вучоны ў галіне метэаралогіі і хіміі атмасферы. Чл. Каралеўскай АН Швецыі (1992), чл.-кар. Каралеўскай АН Нідэрландаў (1990) і Нац.АН ЗША (1994). Скончыў Стакгольмскі ун-т (1963). З 1980 у Ін-це біяхіміі імя М.Планка (г. Майнц, Германія). Навук. працы па даследаванні працэсаў утварэння і раскладання азону ў атмасферы, уплыву забруджання паветра на азонавы слой Зямлі. Нобелеўская прэмія 1995 (разам з М.Моліна, Ш.Роўландам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮ́ЛЕР ((Müller) Паўль Герман) (12.1.1899, г. Ольтэн, Швейцарыя — 12.10.1965),
швейцарскі хімік. Скончыў Базельскі ун-т (1925). З 1925 у даследчай лабараторыі фірмы «Гейгі» у г. Базель (з 1946 віцэ-дырэктар). Навук. працы па хім. сродках аховы раслін. Устанавіў, што некат. арган. злучэнні знішчаюць насякомых, але не аказваюць выяўленага дзеяння на расліны і млекакормячых. Выявіў інсектыцыдныя ўласцівасці ДДТ (дусту), распрацаваў метады выкарыстання ДДТ для барацьбы з сыпным тыфам і насякомымі-шкоднікамі сельскай гаспадаркі. Нобелеўская прэмія 1948.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ТГЕНШТЭЙН, Вітгенштайн (Wittgenstein) Паўль (5.11.1887, Вена — 3.3.1961), аўстрыйскі піяніст. Дэбютаваў у Вене ў 1913. У 1914 страціў на вайне правую руку, дасягнуў віртуознай тэхнікі левай рукі і працягваў канцэртную дзейнасць. Для Вітгенштайна напісаны фп. канцэрт для левай рукі М.Равеля, 4-ы фп. канцэрт С.Пракоф’ева, творы Р.Штрауса, П.Хіндэміта, Б.Брытэна. У 1931—38 праф. Новай кансерваторыі ў Вене. З 1938 жыў у ЗША, выкладаў. Стварыў шмат апрацовак фп. твораў для левай рукі. Аўтар кн. «Школа для левай рукі» (Лондан, 1957).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЙЗЕ, Хейзе (Heyse) Паўль фон (15.3.1830, Берлін — 2.4.1914), нямецкі пісьменнік. Атрымаў гуманітарную адукацыю ў Берлінскім і Бонскім ун-тах (1847—52). Адзін з кіраўнікоў мюнхенскага гуртка пісьменнікаў, прыхільнікаў «мастацтва дзеля мастацтва». Рамантычны настрой характэрны навелам («Арабіята», 1855, і інш.) і аповесцям Гайзе («Марыён», 1855, «Партрэт маці», 1859, і інш.). У раманах уздымаў пераважна этычныя праблемы: «Дзеці стагоддзя» (1873), «У раі» (1875), «Мерлін» (1892) і інш. Аўтар драм. твораў, вершаў, перакладаў італьян. паэзіі. Першы ням. пісьменнік, які атрымаў Нобелеўскую прэмію (1910).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЙНГАРТНЕР, Вайнгартнер (Weingartner) Фелікс Паўль фон (2.6.1863, г. Задар, Харватыя — 7.5.1942), аўстра-нямецкі дырыжор, кампазітар, муз. пісьменнік. Вучыўся ў г. Грац (Аўстрыя), у Лейпцыгскай кансерваторыі (1881—93). Працаваў оперным і канцэртным дырыжорам у ням. гарадах. У 1908—11 і 1935—36 дырэктар і гал. дырыжор Венскай оперы, у 1919—24 — т-ра «Фольксопер». Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў аўстра-ням. дырыжорскай школы. Тонкі інтэрпрэтатар твораў Л.Бетховена, Р.Вагнера, Г.Берліёза, А.Барадзіна, П.Чайкоўскага. Сярод яго твораў 9 опер, 7 сімфоній, 3 сімф. паэмы, інстр. і харавыя творы.
