ВАРЫ́СТАР [англ. varistor ад vari(able) пераменны + (resi)stor супраціўленне],

паўправадніковы рэзістар, супраціўленне якога залежыць ад прыкладзенага напружання. Паводле канструкцыі бывае ў выглядзе дыска, таблеткі, стрыжня, пацеркі і інш. Выкарыстоўваецца ў прыладах для стабілізацыі і рэгулявання напружання і току, эл. аховы, мадулятарах і памнажальніках частаты і інш.

т. 4, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЯЛІ́,

гарадзішча каля в. Кісялі Талачынскага р-на Віцебскай вобл. Датуецца 4—5—13 ст. Пры даследаванні выяўлены рэшткі шматкамерных жытлаў слупавой канструкцыі, ляпная (штрыхаванай, днепра-дзвінскай і банцараўскай культур) і ганчарная кераміка; жал. прылады працы, касцяныя гарпуны, гліняныя, шыферныя і бурштынавыя прасліцы, бронзавыя ўпрыгожанні, шкляныя пацеркі, бранзалеты і інш. рэчы.

т. 8, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІ́НІШЧА,

курганны могільнік крывічоў (канец 9 — пач. 11 ст.) каля в. Глінішча Полацкага р-на Віцебскай вобл. 60 паўсферычных курганоў, з іх даследавана 20. Пахавальны абрад — трупаспаленне пад насыпам, у адным кургане — трупапалажэнне галавой на З. Знойдзены ляпныя гаршкі, характэрныя для доўгіх курганоў Полаччыны і Смаленшчыны, шкляныя пацеркі, бронзавыя пярсцёнкі, скроневае кольца з серпападобнымі канцамі, нажы, серп і інш.

т. 5, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЖО́ВЫЯ І́КЛЫ, біўні,

зубы верхняй сківіцы маржа. У самцоў даўж. да 82 см, маса да 3 кг, сціснутыя з бакоў; у самак карацейшыя і больш акруглыя ў сячэнні. Растуць усё жыццё. З іх дапамогай морж выкопвае з дна корм, узбіраецца на лёд, абараняецца ад ворагаў. Выкарыстоўваюць у дэкар. мастацтве (дробная скульптура, нажы, брошкі, пацеркі і інш.).

т. 10, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРКІ́,

курганны могільнік крывічоў (8—9 ст.), гарадзішча жал. веку і селішча 11—12 ст. каля в. Баркі Полацкага р-на. На могільніку даследавана 9 курганоў, у т. л. доўгі. Пахавальны абрад — трупаспаленне пад насыпам на грунце. У шэрагу выпадкаў рэшткі крэмацыі змешчаны ў ямцы, накрытай гаршком. Знойдзены ўпрыгожанні (бронзавыя падвескі, грыўня, бранзалеты, шкляныя пацеркі і інш.), ляпныя гаршкі. Доўгі курган — пусты (кенатаф).

т. 2, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́НЬ,

гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры і эпохі сярэдневякоўя на месцы паселішча мілаградскай культуры, каля в. Івань Слуцкага р-на Мінскай. Знойдзены абломкі керамікі, жал. нажы, сярпы, наканечнікі кап’я і стрэл, бронзавыя падвескі, фібула, шкляныя пацеркі і інш. З 3-й чвэрці 1 ст. і ў 12—13 ст. гарадзішча, відаць, выкарыстоўвалася як сховішча для насельніцтва.

Касцяное дзяржанне з цыркульным арнаментам з гарадзішча Івань.

т. 7, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗДЗЯ́ЦІЧЫ,

гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры, курганныя могільнікі 8—9 ст. (з трупаспаленнямі) і 11—12 ст. дрыгавічоў (з трупапалажэннямі) каля в. Аздзяцічы Барысаўскага р-на Мінскай вобл. Выяўлены рэшткі 2 заглыбленых у зямлю жытлаў, ляпны посуд, прасліцы, жал. наканечнікі коп’яў і інш. У курганах 8—9 ст. знойдзены бронзавыя ўпрыгожанні, ляпныя гаршкі; у пахаваннях дрыгавічоў — бронзавыя і шкляныя пацеркі, скроневыя падвескі, жалезны нож і інш.

т. 1, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАДЗІ́ЛАВІЧЫ,

курганны могільнік радзімічаў 10—12 ст. каля в. Гадзілавічы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. 124 насыпы (было каля 400). Пахавальны абрад — трупапалажэнне. Сярод знаходак бронзавыя паясныя кольцы, нажы, крэсівы, упрыгожанні (бронзавыя прамянёвыя скроневыя кольцы, шкляныя бочачкападобныя залачоныя, пасярэбраныя і зонныя пацеркі, медныя пярсцёнкі, падвескі, бранзалеты), фрагменты ганчарнага посуду. На думку Г.​Ф.​Салаўёвай, група мужчынскіх пахаванняў — некропаль дружыннікаў. Побач з могільнікам існавала паселішча эпохі Кіеўскай Русі.

т. 4, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАВЫ́Я,

гарадзішча днепра-дзвінскай культуры і курганны могільнік полацкіх крывічоў каля в. Гаравыя Полацкага р-на Віцебскай вобл. На гарадзішчы выяўлены рэшткі доўгіх жытлаў слупавой канструкцыі, каменнае агнішча; сярод знаходак ляпны гліняны посуд, жал. прылады працы, косці жывёл. На могільніку было 38 круглых і падоўжаных у плане насыпаў; пахавальны абрад — трупаспаленне; пахавальны інвентар (шкляныя пацеркі, бронз. ўпрыгожанні, ляпныя гаршкі) выяўлены толькі ў 3 курганах.

т. 5, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЦЯНІ́,

гарадзішча мілаградскай культуры каля в. Кісцяні Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. Датуецца 2-й пал. 1-га тыс. да н. э. — пач. 1 ст. н. э. Даследаваннямі выяўлены рэшткі наземнай пабудовы слупавой канструкцыі, фрагменты ляпных яйцападобных пасудзін, жал. сярпы, шпілька, кольцы, бронзавыя ўпрыгожанні, касцяныя праколкі, шкляныя і гліняныя пацеркі і інш. Існуе меркаванне, што ў 6—7 ст. н. э. гарадзішча выкарыстоўвалася як сховішча.

т. 8, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)