КРАЎН-ЭФІ́РЫ,

цыклічныя поліэфіры, у якіх атамы кіслароду злучаны этыленавымі масткамі. Найпрасцейшы К.-э. — 12-краўн-4 ці 1,4,7,10-тэтраоксацыклададэкан, мае 4 атамы кіслароду.

Вязкія вадкасці ці крышт. рэчывы. Добра раствараюцца ў арган. растваральніках, мала — у вадзе. Утвараюць устойлівыя комплексы з катыёнамі металаў, пераважна шчолачных і шчолачназямельных. Біялагічна актыўныя рэчывы, якія ўплываюць на іонную і субстратную пранікальнасць біял. мембран, а таксама на ферментныя сістэмы. Выкарыстоўваюць для канцэнтравання і раздзялення металаў, стварэння іон-селектыўных датчыкаў і мембран, як лек. прэпараты, пестыцыды, антыдоты.

Да арт. Краўн-эфіры. Структурная формула 1,4,7,10-тэтраоксацыклададэкану.

т. 8, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОСФАРАРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

злучэнні, якія маюць у малекуле фосфар, звязаны з атамам вугляроду непасрэдна або праз атамы інш. элементаў (кісларод, сера, азот). Да Ф.з. адносяцца нуклеінавыя кіслоты, нуклеатыды, фасфаты монацукрыдаў, розныя тыпы фосфаліпідаў і інш. Сінт. Ф.з. — пестыцыды, пластыфікатары, растваральнікі.

Існуюць у газападобным, вадкім або цвёрдым станах. Сінтэз Ф.з. складаецца са стадый: атрыманне элементарнага фосфару З мінер. сыравіны; ператварэнне фосфару ў неарган. вытворныя (напр., дэкааксід тэтрафосфару); атрыманне Ф.з. узаемадзеяннем гэтых вытворных са спіртамі, амінамі, альдэгідамі і інш. Выкарыстоўваюцца ў якасці інсектыцыдаў, лек. сродкаў і інш. Некат. Ф.з., напр. заман, высокатаксічныя.

т. 16, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕМАТЫЦЫ́ДЫ [ад нематоды + ...цыд(ы)],

хімічныя рэчывы, якія выкарыстоўваюцца для знішчэння круглых чарвей — паразітаў раслін; клас пестыцыдаў. Н. сістэмнага дзеяння (паглынаюцца раслінай і пашыраюцца па яе тканках) трапляюць у арганізм чарвей з кормам, Н. кантактнага дзеяння (выкарыстоўваюцца звычайна супраць сцябловых і лісцевых нематод пры апырскванні раслін) і Н.-фуміганты (супраць каранёвых нематод пры ўнясенні ў глебу, папярэдняй апрацоўцы пасяўнога ці каранёў пасадачнага матэрыялу — праз покрывы цела чарвяка. Некат. Н. (напр., гетэрафос, карбафуран) дзейнічаюць і як пестыцыды інш. класаў. На Беларусі дазволены для выкарыстання прэпараты Н. (1998): базаміт-гранулят (дазамет), відат (аксаміл), гетэрафос, каўнтэр (тэрбуфос), фурадан (карбафуран). Гл. таксама Антыгельмінтыкі.

т. 11, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІМІ́ЧНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ,

забруджванне навакольнага асяроддзя, якое суправаджаецца зменай яго прыродных уласцівасцей, найперш перавышэннем натуральных канцэнтрацый у ім прыродных ці пранікненнем у асяроддзе не ўласцівых яму хім. рэчываў і злучэнняў.

На Беларусі асн. агенты Х.з. (штогадовы выкід) атм. паветра: аксід вугляроду (каля 700 тыс. т), дыаксід серы (140 тыс. т), аксіды азоту (135 тыс. т), лятучыя арган. рэчывы (240 тыс. т), цвёрдыя рэчывы (65 тыс. т), таксама фармальдэгід, фенол, аміяк, цяжкія металы і інш.; паверхневых вод: хларыды (78 тыс. т), сульфаты (64 тыс. т), завіслыя рэчывы (15 тыс. т) і арган. (11 тыс. т) рэчывы, нафтапрадукты (230 т), медзь (18 т), інш. металы (491 т) і інш.; глеб : пестыцыды (да 1,5 ГДК), цяжкія металы (да 0,8 ГДК), сульфаты (да 0,9 ГДК), нітраты (да 1 ГДК). Вядомыя выпадкі Х.з. паверхневых вод да 30 ГДК нафтапрадуктамі, аманійным і нітрытным азотам, цынкам, меддзю, малібдэнам. Асн. забруджвальнікі паветра — аўтатранспарт і інш. рухомыя ўстаноўкі (72,7%), аб’екты энергетыкі (5%), прамысл. прадпрыемствы (асабліва нафтахім., металургічныя, мінер. угнаенняў). Асн. аб’ём забруджаных сцёкавых вод утвараецца ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы (46%), прам-сці (31%), сельскай гаспадарцы (9,5%).

