БРЫТА́НІЯ (лац. Britannia),
адна з стараж. назваў сучаснай Англіі (Вялікабрытанія). Паходзіць ад назвы кельцкіх плямёнаў — брытаў, якія насялялі Брытанію ў 8 ст. да н.э. — 5 ст. н.э. З 43 н.э. — рымская правінцыя (Britannia Romana). Назва «Англія» замацавалася пасля англасаксонскага заваявання (5—6 ст.).
т. 3, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАЛО́ТЫ,
адна з саманазваў усіх або адной груп прычарнаморскіх скіфаў, пра якую піша Герадот (5 ст. да н.э.) у 4-й кнізе сваёй гіст. працы; сцвярджае таксама, што назва «С.» паходзіць ад скіфскага «цар». Некат. вучоныя мяркуюць, што С. наз. скіфы-земляробы.
т. 14, с. 433
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТНІ́К,
старажытная мера (адзінка) масы. Назва паходзіць ад златніка — стараж. рус. залатой манеты масай 4,2 г. Лікавае значэнне З. ў 16—19 ст. мянялася: у ВКЛ З. = 3,9 г (прыблізна), у Беларусі ў 19 — пач. 20 ст. З. = 1/96 фунта = 4,266 г. З. карысталіся пры вызначэнні пробы каштоўных металаў.
т. 6, с. 510
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РШЫ,
балцкае племя, якое жыло на З сучаснай Латвіі; лацінізаваная назва — куроны, у рус. летапісах — корсь. У 7—8 ст. адбілі напады скандынаваў (вікінгаў). Да пач. 17 ст. зліліся з інш. лат. плямёнамі (земгаламі і латгаламі) у адзіную лат. народнасць. Ад К. паходзіць назва гіст. вобласці Курземе (гл. Курляндыя).
т. 9, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́Ц,
бел. старажытная мера (адзінка) аб’ёму сыпкіх рэчываў і вадкасцей. У сістэме мер ВКЛ 1 К. = ¼ бочкі = 2 асьміны = 36 гарцаў = 102 л. З 1766 стала наз. чвэрцю. К. наз. таксама пасудзіна, вял. конаўка з ручкай. Назва паходзіць ад кары́, з якой першапачаткова выраблялі кубкі для піцця Гл. таксама Гарнец.
т. 8, с. 127
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АНЦУЕ́ЛЯ»,
бел. нар. танец, разнавіднасць кадрылі. Назва паходзіць, верагодна, ад адной з размоўных формаў жаночага імя Ганна — Анця, Анцінея. Бытаваў на Навагрудчыне (зафіксаваны на пач. 19 ст.). Танцавалі ў 2 або 4 пары па чарзе, потым усе разам. Асн. элемент руху — галоп. Муз. памер . Тэмп хуткі.
Л.К.Алексютовіч.
т. 1, с. 409
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІЁМА (ад грэч. glia клей + ...ома),
пухліна ц. н. с. (галаўнога і спіннога мозга), што паходзіць з клетак нейрагліі. Да гліёмы адносяцца: астрацытома, алігадэндрагліёма, палярная спангіябластома (разнавіднасць астрацытомы з марудным ростам), эпендымома. Разнавіднасцю злаякасных гліём з’яўляюцца гліябластома і медулабластома (гліёма саркаматозная), якая найчасцей бывае ў дзяцей, лакалізуецца ў вобласці мазжачка з інфільтратыўным ростам і хуткімі неўралагічнымі расстройствамі. Лячэнне хірургічнае.
т. 5, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯФЕ́Т, Іафет,
у Старым запавеце Бібліі адзін з трох сыноў (Сім, Хам, Я.) Ноя — адзінага з людзей, каму Бог даў магчымасць выратавацца з сям’ёй у час сусв. патопу. Лічыцца, што ад Я. і яго братоў паходзіць усё сучаснае чалавецтва. Паводле хрысц. падання, нашчадкі Я. насялялі Еўропу і ч. Азіі, утварыўшы т.зв. «яфетаву» (еўрапеоідную) расу.
т. 18, кн. 1, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАБАНЭ́РА [ісп. habanera ад г. Гавана (La Habana)],
кубінскі нар. танец і песня. Муз. памер 2/4. Тэмп умераны. 2-часткавая кампазіцыя з двух 8-тактавых перыядаў, кожны з якіх паўтараецца двойчы. Паходзіць ад еўрап. кантрданса, завезенага на Кубу ў канцы 18 ст. У 19 ст. распаўсюдзіўся ў Іспаніі. Адзін з прыкладаў танца — мелодыя Х. ў оперы «Кармэн» Ж.Бізэ.
т. 16, с. 513
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАСІ́ДЫ,
дынастыя арабскіх халіфаў, якая правіла ў Багдадзе ў 750—1258 (гл. Абасідаў халіфат). Паходзіць ад Абаса, дзядзькі Мухамеда. Заснавальнік дынастыі Абу-ль-Абас ас-Сафах [750—754], які скінуў Амеядаў. Найб. буйныя прадстаўнікі — Мансур [754—775], Харун ар-Рашыд [786—809], Мамун [813—833]. Пасля захопу Буідамі ў 945 Багдада Абасіды пазбаўлены свецкай улады. Апошні з Абасідаў аль-Мустасім [1242—58] у час нашэсця манголаў пакараны смерцю.
т. 1, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)