МЕТАНІ́МІЯ (ад грэч. metōnymia перайменаванне),

перанос назвы аднаго прадмета ці з’явы на інш. прадмет ці з’яву на аснове пэўнай прычыннай сувязі паміж імі; від паэт. mpona. М. — ужыванне імя аўтара ў значэнні напісаных ім твораў («вывучаю Пушкіна», «купіў Багдановіча»), назвы краіны — у значэнні насельніцтва, якое там жыве («Уся Беларусь узнялася супраць фашысцкіх захопнікаў»), назвы прылады дзеяння замест яго самога ці яго вынікаў («пяро Купалы», «пэндзаль Бялыніцкага-Бірулі»), назвы посуду замест таго, што ў ім звычайна знаходзіцца («выпіў кубак», «з’еў талерку»), перанос значэння ўнутр. уласцівасці рэчы на яе самую («смеласць гарады бярэ») і г.д. Адзін з відаў М. — сінекдаха.

В.​П.​Рагойша.

т. 10, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЫЛТРАНСФЕРА́ЗЫ, трансметылазы,

ферменты класа трансфераз, якія каталізуюць абарачальны перанос метыльнай групы (CH3-групы). Донар CH3-групы — пераважна метыянін, які разам з вытворнымі вітаміну B12 і фоліевай к-ты пры ўдзеле М. ўтварае сістэму пераметыліравання ў жывых арганізмах.

т. 10, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБДУ́КЦЫЯ,

перанос акіянічнай кары і мантыі на ўскраіну кантынента. У выніку абдукцыі цяжкія блокі акіянскай літасферы нагрувашчваюцца на менш шчыльную кантынентальную кару, утвараючы афіялітавыя комплексы (гл. Афіяліты). Пашыраны ў знешніх частках складкавых абласцей Апалачаў, Альпаў, Гімалаеў, Андаў і інш.

т. 1, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІНАТРАНСФЕРА́ЗЫ, трансаміназы,

ферменты, якія зваротна каталізуюць перанос амінагрупы (-NH2) ад амінакіслот на кетакіслоты без прамежкавага ўтварэння аміяку. Рэакцыі з удзелам амінатрансферазаў забяспечваюць сувязь бялковага і вугляводнага абменаў ў жывых арганізмах. Вызначэннем актыўнасці асобных амінатрансферазаў карыстаюцца ў дыягностыцы хвароб нырак, сэрца.

т. 1, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАЛАПРАТЭІ́ДЫ, металапратэіны,

складаныя бялкі, якія маюць у сабе іоны металаў (жалеза, медзь, цынк і інш.). У жывых арганізмах выконваюць функцыі каталізатараў біяхім. рэакцый, дыхальных пігментаў, пераносчыкаў кіслароду, металаў, ферментаў (металаферментаў). Напр., назапашванне і перанос жалеза (ферытын, трансферын), медзі (цэрулаплазмін), цынку (карбаангідраза, карбаксіпептыдаза) і інш.

т. 10, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯТРО́ФІЯ,

харчаванне адных арганізмаў (біятрофаў) біямасай інш. арганізмаў; адна з формаў біятычных узаемаадносін у біяцэнозе. Забяспечвае перанос рэчыва і энергіі ад прадуцэнтаў (утваральнікаў першаснай прадукцыі) да кансументаў (біясінтэз другаснай прадукцыі) і рэдуцэнтаў. Біятрофія можа быць унутрыпапуляцыйнай (унутрывідавой) і міжпапуляцыйнай (у т. л. міжвідавой), мець характар драпежніцтва, паразітызму ці сімбіёзу. Гл. таксама Сапратрофы.

т. 3, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫПАСА́ТЫ (ад анты... + пасаты),

заходні перанос паветра ў трапасферы трапічных шырот над слоем усх. вятроў — пасатаў. Развіты на выш. 2—3 км каля тропікаў, да 10 км і больш (бліжэй да экватара). З’яўляюцца перыферыйнай часткай зах. пераносу паветра, які пануе ў верхняй трапасферы і ніжняй стратасферы Паўн. і Паўд. паўшар’яў зямнога шара.

т. 1, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЗІ́ЛІЯ (Brasilia),

горад, сталіца Бразіліі. Размешчана ў цэнтр. ч. Бразільскага пласкагор’я, на беразе штучнага вадасховішча. 1596,3 тыс. ж. (1991, у межах Федэральнай акругі). Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Лёгкая і харч. прам-сць. Ун-т.

Рашэнне пра буд-ва Бразіліі прынята Нац. кангрэсам Бразіліі ў 1955 з мэтаю выканання спец. параграфа канстытуцыі 1891 пра перанос сталіцы з Рыо-дэ-Жанейра ў пункт, блізкі да геагр. цэнтра краіны. Буд-ва пачата ў 1957. Афіц. перанос сталіцы адбыўся 21.4.1960.

Будаваўся з 1957 пад кіраўніцтвам арх. Л.​Косты паводле яго ген. плана. Горад у плане нагадвае самалёт або птушку ў палёце (у «фюзеляжы» — цэнтр. плошчы з грамадскімі будынкамі, у «крылах» — жылыя раёны). На цэнтр. трохвугольнай пл. Трох улад размешчаны Палац урада, будынкі Нац. кангрэса і Вярх. суда; на беразе вадасховішча — Палац прэзідэнта (Палац Світання). Пабудаваны таксама сабор (1970), будынкі мін-ваў унутр. спраў (1966), узбр. сіл (1974) і інш. Гал. аўтар экспрэсіўных, пластычных і сімвалічных па форме грамадскіх будынкаў арх. О.Німеер. Стварэнне Бразіліі — смелы горадабуд. эксперымент, дзе выявіліся навізна і своеасаблівасць планіроўкі і забудовы, дакладнасць арганізацыі трансп. патокаў, удала выкарыстаны ландшафт.

т. 3, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБУМІ́НЫ,

простыя глабулярныя бялкі. Раствараюцца ў вадзе, салявых растворах, разбаўленых к-тах і шчолачах. У растворы сульфату амонію (больш за 50%) высольваюцца. Ёсць у сываратцы крыві (сываратачны альбумін), у малацэ (лактальбумін), яечным бялку (авальбумін), у насенні раслін і інш. Асн. рэзервовыя бялкі арганізма, здольныя забяспечваць звязванне і перанос крывёй вітамінаў, гармонаў (напр., з альбумінамі звязана 75—82% кортыкастэроідаў крыві). Выкарыстоўваюцца ў мед., кандытарскай, тэкст. і інш. прам-сці.

т. 1, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫНАМЕ́ТРЫЯ (ад актына... + ...метрыя),

раздзел метэаралогіі, які вывучае перанос і ператварэнне сонечнага, зямнога і атмасфернага выпрамянення ў атмасферы Зямлі. Гал. задачы актынаметрыі — вымярэнне прамой, рассеянай, сумарнай і адбітай радыяцыі і радыяцыйнага балансу зямной паверхні, вывучэнне заканамернасцяў паглынання і рассейвання радыяцыі ў атмасферы і геагр. размеркавання яе. Актынаметрычныя назіранні пачаліся ў 17 ст., на Беларусі з 1936. У 1994 праводзіліся на 10 станцыях: у Мінскім гідраметэацэнтры, на аграметэастанцыі Васілевічы, Палескай балотнай станцыі і інш.

М.​А.​Гольберг.

т. 1, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)