ВОЛЬТ-АМПЕ́Р,

адзінка поўнай магутнасці эл. ланцуга пераменнага току пры вымярэнні эфектыўных значэнняў сілы току ў амперах і напружання ў вольтах. Абазначаецца ВА. Адзінка рэактыўнай магутнасці — вар (вольт-ампер рэактыўны; гл. таксама Ват).

т. 4, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІТАТЭРАПІ́Я,

метад фізіятэрапіі, заснаваны на выкарыстанні ў лекавых мэтах пераменнага нізкачастотнага магнітнага поля. Мясц. ці агульнае ўздзеянне магнітным полем мае супрацьзапаленчы, абязбольваючы і спазмалітычны эфект. М. выкарыстоўваюць пры хваробах апорна-рухальнага апарата, органаў стрававання, мышцаў, перыферычнай нерв. сістэмы.

т. 9, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДУКТЫ́ЎНАСЦІ ВЫМЯРА́ЛЬНІК,

прылада для вымярэння індуктыўнасці вагальных контураў, абмотак трансфарматараў і дроселяў, шпуль індуктыўнасці і інш. Найб. пашыраныя І.в., прынцып дзеяння якіх заснаваны на метадах «вальтметра-амперметра», маставым і рэзанансным. Выкарыстоўваецца ў інфарм.-вымяральных сістэмах, аўтаматызаваных сістэмах кантролю і інш.

І.в., заснаваныя на метадзе «вальтметра-амперметра», выкарыстоўваюцца для ўскосных вымярэнняў параўнальна вял. індуктыўнасцей (больш за 0,1 Гн) з малым амічным супраціўленнем. Індуктыўнасць вызначаецца на аснове Ома закона для пераменнага току (гл. Індуктыўнае супраціўленне). У маставых І.в. асн. элемент — мост вымяральны пераменнага току, які мае ўзорныя ёмістасці (найчасцей) ці шпулі індуктыўнасці. Пры ўраўнаважванні моста вызначаюцца амічнае супраціўленне і індуктыўнасць. Рэзанансныя метады заснаваны на выкарыстанні рэзанансных уласцівасцей вагальнага контуру, утворанага дадзенай індуктыўнасцю і ўзорнай ёмістасцю (гл. Дыхтоўнасці вымяральнік).

т. 7, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́НІЯ ЭЛЕКТРАПЕРАДА́ЧЫ (ЛЭП),

збудаванне з праваднікоў току, дапаможных канструкцый і прыстасаванняў для перадачы электраэнергіі ад электрастанцый да спажыўцоў. Разам з трансфарматарнымі і пераўтваральнымі электрычнымі падстанцыямі складаюць электрычную сетку, з’яўляюцца адным з асн. звёнаў энергетычнай сістэмы Бываюць паветраныя і кабельныя, пераменнага (да 1150 кВ) і пастаяннага (да 1500 кВ) току, нізкага (да 1 кВ) і больш высокіх напружанняў. Першая ў свеце ЛЭП пераменнага трохфазнага току пабудавана ў 1891 М.В.Даліва-Дабравольскім.

Паветраныя ЛЭП складаюцца: з апор ліній электраперадачы (асн. элементы — стойкі, фундаменты, траверсы, тросастойкі, адцяжкі), правадоў (адно- і многадрацяныя медныя, алюмініевыя і сталеалюмініевыя), лінейнай ізаляцыі (фарфоравыя або шкляныя штыравыя і падвесныя ізалятары электрычныя): арматуры (падтрымныя і нацяжныя заціскачкі, вушкі, почапкі, клямары, вібрагасільнікі, злучальнікі правадоў), стальных маланкаахоўных тросаў (падвешваюцца на падыходах да падстанцый на ЛЭП 35 кВ і па ўсёй даўжыні на ЛЭП 110 кВ і вышэй з жалезабетоннымі і метал. апорамі). Кабельная лінія электраперадачы складаецца з сілавых кабеляў, кабельных муфтаў, мацавальных дэталяў. Пракладваецца пад зямлёй, пад вадой, на апорах, эстакадах (у гарадах і на буйных прамысл. прадпрыемствах) Распрацоўваюцца ЛЭП з ізаляванымі саманясучымі і з ахоўнымі правадамі, крыярэзістыўныя, звышправодныя і інш. У Беларускай энергетычнай сістэме эксплуатуюцца паветраныя ЛЭП пераменнага току напружаннем 0,38, 0,66, 6, 10, 35, 110, 220, 330, 750 кВ і кабельныя напружаннем 0,38, 6, 10 і 110 кВ.

М.​А.​Караткевіч.