Тв.:
Рус.пер. — О дирижировании. Л., 1927;
Исполнение классических симфоний: Советы дирижерам. Т. 1. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́НДЭНБУРГ (Hindenburg; сапр.Бенекендорф і Гіндэнбург; Beneckendorff und Hindenburg) Паўль фон
(2.10.1847, г. Позен, цяпер г. Познань, Польшча — 2.8.1934),
ваенны і дзярж. дзеяч Германіі. Ген.-фельдмаршал (1914). Скончыў кадэцкі корпус. Удзельнік аўстра-прускай 1866 і франка-прускай 1870—71 войнаў. З 22.8.1914 камандуючы 8-й арміяй ва Усх. Прусіі, з 1.11.1914 — войскамі Усх. фронту. Дазволіў насельніцтву акупіраваных тэрыторый (у т. л. беларусам) адкрываць нац. школы, выдаваць газеты на роднай мове. З 29.8.1916 нач. Генштаба; склаў паўнамоцтвы пасля падпісання Германіяй Версальскага мірнага дагавора 1919. Шанаваўся немцамі як нац. герой 1-й сусв. вайны. У 1925—34 прэзідэнт Германіі. У 1933 прызначыў рэйхсканцлерам Германіі А.Гітлера. Аўтар успамінаў «З майго жыцця» (1920).
Літ.:
Руге В. Гинденбург: Портрет герм. милитариста: Пер. с нем. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́БЕЛЬС ((Goebbels) Паўль Іозеф) (29.10.1897, г. Райт, Германія — 1.5.1945),
палітычны і дзярж. дзеяч фаш. Германіі. Адзін з галоўных ням.-фаш. злачынцаў. Д-р філасофіі (1922). У 1917—21 вучыўся ў Бонскім, Мюнхенскім, Фрайбургскім і Гайдэльбергскім ун-тах. З 1925 чл. Нацыянал-сацыялістычнай партыі, з 1929 яе гал. прапагандыст. Дэп. рэйхстага (з 1928). Пасля прыходу да ўлады нацыстаў рэйхсміністр нар. асветы і прапаганды, кіраўнік Імперскай палаты культуры (1933—45); актыўна садзейнічаў усталяванню культу А.Гітлера, нацысцкага кантролю за сродкамі масавай інфармацыі і культ. жыццём краіны. У 1944 ген. ўпаўнаважаны па татальнай ваен. мабілізацыі. Пасля ўступлення сав. войск у Берлін скончыў самагубствам разам з жонкай, якая перад гэтым атруціла 6 сваіх дзяцей.
Літ.:
Черная Л.Б. Коричневые диктаторы: Гитлер, Геринг, Гиммлер, Геббельс, Борман, Риббентроп. М., 1992. С. 215—278.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́БЭ ((Kube) Рыхард Паўль. Вільгельм) (13.11.1887, г. Глогаў, Польшча — 22.9.1943),
кіраўнік нямецкай цывільнай акупац. адміністрацыі ў Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Скончыў Берлінскі ун-т. Чл. Нацыянал-сацыялісцкай рабочай партыі Германіі, у якой займаў кіруючыя пасады. Указам А.Гітлера ад 17.7.1941 прызначаны ген. камісарам Генеральнай акругі Беларусь. Пад яго кіраўніцтвам праводзілася палітыка генацыду, рабавання і знішчэння нац. багаццяў Беларусі; па яго ініцыятыве і пры садзейнічанні створаны Беларуская народная самапомач, Беларускае навуковае таварыства, Беларускі корпус самааховы, Беларуская рада даверу, Саюз беларускай моладзі і інш. арг-цыі, праз якія да супрацоўніцтва з акупантамі была прыцягнута частка бел. інтэлігенцыі. У час яго кіраўніцтва (вер. 1941 — вер. 1943) на Беларусі была знішчана б.ч. яўрэяў, праведзена каля 100 карных аперацый супраць насельніцтва і партызан, выяўлены і жорстка пакараны многія ўдзельнікі антыфаш. падполля, у т. л. Мінскага. Знішчаны патрыётамі ў ноч на 22.9.1943 у выніку выбуху міны ва ўласнай кватэры ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ТАРП ((Natorp) Паўль) (24.1.1854, Дзюсельдорф, Германія — 17.8.1924),
