ГЕНЕАЛО́ГІЯ (ад грэч. genealogia радаслоўная),

спецыяльная гістарычная навука, якая вывучае паходжанне, гісторыю, сац. становішча, сваяцкія сувязі родаў і асоб. Вытокі генеалогіі ў язычніцкім кульце продкаў. Як галіна ведаў існавала ў Стараж. Рыме. У эпоху пераходу да феадалізму звесткі пра генеалогію — састаўная частка вусна-паэт. творчасці. У сярэдневякоўі былі вельмі пашыраны генеалагічныя паданні пра паходжанне родаў і цэлых народаў. Шырока вядома сага 12 ст. «Кніга пра ісландцаў» А.​Торгільсана пра паходжанне і генеалогію насельнікаў Ісландыі. У ВКЛ у 15—16 ст. бытавала легенда, што мясц. шляхта паходзіць ад рымскага патрыцыя Палемона і яго паплечнікаў, якія перасяліліся ў Літву. У ВКЛ былі шырока распаўсюджаны гербоўнікі, якія спалучалі звесткі з генеалогіі і геральдыкі. Як гіст. навука генеалогія склалася ў 16—18 ст., калі сталі распрацоўвацца метады складання радаводных табліц і роспісаў, сістэмы нумарацыі сваяцтва. У 19 ст. ўзніклі генеалагічныя т-вы ў Вялікабрытаніі і Аўстрыі, якія займаліся даследаваннямі на навук. аснове. З часам падобныя т-вы ўтварыліся ва ўсіх краінах Еўропы, зараз яны існуюць і на правінцыяльным узроўні. У Рэспубліцы Беларусь пытанні генеалогіі распрацоўваюць Ін-т гісторыі Нац. АН, Згуртаванне бел. шляхты, Бел. генеалагічнае т-ва, Аддзел геральдыкі і генеалогіі К-та па архівах і справаводстве.

Літ.:

История и генеалогия. М., 1977;

Genealogia. Warszawa, 1959.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

Да арт. Генеалогія. Шляхецкі герб і радаводнае дрэва Лазоўскіх.

т. 5, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАЦЮ́ША»,

народная назва баявых машын рэактыўнай артылерыі ў Вял. Айч. вайну. Мяркуюць, што паходжанне назвы звязана з заводскай маркай (літара «К»), якая была на машыне, і з аднайм. папулярнай песняй. Іл. «К» (БМ-13) гл. ў арт. Артылерыя.

т. 8, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАГЕ́Н (ад грэч. oros гара + genos паходжанне),

геалагічны тэрмін, уведзены аўстр. геолагам Л.​Коберам (1921) для азначэння заключнай стадыі развіцця тэктанічна рухомых зон зямной кары — геасінкліналяў, складкавае горнае ўтварэнне, што ўзнікае на месцы геасінклінальнай сістэмы на позніх стадыях яе эвалюцыі.

т. 1, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІПЕЛА́Г (італьян. arcipelago),

значная група астравоў, якія размешчаны паблізу адзін ад аднаго і звычайна разглядаюцца як адно цэлае. Астравы аднаго архіпелага найчасцей маюць аднолькавае паходжанне (мацерыковае, вулканічнае, каралавае) і падобную геал. будову (гл., напр., Канадскі Арктычны архіпелаг, Гавайскія а-вы, Маршалавы а-вы).

т. 1, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ТАН, Хатан (Hutton) Джэймс (3.6.1726, г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 26.3.1797), шатландскі натураліст-геолаг; заснавальнік плутанізму. Даказаў інтрузіўнае паходжанне гранітаў. У працы «Тэорыя Зямлі» (1788) адлюстраваў гісторыю Зямлі як бясконцае паўтарэнне цыклаў з перыяд. зменай разбурэння адных кантынентаў і ўзнікнення іншых; паказаў падабенства стараж. і сучасных геал. працэсаў.

т. 5, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКЗАТЫ́ЧНАЯ ЛЕ́КСІКА,

сукупнасць экзатызмаў у пэўнай мове. Ужываецца пры апісанні паліт., эканам. і культ. жыцця народаў замежных краін. Звесткі пра значэнне і паходжанне Э.л. прыводзяцца ў тлумачальных і этымалагічных слоўніках, слоўніках іншамоўных слоў. Э.л. — аснова экзатычнай рыфмы.

Літ.:

Гл. да арт. Экзатызм.

М.​Р.​Прыгодзіч.

т. 18, кн. 1, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙМА́К,

1) у манг. і цюрк. народаў першапачаткова вялікая ці малая група роднасных сем’яў, якія вялі сваё паходжанне ад аднаго продка і качавалі на адной тэрыторыі; пазней (у манголаў) буйны феад. ўдзел, ханства.

2) Адм.-тэр. адзінка (раён) у Бураціі і на Алтаі.

3) Асн. адм.-тэр. адзінка Манголіі.

т. 1, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАДА́ННЕ АБ КНЯЗЯ́Х УЛАДЗІ́МІРСКІХ»,

помнік рас. л-ры і публіцыстыкі 16 ст., які выкарыстоўваўся велікакняжацкай, а пасля царскай уладай для ўмацавання свайго аўтарытэту. У аснове «Падання» легенда пра паходжанне ўладзімірскіх і маскоўскіх вял. князёў ад рым. імператара Аўгуста праз легендарнага Пруса, які нібыта з’яўляўся адначасова нашчадкам Аўгуста і сваяком Рурыка — заснавальніка княжацкага роду Рурыкавічаў. Другая легенда апавядала пра набыццё Уладзімірам Усеваладавічам Манамахам царскіх рэгалій ад дзеда па маці візант. імператара Канстанціна Манамаха. Час з’яўлення гэтых легенд невядомы. У пач. 16 ст. (не пазней 1523) яны былі злучаны ў «Пасланні» цвярскога царк. публіцыста Спірыдона-Савы. На аснове «Паслання» складзена 1-я рэд. гэтага «Падання», ідэі якой выкарыстоўваліся ў дыпламат. спрэчках пры Васілю III і Іване IV. Легенда пра паходжанне маскоўскіх вял. князёў ад Аўгуста ўключана як уступны артыкул да Гасударава радаслоўца 1555 і ў Сцепянную кнігу (паміж 1560 і 1563, апалогія маскоўскай манархіі). 2-я рэд. «Падання» напісана як уступны артыкул да «Чыну вянчання» Івана IV у 1547.

т. 11, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́ШАЧКА,

вонкавая частка падвоенага калякветніка, звычайна зялёная. Бывае раздзельналістая (калі чашалісцікі, што яе ўтвараюць, свабодныя) і зрослалістая (у ёй адрозніваюць трубку і зубцы). Асн. функцыя — ахова інш. ч. кветкі, таму Ч. вельмі рана развіваецца. Мае лісцевае паходжанне. У некат. раслін (напр., верас, гартэнзія) Ч. буйная, яркаафарбаваная для прываблівання насякомых, замест вяночка.

т. 17, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫСТАПАРО́ДНАСЦЬ ЖЫВЁЛ,

наяўнасць у жывёл тыповых для пэўнай пароды прыкмет і паходжанне ад бацькоў і продкаў толькі гэтай пароды (гл. Чыстапароднае развядзенне). Пры паглынальным скрыжаванні чыстапароднымі лічацца помесі 4—5-га пакаленняў. Пры вывядзенні новых парод узнаўленчым скрыжаваннем умоўна чыстапароднымі лічацца помесі 4—5-га пакаленняў, якіх разводзілі «ў сабе».

т. 17, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)