т. 9, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОСТ ВЫМЯРА́ЛЬНЫ,

прылада для вымярэння эл. велічынь (супраціўлення, ёмістасці і інш.) метадам параўнання з узорнай мерай. М.в. бываюць пераменнага току; ураўнаважаныя (найб. дакладныя; прынцып работы засн. на нулявым метадзе вымярэнняў і неўраўнаважаныя (значэнні вымеранай велічыні адлічваюць па паказаннях вымяральнай прылады; пры нестабільнай крыніцы сілкавання ў якасці вымяральнага механізма выкарыстоўваецца, напр., лагометр); з ручным ўраўнаважваннем і аўтаматычныя (выкарыстоўваюцца таксама для неперарыўных вымярэнняў). Амічныя супраціўленні вымяраюць М.в. пастаяннага току адзінарнымі (4-плечнымі; ад 1 Ом і вышэй), падвойнымі (6-плечнымі; да 1 Ом) і камбінаванымі (ад 10​−8 да 10​8 Ом). Ёмістасці і індуктыўнасці вымяраюць М.в. пераменнага току 4-плечнымі (найб. пашыраны) і 6-плечнымі. Пры спалучэнні М.в. з вымяральнымі пераўтваральнікамі вызначаюць неэл. велічыні (напр., т-ру, дэфармацыю, паскарэнне). Выкарыстоўваюцца ў электра- і радыётэхн. апаратуры, даследчых лабараторыях і на прадпрыемствах.

т. 10, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОДАПАДЗЕ́ЛЬНАЯ ПРАСТО́РА,

міжрэчча, якое не мае сцёку ў якую-н. рачную сістэму або мае слабы сцёк пераменнага напрамку. На раўнінах часта забалочаная, напр. на Бел. Палессі на ёй могуць узнікаць біфуркацыя рэк і рачныя перахопы; у гарах — міжгорныя катлавіны або цэнтр. ч. хрыбтоў каля лініі водападзелу.

т. 4, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМПЕРВАЛЬТО́ММЕТР, тэстэр,

універсальная прылада для вымярэння эл. напружання, сілы пераменнага і пастаяннага току, эл. актыўнага супраціўлення. Складаецца з амперметра, вальтметра, омметра. Бывае аналагавы (са стрэлачным ці светлавым паказальнікам) і лічбавы. Дае магчымасць выяўляць разрыў і кароткае замыканне ў эл. ланцугах, вызначаць рэжым работы асобных вузлоў электра- і радыёапаратуры.

т. 1, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАТА́Н-600, радыётэлескоп Расійскай АН з дыяметрам кальца каля 600 м, найбуйнейшы радыётэлескоп з антэнай пераменнага профілю. Знаходзіцца на Паўн. Каўказе паблізу станіцы Зелянчукская. Прызначаны для вывучэння касм. радыёвыпрамянення ў дыяпазоне ад 8 мм да 21 см. Дакладнасць вызначэння вуглавых каардынат крыніц радыёвыпрамянення да 0,1.

Радыётэлескоп РАТАН-600.

т. 13, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯЛІ́ЛЬНІК,

1) Дз. напружання — электратэхнічная прылада для дзялення напружання пастаяннага (ці пераменнага) току на часткі. Складаецца з актыўных або рэактыўных электрычных супраціўленняў. Пры нізкіх напружаннях выкарыстоўваюць актыўныя (амічныя) Дз., для пераменнага току, акрамя таго, рэактыўныя (ёмістыя, індуктыўныя) Дз., для высокіх напружанняў — ёмістыя (на пераменным току) і актыўныя (на пастаянным току). З дапамогай Дз. адбіраюць невял. магутнасці ад лініі электраперадачы, вымяраюць напружанне і інш. Гл. таксама Атэнюатар, Рэастат.

2) Дз. частаты — радыёэлектронная прылада для змяншэння частаты падведзеных эл.магн. ваганняў у цэлую колькасць разоў. Для дзялення частаты выкарыстоўваюць нелінейныя прылады: электронныя лічыльнікі, імпульсныя генератары (напр., блокінг-генератары, мультывібратары), генератары з самаўзбуджэннем і інш. Выкарыстоўваюць у сінтэзатарах частот, хранізатарах, кварцавых гадзінніках, радыё- і вымяральнай тэхніцы, электрасувязі, радыёлакацыі, тэлебачанні і інш.

Нізкавольтныя дзялільнікі напружання: 1 — амічны; 2 — ёмістасны; 3 — індуктыўны; U1 — уваходнае напружанне; U2 — выхадное напружанне.

т. 6, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАПЛАЗМО́З,

інвазійная трансмісіўная хвароба буйной і дробнай рагатай жывёлы, якая выклікаецца паразітаваннем у крыві анаплазмаў. Пераносчыкі — іксодавыя кляшчы і крывасосныя насякомыя. Адзначаецца ўсюды, часцей у вяснова-восеньскі перыяд. Характарызуецца гарачкай пераменнага тыпу, прагрэсіўнай анеміяй, павелічэннем паверхневых лімфавузлоў, ацёкамі, атаніяй страўнікава-кішачнага тракту. Смяротнасць невялікая. Лячэнне тэрапеўтычнае. У мэтах прафілактыкі жывёл у летні час апрацоўваюць акарыцыднымі сродкамі.

т. 1, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)