нямецкі філосаф, адзін з гал. прадстаўнікоў марбургскай школы неакантыянства. Вучань Г.Когена. Праф. філасофіі Марбургскага ун-та (1885). Цэнтр. месца ў яго філас. поглядах займае трактоўка кантаўскага паняцця «рэчы ў сабе», якое ён лічыў «гранічным паняццем» і пабуджальным пачаткам навук. пазнання. Н. затушоўвае прынцыповую кантаўскую розніцу паміж апрыёрнымі формамі пачуццёвасці і катэгорыямі розуму і пераносіць яе ў разрад чыста лагічных праблем. Класічным прыкладам навукі, на яго думку, выступае матэм. аналіз, дзе канструкцыі чыстага мыслення выцясняюць усе спец. аб’екты. Н. даследаваў ант. філасофію, асабліва вучэнне Платона, якое разглядаў з неакантыянскіх пазіцый. Сац.-філас. погляды Н. спалучаюць у сабе характэрныя для марбургскай школы ідэі «этычнага сацыялізму» з лібералізмам. Галоўным у сац. педагогіцы Н. было палажэнне пра неабходнасць адукацыі індывіда ў якасці перадумовы яго ўдзелу ў агульначалавечым руху за пабудову ідэальнага грамадства. Аўтар прац: «Сацыяльная педагогіка» (1899), «Вучэнне аб ідэях Платона» (1903), «Філасофія як праблема і яе праблемы» (1911) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́Е ((Klee) Паўль) (18.12.1879, Мюнхенбухзе, каля г. Берн, Швейцарыя — 29.6.1940),
швейцарскі жывапісец і графік. Працаваў у Германіі, з 1933 у Берне. Вучыўся ў Мюнхенскай АМ (1898—1901). З 1921 выкладаў у «Баўгаузе», у 1930—33 у Дзюсельдорфскай АМ. Чл. аб’яднання «Сіні коннік» (1911—14), адзін з заснавальнікаў маст. груп «Новая мюнхенская сецэсія» (1914), «Блакітная чацвёрка» (1924). Малюнкам, гравюрам і акварэлям ранняга перыяду ўласцівы рысы сімвалізму і сюррэалізму, лінеарнасць і манахромнасць; ствараў гратэскныя ілюстрацыі («Кандыд» Вальтэра, 1911—12). У сталы перыяд пад уплывам П.Сезана і В.Кандзінскага, падарожжа ў Туніс у 1914 ствараў фармальныя імправізацыі, заснаваныя на суб’ектыўных вобразах і перажываннях, глыбока індывідуальна пераасэнсоўваў кубізм, абстракцыянізм, экспрэсіянізм і інш. плыні. Творам уласцівы рытмічнасць, імкненне да сімвалічнасці каларыту, арган. ўключэнне ў геаметрызаваныя кампазіцыі стылізаваных выяў птушак, дрэў, фігур людзей і інш.: «Пейзаж з зялёнымі птушкамі» (1923), «Маленькая казка нейкіх карлікаў» (1925), «Пісьмо-прывід» (1937), «Жывёліны ў гушчары» (1938). У творах 1930-х г. («Галава пакутніка», «У эміграцыю», «Вымушаны сыход», «Новыя парадкі») перадаў трагедыю змрочных часоў фашызму. У позні перыяд фігуратыўнасць работ К. ўвасаблялася праз рытм знакаў, ідэаграм, рунаў, іерогліфаў («Праект» і «Узнёсласць», 1938; «Смерць і полымя», 1940), пераважала тэматыка смерці («Змрочнае падарожжа на караблі», 1940, і інш.).