П.​І.​Лабанок.

т. 17, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЧЫ́СТКА АСЯРО́ДДЗЯ,

комплекс мерапрыемстваў па прадухіленні наступстваў забруджвання навакольнага асяроддзя ад антрапагеннага ўздзеяння. Падзяляецца на ачыстку паветра, ачыстку паверхневых і падземных водаў, глебы, біясферы і мерапрыемствы па зніжэнні антрапагеннага, шумавога і тэмпературнага забруджвання. Ачыстка паверхневых водаў прадугледжвае стварэнне сістэмы фільтрацыі, аэрацыі, абясшкоджання вады ў паверхневых крыніцах, ачыстку сцёкавых водаў, стварэнне замкнёных сістэм водазабеспячэння прадпрыемстваў, укараненне сістэм біял. ачысткі, рэканструкцыю сетак і збудаванняў сістэм водазабеспячэння. Ачыстка падземных водаў неабходная ў выпадках забруджвання гэтых водаў нітратамі, радыенуклідамі і інш. шкоднымі для здароўя чалавека рэчывамі. Пры значным перавышэнні забруджвання падземных водаў прадугледжваецца забарона іх ужывання. Ачыстка глебы патрабуецца ў выпадках перанасычэння яе мінер. ўгнаеннямі і ядахімікатамі, назапашваннем адходаў прам-сці ці жыццядзейнасці чалавека (звалкі). Выкарыстоўваюць прыёмы агратэхнікі і севазвароту, утылізацыі адходаў і інш.; у выпадках катастрафічнага яе забруджвання (напр., радыенуклідамі) неабходна радыкальная ачыстка з выдаленнем і пахаваннем паверхневых пластоў глебы і забаронай іх выкарыстання. Ачыстка біясферы прадугледжвае паніжэнне ў ёй узроўню шкодных рэчываў: новых хім. злучэнняў (ксенабіётыкі, некаторыя пестыцыды, поліхлорбіфенілы і інш.), часцінак і чужародных прадметаў (попел, сажа, пыл і інш.), а таксама шуму, радыеактыўнасці (ад ядз. выпрабаванняў, назапашванне радыеактыўных адходаў ад АЭС, пры аварыях на атамных прадпрыемствах і інш.). У выпадках забруджвання біясферы радыенуклідамі неабходна спец. пахаванне заражаных жывёльных і раслінных аб’ектаў ці абмежаванае іх выкарыстанне.

Т.​А.​Філюкова.

