага. Буйніцкі з дочкамі. 1911.
Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага ў час выступлення на этнаграфічным вечары ў Пецярбургу. 1912.

т. 12, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)