САЛІТО́Н,

структурная ўстойлівая адасобленая хваля ў нелінейным дыспергавальным асяроддзі. Паводзіць сябе як часціца: пры ўзаемадзеянні паміж сабой ці з інш. ўзбурэннямі асяроддзя С. не разбураюцца, а разыходзяцца з захаваннем сваёй структуры, якая застаецца стацыянарнай за кошт спалучэння нелінейнасці асяроддзя і дысперсіі (гл. Дысперсія хваль). Уласцівасці С. ўлічваюцца ў тэорыі кандэнсаваных асяроддзяў, квантавай статыстыцы, тэорыі фазавых пераходаў.

т. 14, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЁР (франц. valeur літар. каштоўнасць),

у жывапісе і графіцы абазначэнне сілы колеравага тону, багацця ў ім градацый святла і ценю. Ад дакладнай перадачы гэтых адценняў, суадносін і пераходаў тонаў залежыць праўдзівасць і паўната адлюстравання рэчаіснасці. Выкарыстанне сістэмы валёра дае магчымасць больш тонка і багата паказваць прадметы ў святлопаветраным асяроддзі (творы жывапісцаў-каларыстаў Д.Веласкеса, Я.Вермера, І.Левітана, В.Сурыкава, В.​Бялыніцкага-Бірулі, І.​Хруцкага і інш.).

т. 3, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НА ДЫЁД,

паўправадніковая прылада, у якой пры дасягненні «крытычнай» напружанасці поля ўзбуджаюцца эл. ваганні. Прынцып работы засн. на Гана эфекце. Мае амічныя кантакты (без p-n-пераходаў). Выкарыстоўваецца ў радыётэхніцы ў ланцугах звышвысокай частаты для генерацыі і ўзмацнення ваганняў з частатой ад 0,1 да 100 ГГц і магутнасцю да 200 Вт (у імпульсным рэжыме; у неперарыўным — да 200 мВт), для стварэння хуткадзейных элементаў электронных прылад і інш.

т. 5, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

П’ЕР-СЕН-МАРТЭ́Н (Pierre-Saint-Martin),

карставы правал у сумежным раёне Францыі і Іспаніі, у Зах. Пірэнеях. Глыб. 1350 м (адзін з самых глыбокіх у свеце). Выпрацаваны ў вапняках. Складаецца з верт. натуральнай шахты (глыб. каля 350 м), некалькіх вял. залаў, размешчаных на розных узроўнях. Найб. значная — ніжняя зала (Верна). Агульная даўж. залаў, пераходаў і калодзежаў 32,6 км. Выяўлены ў 1950 франц. спелеолагам Ж.​Лепінё.

т. 12, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЬСАН, Уілсан (Wilson) Кенет Гедэс (н. 8.6.1936, г. Уолтэм, ЗША), амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл. Нацыянальнай АН. Скончыў Гарвардскі ун-т (1956), дзе працаваў у 1959—62. З 1963 у Корнелскім ун-це (з 1971 праф.). Навук. працы па квантавай тэорыі поля, тэорыі элементарных часціц і стат. фізіцы. Прапанаваў тэорыю фазавых пераходаў другога роду (тэорыя Вільсана), у якой даў дакладнае тлумачэнне тэмпературнай залежнасці цеплаёмістасці пры малых тэмпературах. Нобелеўская прэмія 1982.

К.Г.Вільсан.

т. 4, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫСАГЛЕ́БСКІ Леанід Аляксандравіч (н. 6.4.1912, г. С.-Пецярбург),

бел. фізік-тэарэтык. Д-р фізіка-матэм. н. (1970), праф. (1972). Скончыў ун-т імя Стафана Баторыя ў Вільні (1938). З 1944 у БДУ. Навук. працы па квантавай механіцы, атамнай і ядзернай фізіцы, вывучэнні імавернасцяў забароненых радыяцыйных пераходаў атамаў, ядраў і электроннай канверсіі гама-выпрамянення. Распрацаваў рэлятывісцкую тэорыю элементарнай часціцы, якая можа знаходзіцца ў адвольных спінавых станах.

Тв.:

Квантовая механика. 2 изд. Мн., 1988.

т. 2, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭТАЛЁВАЙ РАЎНАВА́ГІ ПРЫ́НЦЫП,

агульнае палажэнне статыстычнай фізікі, паводле якога кожны мікраскапічны працэс у раўнаважнай сістэме працякае з той жа скорасцю, што і адваротны яму. Скорасць працэсу ў гэтым выпадку разглядаецца ў статыстычным сэнсе як сярэдняе значэнне скорасці вял. колькасці аднолькавых мікрапрацэсаў. У квантавай тэорыі Д.р.п. выяўляецца ў роўнасці імавернасцей прамога і адваротнага працэсаў. Выкарыстоўваецца пры рашэнні задач фіз. і хім. кінетыкі, пры вызначэнні характарыстык квантавых пераходаў і працэсаў сутыкнення атамных і ядз. часціц.

т. 6, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМО́РНІКІ,

катэгорыя вольных і прыгонных людзей на Беларусі ў 16—19 ст. без уласнага двара і зямлі. Наймалі ў іншых жыллё (адсюль назвы падсуседзі, кутнікі, сябры, бабылі), зямлю (агароднікі) за грошы, натуральнае ўтрыманне і паднявольную працу ў якасці парабкаў. Займаліся таксама дробным гандлем і рамяством. Зліліся з асн. масай прыгонных па меры ўкаранення падушных рэвізій, забароны вольных пераходаў, надзялення зямлёй у час абавязковай інвентарызацыі маёнткаў царскім урадам (1840—50-я г.).

Я.​К.​Анішчанка.

т. 7, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЎТВАРЭ́ННЕ,

пераход рэчыва з вадкага або цвёрдага стану ў газападобны; адзін з фазавых пераходаў 1 роду. П. са свабоднай паверхні вадкасці наз. выпарэннем, з паверхні цвёрдага цела — сублімацыяй. У замкнутым аб’ёме П. ідзе да таго часу, пакуль прастора над вадкасцю (цвёрдай фазай) не запоўніцца парай, ціск якой роўны раўнаважнаму пры дадзенай т-ры (ціск насычэння). П. у аб’ёме (кіпенне) абумоўлена ўзнікненнем бурбалак насычанай пары на сценках пасудзіны і іх ростам у аб’ёме вадкасці.

т. 12, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛУАРЭСЦЭ́НЦЫЯ (ад назвы мінералу флюарыт),

кароткачасовая люмінесцэнцыя. Час затухання не перавышае 10​−8 с пасля спынення ўзбуджэння. Узнікае ў выніку спантанных пераходаў узбуджаных атамаў (малекул) у нармальны стан. Апісаў і даследаваў Дж.Г.Стокс.

Спектры Ф., яе палярызацыя і кінетыка звязаны са структурай і сіметрыяй малекул. характарам іх узаемадзеяння, залежаць ад канцэнтрацыі раствораў, віду ўзбуджэння і інш. Выкарыстоўваецца пры вывучэнні структуры крышталёў і эксітонных працэсаў у іх, энергет. узроўняў малекул, іх структуры і ўзаемадзеянняў і інш. Гл. таксама Люмінесцэнтны аналіз.

т. 16, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)