т. 2, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАКСІКАЛОГІЯ

Даследаванні ў галіне таксікалогіі на Беларусі вядуцца з 1940-х г. у мед., вет., сельскагаспадарчых ВНУ, Бел. навукова-даследчым санітарна-гігіенічным ін-це. Вывучаліся пестыцыды з ліку фосфарарганічных злучэнняў, хлорзмяшчальныя арган. рэчывы і злучэнні, якія выкарыстоўваюць у прамысловасці і сельскай гаспадарцы і інш. Распрацаваны метады ранняй дыягностыкі, лекавай прафілактыкі і тэрапіі атручэнняў фосфарарганічнымі злучэннямі і інш. Уклад у станаўленне і развіццё таксікалогіі зрабілі З.​А.​Аляксашына, С.​Ю.​Бусловіч, К.​А.​Вятчаннікаў. У наш час пытанні таксікалогіі ў найб. ступені распрацоўвае Рэсп. навукова-практычны цэнтр гігіены Мін-ва аховы здароўя, дзе ёсць адпаведны аддзел (кіраўнік А.​І.​Кацяленец). Асн. кірункі даследаванняў: вывучэнне асаблівасцей біялагічнага дзеяння таксікантаў (пестыцыдаў, палімерных матэрыялаў, цяжкіх металаў і інш.) з мэтай прадухілення захворванняў хім. паходжання і аддаленых наступстваў шкоднага дзеяння гэтых рэчываў на чалавека і яго нашчадкаў; устанаўленне заканамернасцей фарміравання працэсаў адаптацыі і дэзадаптацыі; развіццё і ўдасканаленне нац. сістэмы гігіенічнага рэгламентавання для розных аб’ектаў навакольнага асяроддзя. Асаблівая ўвага аддаецца распрацоўцы метадаў гігіенічнай ацэнкі сумарнай хім. нагрузкі на насельніцтва. Вядзецца маніторынг вырабаў мед. прызначэння. Для распрацоўкі сродкаў фармакалагічнай карэкцыі праводзіцца эксперыментальнае мадэліраванне паталагічных станаў арганізма на лабараторных жывёлах. Рэсп. навукова-практычны цэнтр гігіены дае таксама эксперыментальна-фармакалагічную і таксікалагічную ацэнку лекавых сродкаў, антысептыкаў, матэрыялаў і вырабаў мед. прызначэння і інш. За апошнія гады абгрунтавана больш за 30 гігіенічных нарматываў змяшчэння шкодных рэчываў у паветры рабочай зоны, у атмасферным паветры, вадзе, глебе. Вядзецца асваенне новых кірункаў таксікалогіі (напр., малекулярна-генетычныя даследаванні).

А.​І.​Кацяленец, Л.​А.​Наджаран.

т. 18, кн. 2, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАСФА́ТЫ,

солі і эфіры фосфарных кіслот.

Ф. неарганічныя — солі артафосфарнай H3PO4 (ортафасфаты) і паліфосфарных кіслот (Ф. кандэнсаваныя). Адрозніваюць Ф. сярэднія, кіслыя і асн., двайныя і трайныя (рознакатыённыя; напр., NaPbPO4), мяшаныя [рознааніённыя; напр., KSr3(PO4)(SO4)2]. Сярэднія ортафасфаты шчолачных металаў і амонію раствараюцца ў вадзе (растворы маюць pH>7), металаў х высокімі ступенямі акіслення не раствараюцца, бязводныя (акрамя ортафасфатаў амонію і ртуці Hg​2+) устойлівыя пры награванні да т-ры плаўлення. Найб. пашыраны гідра- і дыгідраортафасфаты шчолачных металаў (гл. Натрыю злучэнні). Ф. трапляюцца ў прыродзе ў выглядзе мінералаў, найважн. з іх — апатыт і фасфарыты. Выкарыстоўваюць як фосфарныя ўгнаенні, кампаненты мыйных сродкаў, мінер. падкормак і інш. Ф. арганічныя — эфіры H3PO4 агульнай ф-лы (RO)nP(O)(OH)3−n, дзе R — арган. радыкал. Адрозніваюць Ф. поўныя (сярэднія, ці трацічныя) з n = 3 і кіслыя з n = 1, 2 (адпаведна першасныя і другасныя), якія наз. таксама арганіл- і дыарганілфосфарнымі к-тамі [напр., (C2H5O)2P(O)OH — дыэтылфосфарная к-та]. Кіслыя Ф., у якіх R — астатак гліцэрыны, вугляводу, амінаспіртоў і інш. (напр., нуклеінавыя кіслоты, нуклеатыды, фосфаліпіды), пашыраны ва ўсіх жывых арганізмах. Ф. арган. выкарыстоўваюць для мадыфікацыі пластмас (напр., як пластыфікатары), экстрагента [напр., трыбутылфасфат (C4H9O)3PO для экстракцыі урану і інш. радыеактыўных элементаў з адпрацаванага ядз. паліва], флотарэагенты, цепланосьбіты, пестыцыды, лек. сродкі і інш.

Літ.:

Продан Е.А. Неорганическая топохимия. Мн., 1986. С. 52—72;

Констант З.А., Диндуне А.П. Фосфаты двухвалентных металлов. Рига, 1987;

Общая органическая химия: Пер. с англ. М., 1983. Т. 5. С. 44—95.

А.​П.​Чарнякова.

т. 16, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТРУЧЭ́ННЕ,

захворванне, абумоўленае паступленнем у арганізм таксічных рэчываў (ядаў), якія парушаюць яго фізіялагічныя функцыі і ствараюць небяспеку для жыцця. Атрутным дзеяннем валодаюць многія хім. рэчывы сінт. і прыроднага паходжання (напр., пестыцыды, прамысл. яды, таксіны мікраарганізмаў, атрутныя рэчывы ядавітых раслін і жывёл). Трапляюць яды ў арганізм праз рот, дыхальныя шляхі, скуру, пры ўкусах змей ці членістаногіх (восы, пчолы, шэршні, скарпіёны, ядавітыя павукі і інш.), пры падскурных і ўнутрымышачных ін’екцыях. Адрозніваюць атручэнні бытавыя (напр., рэчывамі быт. хіміі, харчовыя, алкагольныя, чадным газам і інш.), прафесійныя (пры парушэнні правілаў гігіены і тэхнікі бяспекі), медыкаментозныя (ад перадазіроўкі лякарстваў). У асобную групу вылучаюць кармавыя атручэнні жывёл, што ўзнікаюць ад корму, забруджанага ядахімікатамі (пестыцыдамі, гербіцыдамі, фунгіцыдамі), плесневымі і інш. грыбкамі (напр., спарыннёй), травяной тлёй, вусенямі капусніцы, ядавітымі раслінамі (цыкутай, дурнап’янам, белакрыльнікам, казяльцом і інш.).

Вострыя атручэнні ўзнікаюць адразу або неўзабаве пасля паступлення вял. дозы яду ў арганізм, хранічныя — пры працяглым яго ўздзеянні ў невял. дозах. Клінічныя прыкметы атручэння залежаць ад прыроды і колькасці яду, што трапіў у арганізм, выбіральнасці яго ўплыву на дзейнасць органаў і тканак, адчувальнасці арганізма і стану здароўя. Могуць пераважаць пашкоджанні нервовай (сутаргі, галюцынацыі, псіхозы), сардэчна-сасудзістай (пачашчэнне пульсу, сінюшнасць, падзенне ціску), дыхальнай сістэм, печані і нырак. Горш пераносяць атручэнне дзеці, цяжарныя жанчыны, старыя і хворыя людзі. Лячэнне атручэння павінна пачынацца неадкладна. Меры першай дапамогі пры атручэнні: штучна выклікаць ірвоту, многа піць вады, малака, слабы раствор марганцоўкі, суспензіі актываванага вугалю; пры неабходнасці робяць штучнае дыханне і непрамы масаж сэрца; пры газавых атручэннях пацярпелага выносяць на свежае паветра. У бальнічных умовах выкарыстоўваюць антыдоты (проціяддзі), пры неабходнасці робяць гемадыяліз, гемасорбцыю, заменнае пераліванне крыві

Г.​Г.​Шанько.

т. 2, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БАВАЯ МІКРАБІЯЛО́ГІЯ,

раздзел мікрабіялогіі, які вывучае склад і функцыі мікрабіяцэнозаў глеб, іх сувязь з раслінамі і ролю ў трансфармацыі арган. і мінер. рэчываў глеб. Даследуе ролю мікраарганізмаў у павышэнні ўрадлівасці глебы, у жыўленні раслін, распрацоўвае спосабы прыгатавання бактэрыяльных угнаенняў і сіласавання кармоў. Цесна звязана з глебавай энзімалогіяй, біяхіміяй, глебазнаўствам.

Як навука сфарміравалася ў канцы 19 — пач. 20 ст. У яе развіцці важную ролю адыгралі працы нідэрл. вучонага М.​Беерынка, які вылучыў і апісаў чыстыя культуры азотфіксавальных клубеньчыкавых бактэрый (1888) і азотабактэру (1901), рус. вучоных С.​М.​Вінаградскага (адкрыў з’яву хемасінтэзу), М.А.Красільнікава (працы па мікрафлоры глебы) і інш.

На Беларусі развіваецца з 1930-х г. З 1950-х г. даследаванні па глебавай мікрабіялогіі вядуцца ў НДІ глебазнаўства і аграхіміі, земляробства і кармоў, меліярацыі і лугаводства, у Нац. АН, БДУ, БСГА і інш. Асн. кірункі даследаванняў: узаемаадносіны мікраарганізмаў глебы і вышэйшых раслін, працэсы біял. фіксацыі атм. азоту, уплыў акультурвання глеб на мікробны цэноз (С.​А.​Самцэвіч), мікрафлора асн. тыпаў лясоў, глеб Палескай ніз. (П.​П.​Рагавой, М.​І.​Мільто, Г.​І.​Язубчык), мікрабіял. працэсы мінералізацыі арган. рэчыва тарфяна-балотных глеб пад уплывам меліярацыі і мех. апрацоўкі глебы (Ф.​П.​Вавула, Т.​Г.​Зіменка, Н.​М.​Курбатава-Белікава і інш.), уздзеянне экалагічных фактараў (цяжкія металы, пестыцыды, прамысл. адходы і радыенукліды) на мікраарганізмы глебы (В.​І.​Калешка, А.​І.​Двайнішнікава, Зіменка, А.​С.​Самсонава, Н.​В.​Гаўрылкіна, А.​Г.​Міснік, Л.​А.​Карагіна, Т.​І.​Каляда і інш.). Пытанням стварэння і выкарыстання бактэрыяльных прэпаратаў у раслінаводстве прысвечаны працы Зіменкі, Мільто, М.​А.​Троіцкага, Карагінай і інш. Гал. Задача глебавай мікрабіялогіі ў сучасных умовах — энергазберагальная біялагізацыя раслінаводства, накіраваная на зніжэнне ўзроўню выкарыстання сродкаў хімізацыі і атрыманне чыстай прадукцыі.

Т.​Г.​Зіменка.

т. 5, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБРУ́ДЖВАННЕ ГЛЕБ,

працэс насычэння глебы забруджвальнікамі ў колькасцях і канцэнтрацыях, якія перавышаюць здольнасць глебавых экасістэм да іх уключэння ў біял. кругаварот. Адрозніваюць прыроднае (натуральнае) З.г. і забруджванне антрапагеннае. Прыроднае выклікаецца стыхійнымі сіламі і мае рэгіянальны або лакальны характар (напр., у выніку рассейвання вулканічнага попелу, пры пылавых бурах, паводках і інш.). Найб. пашырана антрапагеннае З.г., выкліканае гасп. дзейнасцю чалавека.

Асн. забруджвальнікі глебы — патагенныя мікраарганізмы (узбуджальнікі сібірскай язвы, батулізму, дызентэрыі, тыфу і інш.), металы (жалеза, медзь, цынк, ртуць і інш.) і іх злучэнні, сродкі хімізацыі сельскай гаспадаркі (гербіцыды, пестыцыды. мінер. ўгнаенні), радыеактыўныя элементы, дэтэргенты, дэфаліянты, нафтапрадукты і інш. Паступленне забруджвальнікаў у глебу з быт. адходамі, выкідамі прам-сці, транспарту, сельскай гаспадаркі мяняе ход глебаўтваральнага працэсу (часцей у бок тармажэння), уплывае на фіз.-хім. ўласцівасці глебы, здольнасць яе да самаачышчэння, вядзе да назапашвання забруджвальнікаў у раслінах: небяспечныя хім. элементы і прадукты іх пераўтварэння могуць трапляць у арганізм жывёл і чалавека. Большая ч. ўсіх адходаў акумуліруецца ў паверхневым (3—5 см) пласце глебы, больш за ўсё шкодных рэчываў намнажаецца ў паніжаных месцах, на ўзгорыстых і горных мясцінах, у поймах рэк таксічных рэчываў застаецца менш (вымываюцца патокамі вады). Маштабы З.г. у наш час набылі глабальны характар: тэхнагеннае паступленне жалеза на паверхню Зямлі перавышае натуральнае больш як у 10 разоў, медзі ў 26, цынку ў 15; для аховы ўраджаю с.-г. культур выкарыстоўваецца больш за 900 хім. злучэнняў; штогод у свеце назапашваецца каля 20 млрд. т аргана-мінер. і мінер. адходаў, з мінер. ўгнаеннямі на палі ў глебу ўносіцца каля 60 млн. т азоту, фосфару і калію, каля 4—5 млн. т пестыцыдаў.

На Беларусі найб. колькасць вытв. забруджванняў прыпадае на прадпрыемствы хім. прам-сці. У глебавым покрыве вакол гарадоў Гомель, Гродна, Магілёў, Мазыр, Наваполацк адзначаны павышаныя колькасці сярністага ангідрыду, вокіслаў вугляроду, азоту, цяжкіх металаў. У р-не г. Салігорск назіраецца засаленне глебы адходамі калійнай вытв-сці. Папярэджанне З.г. — адна з асн. задач аховы глебаў.

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 6, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)